Вы тут

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»


Чаму ў Беларусі адсутнічае вакцына Pfіzer і іншых заходніх вытворцаў? Чаму пасля вакцынацыі ўсё роўна хварэюць? Як вакцына ўплывае на рэпрадуктыўную сістэму і патэнцыю? Ці павялічваецца пасля прышчэпкі імавернасць інфаркту міякарда, трамбозу, росту анкалагічных утварэнняў? Якой мусіць быць чацвёртая хваля каранавіруса? На пытанні, звязаныя з вакцынацыяй, ад жыхароў Гродзенскай вобласці падчас стрыму адказалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КАРАНІК, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук, прафесар, народны ўрач Беларусі Ігар КАРПАЎ, начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла КЕДА.


Уладзімір Каранік: Мы здзіўлены, што ў грамадстве ўзніклі такія дэбаты аб неабходнасці вакцынацыі. З майго пункту погляду гэта пытанне вырашана дастаткова даўно: першаму задакументаванаму выпадку вакцынацыі больш за 225 гадоў, і за гэты час асноўныя кропкі над «і» ўжо расстаўленыя. Паводле вызначэння СААЗ, вакцынацыя — гэта просты, бяспечны, эфектыўны спосаб барацьбы з хваробамі да моманту сустрэчы чалавека з узбуджальнікам. Яшчэ да пандэміі, па статыстыцы СААЗ, штогод вакцынацыя выратоўвала ад двух да трох мільёнаў жыццяў. Пры гэтым Беларусь не ўнікальная — скептыкі ў адносінах да вакцынацыі ёсць у любой краіне. Таму ў 2019 годзе СААЗ пытанне негатыўнага стаўлення да вакцынацыі ўключыла ў спіс 10 галоўных праблем, над якімі працуе.

Ігар Карпаў: Хачу звярнуць увагу, што папярэдзіць цяжкае цячэнне хваробы з дапамогай вакцынацыі нашмат прасцей, чым аказваць дапамогу тым арсеналам сродкаў, якія цяпер маюцца.

— Чаму ў паліклініках толькі расійская і кітайская вакцыны і няма іншых?

У. Каранік: На сёння гэта тыя вакцыны, якія зарэгістраваныя і даступныя ў Беларусі. Вытворчасць «Спадарожніка V» наладжана ў нашай краіне. Улічваючы сяброўскія адносіны з Кітаем, ёсць магчымасць пры вострым дэфіцыце вакцын у свеце набываць кітайскую. Для таго каб забяспечыць даступнасць вакцынацыі ўсім, хто мае патрэбу, праводзіцца работа па закупцы і вытворчасці гэтых вакцын. Для рэгістрацыі вакцыны павінен быць зварот вытворцы. Наколькі я разумею, Pfіzer і астатнія да нас не звярталіся, бо яны маюць сур’ёзную праблему з задавальненнем наяўнага попыту ў свеце.

— Чаму пасля прымянення вакцын людзі заражаюцца і хварэюць?

І. Карпаў: У першую чаргу вакцына выкарыстоўваецца для таго, каб аслабіць цячэнне захворвання, каб не даводзіць яго да цяжкай формы. І з гэтым вакцынацыя вельмі і вельмі нядрэнна справілася. Так, сапраўды, бываюць выпадкі захворванняў, але калі мы пачынаем аналізаваць, то гэта ў асноўным ці лёгкае цячэнне, ці сярэдняцяжкае. Многія людзі проста пераносяць хваробу, не звяртаючы ўвагі і думаючы, што гэта звычайная ВРВІ. Вакцынуючы грамадзян, мы перш за ўсё клапоцімся пра тое, каб цячэнне было максімальна няцяжкім. Пераконваючы старэйшае пакаленне ў неабходнасці вакцынацыі, вы зберажаце найбольш уразлівы кантынгент, — гэта вельмі важная справа кожнай сям’і.

Яшчэ адзін істотны момант: большасць людзей, якія захварэлі, заразіліся ад асоб, што не мелі сімптомаў захворвання. Гэта трэба памятаць. Апошнія дні перад пачаткам клінічнай карціны з’яўляюцца вельмі небяспечнымі ў плане перадачы віруса.

У. Каранік: Згодна з публікацыямі, эфектыўнасць «Спадарожніка V» супраць развіцця хваробы па розных даных дасягае ад 88 да 97 %. Ад цяжкіх формаў захворвання — 95–99 %, а па некаторых даных — да 100 %. У нас яшчэ не татальная вакцынацыя, таму людзі хварэюць: як вакцынаваныя, так і невакцынаваныя. А калі ўзяць параўнальную статыстыку, якую мы збіралі на мінулы тыдзень, то сярод тых, хто праходзіць стацыянарнае лячэнне па COVІD-інфекцыі (гэта сярэдняцяжкая і цяжкая формы захворвання), вакцынаваных усяго 3,3 %. А 97 % — гэта невакцынаваныя. Сярод тых, хто знаходзіцца ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, вакцынаваных 3 %. На ШВЛ вакцынаваных няма ніводнага. Гэта паказчык таго, што вакцынацыя абараняе.

— Як пракаментуеце вопыт Ізраіля, дзе ў бальніцах шмат вакцынаваных? Чаму вакцына не дапамагла, а толькі пагоршыла сітуацыю?

У. Каранік: Вакцына не пагоршыла сітуацыю. Па-першае, у Ізраілі вакцынавана не ўсё насельніцтва. Былі арганізаваныя групы, у тым ліку артадаксальныя яўрэі, якія адмаўляліся вакцынавацца. І менавіта сярод іх большы працэнт цяжкіх формаў. Па-другое, калі параўнаць статыстыку Ізраіля з іншымі краінамі, у іх аб’ектыўна меншы працэнт менавіта цяжкіх формаў і лятальных зыходаў. А калі паглядзець вопыт Сан-Марына, дзе 100-працэнтная вакцынацыя, прычым «Спадарожнікам», то апошні лятальны зыход ад каранавіруснай інфекцыі там быў 26 красавіка. Так, выпадкі заражэнняў бываюць, бо імунная сістэма рэагуе не заўсёды эфектыўна.

І. Карпаў: Трэба згадаць, каго перш за ўсё прышчаплялі ў Ізраілі, — пажылых пацыентаў. Згодна са статыстыкай, 

у 90-гадовых людзей верагоднасць трапіць у стацыянар з цяжкім цячэннем у тысячу разоў большая, чым у 40-гадовых. І вакцына нівеліравала гэту праблему. Так, хварэе шмат людзей, сярод іх і вакцынаваныя. Але форма хваробы адрозніваецца.

— Паважаныя медыкі, у вас не выклікае падазрэнняў той факт, што чалавецтва ва ўсім свеце прыходзіцца ўгаворваць зрабіць укол выратавальнай вакцынай?

У. Каранік: Пэўнае здзіўленне ў нас гэта выклікае. Але гэта характэрна не толькі для нашай краіны. Мы бачым па паведамленнях з іншых краін, што ўгаворваць даводзіцца і іх грамадзян.

Ёсць шмат пытанняў, быццам бы вектарная, або ДНК-мадыфікаваная, вакцына ўбудоўваецца ў ДНК чалавека. Дык вось, яна не ўбудоўваецца ў геном чалавека! Гэта значыць, што быў мадыфікаваны геном адэнавіруса. Яго мадыфікавалі, каб, па-першае, ён не ўбудоўваўся ў геном чалавека, па-другое, каб ён некантралявана не размнажаўся ў арганізме. Але пры гэтым ён прадуцыруе S-бялок, на які выпрацоўваюцца антыцелы. І пры сустрэчы з каранавірусам імунітэт рэагуе і перашкаджае яму пранікаць у клеткі. Гэта не той носьбіт, які надоўга затрымліваецца ў арганізме і ўбудоўваецца ў геном чалавека. Вакцына не прыводзіць да аддаленых наступстваў, звязаных з парушэннем геному чалавека, не прыводзіць да стэрыльнасці.

— Як каранавірус уплывае на рэпрадуктыўную сістэму?

Людміла Кеда: Калі казаць пра вакцынацыю, то даказана, што яна не ўплывае на рэпрадуктыўную сістэму як жанчын, так і мужчын. Сам каранавірус можа ўплываць, хоць на сёння яшчэ даследаванняў не праведзена, бо гэта даволі новая інфекцыя. Але яны вядуцца.

— Ці можа вакцынацыя прыводзіць да бясплоддзя?

Л. Кеда: Не можа, тут няма ніякай сувязі.

— Ці не з’яўляецца бранхіяльная астма супрацьпаказаннем да вакцынацыі?

І. Карпаў: Не з’яўляецца. Наадварот, пацыенты з бранхіяльнай астмай і хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх мусяць абавязкова вакцынавацца.

— Ці прышчапляюць цяжарных ад COVІD?

Л. Кеда: На сёння цяжарных не прышчапляюць. У вакцынах, якія маюцца ў нас, паказана, што цяжарнасць і перыяд груднога кармлення з’яўляюцца супрацьпаказаннямі для вакцынацыі. Пакуль не праведзена дастаткова даследаванняў, якія б сведчылі, што цяжарных можна прышчапляць. Хоць, трэба адзначыць, што цяжарнасць можа прыводзіць да больш цяжкага цячэння COVID-19, асабліва з ростам тэрміну цяжарнасці. Таму ў дадзенай сітуацыі ахова ў цяжарных павінна быць, у першую чаргу, тымі вядомымі сродкамі, якія мы выкарыстоўваем: масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыраванне, паменш знаходзіцца ў грамадскіх месцах.

І. Карпаў: Былі такія выпадкі, у тым ліку ў Расіі, калі жанчына не ведала пра сваю цяжарнасць і была прышчэплена. І ўплыву вакцынацыі на плод не было. Шмат краін цяпер імкнецца рабіць жанчынам прышчэпку ад COVІD-19 на апошнім трыместры цяжарнасці.

У. Каранік: Трэба растлумачыць: каб прэпарат быў дазволены цяжарным жанчынам і дзецям да 12 гадоў, павінны праводзіцца вельмі сур’ёзныя клінічныя даследаванні. Доступ прэпаратаў да гэтых катэгорый, бадай, самы жорсткі. Паколькі няма дастатковага клінічнага вопыту, то гэта паказанне пакуль адсутнічае. Але досвед назапашваецца, і некаторыя краіны дапускаюць вакцыны для выкарыстання ў дзяцей з 12 гадоў і нават з 5 да 12 гадоў.

— Чаму «Спадарожнік» актыўна прымяняецца пры тым, што ён яшчэ праходзіць даследаванні, пра што паведамляецца на афіцыйным сайце?

У. Каранік: Трэба разумець, што клінічныя выпрабаванні ўсіх прэпаратаў дзеляцца на некалькі фаз. Першая праводзіцца на здаровых добраахвотніках, другая — на тых, хто мае паказанні да выкарыстання таго ці іншага сродку, трэцяя праводзіцца перад рэгістрацыяй. Потым пачынаюцца паслярэгістрацыйныя даследаванні. Колькі б прэпарат ні выкарыстоўваўся, перыядычна праводзяцца яго выпрабаванні на бяспеку і эфектыўнасць у параўнанні з іншымі сродкамі. Дык вось на сёння першая, другая і трэцяя фазы выпрабаванняў па «Спадарожніку» праведзены. Цяпер ідуць пострэгістрацыйныя клінічныя выпрабаванні. Гэта не значыць, што прэпарат не прайшоў усіх працэдур допуску для бяспечнага прымянення.

— Каму паказана рэвакцынацыя?

І. Карпаў: Ёсць тыя, у каго не выпрацоўваецца імунітэт, іх 7-8 %. Гэта людзі з імуна-
дэпрэсіяй, у тым ліку ўзроставай, асобы, у якіх ёсць верагоднасць цяжкага цячэння хваробы. У такіх выпадках трэцяя вакцынацыя, або бустэрная, паказана. Аднак тут трэба ўсведамляць, што нізкі ўзровень антыцел неабавязкова азначае адсутнасць імунітэту.

— Чаму пункты вакцынацыі адкрываюцца ў гандлёвых цэнтрах, чыгуначных і аўтавакзалах, дзе не выконваюцца неабходныя патрабаванні?

Л. Кеда: Ва ўсіх нашых цэнтрах выконваюцца санітарныя меры. Акрамя таго, у абавязковым парадку праводзіцца агляд пацыента ўрачом. Гэтыя пункты адкрываюцца для таго, каб чалавеку было зручна, прыйшоўшы ў гандлёвы цэнтр, вакцынавацца.

У. Каранік: Толькі ў нашай краіне больш за 1,5 мільёна прышчэпленых, гэта значны клінічны вопыт. Алергічных рэакцый няма. У нас ніводнай рэакцыі, якая прывяла б да лятальнага зыходу ці патрабавала б працяглай шпіталізацыі, не было.

— Ці праўда, што пасля прышчэпкі высокі ўзровень развіцця інфаркту міякарда?

І. Карпаў: Не.

У. Каранік: У пацыентаў, інфіцыраваных COVІD-19, і пасля хваробы з-за парушэння сістэм мікрацыркуляцыі і згусання крыві ёсць даныя пра такую імавернасць.

— Ці ўплывае прышчэпка на патэнцыю ў мужчын?

У. Каранік: Не ўплывае.

— Пасля якой з вакцын лепшы імунітэт?

І. Карпаў: Лічбы гэтыя маюцца ў адкрытым доступе. «Спадарожнік» з’яўляецца адной з найбольш імунагенных вакцын. Калі з’явіўся дэльта-вірус, ва ўсіх вакцын некалькі знізіўся працэнт клінічнага эфекту. Маецца на ўвазе не прафілактыка цяжкага ходу хваробы, а прафілактыка захворвання. У «Спадарожніка V» гэты паказчык застаецца на ўзроўні пад 85 %. Гэта высокі паказчык, такім прынята лічыць эфект, вышэйшы за 70 %. Дарэчы, я і мая сям’я прышчэплены «Спадарожнікам V».

— Што можна сказаць з нагоды трамбозаў пасля вакцынавання?

У. Каранік: Для тых вакцын, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, такі верагодны пабочны эфект на сённяшні момант не апісаны.

— Ці можна прышчапляцца пажылым, хворым на анкалогію пасля аперацыі?

І. Карпаў: Калі чалавек атрымлівае імунадэпрэсіўныя прэпараты, гэта значыць праходзіць хіміятэрапію, то адказ на вакцынацыю можа быць недастатковы, але менавіта гэты кантынгент перш за ўсё мае патрэбу ў прызначэнні вакцын і ў той прафілактыцы, якая праводзіцца.

У. Каранік: Вакцынацыя не павялічвае рызыку вяртання хвароб. Зараз рэкамендуецца вакцынавацца праз месяц пасля завяршэння спецыяльнага лячэння — прамянёвай тэрапіі, аперацыі, хіміятэрапіі. Калі выяўленасць ад імунасупрэсіі значна менш.

— Калі ўжо можна будзе выязджаць за граніцу?

У. Каранік: На выезд краіна зачынена таму, што мы разумеем: грамадзяне, якія выехалі, вернуцца. Мы гэта бачылі падчас першай і другой хвалі, калі стаяла пытанне аб тым, як хутка вярнуць з-за граніцы восем тысяч нашых турыстаў і забяспечыць усіх ПЛР-даследаваннямі і дынамічным назіраннем. Тут абмежаванне не абсалютнае. Ёсць падставы, па якіх грамадзяне могуць спакойна выязджаць і вяртацца з-за граніцы. Дзесьці з назіраннем, дзесьці без яго.

— Як будзе складвацца чацвёртая хваля каранавіруса?

У. Каранік: Досыць цяжка прагназаваць. Нам бы хацелася, каб яна была меншая, чым другая хваля, пажадана, меншая, чым першая, але гэта залежыць ад усіх нас. На сёння нагрузка на сістэму аховы здароўя практычна ў тры разы ніжэйшая, чым у пікавыя значэнні, якія былі падчас другой хвалі, і мы вельмі спадзяёмся, што нашы мерапрыемствы па вакцынацыі, нашы супрацьэпідэмічныя захады і свядомасць грамадзян прывядзе да таго, што лічбы росту будуць не настолькі значныя, як мы бачылі раней.

— Чаму «Спадарожнік V» не прызнаюць у краінах ЕС?

І. Карпаў: Тут шмат фактараў. Ёсць складаная сістэма ацэнкі вытворчасці, штосьці не задаволіла камісію на адным з заводаў, але ніхто не выказаўся супраць яе эфектыўнасці і бяспекі. Далей ідуць пытанні канкурэнцыі, паставак, грошай. «Спадарожнік V» выкарыстоўваюць 70 краін, сярод іх немаленькія нябедныя азіяцкія краіны.

— Чаму прымушаюць вакцынавацца?

У. Каранік: Мы не прымушаем, мы пераконваем.

— Хто будзе несці адказнасць пасля нанесенай вакцынамі шкоды?

У. Каранік: У медыцыне ёсць вельмі добры пастулат: «пасля» не значыць «з прычыны». Калі будзе даказана, што нейкая медыцынская маніпуляцыя нанесла шкоду здароўю пацыента, у адпаведнасці з законам ёсць механізмы і кампенсацыі і адказнасці за гэта.

— Калі варта вакцынавацца пасля хваробы?

І. Карпаў: На працягу двух-васьмі тыдняў пасля поўнага выздараўлення.

— Чаму наймальнік пазбаўляе прэміі, не пускае ў адпачынак і пагражае звальненнем тым, у каго адсутнічае вакцынацыя?

У. Каранік: Напэўна, ваш наймальнік лічыць гэта самым дзейсным механізмам пераканання. Сказалі б яму «дзякуй» за тое, што ён так клапоціцца пра здароўе работнікаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.