Вы тут

Беларусы ўсё часцей выбіраюць для немаўлят рэдкія і старадаўнія імёны


Такая тэндэнцыя ў краіне назіраецца апошнія некалькі гадоў. У нас падрастаюць, напрыклад, дзяўчынкі з імёнамі Арыела, Арфелія, Алексія, Вірынея, Вірсавія, Дзіва, Жаміла, Зарана, Ілірыя, Іванка, Капіталіна, Касіяпея, Кірыя, Лаліта, Луна, Марфа, Мілаліка, Мальвіна, Мара, Рагнеда, Рукая, Самія, Саная, Петра, Славяна, Сімрана, Сандрынія, Урміла, Шанэль, Цвятана, Эвалет, Эля, Юсра, Юна, Ясна. Не менш арыгінальна называюць і хлопчыкаў: Азарый, Алфей, Амур, Вітаўт, Варфаламей, Вільгельм, Джасцін, Ной, Нікей, Оскар, Перасвет, Святамір, Саламон, Тамерлан, Тэйлар, Яніс.


— Згодна са статыстыкай ЗАГСаў, дзяўчынак часцей, чым хлопчыкаў, называюць рэдкімі імёнамі. У сталіцы, напрыклад, у запісах актаў аб нараджэнні імёны 272 дзяўчынак сустракаюцца толькі аднойчы, — заўважыла Вольга ШЫБКО, прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі. — А ўвогуле найбольшая колькасць дзяцей з унікальнымі імёнамі сустракаецца ў Мінску і абласных цэнтрах.

Як паведамілі ў органах ЗАГС, топ-пяцёрка самых папулярных дзявочых імёнаў — Сафія, Марыя, Ганна, Ксенія, Дар'я. Аднак у рэгіёнах расклад улюбёных імёнаў мяняўся. У сталіцы трэцім па папулярнасці стала імя Аліса, пятым — Ева. На Гомельшчыне часцей, чым дзе ў Беларусі, сустракаліся Паліны, у Віцебску — Настассі, у Магілёве — Міланы, у Гродне — Вікторыі. Самымі папулярнымі хлапечымі імёнамі летась былі Максім, Міхаіл, Мацвей, Аляксандр і Арцём. У топ-пяцёрку на Гомельшчыне, напрыклад, увайшлі Іваны, а на Брэстчыне — Даніілы. Сталіца ж займела 361 Марка і 337 Раманаў.

Бацькі ўправе выбраць для дзіцяці любое ўласнае імя, якое не супярэчыць нормам грамадскай маралі і нацыянальным традыцыям. Немаўляці можна даць не больш за два ўласныя імёны. Пры гэтым асноўным будзе лічыцца тое, якое запісана ў акце аб нараджэнні першым, нагадала Вольга Шыбко:

— Летась двайныя імёны ў дзяўчынак былі такія: Ганна-Люцыя, Арыфе-Сафія, Варвара-Маргарыта, Дамініка-Аліса, Лэйла-Ларыса, Лідзія-Луіза, Мелання-Аляксандра, Мія-Руслана, Стэфанія-Марыя. Дарэчы, папулярныя ў 80-я гады мінулага стагоддзя Вольгі, Наталлі, Таццяны, а таксама ў 60-я — Алены, Ірыны, Святланы — цяпер сустракаюцца досыць рэдка.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.