Вы тут

Удзельнікі сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2021» падзяліліся сваімі ўражаннямі


Галоўны іспыт двухгоддзя для беларускіх і расійскіх вайскоўцаў ужо стаў гісторыяй. Упершыню разам з імі баявую падрыхтоўку ўдасканальвалі і прадстаўнікі Узброеных Сіл Казахстана. Нягледзячы на тое, што канчатковая ацэнка сумеснаму стратэгічнаму вучэнню «Захад-2021» будзе дадзена пасля яго дэталёвага разбору вышэйшым ваенным камандаваннем, папярэдні вынік сведчыць аб тым, што ваеннаслужачыя, пачынаючы ад радавога і заканчваючы генералам, выканалі пастаўленыя задачы на высокім узроўні.


Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як самі ўдзельнікі вучэння ацэньваюць сваю работу, наколькі каштоўным для іх быў такі вопыт і чым запомніліся манеўры, якія толькі на тэрыторыі нашай краіны ажыццяўляліся на чатырох палігонах — Абуз-Лясноўскім, Брэсцкім, Даманаўскім і Ружанскім.

Ваеннаслужачы сіл спецыяльных аперацый капітан Андрэй УРУБЛЕЎСКІ (Беларусь):

— Сярод задач, якія мы выконвалі падчас вучэння, найбольш запомнілася начное дэсантаванне. Гэта была мая чацвёртая спроба. Апошняе дэсантаванне адрознівалася ад папярэдніх сваёй масавасцю. Скачкі з перыядычнасцю ў 30 секунд ажыццяўляліся з двух ваенна-транспартных самалётаў Іл-76МД. Гэта складаны этап, бо з парашутам адначасова выкідваецца вялікая колькасць дэсантнікаў. Да яго неабходна рыхтавацца. Трэба ажыццявіць як мінімум адно дэсантаванне з гэтага самалёта і як мінімум адно начное з верталёта Мі-8. Падчас вучэння пляцоўка, куды мы прызямляліся, не падсвятлялася, прагледжваліся толькі яе габарыты — для таго, каб пілоты лятальных апаратаў бачылі, куды накіроўваць вайскоўцаў. Складанасць начнога дэсантавання ў тым, што ваеннаслужачы не бачыць, куды ён прызямляецца, адпаведна, не можа вызначыць і таго, калі ў яго адбудзецца кантакт з зямлёй. У мяне за плячыма — звыш 20 скачкоў, але справіцца з пастаўленай задачай было нялёгка, хоць вышыня штатная — 600 метраў, а палёт, як гэта часта бывае, працягваўся тры хвіліны. Дэсантаванне разам з намі ажыццяўлялі вайскоўцы з Казахстана і Расіі. З апошняй у нас Саюзная дзяржава. Мы — стратэгічныя саюзнікі, а значыць, павінны разумець адзін аднаго з паўслова. Дасягнуць гэтага можна толькі правядзеннем вялікай колькасці сумесных трэніровак.

Старшы афіцэр 2-й гаўбічнай батарэі старшы лейтэнант Яўген ЗАЛІЛАЎ (Расія):

— Самым складаным падчас выканання задач вучэння для мяне з'яўлялася падтрыманне інтэнсіўнасці агню. Расход боепрыпасаў каласальны! Калі супаставіць з вучэннем «Шчыт Саюза» 2019 года, цяпер ён быў у паўтара раза большы. Дзеянні нашых падраздзяленняў камандаванне ацаніла на найвышэйшую ацэнку. Мы паказалі дакладнасць вядзення агню, яго інтэнсіўнасць. Я ўпершыню ў вашай краіне. Беларусы адрозніваюцца прыязнасцю, прастатой характару. Я быў уражаны чысцінёй вашых гарадоў. Беларусь — тая краіна, куды хочацца вярнуцца, што я абавязкова зраблю ўжо па-за службай.

Гвардыі старшы сяржант 35-й дэсантна-штурмавой брыгады Серыкбек БАЛТЫМБАЕЎ (Казахстан):

— Тактычныя дзеянні, а таксама начное дэсантаванне мы адпрацоўвалі пры шчыльным узаемадзеянні з беларускімі вайскоўцамі. Ніякіх моўных бар'ераў не было: мы размаўлялі на нашай багатай рускай мове. Не ўзнікала непаразуменняў і пры выкананні баявых задач. У Беларусі я ўпершыню. Вялікае ўражанне засталося пасля экскурсіі па Брэсцкай крэпасці. Мы вывучалі гісторыю цытадэлі, чыталі пра яе герояў у кнігах, аднак убачыць усё на свае вочы — зусім іншая справа. Як толькі мы зайшлі ў Брэсцкую крэпасць, было такое адчуванне, што бітва толькі што скончылася. Хачу падзякаваць беларускаму народу за такі цёплы прыём. Па прыездзе ў Казахстан мы абавязкова раскажам сваім блізкім, якія вы гасцінныя і шчырыя.

Ваеннаслужачы сіл спецыяльных аперацый Віталь МАРТЫНКОЎ (Беларусь):

— Самая галоўная задача, якая стаяла на вучэнні, — арганізаваць узаемадзеянне паміж краінамі, каб мы сумесна маглі папярэдзіць любое ўзброенае нападзенне з боку іншых дзяржаў. Гэта было не складана: беларусы і расіяне, а таксама казахстанцы, як паказалі манеўры, разумеюць адзін аднаго нават без слоў. За гэты час мы не толькі навучыліся зладжана рэагаваць на любыя сітуацыі на полі бою, але паспелі і пасябраваць адзін з адным. Становіцца сумна, што вучэнне скончылася і нам даводзіцца раз'язджацца.

Начальнік артылерыі 104-га дэсантна-штурмавога палка падпалкоўнік Аляксандр АКРУЖНОЎ (Расія):

— У межах сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2021» падраздзяленні дэсантна-штурмавога палка выканалі задачы па знішчэнні ўмоўнага праціўніка. У ходзе манеўраў адбылося практычнае дэсантаванне асабовага складу і тэхнікі. Дэсантаванне адбылося ў штатным рэжыме. Усе пастаўленыя задачы былі выкананы ў поўным аб'ёме з высокай якасцю і прафесіяналізмам. Вельмі прыемна ўзаемадзейнічаць з беларусамі, з якімі нам па сілах любыя задачы. Вучэнне — карысны вопыт і практычны крок у далейшай дзейнасці. Такія манеўры павінны працягвацца і далей.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Беларусь — тая краіна, куды хочацца вярнуцца»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.