Вы тут

Калектыву «Брэсцкая крэпасць-герой» уручаны ордэн Францыска Скарыны


У свой 50-гадовы юбілей мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» атрымаў высокую узнагароду. На ўрачыстым сходзе калектыву мемарыялу ордэн Францыска Скарыны ўручыў прэмер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА. Указам Прэзідэнта мемарыяльны комплекс адзначаны за значныя дасягненні ў захаванні гістарычнай памяці, увекавечанні памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.


У Брэсце прайшлі маштабныя святкаванні, прысвечаныя паўвекавому юбілею мемарыялу і 65-годдзю Музея абароны крэпасці. У крэпасці ў гэты дзень прайшло некалькі мерапрыемстваў. Прэмер-міністр краіны Раман Галоўчанка наведаў крэпасць, ушанаваў подзвіг яе абаронцаў хвілінай маўчання, усклаў кветкі да Вечнага агню. А яшчэ прэм’ер наведаў маладзёжны патрыятычны цэнтр, які створаны на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання ў памяшканні штаба 125-га стралковага палка. У двухпавярховым будынку размешчаны вучэбныя і метадычныя кабінеты, спальныя памяшканні. Структура цэнтра ўключае ў сябе дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах. Рэалізуецца тры асноўныя накірункі: ваенна-патрыятычнае, спартыўна-тэхнічнае і турысцка-краязнаўчае. 

Зараз вядзецца работа па пераўтварэнні цэнтра з абласнога ў рэспубліканскі аб’ект з тым, каб сюды маглі ехаць дзеці з усіх рэгіёнаў рэспублікі. 

Прэм’ер-міністр краіны адзначыў важнасць работы, падкрэсліў таксама, што мемарыял будзе мець вялікае значэнне для многіх пакаленняў беларусаў: «Цяжка адшукаць у нашай краіне роўны па значнасці помнік, дзе сканцэнтравана столькі мужнасці і гераізму, любові да Радзімы. У кожным узросце адкрываеш у крэпасці нешта новае для сябе. З гадамі лепей разумееш, што зрабілі абаронцы крэпасці дзеля агульнай Перамогі. Упэўнены, што мемарыял будзе жыць у вяках». 

Калектыў мемарыяльнага комплексу ў пачатку года стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы па рэстаўрацыі і музеефікацыі збудаванняў Брэсцкай крэпасці. А цяпер вось мемарыяльны комплекс уганараваны ордэнам Францыска Скарыны. 

Высокую ўзнагароду калектыву ўручыў Раман Галоўчанка на ўрачыстым сходзе ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. 

Прэм’ер-міністр цёпла павіншаваў супрацоўнікаў установы, адзначыў іх каласальную працу ў справе ўвекавечання подзвігу абаронцаў: 

— Калі знешнія сілы спрабуюць перапісаць гісторыю і перагледзець урокі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўнесці разлад у наша грамадства, асабліва ўзрастае роля музейных работнікаў — сказаў кіраўнік урада. — Гэтыя людзі даносяць праўду да грамадства, тым самым выхоўваюць патрыятызм, любоў да Радзімы. Гэта трэба рабіць дзеля нашай агульнай будучыні, дзеля тых, хто загінуў за ідэалы свабоды і незалежнасці, дзеля таго, каб падобнае больш не паўтаралася. 

Прэм’ер-міністр пажадаў супрацоўнікам плёну ў рабоце. Паводле яго слоў, трэба скарыстаць той факт, што зараз адкрываюцца новыя крыніцы інфармацыі, становяцца даступнымі ў віртуальнай прасторы архіўныя звесткі, таму даследчыцкую работу неабходна працягваць. Раман Галоўчанка зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі калектыву крэпасці. 

Прывітальны адрас калектыву «Брэсцкай крэпасці-героя» ад імя Прэзідэнта расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна зачытаў генеральны консул Расіі ў Брэсце Ігар КАНЯКІН. 

Заслужаныя ўзнагароды супрацоўнікам крэпасці ўручыў таксама міністр культуры Анатоль МАРКЕВІЧ. Ён падзякаваў супрацоўнікам за прафесіяналізм, адданасць справе, адзначыў, што за паўстагоддзя крэпасць наведалі 25 мільёнаў чалавек са 140 краін свету: «Дзякуючы розным пакаленням экскурсаводаў, супрацоўнікаў людзі ва ўсім свеце ведаюць пра гераізм удзельнікаў крэпасці, ведаюць праўду аб вайне». 

У гэты ж дзень адзначалі не толькі 50-годдзе мемарыяльнага комплексу, але і 65-годдзе Музея абароны. Гэтым падзеям быў прысвечаны круглы стол, на які сабраліся навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, шматлікія госці. На мерапрыемстве пабываў і Канстанцін Смірноў, сын Сяргея Смірнова, пісьменніка, які адкрыў для свету подзвіг абаронцаў крэпасці. Канстанцін Сяргеевіч сказаў, што Брэсцкая крэпасць прысутнічае ў яго жыцці фактычна з моманту нараджэння. Абаронцы крэпасці бывалі ў іх дома, начавалі, прыходзілі да бацькі з радасцямі і бедамі, былі фактычна сваякамі. Канстанцін Смірноў дадаў, што перыядычна наведвае Брэст, ходзіць не толькі ў крэпасць, але і на вуліцу, якая носіць імя бацькі. Паводле яго слоў, наведванне крэпасці для яго заўсёды становіцца асабліва хвалюючым момантам і надта эмацыйным: "І ў нашай, і ў вашай краіне зараз шмат гавораць пра патрыятызм. Можна нічога не гаварыць, проста ісці сюды і глядзець, і ўсё стане ясна. 

Музей абароны быў адкрыты ў тым ліку дзякуючы і Сяргею Смірнову ў 1956-годзе. Зараз менавіта з яго экспазіцыі пачынаюць знаёмства з мемарыялам большасць наведвальнікаў. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.