Вы тут

Страшнае слова «генацыд»


...4 мая 1945 года савецкія войскі пераможным маршам уваходзілі ў Берлін. Горад паў 2 мая, а ў 15:00 капітулявалі рэшткі нямецкага гарнізона. Тое, што ўяўляла сабой зрынутая краіна, Берлін — у дакументах Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, якія сталі даступныя для даследчыкаў не так даўно. Шмат што можна даведацца з «Даклада члена Ваеннага савета 5-й Ударнай арміі генерал-лейтэнанта Бокава члену Ваеннага савета 1-га Беларускага фронту аб стварэнні ваенных камендатур у Берліне і настроях жыхароў горада». Ён датаваны 2 мая 1945 года.


Кі­раў­ніц­тва 1-га Бе­ла­рус­ка­га фрон­ту у пер­шыя дні ў пе­ра­мо­жа­ным Бер­лі­не.

Накарміць і забяспечыць працай

«У горадзе разруха, голад, спыненыя транспарт і прамысловасць», а яшчэ настрой насельніцтва зрынутай Германіі — хтосьці працягваў адчайна супраціўляцца, хтосьці пакідаў пасля сябе выпаленую зямлю, хтосьці рабіў усё, каб больш надзейна схаваць прадукты харчавання, жыццёва неабходныя тавары, каб нічога не дасталася «акупантам», забываючы пры гэтым пра сваіх суграмадзян. У дакументах чытаем: «Пры апытанні жыхары паказваюць, што ўсе каштоўнасці, харчовыя і рэчавыя склады нацысты схавалі ў метро. Абследаванне станцый метро раёна Фрыдрыхсфельдэ цалкам пацвярджае гэтыя паказанні». Ці ж іншае данясенне: «На вуліцах розных раёнаў горада можна бачыць лозунгі: «Берлін будзе нямецкім»,»Перамога або Сібір», «Вена зноў будзе нямецкай», «Плюнь у твар тому, хто не можа абараняцца». Настрой жыхароў горада, як і ў цэлым Германіі, не проста насцярожаны. Усе чакалі зверстваў з боку рускіх, распраў ці як мінімум масавай адпраўкі ў Сібір, а ў тым, што будуць высяляць з дамоў, адбіраць маёмасць, каштоўнасці, мала хто сумняваўся. Савецкаму ваеннаму кіраўніцтву, у прыватнасці 1-га Беларускага фронту, на фоне перагавораў спачатку аб капітуляцыі, а затым з саюзнікамі па пытаннях далейшага ўладкавання свету трэба было вырашаць і арганізацыйна-гаспадарчыя пытанні, а іх было шмат. І, як ні дзіўна, насуперак прагнозам пра зверствы рускіх у ліку першачарговых яны пачалі вырашаць пытанні аднаўлення нармальнага жыцця для насельніцтва краіны. На фоне жорсткіх загадаў (а Загад за № 1 Начальніка гарнізона і Ваеннага каменданта Берліна генерал-палкоўніка Берзарына і Начальніка штаба гарнізона генерал-маёра Кушава «Аб рэгуляванні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця горада» быў выдадзены 30 красавіка 1945 года, і 11 пунктаў яго вельмі выразныя, і многія заканчваліся словамі: «па законах ваеннага часу») галоўны ўпор рабіўся на вырашэнне пытанняў мясцовага насельніцтва. Напрыклад, пункт 4 абвяшчаў: «Усе камунальныя прадпрыемствы, а менавіта: электрастанцыі, водаправод, каналізацыя, гарадскі транспарт, метро, трамвай, тралейбус; усе лячэбныя ўстановы; усе харчовыя крамы і пякарні — павінны аднавіць сваю работу па абслугоўванні патрэб насельніцтва. Рабочым, служачым пералічаных устаноў заставацца на сваіх месцах і працягваць выкананне сваіх абавязкаў». Пункт 5 — «Службовым асобам дзяржаўных прадуктовых складоў, а таксама прыватным уладальнікам на працягу 24 гадзін з моманту апублікавання гэтага загада зарэгістраваць у ваенных камендантаў раёнаў усе наяўныя запасы харчавання і абыходзіцца з імі толькі з дазволу раённых ваенных камендантаў. Надалей да асобых указанняў выдачу харчавання з прадуктовых магазінаў рабіць па раней існуючых нормах і дакументах...». Жорсткімі былі толькі пункты, якія датычацца фашысцкіх арганізацый. Напрыклад, у п. 2 гаворыцца: «Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю і ўсе падпарадкаваныя ёй арганізацыі («Гітлерюгенд», «Фраўэншафт», «Штудэнтэнбунд» і іншыя) распусціць і дзейнасць іх забараніць. Кіруючаму саставу ўсіх устаноў НСДАП, гестапа, жандармерыі, ахоўных атрадаў, турмаў і ўсіх іншых дзяржаўных устаноў на працягу 48 гадзін з моманту апублікавання гэтага загада з'явіцца ў раённыя і ўчастковыя ваенныя камендатуры для рэгістрацыі. На працягу 72 гадзін на рэгістрацыю абавязаны таксама з'явіцца ўсе ваеннаслужачыя нямецкай арміі, войскаў СС і СА, тыя, што засталіся ў Берліне. Тыя, хто не з'явіцца ў тэрмін, а таксама вінаватыя ў хаванні іх, будуць прыцягнуты да строгай адказнасці па законах ваеннага часу».

У адрозненне ад жорсткасці, зверстваў, якія чынілі фашысты з першых гадзін у дачыненні да мірнага насельніцтва, уступаючы на тэрыторыю СССР, беларускую зямлю, савецкае камандаванне вырашала пытанні аб тым, як накарміць жыхароў Германіі, не дапусціць голаду, аднавіць работу прадпрыемстваў, забяспечыць людзей работай. 11 мая 1945 года з'яўляецца пастанова Ваеннага савета 1-га Беларускага фронту № 063 «Аб забеспячэнні харчаваннем насельніцтва Берліна». Яна аб'ёмная, але нават асобныя яе пункты сведчаць пра тыя крокі, якія рабіла ваеннае кіраўніцтва, каб стабілізаваць сітуацыю, не пагоршыць драму мірнага насельніцтва. «...Выдачу хлеба насельніцтву Берліна здзяйсняць штодня, даўшы права спажыўцам атрымліваць хлеб адразу на два дні: за бягучы дзень і за наступны дзень. Мяса, тлушчы, цукар, крупы і бульбу ў маі г. г. выдаць два разы па ўстаноўленых дзённых нормах». Асаблівая ўвага «дзеячам навукі, тэхнікі, медыцыны, культуры і мастацтва, а таксама кіруючаму саставу гарадскога і раённых органаў самакіравання, кіруючаму саставу буйных прамысловых і транспартных прадпрыемстваў». Звяртае на сябе ўвагу той факт, што прадукты для насельніцтва Берліна, гаручае, транспарт выдзяляліся за кошт лімітаў франтоў, і гэтыя рэсурсы былі немалыя. Напрыклад: «Мукі — 41 000 тон, крупы — 5500, мяса — 6500, тлушчаў — 500, солі — 4000» і г. д. Паказваецца і пералік армій, якія павінны былі, што называецца, падзяліцца: «47-я армія. Мукі — 2000 тон, крупы — 100 тон; 5-я Ударная армія. Мукі — 2000, крупы — 400». Прадпісвалася «прадукты харчавання для забеспячэння насельніцтва Берліна на 7 сутак даставіць па раёнах да 15 мая г. г.». А яшчэ «каменданту Берліна генерал-палкоўніку тав. Берзарыну мабілізаваць на працягу 11—12 мая г. г. 5000 чалавек з насельніцтва Берліна для пагрузкі бульбы; Начальніку АЗГ (аддзел забеспячэння гаручым) фронту палкоўніку тав. Ложкіну адпусціць 1000 тон гаруча-змазачных матэрыялаў для работы аўтатранспарту, пастаўленага на абслугоўванне Берліна, згодна з гэтай пастановай». І такіх пастаноў, распараджэнняў, якія рэгулююць жыццядзейнасць нямецкай сталіцы, нямала. І гэта на фоне голаду і разрухі ў сваёй краіне. На зверствы акупацыйных войскаў, на акупацыю, мяркуючы па дзеяннях так званых «акупантаў», гэта зусім не было падобна.

Аглушальная праўда

А ў Мінску ў гэты час пачыналіся допыты ваенных нацысцкіх злачынцаў, якіх удалося затрымаць: каго пры вызваленні рэспублікі, каго ўжо за яе межамі або ў беларускіх лясах. Як дзейнічалі фашысты на акупаванай тэрыторыі — таксама ў дакументах. Са «Стэнаграмы судовага працэсу па справе аб злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларускай ССР». Паказанні былога начальніка паліцыі парадку Беларусі генерал-маёра паліцыі і брыгадэнфюрэра СС Эбергарда Герфа: «Калі ў ліпені 1941 года я з паліцэйскім палком «Норд», якім я камандаваў, перайшоў савецка-германскую граніцу, мне было даслана два загады: першы загад ... — захопленыя ў палон рускія ваенныя камісары, палітработнікі павінны быць зараз жа знішчаны. У другім... прапаноўвалася паліць вёскі, дазвалялася гвалтаваць жанчын. Сэнс яго зводзіўся да таго, што савецкі народ трэба знішчаць, а маёмасць адпраўляць у Германію». Працэс над ваеннымі нацысцкімі злачынцамі праходзіў у Мінску з 15 да 29 студзеня 1946 года. Шмат каго ўдалося затрымаць: Рыхтэр, камандзір 286-й ахоўнай дывізіі, які адказваў за карныя аперацыі супраць партызан, і арганізаваў лагер смерці ў Азарычах; Вайсіг, камандзір 26-га паліцэйскага палка, які кіраваў чатырма карнымі аперацыямі, у тым ліку ў раёне Глыбокага; Эрмансдорф, камендант Магілёўскага ўмацаванага раёна, які кіраваў зверствамі жандармерыі ў горадзе; Кох, з першых дзён уварвання начальнік асобай каманды гестапа, які знішчаў яўрэйскае насельніцтва і савецкі актыў, пасля начальнік паліцыі бяспекі ў Оршы, Барысаве, Слоніме; іншыя нацысцкія правадыры, якія тварылі бясчынствы. У матэрыялах допытаў — аглушальная праўда пра тое, як абышліся з людзьмі на тэрыторыі рэспублікі. Той жа Кох «курыраваў» душагубкі, асабіста адправіў у Майданэк 700 грамадзян. І ў адказ на пытанне пракурора аб колькасці знішчаных людзей падчас знаходжання ў асобай камандзе, — цынічнае: «Я лічу, што 30 тысяч». І далей: «Я падлічыў прыблізна». Такія адкрыцці на кожным допыце. Яны сведчаць пра добрасумленнае выкананне ўстановак гітлераўскага камандавання аб знішчэнні мірнага насельніцтва рэспублікі. Аналагічныя пацвярджэнні загадзя спланаванага генацыду супраць беларускага народа — у паказаннях фашысцкіх верхаводаў ужо на Нюрнбергскім працэсе.

Прыводзім тут толькі адно — начальніка штаба германскай арміі фельдмаршала Вільгельма фон Кейтэля: «13 мая 1941 года Гітлер выдаў загад аб знішчэнні савецкіх людзей. Чалавечыя ахвяры ў акупаваных краінах нічога не вартыя». Герман Герынг, галоўнакамандуючы паветранымі сіламі Германіі, звяртаючыся да войскаў, патрабаваў: «Забівайце кожнага, хто супраць нас, забівайце, забівайце, не вы несяце за гэта адказнасць». А Гімлер любіў дарыць сваім генералам, камандуючым войскамі СС і паліцыі кнігу пра Чынгіс-хана, загадваючы пры гэтым кіравацца яго метадамі расправы з насельніцтвам, — знішчаць агнём і мячом усё жывое. Перад уварваннем на савецкую тэрыторыю выйшаў аб'ёмны пакет дакументаў пра знішчэнне лішняга, як разлічылі гітлераўскія правадыры з нямецкай педантычнасцю, насельніцтва, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Генеральны план «Ост», «Інструкцыя аб асобых абласцях да дырэктывы № 21 плана «Барбароса» ад 13 сакавіка 1941 г., «Аб ваеннай падсуднасці ў раёне «Барбароса» і аб асобых паўнамоцтвах войск» ад 13 мая 41-га, «Дванаццаць запаведзяў паводзін немцаў на ўсходзе і іх абыходжанне з рускімі» ад 1 чэрвеня 41-га і яшчэ цэлы пералік інструкцый і загадаў. Напрыклад, такім ад 17 чэрвеня 41-га Гітлер даваў шырокія правы афіцэрам. Камандзіру было дадзена права прымяняць да мірнага насельніцтва карныя меры барацьбы, накшталт: цалкам спальваць вёскі і гарады, адбіраць у насельніцтва харчаванне і скаціну, па сваім меркаванні зганяць грамадзян на работы ў Германію. Гэты загад быў даведзены да ведама радавога саставу за дзень да нападзення на Савецкі Саюз. Нямецкіх салдат загадзя вызвалялі ад адказнасці за злачынствы ў адносінах да мясцовых жыхароў, а зверствы ўзводзілі ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Практычна ва ўсіх буйных беларускіх гарадах планавалася стварыць пасяленні для прывілеяваных слаёў нямецкага грамадства. Тэрыторыі ж па восі Гродна — Слонім, паўднёвую частку Брэсцкай вобласці, раёны Пінска, Мазыра і астатнюю частку па лініі Пружаны, Парычы, Рэчыца меркавалася ачысціць ад мясцовага насельніцтва і засяліць нямецкімі каланістамі — нямецкай элітай, пакінуўшы толькі частку жыхароў у якасці рабоў.

Пад­час пры­няц­ця ка­пі­ту­ля­цыі фа­шыс­таў.

«Дэмакратыя» па-польску

Такі план, толькі ў дачыненні да заходніх тэрыторый, клаўся на добрую глебу. Да 1939 года, да ўз'яднання з БССР, тут ужо актыўна праводзілася польскімі ўладамі агрэсіўная паланізацыя, асіміляцыя і акаталічванне беларускага насельніцтва, і не толькі. Шматлікія дакументы, успаміны тых, каму давялося перажыць гэты перыяд, сведчаць, што вялася мэтанакіраваная палітыка ператварэння жыхароў не польскай нацыянальнасці — не толькі беларусаў, але і рускіх, яўрэяў, украінцаў — у людзей другога сорту, то-бок бяспраўных, са стратай іх нацыянальнай ідэнтычнасці. У якасці прыкладу — толькі адзін дакумент: Дакладная запіска Беластоцкага ваяводы пана Асташэўскага на імя Міністра ўнутраных спраў Польшчы ад 23 чэрвеня 1939 года «Праблемы ўмацавання польскага пануючага становішча ў Беластоцкім ваяводстве». Яна пазначана грыфам «Сакрэтная».

Вось толькі некаторыя вытрымкі з запіскі: «Выказваючыся коратка, наша стаўленне да беларусаў можа быць вызначана так: мы жадаем аднаго і настойліва патрабуем, каб гэта нацыянальная меншасць думала па-польску, нічога ўзамен не даваць і нічога не рабіць у іншым кірунку». Паводле польскіх статыстычных даных, да 1938/1939 вучэбнага года ўсе беларускамоўныя школы былі пераведзеныя на польскую мову. Што датычыцца вышэйшай адукацыі, то ў 1938/1939 вучэбным годзе ва ўсёй Польшчы налічвалася ўсяго 218 студэнтаў-беларусаў. Сярод навучэнцаў Віленскага ўніверсітэта колькасць беларусаў у 1930—1936 гадах складала 1—2 %, доля палякаў, па даных на 1937/1938 вучэбны год, — 72,6 %. Тых, хто быў не згодны, чакалі жахі канцлагера ў Бярозе-Картузскай, дзе катаванні па сваёй дасканаласці і жорсткасці мала чым адрозніваліся ад тых, якія потым сталі выкарыстоўваць фашысты на акупаваных тэрыторыях. Ды і створаны ён быў для таго, каб «зламаць волю зняволеных, раздушыць людзей псіхалагічна і фізічна». Які быў гэты лагер, што там адбывалася — у дакументах і ўспамінах відавочцаў, у прыватнасці члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, ураджэнкі Слонімшчыны В. Г. Іскрык: «У нашай партыі было 90 жанчын, у асноўным камсамольскага ўзросту. Перад варотамі канцлагера ўсіх нас паставілі па двое ў рад і прапусцілі за варотамі да вялікага трохпавярховага будынка скрозь двайны строй паліцаяў з дубінкамі. Кожны паліцай стараўся абавязкова ўдарыць ахвяру, якая праходзіла, дубінкай па галаве альбо па спіне. Асабліва моцным катаванням падвяргаліся тыя, хто ўпаў». Ва ўспамінах відавочцаў — пра тое, як падвешвалі ўніз галавой і залівалі ў рот канцэнтраваны раствор солі, як прымушалі стаяць у такім жа салявым растворы па пояс, іншыя жахі. За 5 гадоў існавання лагера, то-бок, з 1934 года, праз яго засценкі прайшло каля 10 тысяч чалавек — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і палітычных поглядаў, проста радавых беларусаў. Гэткае навучанне дэмакратыі па-польску краіны, якая з 38-га ў альянсе з Германіяй, да яе далучаны дзве вобласці Цешэн і Фрайштат, заключаны выгадны гандлёва-крэдытны дагавор. Гэта значыць, генацыд беларускага народа рыхтаваўся задоўга да ўварвання фашыстаў на савецкую тэрыторыю, ахвярамі якога сталі потым і самі палякі. Планы гітлераўцаў у дачыненні да мірнага насельніцтва ўвасабляліся ў жыццё не толькі з асаблівай педантычнасцю, але і з асаблівай жорсткасцю.

Пагромы, катаванне, масавыя забойствы...

Жорсткасць была помстай фашыстаў за супраціўленне. Насуперак распаўсюджанай думцы аб лёгкім узяцці беларускай сталіцы на Мінскім напрамку немцы неслі цяжкія страты. Па паведамленнях Саўінфармбюро, толькі за адзін дзень 27 чэрвеня было «знішчана да 300 танкаў 39 танкавага корпуса праціўніка». Насмерць стаяла чырванасцяжная дывізія пад камандаваннем генерала Русіянава, шлях перакрывала авіяцыя. Немцы неслі страты ў жывой сіле. Пасля захопу сталіцы ўвесь гнеў абрынуўся на мірных жыхароў. Іх сведчанні, якія пасля ляглі ў аснову даклада Дзяржаўнай камісіі БССР пра зверствы на акупаванай тэрыторыі, уводзяць у стан шоку.

За 50 кіламетраў ад Мінска фашыстамі была захоплена група жыхароў, якім удалося выбрацца з палаючага горада. Са сведчанняў Клімук Любові Фёдараўны, якая цудам выжыла у тым пекле. «У лесе нас нагналі 12 аўтамашын з фашысцкімі салдатамі... і пачалі расстрэльваць, ад куль адразу загінула не менш за 50 чалавек, у тым ліку 18 дзяцей. ...Ніколі не забыць жудаснага відовішча: паранены нямецкай куляй 15-гадовы Саша Свяргун упаў на зямлю, нямецкі салдат пачаў біць яго нагамі і прыкладам, затым фашыст замахнуўся штыком. Маці Сашы кінулася да сына і засланіла яго сваім целам. Азвярэлы фашыст пракалоў штыком і маці, і сына». Ці яшчэ сведчанні Міхася Караткевіча: «Бежанцаў, перахопленых на дарогах, зганялі ў канцэнтрацыйны лагер каля Мінска. Пяць дзён тысяча зняволеных не атрымлівала ніякай ежы, ... фашысты прывозілі ў дзень адну бочку вады, на ўсіх адна ржавая конаўка. Трупы памерлых ад голаду і збіцця не прыбіраліся па тыднях... Кожны вечар камендант лагера адбіраў па спісах людзей, і раніцай іх расстрэльвалі за двесце метраў ад лагера». Мірнае насельніцтва знішчалі і ў самім горадзе. Пра гэта — паведамленне ў «Мінскай газеце» за 27 ліпеня 41-га. «З прычыны сістэматычных актаў сабатажу з боку грамадзянскага насельніцтва супраць нямецкіх воінскіх уладаў расстраляныя 100 чал. мужчын. За кожны акт сабатажу ў далейшым, калі вінаваты акажацца не выяўлены, будзе расстраляна па 50 мужчын. Абавязак кожнага — паведамляць пра вінаватых. Палявы камендант». І ў Мінску пачалося масавае вынішчэнне насельніцтва. У горадзе ўжо ў першыя дні стваралася сетка канцлагераў: лагер смерці на вуліцы Шырокай, каля вёскі Малы Трасцянец, у пасёлку Дразды: Універсітэцкі гарадок ператвораны ў засценкі гестапа і СД; у заходняй частцы створана гета, куды сагналі 100 тысяч яўрэяў. Пагромы, катаванні, масавыя забойствы. Па даных каменданта лагера Рыдлера, да 1.VІІІ-41 года ў гета ўжо заставалася 85 тысяч чалавек. Што вычваралі немцы ў гета, шырока вядома, але ўсё новыя сведчанні павяргаюць у шок. Напрыклад, памочнік каменданта лагера Готэнбах пад музыку абвяшчаў тосты за знішчэнне яўрэяў, прымушаючы іх спяваць песні, танцаваць, пры гэтым асабіста па чарзе расстрэльваў асуджаных. Гэткая забава ў вольны час. Каб хутчэй пазбавіцца ад лішняга насельніцтва, згодна з планамі гітлераўцаў, арганізоўваліся правакацыі. Адной з такіх стаў выбух у Мінскім драматычным тэатры, пасля якога хапалі і расстрэльвалі без разбору ўсіх, хто трапіцца ім у рукі. Дрэвы ў парках ператвараліся ў шыбеніцы, на вуліцах штодня расстрэльвалі за парушэнне рэжыму. І такая карціна па ўсёй рэспубліцы. Практычна ні адно паведамленне Саўінфармбюро не абыходзілася без расповеду пра зверствы на тэрыторыі Беларусі. У ранішнім ... за 9 жніўня 1941 года быў зачытаны ліст жыхаркі Брэста Пестружыцкай, якая цудам вырвалася з нямецкага палону. У лісце яна апісвала, як гітлераўцы, уварваўшыся ў горад, пачалі арышты жыхароў. Іх загналі на стадыён «Спартак», суткамі трымалі без вады і ежы, гвалтавалі жанчын, метадычна расстрэльвалі мужчын, 200 чалавек паставілі на паўночным баку футбольнага поля і расстралялі з кулямётаў, трупы ніхто не прыбіраў. І страшныя сведчанні з іншых рэгіёнаў: «У вёсцы Кастроўка Крычаўскага раёна немцы ўварваліся ў дом Драгулінай, адабралі прадукты харчавання, калі сталі выводзіць з двара карову, Драгуліна заплакала і паказала на сваіх чацвярых дзяцей. Афіцэр ва ўпор застрэліў яе, прысутнаму аднавяскоўцу Хміру загадаў засыпаць зямлёй дзяцей, кінутых у склеп. Хміра адмовіўся. Закапаўшы дзяцей, гітлераўцы расстралялі Хміру і труп прывязалі да плота». Больш за 250 тысяч дакументальных матэрыялаў пра злачынствы супраць чалавецтва на тэрыторыі БССР было сабрана і прадстаўлена Дзяржаўнай камісіяй рэспублікі ў 1944 годзе ў Надзвычайную дзяржаўную камісію (НДК) па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сведчанні людзей запісваліся, што называецца, па гарачых слядах. Сама камісія была створана 2 лістапада 1942 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, яе ўзначаліў сакратар ВЦСПС Мікалай Швернік. Сведчанні ляглі ў аснову агульнага даклада НДК і сталі найважнейшымі доказамі для абвінавачвання на Нюрнбергскім працэсе нацысцкіх злачынцаў.

За гады акупацыі ў ходзе правядзення гітлераўцамі 140 карных аперацый было цалкам або часткова знішчана 5454 вёскі, створана каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў вёсцы Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых вялікіх нацысцкіх лагераў смерці па колькасці знішчаных там людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206 500 чалавек. Прычым, у адрозненне ад Асвенцыма, Майданэка і Трэблінкі, у ім знаходзілася галоўным чынам мясцовае насельніцтва. Акрамя таго, у 186 населеных пунктах рэспублікі былі створаны яўрэйскія гета. Па падліках камісіі, у Беларусі за гады вайны было знішчана 715 тыс. яўрэяў. У перыяд акупацыі ў Германію на прымусовыя работы вывезена каля 400 тыс. чалавек, у тым ліку 24 тыс. дзяцей. Калі даваенная колькасць насельніцтва рэспублікі складала 9,2 млн чалавек, то да канца 1944 яна ледзь дасягала 6 млн чалавек.

Па даных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР забіта 2 219 316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і ваеннапалонных. Гэта афіцыйныя лічбы пасля вызвалення рэспублікі. Нават пры тым, што пасля з'явіліся ўдакладненыя звесткі, прыведзеныя даныя кажуць аб катастрофе, аб незаменных людскіх стратах. А факты генацыду адкрываюцца і па гэты дзень... У народзе ёсць павер'е, што ўсё вяртаецца, вяртаюцца да чалавека праблемы, якія ён стварыў калісьці іншым, а для дзяржавы, якая развязала агрэсію супраць іншых народаў, як правіла, усё абарочваецца драмай для свайго ж народа. У маі 1945 года Берлін перажываў сваю драму. Гітлер пакінуў пасля сябе руіны не толькі ў краінах, якія так імкнуўся заняволіць, але і ва ўласнай краіне. Так, на жаль, адбываецца і ў сучасным свеце, калі дзяржавы, які я прысвоілі сабе права быць выключнымі, навязваюць «дэмакратыю» іншым — агнём і мячом, забываючы, што рана ці позна ўсё гэта можа стаць катастрофай для сваіх жа народаў. Гісторыя нічому не вучыць?

Наталля ГОЛУБЕВА, кандыдат гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?