Вы тут

На цёплы ўспамін, або Рэцэпт бісквіту як паратунак ад холаду


Ад гэтага нечаканага ранняга холаду, які сёлета сапсаваў увесь верасень, вельмі цяжка знайсці паратунак. Здаецца, ніяк не сагрэцца — ні коўдра, ні абагравальнік, ні нават глінтвейн не дапамагаюць, холад пасяліўся недзе ўнутры, і ніяк яго з сябе не выгнаць. Хіба што... знайсці штосьці, што дапаможа не думаць, як холадна. Агорне спакоем, утульнасцю, адчуваннем зладжанасці ўласнага існавання з навакольным светам, у якім... ну так, здараецца часам і такі вось халодны верасень. Нездарма ж у нашай мове ёсць гэта кранальнае: «На цёплы ўспамін» (І гэта зусім не тое, што «На добрую память»). Мы гаворым, пішам або проста маем на ўвазе гэтыя словы менавіта аб такіх рэчах, якія здольныя сагрэць душу ў любую непагадзь. Збіраем іх самі, атрымліваем у падарунак, прывыкаем да іх, часам забываемся пра іх надоўга, каб пасля аднойчы раз — і нібы сонейка бліснула сярод суцэльных шэрых хмар.


Фота: pixabay.com

Вось, напрыклад, соваешся па кватэры з кубкам гарачай гарбаты, абгарнуўшыся пледам, і раптам нібы іншымі вачыма глядзіш на пляскаты шэры каменьчык, што ляжыць на палічцы каля тэлевізара. Ляжыць сабе ды ляжыць, ты яго кожны дзень каторы год бачыш. А тут раптам бярэш яго ў рукі, гладзіш — і ты ўжо на пранізаным сонцам беразе Байкала, і халаднаватыя дзівосна празрыстыя хвалі ліжуць твае босыя ногі і тысячы такіх шэрых з залацістай іскрынкай каменьчыкаў, а вакол цёмныя скалы, парослыя калматымі хвоямі і адчуванне такой сілы, такой магутнасці, ад якой аж перапыняецца дыханне... Заўважаеш, што побач з гэтым каменьчыкам таксама не проста цацкі-дробязі. Ружовыя крышталі, падобныя формай на ружу (іх так і называюць — «ружа пустыні») — напамін аб казачным світанні на салёным возеры ў Тунісе, на ўскрайку Сахары. Летам яно перасыхае і ператвараецца ў ружовую пустыню. А з першымі промнямі сонца крышталі солі ператвараюцца ў бліскучыя каменьчыкі, і гэта бліскучае ружовае хараство распасціраецца да самай лініі неба. Памятаю, я ішла і ішла насустрач сонцу, і здавалася, што менавіта там, за даляглядам сустрэнеш Таго, хто кіруе ўсім на зямлі... А ў непрыкметным шэрым букеціку дагэтуль жыве водар лаванды і чабору, і гэты водар на некалькі імгненняў пераносіць у чароўны Праванс, дзе ўлетку цяплом дыхаюць нават замшэлыя сцены старажытных будынкаў...

Але ёсць у маім доме яшчэ лепшыя крыніцы цяпла — тыя, што нагадваюць пра сустрэчы са шчырымі людзьмі, якіх у гэтым жыцці (дзякуй прафесіі!) было нямала. Вось, напрыклад, звязаная шыдэлкам белая сурвэтка. Здавалася б, звычайная, такія нашы бабулі гадоў сорак таму вязалі стосамі. Але гэта — асаблівая. Мне яе падарылі падчас камандзіроўкі ў Лёзна — невялікім гарадку на ўсходзе Віцебшчыны. Адзін з самых цёплых успамінаў на ўсё жыццё: ранняя вясна, сонная рака са смешнай назвай Машна ў празрыстым тумане, вісячы драўляны мост над ёй... Сонечныя ўсмешкі людзей, пошукі дома, дзе нарадзіўся Марк Шагал, мясцовы танец матлёт, простыя рухі якога ў мяне ніяк не атрымліваліся, але было так весела і хораша...

А калі захочацца пачаставаць дамашніх чымсьці смачненькім, асабліва такой вось халоднай восенню, я пяку пірог, які называю «бісквіт Ніны Маркаўны». Яго рэцэпт даўно ведаю на памяць, але ўсё роўна кожны раз шукаю ў кулінарнай кнізе складзеную на чатыры часткі пажаўцелую паперчыну, дзе акуратным настаўніцкім почыркам напісана, што і ў якім парадку дадаваць у той ласунак. Почырк знаёмы: наша адданая чытачка Ніна Маркаўна Захарэвіч з Пастаў часта пісала ў рэдакцыю — прыпеўкі, вершы, развагі аб жыцці.

У адным з лістоў яна даслала цікавую гісторыю пра народную мясцовую песню, заснаваную на рэальных падзеях, што адбываліся да вайны ў адным мястэчку. Гісторыя, трэба сказаць, вартая Шэкспіра: каханне, супраціў бацькоў і ўрэшце смерць абодвух закаханых... Памятаю, спякотным летнім днём мы з Нінай Маркаўнай і яе дачкой, маладой настаўніцай Людмілай, прадзіраліся праз кустоўе закінутай часткі могілак у Дунілавічах, каб знайсці магілу мясцовай Джульеты. І мы яе — пазначаную 1936 годам! — знайшлі-такі... А потым сядзелі ва ўтульнай кухні ў доме Ніны Маркаўны, пілі гарбату і елі надзвычай смачны пірог. Яго рэцэпт, напісаны ўласнаручна гаспадыняй, я прывезла з той камандзіроўкі разам з цікавым матэрыялам... Няма ўжо на свеце Ніны Маркаўны, а яе дачка Людміла Курыловіч стала вядомай мастачкай, якая малюе дзівосныя карціны, якія нібы ззяюць знутры. Яна нярэдка публікуе свае новы работы ў «Фэйсбуку» (мы там сябруем), і кожны раз здаецца, што бачыш святло яе роднага дома, дзе ва ўтульнай кухні мы ласаваліся смачным бісквітам Ніны Маркаўны...

Добра, што ёсць у жыцці такія рэчы і такія ўспаміны. Цёплыя, што саграваюць нават у самую слотную восень... Замест таго, каб мерзнуць і клясці надвор'е, пашукайце іх у сваім доме, у сваёй памяці, у сваім сэрцы. Упэўнена: яны знойдуцца ў кожнага, нават у таго, хто не верыць, што холад і дождж — гэта не назаўжды.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?