Вы тут

РУП «Белпошта» правяло XXІV Рэспубліканскі прафесійны паштовы конкурс


Напярэдадні Сусветнага дня пошты, які адзначаецца 9 кастрычніка, РУП «Белпошта» на базе адпачынку «Дружба» правяло традыцыйны XXІV Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства начальнікаў, спецыялістаў па паштовай дзейнасці і аператараў аб'ектаў паштовай сувязі.


Удзельніцы конкурсу разам з кіраўніцтвам РУП «Белпошта»  і прафсаюзнай арганізацыі пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання.

Дадзенае мерапрыемства праводзіцца з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнцыі і майстэрства работнікаў аб'ектаў паштовай сувязі, стымулявання іх творчай і дзелавой актыўнасці, павышэння статусу работнікаў паштовай сувязі, удасканалення формаў і метадаў арганізацыі працы аб'ектаў паштовай сувязі, павышэння ўзроўню якасці і канкурэнтаздольнасці паслуг, а таксама ўмацавання карпаратыўнага духу работнікаў прадпрыемства.

Нагадаем, што першы падобны конкурс прафесійнага майстэрства паштовых работнікаў быў праведзены ў 1997 годзе сярод аператараў сувязі і паштальёнаў па дастаўцы друку і карэспандэнцыі. Штогод прадпрыемства працягвае гэтую выдатную традыцыю, і ўжо больш за два дзясяткі гадоў рэспубліканскі конкурс выяўляе найлепшых прадстаўнікоў прафесіі. Для многіх удзел у конкурсе з'яўляецца пачаткам адкрыцця ўласнага патэнцыялу ў прафесійнай дзейнасці. Гэта добрая магчымасць убачыць самых яркіх прадстаўнікоў такіх прафесій, як паштальён, аператар сувязі, спецыяліст па рабоце з карпаратыўнымі кліентамі.

За мінулыя гады ў конкурсах прафесійнага майстэрства прынялі ўдзел каля 1000 работнікаў РУП «Белпошта» розных спецыяльнасцяў. Сёлетні конкурс прымеркаваны да Сусветнага дня пошты і Года народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь.

Конкурсныя спаборніцтвы праводзяцца сярод спецыялістаў, якія выйгралі конкурс прафесійнага майстэрства ў абласных філіялах і вытворчасці «Мінская пошта», для таго каб пацвердзіць веды і навыкі ў практычных і тэарэтычных выпрабаваннях і, вядома, стаць пераможцамі на рэспубліканскім узроўні.

У гэтым годзе за званне найлепшых работнікаў змагаліся 42 удзельнікі. Сярод іх — начальнікі аб'ектаў паштовай сувязі, спецыялісты па паштовай дзейнасці і аператары сувязі аб'ектаў паштовай сувязі.

Дарэчы, самаму маладому ўдзельніку конкурсу споўнілася 24 гады — гэта Георгій Лагута, аператар сувязі Бабруйскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Магілёўскага аб'яднанага цэха паштовай сувязі, а самы вопытны ўдзельнік — Ганна Куцько, начальнік АПС № 15 Віцебска.

Запаветная мара для кожнага абласнога філіяла — прывезці кубак пераможцы ў свой рэгіён. Так, у 2018-м і 2019-м гадах перамогу ў конкурсе
двойчы атрымлівала каманда Мінскага філіяла.

У першы дзень конкурсу ўдзельнікі разам са сваімі камандамі прадстаўлялі на суд журы хатняе заданне па дзвюх намінацыях, прадстаўленне каманды на тэму: «Белпошта — гэта мы. У адзінстве — сіла», а таксама дэманстравалі рэкламны відэаролік пра паслугі паштовай сувязі. У другі дзень правядзення конкурсу ад удзельнікаў патрабавалася пацвердзіць веды і навыкі ў практычных і тэарэтычных іспытах.

Днямі падвялі вынікі конкурсу і адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Усім удзельнікам уручаны памятныя сувеніры, а пераможцам — дыпломы, прызы і кветкі.

На цырымоніі закрыцця конкурсу генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч звярнулася да фіналістаў з пажаданнямі моцнага здароўя і далейшых прафесійных поспехаў, адзначыўшы неацэнны ўклад кожнага работніка ў развіццё прадпрыемства, высокі прафесіяналізм і творчы падыход кожнага з канкурсантаў.

Старшыня журы — намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыйнай дзейнасці Алена Драздовіч — абвясціла вынікі конкурсу, прысвечанага Сусветнаму дню пошты і Году народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь. Узнагароджвалі пераможцаў, уручалі дыпломы, памятныя сувеніры, прызы і кветкі генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч разам са старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Анжалікай Дробавай.

На вышэйшую прыступку п'едэстала паднялася каманда — пераможца Брэсцкага абласнога філіяла, якая набрала найбольшую колькасць балаў. Другое месца заняла каманда Мінскага філіяла. Трэцяе месца ў каманды Віцебскага філіяла.

— Да першага месца прадстаўнікі нашага філіяла паступова ішлі некалькі гадоў, — расказала намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога філіяла РУП «Белпошта» Ірына Кандрацюк. — Напрыклад, у мінулым годзе наша каманда заняла другое месца, было ў нашым актыве і трэцяе месца. Але аб тым, каб стаць пераможцамі, мы марылі дзевяць гадоў, паколькі склад у каманды заўсёды быў вельмі моцны. Ну, а сёлета, я лічу, нам усё ж такі пашанцавала, і мы сталі лідарамі.

Хачу адзначыць, што перамагчы ў дадзеным конкурсе даволі складана. З усіх рэгіёнаў краіны сюды прыязджаюць прафесіяналы высокага класа — сапраўдныя майстры сваёй справы. Але ў гэтым годзе, на маю думку, склад каманды Брэсцкага філіяла сапраўды падабраўся выдатны. Падрыхтоўка да конкурсу была вельмі сур'ёзная. Самае галоўнае, што нашым удзельніцам атрымалася пераадолець хваляванне, справіцца з эмоцыямі, а ў выніку — доўгачаканае першае месца. Дадам, што большасць каманды — гэта спецыялісты аддзела эксплуатацыі філіяла, і калектыў у камандзе склаўся вельмі дружны. Усе нашы ўдзельніцы — сапраўдныя байцы, якія ўпэўнена ішлі да перамогі. Дарэчы, удзел у падобным конкурсе — добрая магчымасць зрабіць крок па кар'ернай лесвіцы. Напрыклад, адна з нашых удзельніц раней прыязджала на конкурс у якасці простага аператара, а сёлета яна — начальнік аддзялення паштовай сувязі. І гэта — не адзінкавы прыклад. Разумею, што перамагчы — гэта адно, а ўтрымаць лідарства значна цяжэй. Але ў наступным годзе мы зноў прыедзем на конкурс па перамогу!

— Мне прыемна адзначыць па выніках апошніх даных конкурсаў, што прафесійнае майстэрства нашых работнікаў расце год ад году, — падкрэсліла Святлана Юркевіч. — Прыемна здзівілі супрацоўнікі Брэсцкага абласнога філіяла, якія доўгі час не перамагалі, а сёлета занялі запаветнае першае месца. Відаць, што яны ўзмоцнена рыхтаваліся, пастаянна павышалі ўзровень прафесійнага майстэрства і ў выніку сталі лідарамі спаборніцтва. Гэтая каманда вартая такога высокага месца.

Па словах Святланы Віктараўны, сённяшнія аператары з гонарам называюцца спецыялістамі паштовай сувязі. І гэта зусім не дзіўна — той вялізны пералік паслуг, якія яны аказваюць, патрабуе шырокіх ведаў, а яшчэ — умення мець зносіны з людзьмі, што патрабуецца ад кожнага работніка пошты. А гэта задача не з лёгкіх.

— На працягу конкурсу нашы работнікі не проста прадэманстравалі свой высокі прафесіяналізм, а праявілі сапраўдную крэатыўнасць, — адзначыла генеральны дырэктар. — Яны паказалі, што могуць спяваць, танчыць, здымаць цікавыя відэаролікі і нават разыгрываць вясёлыя сцэнкі. І, галоўнае, усе яны ўдзельнічалі ў конкурсе з радасцю, з добрым настроем. А гэта вельмі дапамагае згуртаваць калектыў.

Святлана Юркевіч лічыць, што падобныя конкурсы як нельга лепш дапамагаюць росту прафесіяналізму супрацоўнікаў. Дзе яшчэ можна даведацца аб цікавых асаблівасцях работы, абмяняцца вопытам з калегамі, вызначыць нестандартныя шляхі вырашэння праблем? Касцяк кожнай каманды — гэта сплаў вопыту і маладосці, што таксама спрыяе павышэнню ўзроўню прафесійных ведаў. Сёння на пошце аказваецца шмат тэхналагічных паслуг, а гэта патрабуе ад людзей новага мыслення, шырокіх ведаў. І тое, што калектывы паштовых аддзяленняў штогод папаўняюцца новымі маладымі супрацоўнікамі, безумоўна, радуе. Напрыклад, у сталіцы амаль 80 % работнікаў —
моладзь.

— Мне хочацца шчыра падзякаваць усім нашым работнікам, — дадала генеральны дырэктар. — Работа наша вельмі няпростая і нават цяжкая. Працаваць даводзіцца і па выхадных, і ў святы. І разам з гэтым ніхто з іх не падае духам, усе выконваюць свае абавязкі адказна, добрасумленна, якасна. Незалежна ад месца работы — ці гэта вясковае аддзяленне, РВПС альбо абласны філіял. Дзякуй усім вам за гэта!

«Звязда» далучаецца да віншаванняў, няхай нашым заўсёдным памочнікам шчасціць — і на працы, і дома.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Мы зноў прыедзем па перамогу!»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.