Вы тут

Этнограф Еўдакім Раманаў адкрыў Барысаў камень


Еўдакім Раманаў (1855–1922) належыць да слаўнай плеяды беларускіх фалькларыстаў і этнографаў, якія па крупінках збіралі беларускі фальклор і захавалі багацейшую народную творчасць, раскрылі самую існасць народнай душы, яе мудрасць і прыгажосць. Як этнограф, ён сабраў вялікую колькасць матэрыялаў аб жыцці беларусаў, яго абрадах, звычаях і традыцыях. Як археолаг адкрыў і даследаваў болей тысячы гарадзішчаў і курганоў. Гэта, сапраўды, волат беларускага нацыянальнага адраджэння. Не волею выпадка, а па волі сэрца, Еўдакім Раманаў прысвяціў сябе справе: «… адкрыць свету душу беларуса», — як ён выказаўся.


Яшчэ ў дзяцінстве, пасля смерці маці, Еўдакім застаўся круглым сіратой без ніякай падтрымкі. Цяпер толькі яго прыродная ўпартасць, жыццёвы аптымізм і воля стануць вернымі памочнікамі. Вучань Гомельскай прагімназіі ўладкоўваецца рэпетытарам дзяцей багатага купца і адначасова сам вучыцца. Ён цягнуўся да ведаў, толькі ў царскай Расіі простаму чалавеку было вельмі цяжка атрымаць адукацыю. У 1870 годзе, нягледзячы на паспяховыя іспыты, Раманава не прынялі ў Магілёўскую гімназію па надуманай падставе «не аказалася вакансій». Юнак не змірыўся з такім выракам, займаецца самаадукацыяй і ўрэшце здае іспыты на званне настаўніка народнай школы. Настаўнічаў на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Віленшчыне, а як інспектар народных вучылішчаў, аб’ехаў амаль усю Беларусь. Гэта была добрая магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з народным жыццём і творчасцю, яшчэ дастаткова нявывучанымі і малавядомымі. «Балюча стала беларускаму майму сэрцу такое незнаёмства вучоных з маёй роднай мовай і, ведаючы беднасць літаратуры беларускай, узяўся я за збіранне», — прызнаваўся пазней аб сваім памкненні Еўдакім Раманаў. Пачынаў ён са складання слоўніка, сабраўшы 2000 слоў.

Дзякуючы самаадукацыі, вывучэнню гісторыі, літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, Раманаў авалодаў неабходнымі ведамі для сапраўднай навуковай працы. Ён бачыў, што тая ж руская грамадскасць мала ведала пра Беларусь і яе народ, яго культуру, гісторыю, народную творчасць. Не толькі гэта паўплывала на Раманава, але і разуменне неабходнасці ратаваць гінучы скарб народнай культуры. Як ён пісаў пазней вядомаму рускаму этнографу Пыпіну: «Я перш за ўсё беларус, і мэта маёй працы — уратаваць хоць што-небудзь з помнікаў роднай мне славеснасці ад гібелі, на якую яны асуджаны». У адрозненні ад Паўла Шэйна, Раманаў збірае не толькі фальклёр і вывучае этнаграфію, але даследуе гісторыю, звяртае ўвагу на ананімную беларускую літаратуру — словам, імкнецца ахапіць усе праявы народнага жыцця. Яго жаданне пахвальнае, але разам з тым і цяжкае. Спатрэбіліся 26 гадоў для выдання галоўнай працы Раманава «Беларускі зборнік» (вып. 1–9, Віцебск, 1886–1912), і тое вялікая частка гэтай працы так і не была надрукаваная. Пасля смерці Раманава ў 1922 годзе Інстытут беларускай культуры не здолеў справіцца з сабраным ім матэрыялам, каб выдаць астатнія кнігі яго «Беларускага зборніка». (Выйшаў толькі ў 1928 годзе 10 выпуск). Падрыхтаваныя Раманавым 11–14 выпускі загінулі ў полымі вайны, а лёс 15-га невядомы. Раманаў проста не паспеў выдаць іх з-за бурлівых падзей на пераломе эпох. Ды і іншыя справы адымалі сілы і час. Захапіўшыся гісторыяй, ён адкрыў, абследаваў і апісаў звыш тысячы гарадзішчаў і курганоў. Знойдзены Раманавым багаты матэрыял (звыш 2000 тысяч рэчаў) знаходзяцца ў славутым Эрмітажы і ў Музеі антрапалогіі і этнаграфіі АН Расіі, у Дзяржаўным музеі этнаграфіі народаў СССР, гісторыка-этнаграфічным музеі Акадэміі навук Літвы. Прынамсі, сам Еўдакім Раманаў заснаваў этнаграфічныя музеі ў Віцебску, Магілёве (яго імя носіць мясцовы краязнаўчы музей) і Вільні. Ён жа адкрыў г. зв. Барысаў камень — помнік эпіграфікі ХІІ ст., каля вёскі Высокі Гарадзец Талачынскага раёна. Ён напісаў больш за 200 нарысаў і даследаванняў па фальклоры, этнаграфіі, мове, гісторыі і археалогіі. Выдаў слынную паэму «Тарас на Парнасе», вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча, падрыхтаваў да друку ўнікальны рукапіс Мілера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». Творча апрацоўвае народныя легенды «Кара ў сто год» і «Міласцівы Восіп, або міласці хачу, а не ахвяры». Дададзім сюды і складзеныя Раманавым археалагічныя карты Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерній. А лічба ў 10 тысяч сабраных і надрукаваных Раманавым фальклорных твораў сапраўды ўражвае і выклікае павагу да гэтага незвычайнага і сапраўды вялікага чалавека. Як рэдактар газеты «Могилевские губернские ведомости» (1895—1903 гг.), Раманаў рыхтуе да друку шматлікія матэрыялы, як свае, гэтак і іншых аўтараў. У 1902 годзе па ініцыятыве Раманава ў Магілёве ствараецца Таварыства па вывучэнні Беларускага края, а ён ужо марыць пра адкрыццё беларускага ўніверсітэта. Да сваёй працы Раманаў імкнецца далучыць маладое пакаленне. Выступаючы перад пецярбургскімі студэнтамі беларускага навукова-літаратурнага гуртка, ён заклікае іх «перш за ўсё ратаваць творы душы роднага народа, якія гінуць штодня па ўсёй лініі». Раманаў прысвяціў сваё жыццё гэтай высакароднай справе. Не ўсё было добра і гладка, не ўсё ўдалося надрукаваць ці дарабіць (гэтак і не выйшаў яго «Вопыт беларускага слоўніка»). Матэрыяльныя цяжкасці, цяжкія хваробы выбіваюць яго з каляі. Першая сусветная вайна, а пасля і Грамадзянская вайна ўвогуле паставілі Раманава на мяжу выжывання. Ён цяжка хварэе, яго звальняюць з пасады члена камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі і музея, якія эвакуіравалі ў Адэсу. Вярнуўшыся на Беларусь у Віцебск, Раманаў так і не знайшоў працы. Толькі пры дапамозе вядомага акадэміка Шахматава ён атрымаў камандзіроўку ад Акадэміі навук на Паўночны Каўказ для этнаграфічных даследаванняў. Ясна, што гэта была фікцыя, Раманаў ехаў з неспакойнага прыфрантовага края ў ціхі і ўтульны куточак, дзе мог бы падлячыцца і набрацца сіл. У кастрычніку 1917 года ён пераязджае ў Стаўрапаль. Тут яго і застае новае ўзрушэнне — Кастрычніцкая рэвалюцыя, пачыналася крывавая смута Грамадзянскай вайны. Адарванаму ад Радзімы Раманаву было цяжка, і ён марыў вярнуцца ў Беларусь. Тым больш у канцы ліпеня 1921 года славуты навуковец атрымаў запрашэнне пераехаць у Мінск. Здавалася, пачнецца новы этап яго жыцця, але здароўе было падарвана. 20 студзеня 1922 года Еўдакім Раманаў памёр і навечна застаўся на чужой зямлі. Пажаданнем новаму пакаленню ўспрымаюцца словы Еўдакіма Раманава з прадмовы да 5-га выпуска «Беларускага зборніка»: «Хацелася б верыць, што мая праца і праца маіх шаноўных супрацоўнікаў не згіне для навукі, і што своечасова з’явяцца прадаўжальнікі пачатых маіх спраў. Я ж зрабіў, што мог».

Вось так бедны хлопчык-сірата з Беліцы стаў выдатным навукоўцам, правадзейным членам Рускага геаграфічнага Таварыства, Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, прафесарам Маскоўскага археалагічнага таварыства, Віцебскага статыстычнага камітэта. Гэта паважаныя званні, аднак Еўдакім Раманаў лічыў сябе простым «чарнарабочым» па збіранні вуснай народнай творчасці.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.