Вы тут

Цёмік і Томік


Ці магла я падумаць, чым абернецца для нас звычайная дапамога адным добрым людзям?


Фота: pixabay.com

А пачалося ўсё з таго, што нашы суседзі па лесвічнай пляцоўцы звярнуліся да мяне з мужам з не зусім звычайнай просьбай: ці не можам мы прытуліць у сябе на некалькі дзён іх малое кацяня? Андрэй і Юля з'язджалі на выхадныя да сваякоў у іншы горад. Паглядзець коціка не было каму, а пакідаць гэтага двухмесячнага камячка на некалькі дзён аднаго яны баяліся.

Мы, перакінуўшыся з мужам позіркамі (абмеркаваць не было як, бо рашэнне ад нас чакалі адразу), аднагалосна пагадзіліся. Суседзі прынеслі ўсе каціныя «дэвайсы» (латок, напаўняльнік, прыладу для тачэння кіпцюроў і нават спецыяльныя цацкі), забяспечылі свайго гадаванца на некалькі дзён кормам. Нам толькі заставалася сачыць за тым, каб пасудзіна не пуставала.

Аднак быў у гэтай дапамозе суседзям і адзін вялікі плюс. Справа ў тым, што наш Цёмік даўно прасіў набыць яму ката. Я сама яму некалькі разоў абяцала — асабліва тады, калі выцірала малому слёзы ў першыя дні адаптацыі ў дзіцячым садку. Потым Арцём забыўся пра наша з бацькам абяцанне, а мы і не сталі нагадваць — навошта на маю галаву яшчэ адзін клопат?! Ды, прызнацца, непакоіла і тое, ці не стане кацяня для Цёмы чарговай цацкай, якая, як гэта амаль заўсёды бывае, хутка надакучыць. Якраз з'явілася магчымасць праверыць: ці сапраўды так патрэбен сыну кот альбо ўсё ж такі можна без яго абысціся?

Гэтыя два дні, якія мы гадавалі Рысю (так завуць суседскую кошку), праляцелі імгненна. Яна спраўна хадзіла ў латок, з апетытам ела сваю ежу, гуляла з Цёмікам... і з нашымі нагамі па начах. Калі ў нядзелю па яе прыйшлі суседзі, аддаваць жывёлку ўжо не хацелася. Аднак сумавалі мы нядоўга. Праз некалькі дзён Андрэй з Юляй зноў падкінулі нам жывую цацку. На гэты раз яны з'ехалі ўжо больш чым на тыдзень. Рыся, відаць, не магла дараваць ім такой «здрады» або не падабаліся ёй Цёмавы забавы (хоць, паверце, гульні ў іх былі абсалютна звычайныя), але стала яна мне «пазначаць» ледзь не ўсе куты. Я, вядома, да такіх адносін была не гатова, таму мой першапачатковы парыў — самім завесці кацяня — звёўся да нуля. А яшчэ Рыся пачала моцна драпацца.

Затое майго сына ўсё задавальняла. Больш за тое, калі суседзі прыйшлі па кошку, Цёма не вельмі быў згодны вяртаць яе законным гаспадарам. Тое, што гэта яго «жывёлка», што яе «трэба забраць», ён паўтараў мне некалькі разоў на дзень. А потым увогуле пачаў сумаваць: не ўсміхаўся, як гэта бывае заўсёды, не хацеў гуляць у звычайныя для яго гульні.

Трэба было нешта рабіць. Муж быў поўнасцю на сынавым баку: прыводзіў безліч прыкладаў, як добра хатняя жывёла ўздзейнічае на псіхіку дзіцяці, якія станоўчыя якасці фарміруе ў малым чалавеку. І я здалася. Прагледзела безліч груп у сацыяльных сетках, у якіх прапаноўваюць забраць беспрытульных кацянят. Не знайшоўшы «свайго», пачала вывучаць аб'явы аб продажы жывёл. І фотаздымак аднаго ўсё ж зачапіў. Адзін раз дастаткова было паглядзець на гэтага шэранькага камячка, каб адчуць: вось жа ён — наш!

Калі паказала фотаздымак Цёміку, той быў на сёмым небе ад шчасця. Нарэшце, маё дзіця пачало ўсміхацца. З нецярпеннем чакаў, калі мы па яго паедзем.

Кацянят было двое — браты. Я прапанавала Арцёмку выбраць. Ён доўга хадзіў за катамі па чужой кватэры, па чарзе браў то аднаго, то другога на рукі — і выбар быў зроблены. Малы панёс у машыну таго, які нам з мужам адразу спадабаўся.

Цяпер мы не ўяўляем жыцця без нашага Тома — менавіта так Цёмка назваў ката. Ён з намі вячэрае, спіць, гуляе і нават ездзіць у вёску, бо, як і нашы суседзі, мы баімся пакінуць яго аднаго.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.