Вы тут

«А яшчэ адным помнікам можа служыць вёска...»


Без ведання гісторыі, яе мінулага немагчыма выхаваць годных маладых людзей. Любоў да сваёй сям'і, да малой і вялікай радзімы прыходзіць да чалавека праз павагу да сваіх каранёў. У гэтым матэрыяле я хачу расказаць пра свайго сваяка Івана Апанасавіча Рудкоўскага, якога людзі ведалі як добрага чалавека і настаўніка, як ваеннага лётчыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.


Аб тым, ШТО давялося перажыць Івану Апанасавічу, мне нагадаў мой дзядзька Васіль Мікалаевіч Грышчанка. Ён успамінаў: «Мы з братам былі малымі, калі неяк у госці да нас прыйшоў дзядзька Іван. Як заўжды, ён прынёс нам нейкіх гасцінцаў, потым разам з нашымі бацькамі сеў за стол. Праз нейкі час размова там зайшла пра вайну. Мы з братам з печы ўсё ўважліва слухалі. Асабліва ж навастрылі вушы тады, калі дзядзька сказаў, што хоча адкрыцца, даверыць нашым бацькам вялікую тайну, пра якую столькі гадоў не казаў нікому, і яны, маўляў, казаць не павінны...

Так і атрымалася, — падсумаваў Васіль Мікалаевіч, — наша сям'я ведала і захаплялася ўчынкам дзядзькі, але распаўсюджвацца пра яго не любіла».

...Калі па парадку, то ўсё выглядала так. Нарадзіўся Іван Апанасавіч Рудкоўскі ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна 15 мая 1918 года. Да вайны скончыў Макранскую сярэднюю школу, адслужыў у войску. А ў час яе, як многія і старыя, і малыя, пайшоў ваяваць. Прычым рабіў гэта не абы-як: дакладна вядома, што ў 1942-м Іван Апанасавіч быў узнагароджаны медалямі «За абарону Сталінграда» і «За адвагу», у 1943-м — ордэнам Чырвонай Зоркі.

Гэтак жа вядома, што ў гады вайны Іван Апанасавіч быў лётчыкам.

А таямніца, якую свята захоўвала яго радня, заключалася ў тым, што аднойчы ён атрымаў загад разбамбіць... сваю (!) Макранскую школу, на першым паверсе якой знаходзіўся нямецкі штаб, а на другім — шпіталь.

Але як выканаць загад, калі школа знаходзіцца ў вёсцы, калі ў выніку бамбёжкі проста непазбежныя і пажар, і ахвяры сярод сваіх...

Цяжка нават уявіць, што перажыў тады лётчык! З аднаго боку, нельга было не выканаць загад, а з іншага...

Як скінуць бомбу на вёску, дзе сам нарадзіўся, дзе жывуць бацькі і бабулі-дзядулі, сёстры, браты, цёткі і дзядзькі, землякі, як зруйнаваць школу, дзе сам жа вучыўся...

Выбар у Івана Апанасавіча быў вельмі цяжкі, але ён яго зрабіў: падчас палёту скіраваў штурвал у бок Сарочынскага лесу, скінуў бомбу ў балота. Іншымі словамі, без жалю да сябе вырашыў, што лепей загіне сам, чым загубіць родную вёску, няхай сабе і разам з ворагам...

Шукаючы інфармацыю пра свайго сваяка і — несумненна — героя, мы з сынам Паўлам вывучылі інфармацыю на сайтах «Подзвіг народа» і «Памяць народа», знайшлі нумар пасведчання ветэрана і назвы яго воінскіх часцей, наведалі Быхаўскі ваенкамат, дзе ўпэўніліся, што Іван Апанасавіч Рудкоўскі (там, праўда, прозвішча запісана як Руткоўскі) сапраўды нарадзіўся ў 1918-м, што скончыў ваяваць у званні капітана...

Распыталі мы і яго сваякоў. Ад цёткі Валянціны, роднай пляменніцы Івана Апанасавіча, даведаліся, што ў яго было тры сястры, дзве вышэйшыя адукацыі і спіна ўся ў шрамах ад раненняў, што першая жонка Дуся памерла вельмі маладой ад цяжкай хваробы, што з другой у горадзе Орску Аранбургскай вобласці ён гадаваў сына Анатоля...

І гэтая пляменніца, і іншая радня згадваюць, што Іван Апанасавіч быў добрым, шчырым чалавекам — сапраўдным настаўнікам. Пахаваны ён на нашых Макранскіх могілках. Там жа некалі даўно яму пастаўлены сціплы помнік.

А яшчэ адным, як нам здаецца, можа служыць вёска, якую ён не спаліў, не знішчыў.

І можа служыць школа, у якой па-ранейшаму вучацца дзеці, а я працую настаўніцай.

Алена ЦЫВІЛЬКА,

аг. Мокрае, Быхаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.