Вы тут

Як ва ўмовах пандэміі працуе санітарна-эпідэміялагічная служба


Заўтра санэпідэмслужбе нашай краіны спаўняецца 95 гадоў. Хоць яе правобразы — медыка-санітарныя бюро, санітарна-эпідэміялагічныя пададдзелы, дэзынфекцыйныя і прышчэпачныя атрады — з'явіліся значна раней 1926 года. Незаўважная для абывацеля ў мірныя часы, санітарна-эпідэміялагічная служба выходзіла на першы план у ваенныя і пасляваенныя гады, а таксама ў перыяды, калі бушавалі эпідэміі і пандэміі. І сёлетні 95-гадовы юбілей медыкі адзначаць у зусім няпросты час. З моманту распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі ўрачы-эпідэміёлагі, вірусолагі, мікрабіёлагі і іншыя спецыялісты правялі сотні тысяч эпідрасследаванняў і тэстаў, супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў па ўсёй краіне першымі наведваліся ў ачагі хваробы і праводзілі дэзынфекцыю... Аб рабоце ў надзвычайных умовах мы паразмаўлялі з намеснікам галоўнага ўрача Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірынай МІЛАНОВІЧ.


— Ірына Уладзіміраўна, падчас пандэміі роля санэпідэмслужбы аказалася вельмі важнай. Эпідэміёлагі разам з іншымі медыкамі выйшлі на пярэдні край барацьбы...

— Калі казаць пра ролю санітарна-эпідэміялагічнай службы, то, як паказвае гісторыя, яе значнасць заўсёды станавілася відавочнай падчас распаўсюджвання розных інфекцыйных захворванняў. Яны з цягам часу мяняюцца, некаторыя знікаюць, многія сталі вакцынакіраванымі, але ў свой час менавіта высокая інфекцыйная захваральнасць і звязанае з гэтым пагаршэнне здароўя насельніцтва сталі штуршком для стварэння санэпідслужбы. Аналізаваць захваральнасць і выяўляць яе, прапаноўваць і прымаць меры, працаваць у ачагах хвароб, праводзіць
дэзінфекцыю, дэратызацыю, сачыць за бяспекай харчовых прадуктаў і пітной вады, санітарным станам тэрыторый — усё гэта было актуальным на той час. Цяпер, калі пра многія інфекцыі забыліся,
на пярэдні план выйшаў CОVІD-19. Усім прыйшлося згадаць, для чаго першапачаткова стваралася санэпідслужба. І лабараторыі, і персанал, і эпідэміёлагі, і вірусолагі — усе мы знаходзімся ў стане пастаяннай гатоўнасці да работы з інфекцыйнымі агентамі, але такой пандэміі, сапраўды, не чакаў ніхто. Прыйшлося аператыўна перабудоўваць работу ўсяго калектыву.

— Наколькі я ведаю, на пачатку пандэміі супрацоўнікі вашай лабараторыі, якая займалася тэстамі на каранавірус, працавалі нават кругласутачна...

— Так, адной з першых у пандэмію ўключылася лабараторыя мінскага абласнога цэнтра. Спачатку вірусалагічнае падраздзяленне, пасля да яго далучыліся супрацоўнікі мікрабіялагічнага, паколькі рабочых рук не хапала. У пачатку пандэміі даводзілася працаваць і ў начныя змены, і без выхадных. Абсталяванне функцыянавала не так хутка, як хацелася б. Стала відавочна, што неабходна новае — больш сучаснае і хуткае, і Міністэрства аховы здароўя нас падтрымала. Цяпер у нашай лабараторыі зусім іншыя магутнасці і хуткасці. Калі раней правядзенне лабараторнага даследавання магло займаць суткі, то сёння атрымліваем вынік даволі хутка. Калі мазок здаюць у першай палове дня, то ў другой гатовы вынік.

— Таксама супрацоўнікі санэпідслужбы выязджаюць на апраоўкі інфекцыйных ачагоў...

— Так, найперш гэта датычыцца закрытых калектываў, калі там здарылася ўспышка. Як правіла, чалавек шпіталізуецца ці пераводзіцца ў іншую палату, а тое месца, дзе ён знаходзіўся, падвяргаецца заключнай дэзынфекцыі.

У нас, дарэчы, узмацніўся і гэты блок. Дзякуючы намаганням галоўнага ўрача і садзейнічанню аблвыканкама тэрытарыяльныя цэнтры гігіены — а ў нас у Мінскай вобласці іх 23 — аснасцілі транспартам для больш аператыўнай работы, бо выязджаць прыходзіцца і ў сельскую мясцовасць.
У кожным тэрытарыяльным цэнтры з'явіўся новы аўтамабіль.

— Яшчэ адзін важны аспект работы — санэпідрасследаванні...

— Мала вызначыць дыягназ — важна выявіць кола кантактных асоб і прыняць меры па стрымліванні эпідпрацэсу і нераспаўсюджванні інфекцыі. Натуральна, у працэсе работы мяняліся і крытэрыі. На піку першай хвалі здавалася, што ўсе мусяць быць кантактамі першага ўзроўню, вельмі шырокі быў дыяпазон кантактаў другога ўзроўню. Гэта была новая нявывучаная інфекцыя, і ўсе меры максімальна скіроўвалі на тое, каб падстрахавацца, засцерагчы насельніцтва і стрымаць эпідпрацэс.

Сёння ў асноўным мы маем справу з першым узроўнем кантактаў, і іх кола, як правіла, зводзіцца да членаў сям'і. Аказваюць сваё дзеянне абмежавальныя мерапрыемствы — масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыраванне. У многіх працоўных калектывах, як правіла, масачны рэжым захоўваецца. Таму такога шырокага кола кантактаў ужо няма.

І, тым не менш, гэта вялікія аб'ёмы інфармацыі. У разгар пандэміі мы прыцягвалі старшакурснікаў
медыкапрафілактычнага факультэта медуніверсітэта ў межах іх практыкі, яны вучыліся навыкам эпідрасследавання і істотна дапамагалі. Напрыклад, студэнты працавалі ў нашым Мінскім занальным цэнтры, бо рэсурсу нашых спецыялістаў не хапала. За гэта ім наша шчырая падзяка.

— Нягледзячы на тое, што слова «эпідрасследаванне» чуў бадай кожны абывацель, мала хто ведае, як яно праводзіцца...

— Гэта комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне крыніцы інфекцыі, кантактных асоб, устанаўленне шляхоў і механізмаў перадачы, фактараў, якія гэтаму спрыяюць, эпідэміялагічнага анамнезу, вызначэнне граніц распаўсюджвання захворвання, а таксама правядзенне дэзінфекцыі. Мы максімальна ўстанаўліваем кантакты і вядзём улік і назіранне. Інфармацыя аб кантактах перадаецца для кантролю за самаізаляцыяй у РУУС як з боку ўстаноў аховы здароўя, так і цэнтраў гігіены.

У цэнтр гігіены паступае экстраннае паведамленне, якое накіроўваецца па факце ўстанаўлення дыягназу. Там маюцца меркаваныя тэрміны, калі чалавек заразіўся, яго кантактныя даныя. І ўрач-эпідэміёлаг (а падчас пікавых перыядаў і ўрачы-гігіеністы) ці памочнік урача тэлефануюць пацыенту, робяць апытанне і запаўняюць спецыяльную форму. Такім чынам наладжваецца ўлік. Усё гэта дазваляе нам забяспечыць дынамічнае сачэнне. Калі чалавек не захварэў, то праз сем дзён, пасля заканчэння тэрміну самаізаляцыі, ён выходзіць на работу ці вучобу.

— Інфармаванне насельніцтва аб мерах бяспекі — таксама задача эпідэміёлагаў?

— Так, адукацыйную ролю і ўстаноў дзяржсаннагляду ніхто не адмяняў. Папярэджаны — значыць узброены, і наша задача — максімальна данесці да насельніцтва інфармацыю пра само захворванне, шляхі яго перадачы, пра небяспекі і меры барацьбы не толькі механічныя, такія як дыстанцыраванне, маскі, гігіена і рэспіраторны этыкет. У цяперашні час самае важнае — вакцынацыя. Яна з'яўляецца адным з найбольш эфектыўных метадаў для кіравання і стрымлівання эпідпрацэсу. І кожны грамадзянін павінен разумець, што, вакцынуючыся, ён робіць унёсак, абараняючы і сябе, і сваю сям'ю, таксама фарміруе калектыўны імунітэт. Назіранні паказваюць, што сярод захварэлых у арганізацыях аховы здароўя прышчэпленых не больш за пяць працэнтаў. Такім чынам, эфектыўнасць вакцын у 95 % пацвярджаецца на практыцы. І цяжкіх форм сярод захварэлых, як правіла, няма.

— Як можаце ахарактарызаваць чацвёртую хвалю каранавіруса?

— Мы ўжо жывём ва ўмовах чацвёртай хвалі. І эпідэміялагічная сітуацыя ў Мінскай вобласці мае тыя ж тэндэнцыі, што і ў цэлым па краіне. Мы адзначаем рост захваральнасці. Гэта звязана як з прыходам новых штамаў, так і з пачаткам вучэбнага года. У гэты час заўсёды павялічваецца колькасць ВРВІ, а цяпер і каранавіруснай інфекцыі. Ну і людзі расслабіліся, няма належнага захавання мер сацыяльнага дыстанцыравання, масачнага рэжыму, пазбягання неабавязковых мерапрыемстваў і месцаў масавага збірання. Дарэчы, як паказаў мінулы сезон, у Мінскай вобласці не было зарэгістравана выпадкаў захворвання на грып. На мой погляд, тут свой унёсак зрабілі і масачны рэжым, і гігіена рук, і сацыяльнае дыстанцыраванне.

— Ірына Уладзіміраўна, як за апошнія гады змяніліся ўмовы працы вашага калектыву?

— Пра закупкі аўтатранспарту для тэрытарыяльных цэнтраў я ўжо згадвала. Акрамя таго, год таму адбылася рэструктурызацыя нашай лабараторыі, бо мы пашырылі яе плошчы ў Ратамцы. Цяпер працуюць свае лабараторыі ў такіх гарадах, як Барысаў і Салігорск, дзе выконваюць дыягностыку COVІD-19 метадам ПЛР, іх таксама ўдалося аснасціць новым дыягнастычным абсталяваннем.

Некалькі гадоў таму пухавіцкі цэнтр гігіены завяршыў рэканструкцыю будынка і пераехаў. Пакуль у абмежаваных умовах працуе наш Мінскі занальны цэнтр гігіены, які размяшчаецца ў Бараўлянах. Але вядзецца работа над тым, каб палепшыць і яго ўмовы.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Стрымаць эпідпрацэс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».