Вы тут

Застацца сябрамі, бацькамі і людзьмі дапамагаюць сужэнцам сямейныя медыятары


 Маці абвінавачвае бацьку ў тым, што ён не хоча прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і корміць дзяцей ласункамі. А бацька проста жадае парадаваць малых, але не ведае, як, таму купляе ім цукеркі... Справа дайшла да таго, што жанчына вырашыла забараніць тату бачыцца з дзецьмі. Але на сустрэчы з медыятарам бацькі выслухалі адзін аднаго, з дапамогай спецыяліста абмеркавалі ўмовы харчавання нашчадкаў і знайшлі ласунак, які задавальняе абодва бакі, — сухафрукты.


У іншай пары сужэнцаў муж падаў на развод, бо быў упэўнены, што жонка яго падманвае і дзейнічае супраць яго. На сустрэчы з медыятарам высветлілася, што многія інтэрпрэтацыі мужчыны былі памылковыя. Многія свае ўчынкі жонка змагла растлумачыць (або муж здолеў яе пачуць, нарэшце) толькі на сустрэчы са спецыялістам, і мужчына зразумеў сваю палавінку. У выніку заяву на развод пара забрала.

Часам знайсці прычыну і рашэнне праблемы ў сям'і даволі проста. Важна толькі, каб было жаданне слухаць і гаварыць і каб побач знаходзіўся незалежны і нейтральны да сітуацыі пасрэднік, які дапаможа наладзіць камунікацыю паміж спрачальнікамі. Медыятар — менавіта такі чалавек. Як ён працуе, чаго дамагаецца і ў чым карысць такога спецыяліста, расказала Аксана ШУЛЬГА, дырэктар Беларускай лігі сямейных медыятараў.

Мірныя рашэнні складаных праблем

Медыятары Лігі ўпэўнены, што практычна любая, нават самая цяжкая і складаная, спрэчка можа быць вырашана, калі бакі гатовыя выслухаць адзін аднаго і згодны абмеркаваць рашэнні, якія падыдуць усім удзельнікам канфлікту. Спецыялісты працуюць на розных этапах яго развіцця і забяспечваюць урэгуляванне прававых спрэчак і ў межах грамадзянскай судавытворчасці, і па-за судовымі межамі, а таксама пры выканаўчым вядзенні. Дапамагаюць дамовіцца аб падзеле маёмасці, падказваюць, як атрымаць кампенсацыю, кансультуюць па іншых юрыдычных аспектах, заўважыла Аксана Шульга:

— Удзельнікаў нашай лігі аб'ядноўвае не толькі цяга да працэсу медыяцыі, але і цвёрдая ўпэўненасць, што калі выконваць правілы медыяцыі і ствараць умовы для пасрэдніцтва, людзі здольныя самі справядліва і канструктыўна вырашыць свае спрэчкі. Я не перастаю дзівіцца магчымасцям людзей, якія, сутыкаючыся нават з самымі складанымі праблемамі, знаходзяць творчыя і мірныя рашэнні.

Місія лігі, якая працуе ўжо паўтара года, — садзейнічаць раскрыццю патэнцыялу сям'і як значнага сацыяльнага інстытута і эфектыўнага інструмента ўрэгулявання і вырашэння спрэчак у розных сферах жыцця грамадства. Перш чым пачаць працэдуру медыяцыі — прымірэння бакоў, медыятары праводзяць інфармацыйна-ацэначныя сустрэчы, дзе вызначаецца найлепшы сродак вырашэння канфлікту, а таксама перспектывы звароту да медыяцыі.

Медыятары пастаянна выступаюць перад рознымі аўдыторыямі, каб як мага больш чалавек даведалася пра магчымасці медыяцыі. У судах людзям таксама тлумачаць, што яны могуць скарыстацца паслугамі медыятара, каб вырашыць свае праблемы і спрэчкі.

— Часта людзям проста складана ісці ў суд, бо яны баяцца ацэнкі, асуджэння навакольных. А медыяцыя — канфідэнцыяльная працэдура, усё застаецца паміж бакамі і медыятарам. Таму людзі часта прыходзяць па рэкамендацыях або пасля пошукаў варыянтаў рашэння сваёй праблемы ў інтэрнэце.

Варта падкрэсліць, што сямейная медыяцыя — не сродак-панацэя для абавязковага захавання сям'і. Часам людзям лепш разысціся і не катаваць адно аднаго. Галоўнае — зрабіць гэта цывілізавана і пастарацца наколькі магчыма захаваць добрыя адносіны.

Улічваць інтарэсы і патрэбнасці 

Адно са шматлікіх пачынанняў лігі — рэалізацыя праекта па сямейнай медыяцыі, мэта якога — прафілактыка сямейных канфліктаў і сямейных няўдач, развіццё практыкі сямейнай медыяцыі і інфармаванне пра яе перавагі.

— Сямейная медыяцыя скіравана больш на суправаджэнне разводу сужэнцаў. Яна імкнецца ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў, — звярнула ўвагу кіраўнік лігі. — Пры расставанні ў людзей шмат крыўд, прэтэнзій, негатыўных эмоцый, з якімі таксама працуе сямейны медыятар. У медыяцыі можна абмяркоўваць многія складаныя тэмы. Прынцыповае адрозненне медыятыўнай працэдуры ад судовай у тым, што ў медыяцыі рашэнне прымаюць самі бакі, а ў судзе — суддзя. У судзе заяўляецца пазіцыя, а мы працуем з інтарэсамі і патрэбнасцямі. Толькі так сужэнцы могуць атрымаць тое, чаго яны хочуць.

У працэсе медыяцыі адбываецца трансфармацыя чалавека — ён вучыцца слухаць і дамаўляцца. Гэта дапамагае захаваць не толькі добрыя стасункі, але і ў тым ліку сумеснае бацькоўства, дадала Аксана Шульга.

— Да нас часта звяртаюцца, калі трэба вырашыць спрэчкі па пытаннях утрымання ці выхавання дзяцей падчас разводу ці калі бацькі раз'ехаліся, а таксама па пытаннях падзелу маёмасці. Мы абмяркоўваем і прапісваем не толькі графік наведвання дзяцей адным з бацькоў, але і тое, як мама і тата ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, калі трэба адвезці малога на гурток ці да ўрача, дапамагаем бацькам складаць карту патрэбнасцяў дзіцяці: рэжым харчавання, распарадак дня, правілы дысцыпліны. Такім чынам, нават пры разводзе ці раз'ездзе бацькоў застаецца дакладная і сумесная праграма выхавання дзяцей.

Быў выпадак, напрыклад, калі пры скасаванні шлюбу сужэнец добраахвотна пагадзіўся на працягу дзесяці гадоў выплачваць пэўную суму на ўтрыманне былой жонкі, хоць такой нормы ў законе няма, адзначыла медыятар:

— А неяк мірыліся былыя муж і жонка, якім ужо за 60. Яны развяліся гадоў пяць таму, але часта сустракаюцца. Мужчына пакінуў былой жонцы дом, а сам жыве ў сваёй маці, аднак часта прыходзіць нешта адрамантаваць. На адной з такіх сустрэч яны паспрачаліся, ён штурхануў былую другую палавінку, яна падала заяву ў суд. Мужчыне прызначылі штраф. У выніку яны разам прыйшлі ў медыяцыю дамаўляцца, каб больш падобнай сітуацыі не ўзнікла.

Медыяцыя прымяняецца, дарэчы, не толькі паміж мужам і жонкай — сямейныя стасункі і праблемы высвятляюць таксама бацькі і дзеці, іншыя сваякі, якія не могуць дамовіцца.

Ісціна заўжды суб'ектыўная...

Вядома, шлюб часта ўдаецца і захаваць, асабліва калі праблемы і жаданне расстацца выкліканы недаверам сужэнцаў. У такіх выпадках муж і жонка імкнуцца з дапамогай скасавання шлюбу паўплываць адно на аднаго. Ім здаецца, што такая маніпуляцыя прывядзе да змен. Аднак змены могуць здарыцца толькі пры сумесным абмеркаванні і высвятленні праблемы, калі пара выпрацуе новыя правілы жыцця для сваёй сям'і, патлумачыла Аксана Шульга:

— Я звязваю факты, калі людзі ў працэсе медыяцыі адмаўляліся ад жадання развесціся і захоўвалі адносіны, з тым, што медыяцыя стварае прастору для адкрытай безманіпулятыўнай камунікацыі. Бакам удаецца абмеркаваць складаныя пытанні, праясніць крыўды, высветліць непаразуменні. Працэдура таксама дапамагае ім стварыць новыя правілы ўзаемадзеяння, якія яны з задавальненнем выкарыстоўваюць для змены сваіх узаемаадносін. Калі я праводжу трэнінгі па медыяцыі, развіцці перагаворнай і камунікатыўнай кампетэнтнасці, фарміраванні даверу да сябе і свету, слухачы кажуць: «Вы малюеце ідэальны свет, адарваны ад рэчаіснасці. Свет больш жорсткі і несправядлівы, у ім дзейнічаюць правілы сілы і ціску!». На гэта я адказваю, што, калі мы нараджаемся, ніхто і нішто не можа гарантаваць нам ахову ад маніпуляцый і няшчасцяў. Аднак у нас заўжды ёсць выбар: жыць па тых правілах, на якія мы пагаджаемся, і не жыць па тых, якія нам не па душы.

Існуе некалькі няпісаных правіл, якія дзейнічаюць у жыцці.

  • Калі мы шкадуем сябе, навакольныя будуць патрабаваць ад нас шкадавання адносна іх.
  • Калі мы хочам маніпуляваць іншымі людзьмі, намі таксама будуць маніпуляваць.
  • Калі мы хочам кантраляваць жыццё іншых, і нас будуць кантраляваць.
  • Калі мы абясцэньваем клопат і ўвагу навакольных, мы самі будзем абясцэненыя.
  • Калі мы хочам навучыцца ствараць правілы, якія дазволяць нам адчуваць унутраную і знешнюю свабоду, але пры гэтым захаваць сувязі з іншымі людзьмі і светам, нам неабходна: працаваць над уласнай ідэнтычнасцю, навучыцца рабіць нешта самастойна, прымаць уласныя рашэнні, абапірацца на асабістыя веды і вопыт, не адступаць ад уласных каштоўнасцяў і мэт, самому забяспечваць свае патрэбнасці.

— Гэтыя правілы працуюць і ў медыяцыі. Мы дапамагаем людзям абапірацца на здаровы сэнс і сваю дарослую частку. Задаём пытанні, якія дапамагаюць убачыць сітуацыю з розных бакоў, зразумець, што ісціна — заўжды суб'ектыўная, што пошук вінаватага не вырашыць пастаўленую задачу, — рэзюмавала дырэктар лігі.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Трэці не лішні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.