Вы тут

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце


Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца. Але ці ўсё мы робім для таго, каб дапамагчы галоўнаму органу нашага арганізма працаваць у роўным і спакойным рытме і пазбегнуць сур'ёзных праблем? Палепшыць стан свайго сэрца, а разам з ім усяго арганізма нам па сілах у любым узросце, упэўнена ўрач-рэабілітолаг, загадчык аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Вольга Ячэйка. Для гэтага дастаткова зрабіць некалькі важных крокаў.


 pixabay.com

Кідаем курыць

Вядома, што імавернасць узнікнення інфаркту, інсульту і іншых сур'ёзных захворванняў у курцоў удвая вышэйшая, чым у людзей, якія не кураць, таму цыгарэты трэба кідаць. Але ўсе курцы ведаюць, як цяжка гэта зрабіць. Аднаго жадання і сілы волі для збавення ад нікацінавай залежнасці можа быць недастаткова, таму сёння існуе цэлы шэраг фармакалагічных прэпаратаў, якія дапамагаюць перамагчы гэту шкодную звычку. Падабраць аптымальны сродак дапаможа ўрач. Аднак каб канчаткова кінуць курыць, трэба змяніць свае паводзіны ў тых сітуацыях, у якіх вы прывыклі закурваць. Замест таго, каб запаліць цыгарэту, выпіце вады, пажуйце жуйку, з'ешце яблык ці моркву. Будзе карысна чымсьці заняць рукі: у ЗША і Канадзе жадаючым кінуць курыць урачы рэкамендуюць выкарыстоўваць так званыя «пацеркі для нервовых» — кароткую нітку караляў, якія перабіраюць пальцамі для зняцця напружання. Гэта дапаможа трохі расслабіцца і адцягнуць увагу ад думак пра цыгарэту.

Сочым за сваёй дыетай

Харчаванне — адзін з самых важных фактараў, якія ўплываюць на стан сардэчна-сасудзістай сістэмы. Прытрымвайцеся наступных правілаў. Выключыце спажыванне шкодных тлушчаў, якія ўтрымлівацца ў маргарыне, смажаных стравах. Гэтыя тлушчы дрэнна засвойваюцца, павышаюць узровень халестэрыну, спрыяюць з'яўленню лішняй вагі і сур'ёзна ўскладняюць работу сэрца. Абмяжуйце або зусім выключыце спажыванне цукру-рафінаду, у тым ліку ў кандытарскіх вырабах. Рэгулярна ўжывайце аліўкавы алей першага халоднага адціску і часнык — гэтыя прадукты спрыяюць паніжэнню ўзроўню халестэрыну ў крыві.

Абавязкова ўвядзіце ў рацыён прадукты, якія змяшчаюць поліненасычаныя тлустыя кіслоты. Іх асноўнай крыніцай з'яўляецца рыбін тлушч, якога асабліва шмат у марской рыбе, а гэта сёмга, фарэль, скумбрыя, сардзіны. Паспрабуйце знізіць ужыванне вугляводаў (макаронных вырабаў, бульбы, хлеба), але не адмаўляйцеся ад іх цалкам. Ешце хлеб і макаронныя вырабы з суцэльнага збожжа, увядзіце ў паўсядзённы рацыён вотруб'е.

Гародніна і садавіна выключна важныя для нармальнай работы сэрца. Вішня, чарэшня, журавіны, чарніцы, сушаныя абрыкосы (курага) і яблыкі найбольш карысныя для сэрца, таму старайцеся ўжываць іх як мага часцей. З гародніны варта звярнуць увагу на шпінат — у ім, акрамя клятчаткі, утрымлівацца вітаміны групы В, калій і лютэін — рэчывы, неабходныя для нармальнай работы сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Абмяжуйце спажыванне солі — даросламу чалавеку дастаткова ўсяго адной чайнай лыжкі ў суткі, а хворым на цукровы дыябет і людзям, старэйшым за 50 гадоў, гэтую норму варта паменшыць удвая. Лішак солі ў ежы прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску і тым самым павялічвае рызыку развіцця ішэмічнай хваробы сэрца.

Для паўнавартаснага здароўя сэрцу патрэбныя вітаміны групы В, антыаксіданты — вітаміны С і Е, мікраэлементы кальцый, калій, магній, селен, а таксама каэнзім Q10. Ужывайце ежу, багатую гэтымі рэчывамі, а пры неабходнасці прымайце дадаткова вітамінна-мінеральныя комплексы.

Адмаўляемся ад алкаголю

Алкаголь аказвае разбуральнае дзеянне на сардэчную мышцу, спрыяе павышэнню артэрыяльнага ціску і з'яўленню лішняй вагі, таму для захавання здароўя сэрца ўжыванне алкаголю павінна быць зведзена да мінімуму.

Павышаем фізічную актыўнасць

Сардэчнай мышцы, як і іншым органам, патрабуюцца рэгулярныя трэніроўкі. Тым, хто хоча захаваць сэрца здаровым, варта памятаць, што для нармальнай яго работы неабходна выконваць фізічныя практыкаванні мінімум 3-4 разы на тыдзень па 30 хвілін.

Пазбягаем стрэсу і нервавання

Стрэс і нервовае перанапружанне — лютыя ворагі нашаму сэрцу. Адзін з самых простых і даступных, прыемных і эфектыўных спосабаў зняцця стрэсу — пешыя прагулкі па лесе або парку, ароматэрапія. Вячэрняя ванна з араматычнымі эфірнымі масламі — выдатны сродак для расслаблення і зняцця напружання.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Сэрца, табе не хочацца спакою...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.