Вы тут

Прызнацца ў любові... прафесіі, або Сакрэт адданасці кнізе ад пінскай руплівіцы


Якое віншаванне з Днём бібліятэк самае дарагое? Тое, што прыляцела здалёк! А тым больш з прыўкраснага беларускага Палесся! Калі завітала ў Пінск, мне пашчасціла сустрэць шчырага, чулага, адкрытага, адданага справе бібліятэкара. На работу як на свята — для яе не штамп, а нязменны дэвіз вось ужо не адзін дзясятак гадоў. На прыкладзе такіх асоб мацнее перакананне: бібліятэкар гарыць сваёй справай, і хочацца пажадаць усім працаўнікам кніжніц, каб і надалей палаў агонь душы ад любімай справы, якая б прыносіла рэалізацыю і задавальненне. Як нашай гераіні — загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі Ліліі Мацюк, якая мае прафесійнага стажу больш чым 35 гадоў, а ў Пінскай гарадской — больш чым 10. Што лёс падарыў на доўгім бібліятэчным шляху — у нашай гутарцы.


Лілія Мацюк.

— Я прыйшла працаваць у 20 гадоў. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, які цяпер перапрафілявалі. Працавала ў розных месцах: у навучальных установах, у прафсаюзнай сістэме (была сістэма прафсаюзных бібліятэк, якія ствараліся на прадпрыемствах), з тэхнічнай літаратурай, мастацкай.

— Маючы вялікі досвед, ці лічыце вы, што бібліятэка — па-ранейшаму цэнтр асветы, які прызваны служыць высокім мэтам, альбо трэба прызнаць, што ў гэтым яе цяпер замяняе інтэрнэт?

— Разумееце, інтэрнэт — крыніца інфармацыі. Сядзіш дома — зручна, у любы момант можаш звярнуцца. Ды і бібліятэкар шмат выкарыстоўвае інтэрнэт: і ў дамашнім жыцці, бытавым, і прафесійным: заходзім на сайты кніжніц іншых дзяржаў — Украіны, Расіі, Казахстана... Цікавыя ёсць задумкі, вопыт, штосьці ў сябе можам прымяніць. Гэта здорава, калі я знаходжу карысную інфармацыю, але ўсё-такі бібліятэка — ачаг культуры, гэта дзіўнае сховішча... У нас такія рарытэты, такія выдатныя фонды! Сапраўды, дзесьці мы іх чысцім, ад некаторай літаратуры пазбаўляемся: састарвае, і навука ідзе наперад, робяцца адкрыцці, увасабляюцца ў жыццё новыя тэхналогіі — усё правільна, тым не менш слоўнік Бракгаўза — гэта ж вечна. А педагагічная энцыклапедыя 1950-х гадоў выдання... Гэта помнікі кніжнай культуры. Сачыць за тым, як кнігі выдаваліся ў свой час, разглядаць паліграфію — бесперастанныя адкрыцці, а ў рукі возьмеш — як золата. Беражліва дакранаешся, пільна глядзіш і разумееш, што па той жа педагагічнай энцыклапедыі людзі ж калісьці атрымлівалі веды, да яе звярталіся як да аўтарытэтнага настаўніка. Яна была бясцэннай. А цяпер прайшоў час, і яна — кніжны помнік. Я бібліятэкар, і пра сваю прафесію магу гаварыць вельмі шмат.

— А вам давялося трансфармавацца  ў сувязі з новымі рэаліямі?

— Так. Новыя тэхналогіі ўваходзяць і ў бібліятэчную справу. Узяць хаця б тое, што цяпер ты ўжо не проста выдаеш кнігі — абслугоўванне ідзе праз аўтаматызаваную праграму. Да таго ж мы не проста праводзім імпрэзы, пішам сцэнарыі, шукаем матэрыялы, выкарыстоўваем мультымедыя, робім прэзентацыі — змяняецца падача матэрыялу. Бясцэнна, калі ў калектыве творчыя супрацоўнікі, шукаюць новы падыход. Напрыклад, для стварэння атмасферы мы пераапранаемся, уваходзім у той ці іншы вобраз. Як на прэзентацыі кнігі нашай мясцовай паэтэсы Тамары Лазнюхі, зборнікі вершаў якой прысвечаны малой радзіме, Перамозе, духоўнасці. Зыходзячы з гэтага, і стваралі вобраз: калі Радзіма — то вянок і нацыянальны касцюм, калі духоўнасць — светлы строй і шаль... І, паверце, гэта не банальна. Не трэба забываць, што бібліятэка — установа сацыякультурная. Калі мы гаворым пра гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў кніжніцы, то чаму яны патрэбны?

Моладзь заходзіць у інтэрнэт, глядзіць відэаўрокі, і ім гэтага хапае, а людзі старэйшага пакалення прызвычаіліся да папяровых крыніц, ім трэба разгарнуць кнігу. Вось тут бібліятэка і дапамагае. Да таго ж у гэтых кніг, прытым беларускіх выдавецтваў, паліграфія проста шыкоўная. Раскошныя альбомы мы можам прадэманстраваць наведвальнікам. А яшчэ — энцыклапедыі баявой зброі, баявых мастацтваў і па іншых галінах. У нас ёсць шыкоўныя альбомы па Палессі, Пінску. Нашы краязнаўцы апантаныя, дасканала вывучаюць гісторыю роднага краю, знаходзяць цікавыя дакументы, потым усё гэта выліваецца ў кнігі, альбомы, што паступаюць і ў фонды. Наш слаўны краязнаўца Аляксей Дуброўскі, на жаль, пайшоў з жыцця. Быў вельмі нястомны руплівец! Дзякуючы яго дзейнасці ў нас на Палессі былі арганізаваны заказнікі. Ён вельмі шмат падарожнічаў на веласіпедзе. Аб’ездзіў усё Палессе беларускае, украінскае: у нас жа захавалася флора і фаўна, якія ў іншых мясцінах зніклі. У нас шмат раслін, занесеных у Чырвоную Кнігу. Аляксей Дуброўскі знайшоў гэта ўсё, аформіў дакументальна. Яшчэ варта згадаць Вячаслава Ільянкова, карэспандэнта «Пінскага весніка», — таксама цікавіцца гісторыяй нашага горада, ён як энцыклапедыя. Альбомы па Пінску выдае ў нас і Таццяна Хвагіна. Прапрацавала доўгі час экскурсаводам у Пінску.

— Для пісьменнікаў, краязнаўцаў бібліятэка — як спадарожнік творчасці... І ў гэтым ракурсе яе каштоўнасць складана пераацаніць...

— Мы трымалі цесны кантакт з Аляксандрам Ільіным, які таксама, на жаль, пайшоў з жыцця нядаўна. Выкладаў у Палескім універсітэце, а ў бібліятэцы нашай быў кожныя выхадныя. Ён шмат працаваў з каталогамі і знаходзіў унікальныя дакументы. Мы дапамагалі яму ў даследчай дзейнасці, вельмі грунтоўнай, шмат ксеракапіравалі. Аляксандр Львовіч праглядаў і свежую прэсу, і старыя выданні, звяртаўся ў сектар краязнаўства.

— Такім чынам, чалавек, які разважае, даследуе, немінуча прыйдзе ў бібліятэку. А інтэрнэт можа даць вычарпальную інфармацыю?

— Не ўсе ж дакументы трапляюць у інтэрнэт! Дзесьці яны не цалкам размешчаны — толькі спасылка маецца. І знайсці бывае вельмі складана. І тады звяртаюцца ў бібліятэку. А яшчэ ў нас ёсць такая функцыя, як міжбібліятэчны абанемент (МБА). Калі чалавек бачыў кнігу ў інтэрнэце, ведае аўтара, назву, а ў нас яе няма, тады можам заказаць з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Брэсцкай абласной, Гомельскай абласной... Такі кнігаабмен — вельмі вялікая падтрымка. Бывае, з перыёдыкі трымальнік фонду робіць ксеракопію артыкула і дасылае яе. Калі чалавеку для работы патрэбны мемуарныя, дакументальныя кнігі, то мы можам заказаць, выкарыстоўваючы МБА.

— А калі не для работы, а для душы — людзі не перасталі хадзіць у бібліятэку? Бо можна ж напампаваць сабе і ў электронную кнігу...

— Хоць шмат людзей карыстаецца электроннай кнігай, але многія вяртаюцца ў бібліятэку. І, што адметна, моладзь.

— А чаму?

— Прыходзяць і гавораць: «Ведаеце, так надакучыў гэты манітор, мігценне экрана — хочацца ўзяць у рукі звычайную кнігу». У летні перыяд, канікулы жадаюць адпачыць з традыцыйнай кнігай, папяровай.

— А вы самі з кнігай у цесным кантакце альбо начыталіся ўжо за жыццё?

— Мне па-ранейшаму ўсё цікава. Я ўсёедная ў гэтым плане. У мяне розныя інтарэсы. І няма такога, каб чытала пэўнага аўтара. Вось зараз на паліцы стаіць (падыходзіць і дастае) перакладная літаратура замежнага аўтара, яшчэ — праваслаўная кніга Вольгі Ражнёвай «Памяць сэрца» і трохтомнік 2018 года выдання нашага беларускага аўтара Віталя Кірпічэнкі «Планета сабак і ягнят» — параілі калегі. Вось стаіць яшчэ Мэры Эн Марлоу «Кніжны магазінчык Мэдэлін» — працавала на замене, быў свабодны час, пагартала: спадабалася. Так што чытаю пад настрой: хочацца то да адной кнігі звярнуцца, то да іншай.

Бывае, калі працую на абслугоўванні, здаецца, і тое б пачытала, і тое, і тое... Мне цікавыя гістарычны раман, сучасны раман, бывае, і фантастыку вазьму, але не фэнтэзі. Цікаўлюся праваслаўнай літаратурай. У свабодную хвіліну альбо ў абед, калі захочацца адпачыць, падыходжу да сваёй паліцы ў кабінеце і дастаю кнігу. Важна адзначыць, што з’явілася многа беларускіх аўтараў. Вось нядаўна чытала, але спярша не звярнула ўвагу, хто напісаў, а калі зразумела, што гэта беларускі аўтар, настолькі здзівілася! Ім аказаўся юрыст са шматгадовым стажам, з вялікім досведам у юрыдычнай практыцы. Я чытала з задавальненнем, на адным дыханні, ды яшчэ калегам парэкамендавала.

— А можна сумяшчаць чытанне дэтэктыўных гісторый з праваслаўнай літаратурай? Бо дэтэктывы ж на фоне яе здаюцца пуставатымі...

— Сапраўды, быў у мяне час, калі захапілася праваслаўнай літаратурай, і ўсё астатняе чытаць не хацелася. Белетрыстыка, здавалася, не дацягвала, не магла параўнацца з духоўнай літаратурай. Потым ад гэтага адышла. Але калі бачыш багацце кніг, як устаяць? Тут назва цікавая, тут карцінка прываблівае, тут вокладка... І пачынаеш. Чытаю паралельна некалькі.

— Кніга — класічны спосаб удасканалення сябе. Але сёння чытаюць меней, а больш паглыбляюцца ў інфармацыйныя тэхналогіі. Ці так гэта катастрафічна?

— Чытанне для чалавека жыццёва неабходна, абавязкова. Агульнавядома, што кніга дапамагае развівацца мозгу, прымушае яго працаваць. Сёння ж пераважае кліпавае мысленне, чалавек хапае штосьці там, штосьці тут, і паўсюль толькі зверху. А кніга — паглыбленне з асэнсаваннем. Банальна, але калі чытаем — пішам пісьменна. Мая дачка перапісваецца з маладымі хлопцамі — дык смяецца: «Мам, хочаш, я табе пачытаю...» — наколькі непісьменныя! Мала таго, што слова з памылкамі, дык яшчэ і скарачаюць яго. Зразумець цяжка...

— Значыць, той, хто не чытае, не ўпісваецца ў цывілізаванае грамадства?

— Чалавек, які не чытае, хутчэй за ўсё і духоўна небагаты. У яго абмежаванасць ва ўспрыманні свету.

— А як да чытання павярнуць?

— Складана сказаць, як чалавек прыходзіць да кнігі. У нашай сям'і, напрыклад, першыя кнігі пачала чытаць бабуля. Потым я сваёй дачцэ. Кожны вечар яна засынала з кнігай. Слухала, з задавальненнем успрымала, потым чытала і вучылася добра. Засмучае, калі ў сям’і дзіця бачыць, што мама і тата не чытаюць, а сядзяць больш у камп’ютары... Школа па-ранейшаму дае спісы літаратуры. Дзеці з імі прыходзяць. І як прыемна чуць, калі бацькі гавораць: «Давай будзем чытаць!» Калі сур’ёзнае стаўленне ў бацькоў, тады і дзіця нармальна ўспрымае. Асноўнае — выхаванне ў сям’і. Бібліятэкар дапаможа. Тым больш якія маляўнічыя цяпер дзіцячыя кнігі! А на беларускай мове якія!.. Гэта цуд! Бярэш — і хочацца гартаць. Прыходзіць мама з дзіцем. Яна бярэ для сябе. Абавязкова гаворыш ёй: «У нас ёсць цудоўныя кнігі для дзяцей, вазьміце, калі ласка, для дзіцяці — хадзіце сюды, да стэлажоў». Бывае, мама сабе адбірае кнігі, а дзіця ўжо ведае, дзе стаяць для яго, — усё пераверне, разгледзіць. Мама ідзе з выбранымі кнігамі і дзіця. «Гэта ты выбраў сабе кнігі сам?» — пытаюся. — «Так, я». Для мяне калісьці гэта было цэлае кніжнае падарожжа: у выхадны дзень мы з дачкой ішлі два прыпынкі ў дзіцячую бібліятэку, выбіралі кнігі, потым — назад. Вось такая прадукцыйная прагулка. Выдатна, калі бацькі надаюць значэнне кнізе, дэманструюць прыклад: я чытаю — і ты сядай побач чытай.

— Вы задаволены, што менавіта з гэтай прафесіяй звязалі лёс?

— Так, задаволена выбарам прафесіі, мне гэта па душы. Калі вучылася, штосьці было складана. Спецыяльныя галіновыя прадметы, прафесійная лексіка, канспекты... А потым на дзяржэкзамене здавала на «выдатна» той прадмет, які першапачаткова быў вельмі складаным. Усё прынялося і лягло на душу. Разумееш, што гэта тваё. На работу як на свята — без ценю сарказму. Я зразумела, што ў бібліятэцы я не выпадковы чалавек. Мне гэта падабаецца. Калі ты прыйшоў у прафесію, то пастарайся яе палюбіць.

— Дзякуй, Лілія Міхайлаўна, за гутарку! Віншуем вас і ўсіх бібліятэкараў краіны з прафесійным святам! Хай Дзень бібліятэк дасць адлік новаму этапу ў служэнні кнізе, адкрые цудоўныя магчымасці і раскрые таленты! Здароўя, бадзёрасці і ўдзячных чытачоў!

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».