Вы тут

Як назбіраць на годную пенсію?


Новая пенсіённая праграма ў Беларусі пачне працаваць з кастрычніка 2022 года. Пры гэтым з'яўленне новага механізму не адмяняе дзейныя пенсіі па ўзросце. Наадварот, дае магчымасць істотна іх павялічыць. Работнік можа назапашваць пэўны працэнт ад зарплаты на будучую пенсію, а дзяржава дадасць свой унёсак — такім чынам, можна атрымаць значную прыбаўку. Выплочваць яе будуць на працягу пяці ці нават 10 гадоў пасля заканчэння працоўнай дзейнасці. Пра тое, як будзе працаваць новая сістэма, у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ.


Фота: pixabay.com

— Ірына Анатольеўна, у Беларусі ўжо дзейнічае сістэма дабраахвотнага назапашвання на пенсію. Чым будзе адрознівацца новая сістэма?

— Што ўвогуле сёння ёсць у Беларусі? Гэта двухкампанентная сістэма. Яна складваецца з абавязковага страхавання ў рамках салідарнай сістэмы (гарантаваная дзяржавай пенсія. — «Зв».). Яшчэ ёсць абавязковае прафесійнае страхаванне для тых работнікаў, што працуюць у шкодных або асаблівых умовах. І маецца элемент накапляльнага або добраахвотнага страхавання. Яно, як дадатковы элемент да дзяржаўнага забеспячэння, дастаткова слаба развіваецца. Калі зрабіць зрэз сённяшняга ўзроўню добраахвотнага страхавання, то ўсяго толькі пяць працэнтаў працоўных пайшлі на гэта.

Чым новая сістэма, якая прапануецца, будзе адрознівацца ад дзейнага механізму добраахвотнага страхавання? Перш за ўсё гэта суфінансаванне. На першы погляд, гэта быццам бы суфінансаванне работадаўцам, але на самай справе яно будзе з боку дзяржавы. Галоўны тут, канешне ж, работнік, які прымае рашэнне аб удзеле ў сістэме страхавання. Максімальны ўзнос для работніка — 10 працэнтаў. Максімальны ўзнос для работадаўцы — тры працэнты. Працуе гэты механізм суразмерна (колькі ўносіць работнік, столькі і работадаўца. — «Зв»): 1+1, 2+2, 3+3. Але 4, 5, 6... 10 (для работніка) +3 (для работадаўцы).

Максімальна ў сукупнасці можа атрымацца 13 %. Аднак работадаўца ў нас сёння плаціць 28 працэнтаў (за работніка ў ФСЗН. — «Зв».). Калі тры з 28 працэнтаў работадаўца заплаціць за работніка (на яго накапляльны рахунак. — «Зв».), то для фонду сацыяльнай абароны гэта — выпадаючыя даходы. І тут ужо ўдзельнікам становіцца дзяржава, якая ў бюджэт фонду будзе іх пакрываць з тым, каб забяспечыць выплаты пенсій у рамках салідарнай сістэмы — бягучыя плацяжы.

— Хто пасля прыняцця ўказа можа прымаць удзел у гэтай праграме?

— Першае ўмова — размова ідзе пра работніка, у якога ёсць работадавеца. Гэта наёмныя работнікі, у якіх ёсць працоўны дагавор. Калі мы гаворым пра ўзрост, то таксама ёсць абмежаванні: уступіць у праграму можна не пазней за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Узроставая ўмова ставіцца, бо перыяд назапашвання важны. Чым ён даўжэйшы, тым большай фарміруецца сума, якая потым будзе размяркоўвацца як дадатковая пенсія. Пры гэтым у праекце ўказа мы прадугледзелі, што чалавек сам прымае рашэнне па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, на працягу пяці або 10 гадоў ён будзе выкарыстоўваць гэты назапашаны рэсурс.

— Праз які час пасля падпісання ўказа пачне дзейнічаць новы механізм? Калі работадавец зможа прапанаваць работніку новую сістэму?

— У праекце ўказа прадугледжана дата — з 1 кастрычніка 2022 года. Да гэтага часу варта правесці шэраг арганізацыйна-тэхнічных удасканаленняў — дапрацаваць шэраг праграмных рэсурсаў для таго, каб без збояў першага кастрычніка чалавек мог прыйсці ў страхавую арганізацыю і запоўніць заяву. А можна не прыходзіць — у электронным выглядзе праз сайт падаць заяву, заключыць дагавор і ўступіць у гэту сістэму.

— Якая арганізацыя будзе займацца гэтай праграмай?

— Гэта Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Стравіта». Чаму менавіта яно? Перш за ўсё, дзяржава гарантуе захаванасць назапашаных сум і робіць гэта праз дзяржаўную арганізацыю. Другі момант — у «Стравіты» дастаткова развітая філіяльная сетка, і калі паглядзець на дзейны механізм, то больш за 90 % з 205 тысяч чалавек, якія пайшлі на дабраахвотныя назапашванні (у рамках ужо існуючай сістэмы. — «Зв».), якраз і праходзіць праз «Стравіту».

— Адлічэнні на будучую пенсію лічацца ў беларускіх рублях. Як яны будуць захоўвацца, каб пасля выхаду на пенсію гэта сума проста не знікла?

— Сапраўды, у праекце ўказа прадугледжаны механізм капіталізацыі з улікам тых інфляцыйных момантаў, якія могуць здарацца на працягу гэтага перыяду. Мы зрабілі нават віртуальныя разлікі, колькі ж атрымае пенсіянер, калі б гэты новы механізм працаваў ужо, скажам, гадоў 20. Напрыклад, чалавек з сярэдняй заработнай платай прымае рашэнне за тры гады да пенсіі назапашваць пяць працэнтаў, за ім ідзе работадавец і адлічвае тры працэнты, сумарна атрымліваецца восем працэнтаў. І чалавек прымае рашэнне на працягу пяці гадоў з моманту выхаду на пенсію атрымліваць гэтыя назапашаныя срокі. Выходзіць плюс 70 рублёў дадаткова да пенсіі.

Разгледзім іншы варыянт: калі работнік прымае рашэнне назапашваць з 45 гадоў. З 2022 года пенсіённы ўзрост у жанчын наступае ў 58 гадоў, у мужчын — у 63. Такім чынам, жанчына назапашвае 13 гадоў, мужчына — 18 гадоў. Тая ж формула — сярэдняя зарплата і восем працэнтаў (пяць плюс тры). Мужчына дадаткова, на працягу пяці гадоў да сваёй асноўнай пенсіі, якую яму гарантуе дзяржава, будзе атрымліваць штомесяц каля 325 рублёў, жанчына — 284. Пры ўплаце ўзносаў з сярэдняй заработнай платы і максімальным працоўным стажы (а туды ўключаецца і вучоба, і догляд дзяцей для жанчын — гэта 40 гадоў; для мужчыны, куды ўключаецца і служба ў войску, — 45 гадоў) гарантаваная дзяржавай пенсія будзе ў сярэднім 570 рублёў. А вось у пенсіянера, у якога сярэдняя заработная плата і такі стаж, з улікам назапашванняў за 18 гадоў гэта ўжо 900 рублёў пенсіі. Такія лічбы на цяперашні момант. Гэта сур'ёзны бонус, які мусіць падштурхнуць работнікаў, грамадзян нашай краіны задумацца пра ўзровень жыцця ў новым перыядзе — пасля выхаду на пенсію.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».