Вы тут

Як развіваюцца тарфяная і газавая гаспадаркі


Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па здабычы торфу і экспартуе прадукцыю з яго ў 25 краін. Сёлета ў краіне здабыта 1,522 млн тон гэтага рэсурсу. Яго запасаў у 2,4 млрд тон хопіць яшчэ на 100 гадоў, кажуць эксперты. У той жа час у нашай краіне пракладзена звыш 64 тысяч кіламетраў газавых сетак. Усе яны алічбаваны — работу абсталявання можна адсочваць у рэжыме анлайн. Прыродны газ падведзены ва ўсе гарады, райцэнтры і 3,5 тысячы сельскіх населеных пунктаў. Як будуць развівацца газавая і тарфяная гаспадаркі Беларусі ў найбліжэйшую пяцігодку і якімі прыладамі карыстаюцца тут цяпер, журналістам расказалі і паказалі спецыялісты нафтавай галіны.


Тарфяныя палі і сабекошт гігакалорыі

У тарфяной сферы распрацавана комплексная праграма мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцяў на 2021–2025 гг., у яе межах плануецца здабыць за пяцігодку 11 млн тон торфу, з якіх вырабіць 6,5 млн тон прадукцыі. Асаблівую ўвагу плануюць удзяліць мадэрнізацыі і тэхнічнаму пераўзбраенню, а таксама распрацоўцы тарфяных палёў, якіх у краіне 3,5 тысячы гектараў.

— За першае паўгоддзе зарабілі для краіны 25 млн долараў: 19 мільёнаў — ад экспарту тавараў (торфапрадукацыі, газавых балонаў, абсталявання, арматуры, прыладаў), 6 мільёнаў — ад экспарту паслуг (у асноўным гэта паслугі па пастаўках звадкаванага вуглевадароднага газу), — адзначыў важнасць экспартнага патэнцыялу галіны генеральны дырэктар «Белпалівагаз» Аляксей КУШНАРЭНКА. — Тэмп росту экспарту склаў, дарэчы, 122 % да ўзроўню мінулага года.

Аляксей КУШНАРЭНКА.

Тарфяная галіна мае два стратэгічныя кірункі развіцця. Адзін з іх — супрацоўніцтва з сістэмамі ЖКГ. Пяць кацельных Міншчыны ўжо працуюць на торфе. У планах — перавесці на гэта паліва яшчэ 12 кацельных за пяцігоддзе. Ёсць напрацоўкі з Магілёўскай і Віцебскай абласцямі.

Кацельная ў Стоўбцах магутнасцю 24 МВт, што працуе на торфе, цалкам забяспечвае цяплом мясцовых жыхароў і арганізацыі. Аб'ект прынёс у раён 17 новых рабочых месцаў. Палову сродкаў для арганізацыі яго работы выдзеліла Мінэнерга, палову — сталічны аблвыканкам.

— Сёлета кацельнай было адпушчана 25 900 Гкал цеплаэнергіі, з якіх амаль 17 тысяч зроблена на торфе. Кацельная камбінаваная, і рэзервовае паліва — газ, — расказаў Аляксандр ЦЫВАКА, намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама. — Сабекошт гігакалорыі торфу — 77 рублёў, шчапы — 97 рублёў, дроў — 35 рублёў, газу — 124. Дзякуючы таму, што 65 % цяпла адпускаецца на торфе, практычны сабекошт кацельнай — 94 рублі. За паўгода работы мы сэканомілі 627 тысяч бюджэтных рублёў і назапасілі 10,5 тысячы тон торфу. У цэлым сабекошт энергіі ў раёне — 111 рублёў.

На кацельнай усталяваны два газавыя катлы па 6 МВт і тры катлы па 4 МВт, якія працуюць на торфе. На аб'екце зроблены тры ступені ачысткі, у тым ліку фільтры тонкай ачысткі, якія цалкам фільтруюць цвёрдыя частачкі, што ўтвараюцца пры спальванні торфу, зольнасць якога, дарэчы, невысокая — 10—15%. А адходы кацельнай ідуць у справу. Летам раз на тры дні прычэп попелу вывозілі на рэкультывацыю смеццевага палігона.

Ручная праца на кацельнай прымяняецца хіба што падчас ачысткі катлоў. Усё астатняе аўтаматызавана. Аб'ект будаваўся з перспектывай на будучыню. Яго магутнасці хопіць і для 100-кватэрнага дома, які сёлета здаецца ў Стоўбцах, і для школы на 720 месцаў, што нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю.

Другі кірунак — стратэгічнае супрацоўніцтва з цэментнымі кампаніямі. Усе тры цэментныя заводы краіны выкарыстоўваюць торф — ім пастаўляецца 43 % аб'ёму паліўнага торфу, удакладніў Аляксей Кушнарэнка:

— Супрацоўніцтва працягвае развівацца. Цяпер прынамсі вядуцца пусканаладачныя работы цеплавога генератара на прадпрыемстве «Краснасельскбудматэрыялы». Гэта дазволіць удвая павялічыць пастаўкі так званай тарфяной сушонкі ў параўнанні з леташнімі аб'ёмамі — да 180 тысяч тон.

Тэлеметрыя газу і цэнтр абслугоўвання

Згодна з комплекснай праграмай мадэрнізацыі прадпрыемстваў газавай сферы, будзе збудавана каля тысячы кіламетраў газавых сетак, заменяць 900 газарэгулятарных пунктаў, абследуюць на прадмет далейшай эксплуатацыі 40 тысяч кіламетраў газаправода, паведаміў гендырэктар «Белпалівагаз»:

— Вялікую ўвагу ўдзяляюць дыспетчырызацыі, аптыматызацыі, сістэмам тэлеметрыі, лічбавізацыі. Цяпер укараняецца адзіны аўтаматызаваны мультыпраграмны комплекс, які складаецца з трох узроўняў: базавага, з якім будуць працаваць рабочыя, аператыўна-аналітычнага — для сярэдняга кіруючага саставу, верхняга — які дазволіць як кіраўніку асобнага прадпрыемства, так і ўсёй газавай галіны ў цэлым аналізаваць і кантраляваць усе тэхналагічныя працэсы.

У рабоце абласных упраўленняў газавай гаспадаркі — два асноўныя кірункі дзейнасці. Гэта работа з грамадзянамі і цэнтры абслугоўвання насельніцтва, якія створаны ў кожным раёне Мінскай вобласці. А таксама работа аварыйна-дыспетчарскай службы ўпраўлення, дзе маецца мноства прылад і тэхнікі, што дапамагаюць прадухіліць ці вырашыць газавыя праблемы, абазначыў
генеральны дырэктар «Мінскаблгаз» Юрый КУКЛІЦКІ.

Прыродны газ прыйшоў у Стаўбцоўскі раён у 1961 годзе, а ў 1964-м было створана ўпраўленне. У 2015-м яно аб'ядналася з Нясвіжскім і Клецкім раёнам газазабеспячэння, і цяпер на абслугоўванні газавікоў больш за 800 кіламетраў газаправода, расказаў дырэктар упраўлення «Стаўбцыгаз» Іван ШПІЛЕЎСКІ:

— У раёне 323 спажыўцы, з якіх 81 — прамысловы, 242 — камунальныя. 41 210 кватэр газіфікаваны прыродным газам, а 12 800 аснашчаны звадкаваным. У 2019-м базу ўпраўлення рэканструявалі і стварылі тут Цэнтр абслугоўвання насельніцтва. Падчас пандэміі ўстанавілі сістэму бяспекі і абеззаражвання, якая прапускае ўнутр: аўтаматычна правярае наяўнасць маскі і тэмпературы.

Амаль уся работа ў кацельнай кіруецца аўтаматычна з дыспетчарскага пульта.

Цяпер у цэнтры больш за 15 тысяч абанентаў, з якіх 133 — прамысловыя спажыўцы. Летась рэалізавалі крыху больш за 45 млн мпрыроднага газу (больш за палову гэтай колькасці — для насельніцтва). Уласнік жылля можа дыстанцыйна падаць заяву на газіфікацыю свайго дома і прыйдзе да нас ужо толькі для заключэння дагавора на праектна-будаўнічыя і мантажныя работы, а таксама залючэння дагавора на абслугоўванне. А спецыяльнае праграмнае забеспячэнне дазваляе штодня кантраляваць вялікіх спажыўцоў газу (прамыслоўцаў), счытваючы інфармацыю пра расход паліва з іх вузлоў уліку, расказала Вольга ЁДЧЫК, начальнік службы ўліку Цэнтра абслугоўвання насельніцтва:

— Асноўныя задачы цэнтра — пастаноўка і рэгістрацыя на ўлік абанентаў, заключэнне і перазаключэнне дагавораў на забеспячэнне прыроднага і звадкаванага газу, прыём наведвальнікаў па прынцыпе «адно акно», інструктаж па бяспечным выкарыстанні газу ў быту, зверка разлікаў за выкарыстаны газ.

Вольга ЁДЧЫК.

У цэнтры праходзіць акцыя, згодна з якой абанент можа выбраць любую газавую пліту айчыннага вытворцы «Гефест» і набыць яе ў растэрміноўку да паўгода, а атрымаць — праз тры дні. А тыя, хто прыходзіць з дзецьмі, могуць пакінуць іх на час вырашэння пытанняў у дзіцячым кутку.

— Зарэгістраваны абанент у сваім асабістым кабінеце можа атрымаць кансультацыю па разліках за газ, убачыць, якое абсталяванне ў яго стаіць, калі заключаны дагавор. Ён можа таксама аплаціць паслугі, пакінуць паказчыкі ці заяўку па пытаннях газазабеспячэння. Апошняя аўтаматычна трапіць у нашу сістэму, і спецыялісты звяжуцца з чалавекам, — патлумачыла прынцып работы Вольга Ёдчык. — Сёлета ў цэнтр звярнулася крыху больш за 6000 абанентаў. Асноўная частка пытанняў — заключэнне-перазаключэнне дагавораў і замена абсталявання. Мы гатовы таксама прымаць абанентаў, якія будуць прыходзіць ужо з новымі пашпартамі — ІD-карткамі.

АДС, перасовачная лабараторыя і трывожны чамаданчык

Мясцовы кабінет аварыйна-дыспетчарскай службы (АДС) рэканструявалі ў 2017-м. Цяпер тут ёсць прамая тэлефонная сувязь (104) з насельніцтвам, радыёсувязь з аварыйнымі брыгадамі і прамая сувязь з МНС, расказаў Аляксандр БАБІЧ, галоўны інжынер «Стоўбцыгаз»:

— На спецыяльным відэаэкране можна ўбачыць розныя праграмныя комплексы, найбольш значныя з якіх панарама, вонкавыя сеткі, пашпарт вузла рэгістравання газу, тэлеметрыя, відэаназіранне за тэрыторыяй філіяла. Тут можна ўбачыць увесь працэс эксплуатацыі аб'ектаў размеркавальнай сістэмы. Даступная інфармацыя пра тэхнічныя характарыстыкі, месцазнаходжанне і параметры работы. Бачны таксама хуткасць і журнал руху газавага аўтатранспарту за любы прамежак часу.

Унутры кацельнай у Стоўбцах.

Дзякуючы сістэме тэлеметрыі можна кантраляваць тэхналагічныя працэсы работы газарэгулятарных пунктаў і шкафных газаразмеркавальных пунктаў. Відаць датчыкі тэмпературы, напружання, ціску. Усе сігналы аб аварыях ці непаладках па канале тэлеметрыі паступаюць у дыспетчарскую АДС.

Такімі сістэмамі, дарэчы, абсталяваны ўсе газавыя гаспадаркі краіны, якія аб'яднаны ў адзіны мультыпраграмны комплекс, а ў змене ў краіне штодня знаходзіцца 150 аварыйных брыгад. За год яны выконваюць 400 тысяч рамонтных і 40 тысяч аварыйных (калі магчымы выхад газу) заявак, падкрэсліў Аляксей Кушнарэнка.

У газавікоў мноства прыбораў і абсталявання. Напрыклад, лазерны дэтэктар, які дазваляе адшукаць уцечку газу на адлегласці ў 30 метраў, або мініпагрузчык (мульчар), абсталяваны прыладамі для ачысткі прасек ад кустоўя. Ён можа пераўтварыць у шчапу драўніну да 150-міліметровага дыяметра. За год такі агрэгат ачышчае 150—180 кіламетраў прасек. А яшчэ ў стаўбцоўскіх газавікоў ёсць адна на ўсю краіну перасовачная лабараторыя, правёў своеасаблівы экскурс па прыладах Дзяніс ПАМЕЦЬКА, намеснік галоўнага інжынера «Мінскаблгаз»:

— На гэтай машыне мы робім паверку манометраў і іншых прылад па ўсіх раёнах Мінскай вобласці. За год павяраецца 9-10 тысяч адзінак абсталявання. А гэтае грузавое аўто аснашчана гідраўлічным інструментам і так званым міні-кранам. Дзякуючы прыладам можна мяняць абсталяванне без адключэння спажыўца ад сістэмы газазабеспячэння дыяметрам ад 50 мм да 300 мм. У трубу ўразаюцца два фітынгі, перакрываецца падача газу, па байпасе газ паступае далей да спажыўца, а ўчастак для работы застаецца без газу, і на ім можна мяняць, скажам, засаўку на шаравы кран. Брыгада на такім аўтамабілі выконвае поўны комплекс работ.

Дзяніс ПАМЕЦЬКА паказвае, як зроблены цеплаабменнік.

Сучасныя аўтамабілі газавай службы — гэта своеасаблівыя штабныя пункты, якія могуць прыняць аварыйны выклік наўпрост у аўто. У кожнага слесара ёсць уласны «трывожны чамаданчык», укамплектаваны ўсім неабходным, каб аператыўна справіцца з праблемай і праверыць тэрыторыю на загазаванасць.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Паліва — наяўнае, разлік — дыстанцыйны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.

Грамадства

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Як у маладой рэспубліцы ўвасаблялі амбіцыйны праект універсітэцкага гарадка...

Асобнае месца займае будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча.

Эканоміка

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

Баляслаў Пірштук: Будучыня — за «зялёнай» эканомікай

З кожным днём на нашых дарогах усё больш электратранспарту.

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.