Вы тут

Адно з самых камфортных паштовых аддзяленняў працуе ў Капылі


Адно з самых утульных, камфортных паштовых аддзяленняў з сучасным электронным абсталяваннем працуе ў Мінскай вобласці ў старажытным Капылі. Мясцовыя жыхары заходзяць сюды з ахвотай. Для наведвальнікаў і супрацоўнікаў тут створаны найлепшыя ўмовы.


Будынак Капыльскага ВПС

— У рамках мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да XVІІІ Дня беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў у Капылі, наш горад змяніўся. Змянілася і гарадское паштовае аддзяленне, — адзначыў начальнік Капыльскага ўчастка паштовай сувязі Слуцкага РВПС Ігар Бурак. — У аддзяленні выкананы сучасны рамонт, тут з'явілася новая ўтульная мэбля, пачала працаваць электронная чарга, дарэчы, з функцыяй папярэдняга запісу. Напрыклад, знаходзячыся дома, чалавек можа выбраць прымальны для яго час і забраніраваць яго для наведвання пошты. Потым у аддзяленні застаецца толькі пацвердзіць гэтую бронь і адразу атрымаць неабходныя паслугі. Гэта, згадзіцеся, для многіх людзей вельмі зручна.

Да паслуг наведвальнікаў — сучаснае электроннае абсталяванне.

Акрамя таго, у аддзяленні паштовай сувязі абсталяваны прыгожы дзіцячы куток. Каб дзеці, якія прыйшлі з бацькамі на пошту, не сумавалі там у час знаходжання. Маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі могуць у гэтым кутку маляваць, займацца на навучальных панэлях, якія знаходзяцца на сценах кутка.

Дзіцячы куток у паштовым аддзяленні.

Па словах Ігара Бурака, у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі працуе выдатны калектыў. Усе работнікі вопытныя, добрасумленныя, адказныя. Сёння яны вельмі задаволены ўмовамі працы, якія тут створаны. Дарэчы, рамонт выкананы не толькі ў аперацыйнай зале, але і ў службовых памяшканнях. Прыгожа зараз выглядае і тэрыторыя перад будынкам участка сувязі. А на самым будынку зусім нядаўна з'явіліся дзве тэматычныя карціны, якія, вядома, надаюць прывабнасці.

Сёння ў Капыльскім раёне дзейнічаюць 25 аб'ектаў сувязі, з якіх адно, найбуйнейшае, знаходзіцца у райцэнтры. Ёсць і перасоўнае аддзяленне, якое абслугоўвае жыхароў вёсак. Самыя буйныя з сельскіх аддзяленняў знаходзяцца у Цімкавічах і Быстрыцы.

Спецыялісты паштовай дзейнасці Алена Яневіч і Валянціна Пархімовіч.

— Усяго ў нашым аддзяленні працуе 11 работнікаў, сярод іх — пяць паштальёнаў, — паведаміла начальнік АПС Таццяна Лазюк. — Абслугоўваем прыкладна 10 тысяч чалавек — усё насельніцтва Капыля. Горад наш невялікі і многіх сваіх кліентаў мы добра ведаем. Зносіны з наведвальнікамі склаліся прыязныя і ўзаемна паважлівыя. Да кожнага знойдзем падыход, вырашым любыя пытанні. Калектыў аддзялення склаўся дастаткова даўно. Дарэчы, усіх супрацоўнікаў адбіралі старанна, улічваючы як дзелавыя, так і чалавечыя якасці. Адносіны паміж людзьмі вельмі дружныя. Некаторыя работнікі маюць вельмі салідны вопыт. Я сама працую ў галіне сувязі 39 гадоў. Але хачу падкрэсліць, што ўсе без выключэння нашы супрацоўнікі захавалі адданасць сваёй прафесіі.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.