Вы тут

Наталля Рудчанка: Дзе проста — там анёлаў мноства...


Як правіла, сямейнае жыццё духавенства схавана ад чужых вачэй. Далёка не ўсе, хто служыць у царкве, рашаюцца на гутарку. Аднак мая суразмоўніца — шматдзетная мама і бабуля, жонка настаяцеля мінскага храма Уладзімірскай іконы Божай Маці — матушка Наталля РУДЧАНКА — згадзілася сустрэцца найперш з місіянерскай мэтай.

Жыццё царквы яна называе вельмі гарманічным. У храме Уладзімірскай іконы Божай Маці, які пабудавалі яшчэ ў 1990-м, праводзіцца шмат мерапрыемстваў, існуе праграма псіхалагічнай дапамогі, дзе працуе праваслаўны псіхолаг — дачка Рудчанкаў Анастасія. Пры царкоўным прыходзе ёсць нядзельная школа, дзе матушка чытае лекцыі, з'яўляецца псаломшчыцай, адказвае на розныя рэлігійныя пытанні людзей, у тым ліку аб вядзенні службы. Наша з ёй размова — пра шлях да Бога, жыццёвыя выпрабаванні і, вядома ж, сям'ю.


Юнацтва і замужжа

У часы яе маладосці не тое што рэлігійных кніг не было — гаварыць пра Бога было небяспечна. Яна згадвае, як аднойчы на ўроку хіміі настаўніца пачала выклікаць да дошкі. Наталля так баялася, што пачала маліцца. А калі расплюшчыла вочы — перад ёй стаяла настаўніца: яна ўбачыла, што дзяўчына трымае ў руцэ крыжык. Адкуль ён узяўся, не памятае, але для дзяўчыны было важна, што бацькі-настаўнікі тады нічога не сказалі. У дзявятым класе Наталля ўпершыню задумалася пра хуткаплыннасць жыцця і непазбежнасць смерці. Патаемнымі думкамі яна дзялілася са сваім сябрам Сашам, з якім наведвала адну тэатральную школу.

— Ён быў блізкі мне чалавек, і я сказала: Саша, а ты ведаеш, што мы памром? — расказвае матушка Наталля. — Ён паглядзеў на мяне і адказаў: «Ну і што? Цяпер жа ты жывая?» Я сказала: «Так» (смяецца). І мяне неяк адпусціла. Думаю, і сапраўды, што перажываць загадзя не трэба, — узгадвае мая гераіня.

Яны доўга сябравалі, але тады дзяўчына нават не разглядала сябра як спадарожніка для жыцця. Ды і ён яе, напэўна, таксама. Матушка Наталля ўсміхаецца, расказвае, як адпраўляла яго на спатканні, як завязвала гальштук.

— І вось калі мы ажаніліся, гэта такое шчасце было! Сын нарадзіўся, і, здавалася, што яшчэ трэба? Але так здарылася, што з роднага Мінска мы паехалі на Поўнач, гэта былі 1980-я гады...

У Ніжнявартаўску і Лангепасе будучы айцец Аляксандр будаваў дамы, а яго маладая жонка працавала вартаўніцай, у яе быў вялізны, 120-кілаграмовы сабака. Так, разам з мужам яны здабывалі сабе грошы на жыццё. У вольны ад працы час Аляксандр захапляўся фатаграфаваннем. Аднойчы да яго звярнуўся чалавек, каб тайна перафатаграфаваць старонкі Евангелля ад Марка. І вось ноччу, падчас гэтай работы, хаваючыся, яны з Наталляй прачыталі Евангелле і пачулі аб Хрысце.

Тым часам муж Наталлі пачаў здымаць вяселлі, сямейныя хронікі — так зарабляў грошы. Пасля быў пераезд у Маскву, дзе Аляксандр скончыў курсы пры Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі імя С. А. Герасімава, працаваў памочнікам у Герасімава, нават здымаўся ў яго фільме «Леў Талстой» у ролі Цёмнага, кіраваў вялізнымі, тысячнымі здымкамі. Падчас здымак частымі былі гутаркі на розныя тэмы, у тым ліку рэлігійныя, пачаліся стасункі з вернікамі, адбыўся ўваход у праваслаўную абшчыну.

Хрышчэнне і вянчанне

— Мой хросны дастаткова таленавіты і вядомы пісьменнік, піша дэтэктывы. Памятаю, нас прывезлі ў сяло Атраднае, цяпер гэта раён Масквы. Мяне хрысціў знакаміты свяшчэннік Крэчатаў, — згадвае жанчына.

У той жа дзень Наталлю і Аляксандра павянчалі. Вянцы не было каму трымаць, таму іх надзелі маладым на галовы. Вянчаная была ў зялёнай сукенцы, мокрая ад дажджу, таму псавала, як сама расказвае, астатнім усю «карцінку». У дзяўчат, што там прысутнічалі, былі «правільныя» святочныя сукенкі. Згадвае матушка Наталля і дзіўны па тых часах падарунак, які прыйшоўся даспадобы Рудчанкам, — кніжка Лекуля «15 меню святочных абедаў і вячэр», што не раз выручала маладую гаспадыню.

Царкоўнае харчаванне

— Царква — гэта жывы арганізм, — кажа мая гераіня. — Спачатку было ўяўленне, што гэта нешта закасцянелае, непарушны будынак. Бяда ў тым, што, напэўна, большасць людзей так думае. Што датычыцца царкоўнага харчавання — мы не тыгры і не вельмі часта ядзім мяса. Пасты сукупна складаюць каля 200 дзён, гэта калі ўлічыць сераду і пятніцу. Прыходзіцца сябе абмяжоўваць, вядома. Не магу сказаць, што ў гады, калі мы толькі пачалі служыць царкве, было лёгка шукаць стравы для посту, асабліва па тых часах. Я бачыла, як сыночкам было цяжка трываць, таму старалася што-небудзь цікавае прыгатаваць і дасягнула за 30 гадоў немалога. Было, накрывала стол і на 40 чалавек, і на 70. Памятаю, як падчас аднаўлення Іаана-Багаслоўскага манастыра ў сяле Пошчупаве Разанскай вобласці прыйшлося гатаваць для Алексія ІІ. Я падала свяцейшаму моркву па-карэйску. Ганарылася тады вельмі, гэта было нешта нязведанае ў тыя гады, — усміхаецца матушка Наталля.

Шлях да Храма

Ёй цяжка гаварыць пра тое, чаму яе паспяховы муж аднойчы кінуў усё і пайшоў працаваць дворнікам у епархію.

— Таму што ў нас трагічна загінула дачка. І ён сказаў: я не магу больш глядзець у камеру фотаапарата — там пуста.

Неяк падчас размовы ў хрысціянскай абшчыне ўладыка Ціхан спытаў Аляксандра, чаму ён не ідзе ў святарства. Матушка Наталля лічыць, што, верагодна, гэта і было першае зярнятка. На вуліцы Чарвякова, дзе знаходзілася тады епархіяльнае ўпраўленне, будучы айцец Аляксандр чысціў снег. Цяпер, аналізуючы тую сітуацыю, матушка дзякуе Госпаду, бо ў такія цяжкія перыяды, на яе думку, людзі часта разыходзяцца, а яны разам ужо 44 гады. Пасля было панамарства Аляксандра ў Барысаве. Прайшоў час, і будучага бацюшку выклікалі ў сабор. Там ён даў клятву, што верай і праўдай будзе служыць царкве і людзям. Яго пасвяцілі ў сан 1 мая 1988 года.

Сямейны прыстанак

Першы прыход сям'і Рудчанкаў быў у вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Гэтае месца матушка ўспамінае часта. Жыхары вёскі былі дзіўныя людзі. У свой час яны вучыліся ў прыходскай школе, хадзілі на службу за сем кіламетраў, добра ведалі правілы царквы і трымалі ўсе пасты. Аднойчы, расказвае Наталля, у храме было вельмі холадна. Яна сказала бацюшку Аляксандру: маўляў, бабулі так добра моляцца — і Бог іх сагравае. Святар толькі засмяяўся ў адказ і звярнуў увагу на адзенне бабуль: камізэлькі, а пад імі вязаныя хусткі, а на нагах валёнкі. Такія ж валёначкі, лёгкія, як пушынка, але вельмі цёплыя, хутка з'явіліся і ў новаспечанай матушкі Наталлі — яна была бязмежна шчаслівая. Жанчына гаворыць, што гэтыя людзі ў сваёй прастаце і дабрыні ў многім адкрылі для яе Бога. «Дзе проста — там і анёлаў мноства», — гаворыць матушка.

У Мінску па адрасе Волжскі праезд, 8 знаходзіцца храм Уладзімірскай іконы Божай Маці. З дапамогай Усявышняга, кажа Наталля, яго пабудаваў айцец Аляксандр. Спачатку гэта была дамавая царква, і таму сёння яна выконвае ролю менавіта сямейнага прыстанку душы. У храм было перададзена каля 400 часціц Святых, сярод якіх мошчы святых Панцеляймона, Іаана Прарока, Варвары. З Кіева-Пячэрскай лаўры айцец Аляксандр прывёз мошчы святых угоднікаў і ўнікальную часціцу жыватворнага Крыжа Гасподняга.

Выхоўваць на ўласным прыкладзе

— Дзяцей можна выхоўваць толькі на ўласным прыкладзе, — лічыць матушка.

У сям'і Рудчанкаў — сямёра дзяцей, 12 унукаў, двое з якіх прыёмныя. Суразмоўніца расказвае, што ў малых у межах царкоўнага двара заўсёды было шмат сяброў, многія сем'і былі шматдзетныя. Таму, на яе думку, большасці комплексаў, што бываюць у падлеткаў, не існавала. З часам сяброўства гэтае толькі мацнее, многія пажаніліся і сябруюць сем'ямі, іх дзеці таксама сябруюць. Яна прыгадвае, як кожны год усёй сям'ёй выязджалі на машыне ў Крым ці на Балтыку. Спыняліся каля берага мора і праводзілі час, як героі Даніэля Дэфо з рамана «Рабінзон Круза». Ратаваліся ад начнога дажджу і маліліся падчас буры, вудзілі рыбу і самастойна гатавалі на агні, чыталі класіку і Біблію ўслых, наведвалі экскурсіі і імкнуліся заўважаць ва ўсім наваколлі найперш працу чалавека. Матушка гаворыць, што такі досвед карысны і цікавы для дзіцяці, і дзякуе Богу, што ён падарыў магчымасць усё гэта ўбачыць, даведацца, ахінуць любоўю многае і многіх.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва сям'і Рудчанкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».