Вы тут

У Беларусі сёмы раз праводзіцца тыдзень мабільнасці


Еўрапейскі тыдзень мабільнасці праводзіцца з 2002 года. Яго мэта — абраць спосабы перамяшчэння, альтэрнатыўныя асабістаму аўтамабілю, што дазваляе знізіць колькасць забруджвальных рэчываў, якія выкідвае транспарт у атмасферу. Наша краіна таксама далучылася да Еўрапейскага тыдня мабільнасці, у Мінску ён праводзіцца ўжо сёмы год.


Фота: pixabay.com

Дзень без аўтамабіля, які адбудзецца 22 верасня — гэта кульмінацыя Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Беларусі. Дарэчы, у Мінску ў гэты дзень аўтаўладальнікі могуць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам, замест праязнога прад’явіўшы тэхпашпарт на машыну.

А наогул на працягу тыдня ў кожным горадзе прайшло шмат розных мерапрыемстваў. У Мінску 16 верасня адбыўся плогінг — забег у раёне вуліцы Ясеніна. Актывісты сумясцілі прабежку са зборам смецця, якое рассартавалі і здалі на перапрацоўку.

У суботу ў парку 60-годдзя Вялікага Кастрычніка адбылося адкрыццё клуба аматараў экатранспарту і фестываль «ВелаЗ’езд». Тут прайшлі інтэрактыўныя гульні, велаквест, гульня «Што? Дзе? Калі? » па Мэтах ўстойлівага развіцця, віктарына па Правілах дарожнага руху.

А 22 верасня ў 8 раніцы адбудзецца масавы велапрабег, у якім прымуць удзел кіраўнікі і спецыялісты Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый сталіцы, арганізацый і ведамстваў. Велапрабег стартуе на вуліцы Усіхсвяцкая, 2, а фінішуе на плошчы Незалежнасці.

Чаму так важна хаця б на адзін дзень у годзе адмовіцца ад асабістага аўто? Справа ў тым, што ад спальвання адной тоны дызельнага паліва ў залежнасці ад экалагічнага класа аўтамабіля ў атмасфернае паветра паступае: 25 — 125 кг аксіду вугляроду; 20 — 55 кг вуглевадародаў; 7 — 35 кг дыаксіду азоту; да 15 кг сажы і іншых забруджвальных рэчываў. 

Па даных за 2020 год на душу насельніцтва прыпадае 77 кілаграмаў забруджвальных рэчываў, якія выкідвае транспарт.

Узровень загазаванасці магістраляў і прымагістральных тэрыторый залежыць ад інтэнсіўнасці руху аўтамабіляў, шырыні і рэльефу вуліцы, хуткасці ветру, долі грузавога транспарту і аўтобусаў у агульным патоку і іншых фактараў. Асабліва абцяжарана рассейванне выкідаў аўтамабіляў на цесных вуліцах. У выніку практычна ўсе гарадскія жыхары адчуваюць на сабе шкодны ўплыў забруджанага паветра, асабліва ў буйных гарадах. Прасцей кажучы, чым менш транспарту на вуліцы, тым чысцей паветра.

У мэтах скарачэння шкоднага ўздзеяння мабільных крыніц выкідаў на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей у нашай краіне робіцца нямала.

З 2016 года ў Беларусі рэалізуюцца толькі тое паліва, якое адпавядае экалагічнаму класу К5. Айчыннымі вытворцамі засвоены выпуск тэхнікі, якая адпавядае экалагічным стандартам Еўра—5 і Еўра—6. Істотна абноўлены транспартныя паркі арганізацый. Паэтапна выконваецца работа па электрыфікацыі Беларускай чыгункі. Ствараюцца ўмовы для веласіпеднага руху. Актыўна развіваецца пасажырскі электратранспарт — электробусы, тралейбусы, трамваі і электрацягнікі. Маюцца інавацыйныя распрацоўкі электрамабіляў. Зараз у Беларусі налічваецца 4 тысячы электрамабіляў, пры гэтым, больш за 2 тысячы з іх ўвезена ў краіну сёлета. Колькасць электразаправачных станцый у краіне дасягнула 450, а да канца года плануецца павялічыць іх колькасць да 600.

Як паведамілі ў прэс—службе Мінпрыроды, сумарны выкід забруджвальных рэчываў ад мабільных крыніц у 2020 годзе склаў 721 тыс. тон, што на 54,8 тыс. тон або 7% менш за ўзровень 2019 года і на 79,6 тыс. тон або 9, 9% — узроўню 2015 года.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».