Вы тут

Рыхтуй печ загадзя. Каб не застацца зімой без даху над галавой, паклапаціцеся аб ацяпленні сёння


Верасень сёлета асабліва не вызначыўся восеньскай цеплынёй, якая яшчэ характэрная для гэтай пары года. Ацяпленне ў гарадах уключылі раней, чым звычайна. Вясковыя жыхары такую раскошу, як не мерзнуць у хаце, маглі сабе дазволіць яшчэ раней. Але ці ўсе з іх праверылі стан сваёй печы загадзя, а адпаведна паклапаціліся аб уласнай бяспецы?


Агонь-забойца

На працягу многіх гадоў парушэнне правілаў усталявання печы, а таксама няправільная яе эксплуатацыя з'яўляецца адной з найбольш частых прычын пажараў. Менавіта з-за гэтага ў лютым гарэў прыватны жылы дом у вёсцы Муляры Пастаўскага раёна. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, устанавілі ў хаце задымленне. Ачаг узгарання быў ліквідаваны ўжо да іх прыезду — сын гаспадара, які жыве ў суседняй вёсцы Хацілы, вырашыў праведаць бацьку, а вымушаны быў яго ратаваць і змагацца з агнём. Аднак гаспадар хаты, пенсіянер 1950 года нараджэння, ужо быў без прыкмет жыцця.

Яшчэ адзін мужчына вясной загінуў на пажары ў Рэчыцкім раёне. Калі ў вёску Дзямехі прыбылі супрацоўнікі МНС, дах быў поўнасцю ахоплены агнём, дом гарэў знутры. Ратавальнікі знайшлі на падлозе мужчыну 1957 года нараджэння, які быў без прытомнасці. Да прыбыцця хуткай дапамогі яму праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы. Безвынікова. Урачы, якія неўзабаве пад'ехалі, таксама не змаглі вярнуць чалавека да жыцця. Як высветлілася пазней, гэта быў сужыцель гаспадыні, якая на момант трагедыі знаходзілася ў сына ў суседняй хаце.

— У нашы дні пячное ацяпленне па-ранейшаму шырока распаўсюджана, — адзначае памочнік міністра — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ. — Калі ў гарадах жыхары прыватнага сектара ў асноўным перайшлі на газ, то ў сельскай мясцовасці ў халодны час года многія аддаюць перавагу печам, грубам, комінам. І справа тут не столькі ў жаданні з любоўю глядзець на агонь і чуць трэск пален. Дровамі паліць прасцей, аднак, на жаль, небяспечна. За восем месяцаў бягучага года ў выніку парушэння правілаў уладкавання і эксплуатацыі пячнога ацяплення ў краіне адбылося 844 пажары, у якіх загінулі 25 чалавек.

Другі шанц на жыццё

А вось дваім пенсіянерам з Любанскага раёна, можна сказаць, яшчэ пашанцавала: атруціўшыся ўгарным газам, яны абышліся толькі шпіталізацыяй. За гэта муж і жонка ўдзячныя сваім суседзям, якія ў дзве гадзіны ночы звярнулі ўвагу на запаленае святло ў іх хаце. Менавіта суседзі выклікалі хуткую дапамогу. Папярэдняя прычына таго, што адбылося, — заўчаснае закрыццё заслонкі печы.

Невыкананне элементарных правілаў яе эксплуатацыі каштавала жыхару вёскі Зыкава, што на Лагойшчыне, гаспадарчай пабудовы. Няпярэдадні пенсіянер выбраў у металічнае вядро попел і паставіў яго ў пабудову, дзе захоўваў бульбу. Хлеў згарэў поўнасцю. Летнюю кухню, куды перакінуўся агонь, выратавалі супрацоўнікі МНС. Апошнія, дарэчы, перш чым вынесці попел на бяспечную адлегласць ад будынкаў і пабудоў, рэкамендуюць яго заліць вадой да поўнага згасання.

Калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які сярод ночы разбудзіў гаспадароў хаты ў вёсцы Ямінск Любанскага раёна, можна толькі здагадвацца, чым усё магло скончыцца. Не справіўшыся з агнём самастойна, муж і жонка пакінулі хату. Лакалізавалі, а пасля ліквідавалі ўзгаранне ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння. Агонь знішчыў маёмасць, пашкодзіў сцены ў пакоях. Аднак галоўнае, што людзі засталіся жывыя. Версія, якая стала прычынай пажара, класічная: парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад.

Па гэтай жа прычыне або з-за перапальвання печы адбыўся пажар у дачным доме ў садовым таварыстве «Зялёны луг», што недалёка ад Маладзечна. Напярэдадні на лецішча прыехаў муж гаспадыні хаты. Каб было цёпла, вырашыў прапаліць у печы. Вечарам ён вярнуўся дадому. А ўжо бліжэй да ночы ратавальнікі спяшаліся на выклік, аб якім паведамілі сведкі: у садовым таварыстве гарыць хата. У выніку пажару быў пашкоджаны дах усяго дома, поўнасцю згарэла мансарда.

Не пакідайце без нагляду!

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чарговы раз нагадваюць, што выкарыстанне вогненебяспечных і гаручых вадкасцяў з'яўляецца небяспечным як для здароўя, так і ў цэлым для жыцця. Чамусьці менавіта такім чынам гэтай зімой вырашыў распаліць печ адзін з жыхароў Капыля. Агонь, які выйшаў за межы печкі, пачаў хутка распаўсюджвацца. Калі прыехалі ратавальнікі, ужо адкрытым полымем гарэў дах. Малады чалавек 2001 года нараджэння, які, відаць, і распальваў печ, пакідаючы жыллё, атрымаў тэрмічныя апёкі спіны. Пацярпелы быў дастаўлены ў бальніцу.

Нічога не прадвяшчала бяды, калі жыхарка аграгарадка Ракаў Валожынскага раёна запаліла кацёл і, падкінуўшы дроў, прылягла адпачыць. Калі жанчына прачнулася, памяшканне ўжо было запоўнена дымам. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме адсутнічаў. На дапамогу прыбег сусед, але агульнымі намаганнямі пажар патушыць не ўдалося. Ліквідавалі ўзгаранне ратавальнікі, якія прыбылі на месца.

— Калі я падкідала дровы апошні раз, не зачыніла дзверцы, — успамінае той дзень гаспадыня. — Думала, што я ж побач: калі нешта здарыцца, то ўбачу. Толькі сама не памятаю, як заснула. Калі прачнулася, спалохалася. Дыму было столькі, што я проста не ведала, што рабіць, разгубілася.

Па словах суседа, які кінуўся на дапамогу, у сябе ў кватэры ён адчуў пах дыму. «Выйшлі з жонкай на вуліцу, абышлі вакол дом, але нічога не выявілі, — расказвае мужчына. — Затым зайшлі ў другую кватэру, дзе таксама нічога не было. Я хутчэй пабег у першую і ўбачыў, што яна запоўнена дымам. Гаспадыня была ў разгубленасці. Адразу спрабаваў тушыць самастойна, але гэта аказалася не так проста. Ратавальнікі справіліся хутка».

На шчасце, пацярпелых у гэтай сітуацыі не было. Што датычыцца маёмасці, каля ацяпляльнага катла была пашкоджаная падлога. Іншыя кватэры ў трохкватэрным доме не пацярпелі.

— Катэгарычна забараняецца пакідаць адчыненымі дзверцы і печ, якая паліцца, без нагляду — гэта прамы шлях да пажару, — нагадвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Участак падлогі з гаручых матэрыялаў перад адтулінай для палення павінен быць абаронены негаручым матэрыялам шырынёй не менш чым паўметра і даўжынёй не менш чым 0,7 метра. Складваць дровы, а таксама размяшчаць на ім гаручыя рэчывы і матэрыялы не дапускаецца. Не выкарыстоўвайце дровы, якія перавышаюць памер палення. Трымайце на бяспечнай адлегласці ад печы адзенне, мэблю, дровы, іншыя гаручыя матэрыялы. Попел варта выкідваць у спецыяльна адведзенае месца на бяспечнай адлегласці ад збудаванняў.

Акрамя таго, штогод перад ацяпляльным сезонам неабходна правяраць спраўнасць печы і дымавых труб (каналаў). Не забывайцеся іх перыядычна (не радзей чым раз на год!) чысціць ад сажы. Печы, паверхні труб і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць спраўнымі, без скразных расколін. Для таго каб вызначыць іх на ранняй стадыі, перад эксплуатацыяй комін рэкамендуецца абтынкаваць і пабяліць.

Выкананне правілаў пажарнай бяспекі зберажэ ваша жыццё ў перыяд ацяпляльнага сезона, і вы зможаце спакойна атрымліваць асалоду ад цяпла хатняга ачага ў халодны вечар.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».