Вы тут

Вандроўка патрыёта — Чэрыкаў. «Звязда» працягвае знаёміцца з асаблівасцямі сельскага турызму


Гэтым разам паклікаў Чэрыкаў. Раён, моцна апалены Чарнобылем (выехала амаль 40 працэнтаў насельніцтва, пахавана 25 населеных пунктаў), але, нягледзячы на ўсё, працягвае развівацца і заставацца ўсё такім жа прывабным для аматараў не глянцавых падарожжаў. Добрая шпаргалка для вандроўнікаў — афіцыйны сайт райвыканкама. З яго можна даведацца пра галоўныя славутасці раёна, а ўжо ў самім Чэрыкаве падкажуць яшчэ шмат іншых. Падарожжа цікава будзе тым, хто ўмее бачыць болей, чым ёсць, і цікавіцца гісторыяй роднага краю. Нагадваю, што сэнс праекта — паказаць, наколькі даступны турызм углыб краіны для тых, хто не мае свайго аўто і гатовы сутыкнуцца з любымі выпрабаваннямі. Яны сапраўды ёсць. Дзесьці з транспартам, дзесьці з харчаваннем. Але, як казаў вядомы паэт і мастак Сярэбранага веку Максіміліян Валошын (а ён з заплечнікам прайшоў шмат розных краін), знаёміцца з мясцовасцю трэба нагамі.


Суровая рэальнасць быцця

Не верце тым, хто расказвае, што ў глыбінцы няма чаго глядзець. Ёсць, і адным днём тут не абыдзешся. Звычайна на знаёмства з райцэнтрам у мяне ледзь хапае двух дзён. І гэта без уліку аддаленых вёсачак, або, як модна зараз казаць, лакацый, дзе і людзей амаль не засталося, але дух даўніны захаваўся. На жаль, туды ў адзіночку, сапраўды, складаней дабрацца, чым да райцэнтра.

Чэрыкаву пашчасціла, што ён знаходзіцца на шляху, які звязвае адразу некалькі райцэнтраў Магілёўшчыны. Таму толькі з Магілёва туды нават у будні дзень грамадскі транспарт курсіруе ледзь не кожную гадзіну. На сайце ёсць некалькі адрасоў, дзе можна прыпыніцца на часовае пражыванне. У асноўным гэта аграсядзібы. Гаспадыня адной з іх гатова была ўзяць мяне пад свой дах за 15 рублёў за суткі. Але я ўсё ж такі выбрала гасцініцу мясцовага Жылкамгаса «Сож». Спадабалася, што яна ў цэнтры горада, у непасрэднай блізкасці ад аўтавакзала, парку, музея і іншых культурных месцаў. І гэта самы вялікі яе плюс. Майце на ўвазе, што ў гасцініцы толькі 13 нумароў, прычым 10 з іх — чацвёртай катэгорыі без выгод і нават тэлевізара. Толькі два нумары другой катэгорыі з санвузлом і гарачай вадой, а таксама халадзільнікам і тэлевізарам. Яшчэ адзін прызначаны для інвалідаў-калясачнікаў.

Нумар чацвёртай катэгорыі каштуе крыху болей чым 8 рублёў за месца, другой — 18 рублёў з невялікім хвосцікам. Вядома, я выбрала апошні. Уразіла, што ён двухпакаёвы і нават трохпакаёвы, калі лічыць прыхожую. У дзвюх спальнях па два ложкі! Мяне супакоілі, што падсяляць нікога не будуць, але ж усякае магло быць. З першага погляду падалося, што мэблі зашмат. Але гэта таму, што нумар чатырохмесны. На кожны ложак прыходзіцца па крэсле і па тумбачцы, плюс стол і тумба пад тэлевізар. У прыхожай побач з шафай — амаль такой жа вышыні халадзільнік. Праз невялікі вузкі калідорчык — прыбіральня і санвузел. Санвузел па памерах як спальні. Калі не лічыць дробязяў, то нумар дастаткова прыстойны. На падлозе — лінолеум з малюнкам пад паркет, ложкі з натуральнага дрэва, невялічкія дыванкі перад імі... Сцены, пафарбаваныя ў нераздражняльны колер, на столі — сімпатычная люстра, і гараць нават усе лямпачкі. Магчыма, той, хто карыстаўся паслугамі гэтай гасцініцы, крытычна ўсміхнецца і ўспомніць усё, што я не пералічыла. Але ж тут многае залежыць ад чалавека. Як пісаў вялікі паэт XІ стагоддзя Амар Хаям: «В одно окно смотрели двое. Один увидел дождь и грязь. Другой — листвы зелёной вязь, весну и небо голубое. В одно окно смотрели двое...» Але хопіць пра зямное. Кідаем сумкі і гайда ў горад па ўражанні.

Хутка, смачна, нядорага

Для пачатку шукаем месца, дзе падсілкавацца. Як той казаў, не паеў — адкуль сілы будуць? Прыемна ўразіла, што ў цэнтры на невялікай адлегласці некалькі такіх месцаў. Гэта кавярня «MіX», кафетэрый у краме сеткавіка «PROзапас», яшчэ адна кавярня каля аўтастанцыі, з 12 гадзін да 21.00, а ў пятніцу і суботу да 22.00 працуе рэстаран «Сормава». Цэны вельмі дэмакратычныя. Нават у рэстаране можна нядрэнна паесці за сімвалічную плату. Напрыклад, амлет з грыбамі каштаваў у сераду ўсяго каля двух рублёў. Праўда, ён трапіў у пералік страў, на якія дзейнічалі акцыі. У кафетэрыі наогул на кулінарныя вырабы цэны былі ад 49 капеек. Для мінімалістаў, якія абыходзяцца кавай і чымсьці смачненькім, як варыянт — ежа з крамы. З апошнімі тут наогул няма праблем, у тым ліку ад буйных і шырокавядомых рытэйлараў, якія працуюць дапазна. У гасцінічным нумары (той, што даражэйшы) ёсць электрачайнік і шклянкі.

Не стрымалася, яшчэ зазірнула ў мясцовы ўніверсам «Мерыдыян». Трапіла якраз на завоз посуду беларускага Добрушскага фарфоравага завода. Хадзіла, напэўна, паўгадзіны як па выстаўцы, не магла вока адвесці. Прадавачка сказала, што такіх прыгожых талерак ды яшчэ ў такім шырокім асартыменце ім даўно не прывозілі. Мне нават падалося, што за постсавецкі перыяд айчынная кераміка ўпершыню перамагла кітайскую. Апошняя была амаль непрыкметная на фоне паставак з Добруша і Радашковіч. Наогул, крамы ў Чэрыкаве, як прадуктовыя, так і прамысловыя, прыемна ўразілі. Адчуваецца, што тут адсочваюць попыт насельніцтва і прапаноўваюць шырокі асартымент. Але, магчыма, мне пашчасціла прыехаць у дзень завозаў.

Зямное і нябеснае

Не ведаю, як іншыя, але я заўсёды пачынаю знаёмства з населеным пунктам з музея і культавых пабудоў. У Чэрыкаве і царква, і касцёл знаходзяцца ў гістарычных будынках, але калі каталіцкі храм такім і быў першапачаткова, то праваслаўны цяпер месціцца ў былым дваранскім сходзе (потым тут была школа, пасля вайны — райаддзел міліцыі).

У касцёл імя Панны Марыі, на жаль, трапіць не атрымалася. Пабудову XІX стагоддзя ў 1950 годзе аддалі пад Дом культуры, пасля вяртання каталіцкай царкве яна аказалася надта вялікая для маленькай гарадской абшчыны, таму дзверы храма пакуль зачыненыя. Праваслаўная царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы больш запатрабаваная. Дарэвалюцыйны храм знаходзіўся праз дарогу ў «трохкутніку», як называюць з-за яго формы парк каля аўтастанцыі. Зараз там стаіць зенітка і помнік чырвонаармейцам.

У цяперашняй чэрыкаўскай праваслаўнай царкве цёпла і ўтульна. Зверху прыгожы роспіс, зроблены мясцовым майстрам, які, па адных звестках, жыве ў Чэрыкаве, па іншых — у Санкт-Пецярбургу. Па словах работніцы храма, будынак перадалі вернікам у 1990-я гады. Прыйшлося шмат папрацаваць, каб прывесці яго ў парадак. Вельмі шмат было кабінетаў і перагародак. У асноўным шчыравалі прыхаджане, грашыма дапамагаў мясцовы прадпрымальнік Марачкін, удакладніла жанчына. Шмат сіл уклаў у храм протаіерэй Мікалай Жук — благачынны Чэрыкаўскай царкоўнай акругі, які працуе тут 20 гадоў. Перад ім быў айцец Ціхан (Шарабурка), які, лічы, перабудоўваў храм. З яго імем тут звязаны нават мясцовы цуд.

«Калі ён памёр і яго павезлі хаваць, у горадзе на некалькі гадзін пагасла электрычнае святло, — успамінае прыхаджанка. — Відавочцы расказваюць, што пачулі воплеск — над храмам разарваўся вогненны шар. Не верыце? Можаце ў любога іншага жыхара нашага горада спытацца. І нават энергетыкаў». Жанчына ўсміхаецца і дзеліцца версіяй: бацюшка пажартаваць любіў, можа, так развітаўся. А яшчэ дадала, што, перад яго смерцю ў храме заміраточыла ікона Казанскай Божай Маці. «І наш бацюшка крыху засумаваў», — падсумавала мая гід.

Дзённік княгіні Абаленскай

Чэрыкаўскі край вельмі багаты на гісторыю. За крыху болей чым рубель вам раскажуць у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі ўсё, што тут адбывалася ад старажытных часоў да сённяшняга часу. Мой экскурсавод Уладзіслаў Сяргееў адразу ж пацікавіўся, наколькі падрабязную я хачу пачуць інфармацыю. Але нават па хуткай праграме затрымалася я тут на паўтары гадзіны. Пра тое, што тут жывуць нашчадкі радзімічаў пра часы існавання ў горадзе Магдэбургскага права, школу-камуну на чале з родным братам Панцеляймона Лепяшынскага — Мадэстам і яе выбітных вучняў, прыезд у горад імператрыцы Кацярыны ІІ, падарожжа праз Чэрыкаў акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук Васіля Севергіна, які пакінуў свае ўражанні ў запісках вандроўніка па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы, і шмат чаго іншага можна пачытаць на сайце райвыканкама. Мяне ж больш цікавілі падрабязнасці пра род князёў Абаленскіх, якія жылі на Чэрыкаўшчыне перад рэвалюцыяй. Экспанатаў, звязаных з імі, на жаль, няшмат. У музеі захоўваюцца ўзоры кафлі і цэглы з маёнтка ў Горках, фрагмент з кнігі, якая была ў іх бібліятэцы, некалькі фотаздымкаў і радавод. Маёмасць на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці сямейства атрымала за правы на Малдавію, уладарамі якой яны былі. Кацярына ІІ зрабіла такі абмен з намерам потым падпарадкаваць Расіі дадатковыя землі. Князь Аляксей, які памёр да рэвалюцыі, пахаваны ва ўрочышчы Мірагошч, захавалася надмагілле тых часоў. Жыццё княгіні скончылася трагічна. Падчас рэвалюцыі яе забіў яе ж хрэснік, а маёнтак быў спалены. Слугі паспелі выцягнуць з агню княгіню і пахаваць яе ў радавым склепе. Сыну Міхаілу дапамаглі бегчы за мяжу, і ў 1995 годзе яго нашчадкі перадалі музею дзённік дачкі Алены і Аляксея — Зоі, дзе яна падрабязна апісала ўсе зменлівасці лёсу гэтага сямейства. Цяпер копія дзённіка захоўваецца ў фондах Чэрыкаўскага музея.

Парк у гонар героя і месца, дзе шануюць народныя традыцыі

Савецкі лётчык-знішчальнік Яўген Нікалаенка — першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза сярод ваенных. Яму гэта званне прысвоена ў лютым 1938 года. Дарэчы, сярод грамадзянскіх асоб у 1937-м гэтым званнем быў уганараваны славуты палярнік Ота Шміт з Магілёва за кіраўніцтва арганізацыяй дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс — 1». Яўген Нікалаенка атрымаў Героя за ўдзел у вызваленчай вайне Кітая супраць Японіі. У небе над Уханем ён і яго звяно збіла 16 варожых самалётаў. У гонар Героя ў Чэрыкаве ёсць невялічкі парк каля райваенкамата, дзе сёлета быў устаноўлены савецкі знішчальнік МіГ-29.

Дарэчы, адтуль не так далёка да раённага Дома рамёстваў, дзе можна купіць сувенір на памяць аб падарожжы на Чэрыкаўшчыну. Яго ўзначальвае маладая майстрыха Настасся Бяляева. Яна родам з Віцебшчыны, вучылася на банкіра, адпрацавала ў Чэрыкаве два гады, выйшла замуж і пераарыентавалася на народную творчасць. Захапілася льном, вырабляла паясы, а зараз занялася ткацтвам. Сёлета зрабіла свой першы ручнік. На купальскім фестывалі ў Александрыі яе работа атрымала трэцяе месца ў конкурсе. Настасся прызнаецца, што працавала над ім некалькі месяцаў. «Сказалі, што для першага разу добра, маўляў, нітку я адчула», — усміхаецца дзяўчына.

У сувенірнай лаўцы шмат цікавых вырабаў. Попытам карыстаюцца дамавікі, сувеніры з ільну, дрэва і саломы. У тутэйшага рэзчыка і мастака Ігара Камісарава мінчане заказваюць іконы. Запаветная мара тутэйшых майстроў — засвоіць як мага болей тэхнік і папулярызаваць народныя традыцыі Чэрыкаўшчыны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Чэрыкаўскі раён

Загаловак у газеце: З племені радзімічаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Ягор Макарэвіч: Маладзёжны парламент — магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял

Ягор Макарэвіч: Маладзёжны парламент — магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял

Узначальвае яго выпускнік Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, юрыст-пачатковец Ягору Макарэвічу.

Грамадства

Стратэгія развіцця Міханавіцкага сельсавета: карбонавая ферма і новы культурны цэнтр

Стратэгія развіцця Міханавіцкага сельсавета: карбонавая ферма і новы культурны цэнтр

Ёсць праекты, якія не патрабуюць укладанняў сродкаў, а толькі ўвагі і настойлівасці.