Вы тут

Тэнісісты не здаюць пазіцый, а фігурысты едуць на алімпіяду


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра важныя спартыўныя падзеі.


Герой тыдня. Беларус Ілья Івашка ўпершыню ў кар'еры ўзняўся на 45-е месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. Перад выступленнем на турніры ў Нур-Султане Ілья Івашка знаходзіўся на 53-й пазіцыі, а пасля выхаду ў паўфінал спаборніцтваў перамясціўся на восем пазіцый уверх, маючы ў сваім актыве 1370 балаў.

У рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі Арына Сабаленка захавала другую пазіцыю.

Гераіня тыдня. Фігурыстка Вікторыя Сафонава заваявала для Беларусі алімпійскую ліцэнзію. На кваліфікацыйным турніры ў Германіі Nebelhorn Trophy — 2021 яна заняла трэцяе месца, набраўшы па суме дзвюх праграм 190,29 бала. Апярэдзіць прадстаўніцу Беларусі змаглі амерыканка Аліса Лью (207,40 бала) і Кацярына Куракова, якая выступае за зборную Польшчы (193,58).

Спартыўная пара Багданы Лукашэвіч і Аляксандра Сцяпанава на гэтым турніры заняла сёмае месца з вынікам 159,08 бала.

Прызначэнне тыдня. Новым Прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея стаў француз Люк Тардзіф. Выбары прайшлі на кангрэсе ІІHF у Санкт-Пецярбургу. У чацвёртым туры галасавання француз атрымаў 67 галасоў (63,21 %) і апярэдзіў хакейнага функцыянера з Германіі Франца Райндля, за якога прагаласавалі 39 удзельнікаў кангрэса (39,79%).

Люк Тардзіф змяніў на пасадзе кіраўніка ІІHF швейцарца Рэнэ Фазеля, які стаў прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея ў 1994 годзе.

Надзея тыдня. У Фінляндыі праходзіць чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў і моладзі па цяжкай атлетыцы. Першы медаль для беларускай каманды заваявала Дзіяна Карчынская (вагавая катэгорыя — 49 кг). Спартсменка стала бронзавым прызёрам турніру. У суме двухбор'я яна набрала 144 кг (66 кг — рывок і 78 — штуршок).

Медалі тыдня. Беларусы выступілі на міжнародным турніры G1 Russіan Open па таэквандо ў Маскве, дзе заваявалі шэсць медалёў. Чэмпіёнам спаборніцтваў стаў Уладзіслаў Саўлукоў (78 кг), сярэбраным прызёрам — Іван Паўлоўскі (80 кг). «Бронзу» заваявалі Ягор Мікіценка (68 кг), Арман-Маршал Сіла (87 кг), Хрысціна Мазуркевіч (49 кг), Аляксандра Мазуркевіч (53 кг).

Перамога тыдня. Баксёр Дзмітрый Асанаў, які выступае ў вагавой катэгорыі 64 кілаграмы, стаў чэмпіёнам свету сярод ваеннаслужачых. У фінале ён аказаўся мацнейшы за прадстаўніка Узбекістана.

Добрым выступленнем на турніры адзначыліся і Вікторыя Кебікава (да 75 кг), якая стала сярэбраным прызёрам. Галіна Бруевіч (57 кг) заваявала «бронзу».

Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» саступілі санкт-пецярбургскаму СКА ў матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня не на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта завяршылася ў авертайме з лікам 1:2. З трыбун «Мінск-Арэны» за дзеяннямі хакеістаў назіралі 12,6 тысячы балельшчыкаў і гэта своеасаблівы рэкорд.

Страты тыдня. Памёр былы футбаліст зборнай Беларусі і «Зеніта» Сяргей Герасімец. Прычына смерці былога гульца не паведамляецца. Сяргей Герасімец выступаў за «Зеніт» з 1997 да 1999 года, разам з клубам ён стаў пераможцам Кубка Расіі. За зборную Беларусі выступаў з 1992 да 1999 года.

Пайшоў з жыцця і беларускі трэнер па фігурным катанні Аляксандр Марозаў. Ён стаяў каля вытокаў беларускага фігурнага катання, быў ініцыятарам і арганізатарам першага ў краіне этапу Гран-пры сярод юніёраў, міжнароднага турніру «Айс-Стар», серыі рэспубліканскіх спаборніцтваў «Зорачка». Аляксандр Марозаў падрыхтаваў плеяду чэмпіёнаў краіны і прызёраў міжнародных спаборніцтваў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».