Вы тут

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца


Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра, народнай артыстцы Беларусі Ніне Ламановіч 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. Гэтая маладая душой, прыгожая, энергічная жанчына не хавае свайго ўзросту. Хор Вялікага тэатра Беларусі — паважаны сярод калег і любімы публікай калектыў. Ніна Іосіфаўна кажа, што хор — гэта копія мадэлі сям'і.


— Ніна Іосіфаўна, раскажыце пра вашых бацькоў. Ці былі ў родзе музыканты?

— Бацькі да музыкі не мелі дачынення. Мама нядрэнна спявала. Нядаўна я прачытала, што здольнасці перадаюцца праз пакаленне, дык вось мая бабуля іграла на балалайцы. Тата быў ваенным, мама скончыла фізмат, але, пакуль яны калясілі па гарнізонах усяго СССР, у яе не было магчымасці працаваць па спецыяльнасці.

Калі мне было пяць гадоў, сям'я вярнулася на радзіму бацькі, мы аселі ў Мазыры, доўга жылі ў інтэрнаце. Я ўвесь час спявала, бацькі вырашылі, што ў дзіцяці ёсць здольнасці, а значыць, трэба купіць піяніна. Першы год займалася прыватным чынам, потым пайшла ў музычную школу. Мне вельмі падабалася! І вядома ж, я ўдзячная бацькам, што яны звярнулі ўвагу на маю цікавасць, далі магчымасць развівацца.

— Гэта значыць, выбар прафесіі быў прадвызначаны?

— Так, пасля школы я паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча імя Сакалоўскага — адно з найлепшых у Беларусі, потым — у кансерваторыю.

— А з мужам калі і дзе пазнаёміліся?

— У тэатры. Замуж я выйшла ў 27 гадоў за саліста балета. Праз два гады нарадзілася наша дачка Наташа, а праз 14 гадоў мы разышліся.

— Пры такіх бацьках дачка, вядома ж, расла за кулісамі?

— У дэкрэце я прабыла ўсяго чатыры месяцы. Тады якраз нарадзіла дзіця яшчэ адна хормайстар, і я падумала, што нельга падводзіць тэатр, трэба выходзіць на працу. Балазе мы жылі на Нямізе, лічы, у крокавай даступнасці ад тэатра. Нам ішлі насустрач, складаючы расклад, мы з мужам літаральна з рук на рукі перадавалі дзіця. У самых бязвыхадных сітуацыях дапамагала свякроў. Мая дачка нарадзілася якраз у той час, калі ў тэатры быў бэбі-бум, пасля дзіцячага садка бацькі прыводзілі малых у тэатр — яны тут не сумавалі.

Цяпер шкадую, што не была ў дэкрэце хоць бы год. Гэта вельмі важны перыяд у жыцці дзіцяці, калі яму асабліва патрэбна пастаянная прысутнасць мамы. У нас з дачкой выдатныя адносіны, мы сябруем, але ўсё роўна часам я думаю, што чагосьці недадала ёй у дзяцінстве.

І яшчэ адну памылку ў выхаванні здзейсніла, цяпер перасцерагаю маладых бацькоў. Дачка расла вельмі самастойным дзіцем. Я ніколі не рабіла з ёй урокі, нічога не забараняла. Уявіце, што ў 8-9 гадоў Наташа магла прыгатаваць нам вячэру. Мы жылі ў вар'яцкім тэмпе: усё на бягу. Неяк дачка кажа: маўляў, памыю падлогу. А я: «Не трэба, сама хутчэй зраблю». Так некалькі разоў яна мне прапаноўвала дапамогу, а потым перастала... Таму, калі дзіця хоча вам дапамагчы, не перашкаджайце яму. А дрэнна зробіць — ціхенька, каб не бачыла, перарабіце, але ніколі не адмаўляйцеся ад дапамогі.

З сям'і сваіх бацькоў я вынесла: ні ў якім разе нельга крычаць на дзяцей. І яшчэ вельмі важна дзяўчынцы пастаянна паўтараць, якая яна добрая і прыгожая.

— Ніна Іосіфаўна, можаце распавесці, чаму людзі разводзяцца?

— Усё вельмі банальна: чым больш мы разам жылі, тым больш разумелі, што вельмі розныя людзі, што нашы чаканні адносна адно аднаго не апраўдваюцца. Мая мама казала: выйшла замуж дык жыві. Але гэта, бадай, адзіны раз, калі я з ёй не пагадзілася. Лічу, што вельмі шкодна жыць з чалавекам, з якім табе некамфортна, з якім вы перасталі быць партнёрамі. І не трэба прыкрывацца дзецьмі: для іх бачыць такія адносіны бацькоў асабліва небяспечна.

— Як дачка рэагавала на ваш развод?

— Думаю, як большасць дзяцей — цяжка. Згладзіла сітуацыю тое, што таты ў яе жыцці менш не стала. Яна была і ёсць любімая дачка, у іх выдатныя адносіны. Былы муж дапамагаў ёй, заўсёды падтрымліваў. Дачка нават прафесію выбрала, як у таты, яна — балерына. Але вось што цікава, ужо дарослай Наташа неяк сказала мне: «Цяпер я разумею, чаму вы разышліся».

— Ваша дачка ўжо шмат гадоў жыве ў Польшчы. Вы адпусцілі яе з лёгкім сэрцам?

— Наташа паехала ў Быгдош, дзе аб'явілі набор артыстаў у тэатр «Нова-опера», і прайшла па конкурсе. Было такое жаданне працаваць там некалькі гадоў па кантракце. Я яе выдатна разумела. У нас жа людзі як лічаць? Рабочая дынастыя — гэта добра. А артыстычная... Нешта ў дзяцей не атрымалася — «прырода адпачывае», а атрымалася — ну, вядома, дапамаглі тата — саліст балета і мама — хормайстар... Таму, безумоўна, мы паставіліся з павагай да жадання дачкі будаваць кар'еру самастойна.

У Польшчы яна выйшла замуж. У яе выдатная сям'я, а ў мяне двое ўнукаў — Максіміліяну-Аляксандру 14 гадоў і 4 годзікі Габрыэлю.

Канцэрт хора.

— Ніна Іосіфаўна, пасля скасавання шлюбу вы спрабавалі, як кажуць, уладкаваць сваё асабістае жыццё, зноў выйсці замуж?

— Што значыць уладкаваць? Трэба проста жыць, працаваць... Ніколі не адчувала сябе адзінокім чалавекам і не было мэты зноў выйсці замуж. Перакананая, што можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага стане лепшым. Калі яна будзе адчуваць сябе «за» мужам як за каменнай сцяной. Мужчына — гэта сіла, гэта ўчынак. У мяне дастаткова высокая планка ў гэтым сэнсе. Перш за ўсё я параўноўваю мужчын са сваім бацькам. Вось ён быў сапраўдны галава сям'і, мы ўсе былі пад яго абаронай. У сям'і панавала ўзаемапавага. Ведаю і тое, што ў мяне даволі моцны характар, таму мужчына павінен быць мацнейшы за мяне.

— Ці можна сказаць, што хор — гэта мадэль сям'і?

— Абсалютная! У хоры важна ўмець чуць калегу, не перапяваць яго, дыхаць ва ўнісон. Мне як хормайстру мала, каб быў бездакорны вакал. Гэта ўсяго толькі тэхніка, якой можна навучыцца. Важна, каб была эмоцыя, каб спевы закранулі нейкія струны душы публікі. Так і ў сям'і: нічога не вартыя смачныя абеды, калі людзям няма пра што размаўляць за сталом.

— Разглядаючы кандыдатуру на вакансію ў хор, на што звяртаеце ўвагу?

— Лічу, што прафесійныя якасці можна развіваць, шмат працуючы. А хор выходзіць на сцэну практычна ў кожным оперным спектаклі. Гляджу на чалавечыя якасці. Прыйшла да такой высновы, што калі чалавек сумленна ставіцца да працы, то і па жыцці ён такі. Ведаеце, звычайна «качаюць правы» і ўсім заўсёды незадаволеныя людзі якраз з сярэднімі данымі. Калі ў калектыве з'яўляецца хоць бы адзін чалавек, які псуе кроў, то пакутуюць усе. Нельга запускаць такую сітуацыю, трэба «разводзіцца», інакш з часам гэта адаб'ецца на якасці працы, на псіхалагічным клімаце ў калектыве.

Заўсёды сумленна папярэджваю прэтэндэнтаў: не шукайце тут выгады. У тэатры ты або ўсё аддаеш, або шукай сабе іншае прымяненне. Тут няма палавінчатасці, нездарма ж кажуць, што ў тэатры «служаць».

— А што робіцца для таго, каб з'яднаць калектыў?

— Перш за ўсё, гуртуюць калектыў добрыя адносіны паміж артыстамі і паважлівае стаўленне кіраўніцтва. Мы вельмі любім радасныя падзеі ў жыцці. У дзень нараджэння кожны прыносіць прысмакі і выкладвае іх сэрцайкам на раялі. А калектыў робіць падарункі да дня нараджэння, вяселля, папаўнення ў сям'і. Падтрымліваем калег і ў цяжкую хвіліну.

— Ніна Іосіфаўна, а як вы распараджаецеся сваімі грашыма?

— Мая першая запаведзь: не рабі даўгоў. Мама казала: не хапае да зарплаты — не ўмееш жыць. Таму гляджу, што магу сабе дазволіць, а што — не. Нельга быць жабраком — гэта прыніжае чалавека. Таму, калі не хапае грошай, думай, як зарабіць больш. У мяне быў у жыцці перыяд, калі працавала ў чатырох месцах. Абавязкова трэба мець падушку фінансавай бяспекі.

Падчас рэпетыцыі.

Па сутнасці, чалавеку шмат не трэба. Я не ганюся за дарагімі брэндамі. У маім гардэробе шмат адзення і абутку айчыннай вытворчасці. Мяне вельмі засмучае, што многія беларусы не заўсёды любяць сваё. Звычайна ледзь не просяць прабачэння, калі робіш камплімент: маўляў, прыгожае паліто, а яно — беларускае. Было б зусім добра, калі б нашы фабрыкі шылі невялікія партыі адзення і прадумалі прыгожыя ўборы для людзей старэйшага ўзросту. Наша пакаленне ўжо не хоча хадзіць у сукенках «бывай, маладосць». Тое ж самае часта — з нашай нацыянальнай музычнай спадчынай.

— Ой, як я з вамі згодная. Заўсёды кажу, што кожны беларус абавязаны ў Вялікім тэатры паглядзець балеты «Вітаўт» і «Анастасія», паслухаць оперы «Сівая легенда» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Некаторыя мне адказваюць: «Дык гэта беларускія...» Тады кажу: «А не хадзіце на «Дон Кіхота», «Травіяту» і «Вяселле Фігара» — іграюць жа беларускія артысты».

— Якія, дарэчы, высока каціруюцца на міжнародным узроўні. Пакуль не шалеў каранавірус, нашы салісты спявалі на самых прэстыжных сцэнах Еўропы і Амерыкі. Дзякуючы гастролям шмат дзе давялося пабываць. Да мяне прыязджаюць сябры з розных краін, і мы заўсёды сыходзімся на тым, што ў нас і прадукты смачныя, і адзенне якаснае, і тэатр выдатны. Але як перамагчы гэтую нашу залішнюю сціпласць?

— Як вы праводзіце адпачынак?

— У мяне не атрымліваецца сысці ў адпачынак і не думаць пра работу... Ёсць у мяне невялікае лецішча. Жартую, што я не Мічурын, — не атрымліваецца вырасціць раскошны ўраджай. Але пакапацца ў зямлі падабаецца. Кветкі там растуць самыя простыя — календула, рамонак... У гарбату дадаю свае мяту, мацярдушку, шалфей.

Апошнія дваццаць гадоў у адпачынак і на Каляды ездзіла да дачкі. Праз каранавірус паездкі адмяніліся. Свайго малодшага ўнука трымала на руках, калі яму было паўтара годзіка... Вядома, мы кожны дзень размаўляем па вайберы, але ўсё ж гэта не замяняе жывыя зносіны, калі родных хочацца і можна абняць.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота прэс-службы Вялікага тэатра Беларусі і з асабістага архіва Ніны Ламановіч

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.