Вы тут

За права размаўляць на сваёй мове…


Па выніках Савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў заходнія вобласці Беларусі адышлі ў склад Польшчы. На гэтай тэрыторыі, якую палякі сталі называць «Крэсы Усходнія» (Усходнія акраіны), былі створаны 4 ваяводствы — Віленскае, Палескае, Наваградскае і Беластоцкае. Баранавічы сталі цэнтрам Баранавіцкага павета ў складзе Наваградскага ваяводства і… асяродкам нацыянальна-вызваленчага руху.


Горад Баранавічы, вуліца Сенатарская, 1936 г.

У музеях горада захоўваецца памяць пра той няпросты час: шматлікія дакументы ўдзельнікаў супраціву, успаміны тых, хто змагаўся супраць польскіх улад за права размаўляць на роднай мове і быць гаспадарамі на сваёй зямлі, сведчанні вязняў польскіх турмаў, іх асабістыя рэчы, фотаздымкі… Дзень народнага адзінства мае асаблівае значэнне для гэтых мясцін. Ва ўстановах горада, дзе напярэдадні пабываў карэспандэнт «ЛіМа», сёння пройдуць культурныя мерапрыемствы, падрыхтаваныя да гадавіны ўз’яднання беларускага народа.

Выстаўка пад назвай «Зямля мая белакрылая» чакае наведвальнікаў у Баранавіцкім краязнаўчым музеі. У часовай экспазіцыі адлюстраваны складанасці нацыянальна-вызваленчай барацьбы, якая мела месца ў Баранавіцкім краі. Шматлікія дакументы, тагачасныя перыядычныя выданні, першыя распараджэнні савецкай улады, якая ўсталёўвалася ў краі пасля 17 верасня 1939 года, групавыя фотаздымкі падпольшчыкаў — усё сведчыць пра тое, як шмат давялося зведаць беларусам на нацыятворчым шляху… Іншыя матэрыялы распавядаюць пра лёс удзельнікаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Стварыць атмасферу таго часу дапамагаюць выкананыя скульптарамі Іванам Міско і Маркам Роберманам бюсты герояў, якія змагаліся супраць палякаў на акупаванай тэрыторыі і былі падпольшчыкамі, а потым і вязнямі польскіх турмаў, — слыннага паэта Валянціна Таўлая і Уладзіміра Царука, які пазней стаў Героем Савецкага Саюза.

І хаця выстаўка працуе толькі да 3 кастрычніка, пра гэты няпросты перыяд айчыннай гісторыі можна даведацца і ў любы іншы дзень, наведаўшы музейную ўстанову. Даваенны перыяд багата адлюстраваны і ў пастаяннай экспазіцыі музея. Дакументы адной з вітрын сведчаць пра тое, якія падаткі плацілі жыхары «Крэсаў Усходніх», у тым ліку і сяляне. Побач — дакументы першых дзён пачатку Другой сусветнай вайны: калі 1 верасня 1939 года гітлераўцы напалі на Польшчу і пачалі яе бамбіць, жыхары Заходняй Беларусі прымалі ўдзел у абарончых аперацыях. Пасля многія з іх былі ўзнагароджаны за праяўленую мужнасць. Першы стараста, першы бургамістр горада пазіраюць з фотаздымкаў, быццам з іншага часу, з іншага вымярэння, назаўжды застылыя ў вечнасці, як злепкі мінулай эпохі…

Якой бы ні была гісторыя, мы не можам адпрэчыць яе, выкрасліць з памяці і забыць. Тым больш што гістарычныя падзеі — не адасобленыя самі па сабе, гэта — непарыўны працэс, дзе адно вынікае з іншага. У 1920—1930-х гадах у Баранавічах быў пабудаваны так званы чыноўніцкі пасёлак — «гаспадары» планавалі, што будуць тут жыць вечна. Некаторыя з дамоў можна ўбачыць у Баранавічах і сёння: цяпер там месцяцца гарадскі Дом культуры, фотаатэлье, кафэ, дзе жыхары горада і госці бавяць час. Былі тады пабудаваны Крыжаўзвіжанскі касцёл і Святапакроўскі сабор, які ўпрыгожваюць мазаікі, што першапачаткова прызначаліся для Варшаўскага сабора. Вітрыну музея ўпрыгожвае фрагмент мазаічнага пано. Гэтыя храмы перажылі Вялікую Айчынную вайну, прымаюць прыхаджан і цяпер…

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.