Вы тут

Якія змены чакаюць ІП у новым падаткаабкладанні


Як вядома, эксперты-распрацоўшчыкі з Міністэрства фінансаў Беларусі рыхтуюць змены ў Падатковы кодэкс, якія могуць закрануць вельмі многіх індывідуальных прадпрымальнікаў. У аўторак на сайце Мінфіна быў апублікаваны праект гэтых зменаў. Дакумент досыць шырокі і складаецца з 186 старонак. Мы выбралі толькі самыя актуальныя і зразумелыя пытанні.


Фота: pixabay.com

Атрымліваць шэрыя даходы — не выгадна

Першае, на што звяртае сваю ўвагу бізнес-супольнасць, гэта адмена спрошчанай сістэмы (ССП) падаткаабкладання для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), адвакатаў і натарыусаў (якія працуюць праз бюро). Такую адмену плануюць ажыццявіць з 2023 года. Але, разам з тым, ССП у памеры 6 % застанецца для юрыдычных асоб. Адзіны падатак для «індывідуалаў» таксама збіраюцца адмяніць праз год і тры месяцы. Як гэта будзе адбывацца, нам абяцалі растлумачыць «на прыкладах» у прэс-службе падатковага ведамства. Чакаем…

А цяпер нас больш цікавяць будучыя змены падатковага заканадаўства, якія датычацца непасрэдна насельніцтва. Дык вось, новы дакумент значна робіць больш жорсткімі меры, якія павінны змагацца з так званымі «заробкамі ў канвертах». Запланаванае змяненне закране тых фізічных асоб, у якіх выдаткі апынуцца вышэй даходаў. У гэтым выпадку, пасля праверкі такім парушальнікам з сумы перавышэння прыйдзецца выплаціць падатак у памеры 20 %.

Увядуць новае паняцце — прафесійны даход

Па праекце дадзенага дакумента аб падаткаабкладанні, прафесійны даход — даход фізічных асоб ад дзейнасці, пры вядзенні якой яны не маюць працадаўца і не прыцягваюць фізічных асоб па працоўных дагаворах і (або) па грамадзянска-прававых дагаворах, а таксама даход ад выкарыстання маёмасці. Па сутнасці — гэта той жа прыбытак самазанятых людзей.

Падатак на прафесійны даход будзе выплачвацца з даходаў фізічных асоб ад рэалізацыі тавараў і паслуг у нашай краіне. «Аднак такім падаткам не будуць абкладацца даходы, напрыклад, ад аказання паслуг, выканання работ па грамадзянска-прававых дагаворах (калі заказчыкамі выступаюць арганізацыі, у якіх дадзеныя людзі працавалі на працягу апошніх двух гадоў), ад прадпрымальніцкай, натарыяльнай, адвакацкай дзейнасці,» — тлумачыць падатковы кансультант Аксана Коваль. Стаўка такога падатку складзе 10 %, а з даходу, які перавысіў на працягу каляндарнага года 60 000 рублёў — 20 %. Абкладацца падаткам на прафесійны даход будуць усе паступленні, у тым ліку і папярэдняя аплата, аванс і задатак. Нагадаем, што ў самазанятасці ёсць пералік абмежаванняў. Па заканадаўстве яны не могуць:

  • наймаць супрацоўнікаў;
  • весці дзейнасць, якая прадугледжвае рэгістрацыю ІП або юрыдычнай асобы;
  • парушаць санітарныя нормы, якія прадугледжаны для дадзенага віду работ.

Пры гэтым замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства атрымаць дадзены статус не могуць. Поўны спіс відаў дзейнасці для самазанятасці ў нашай краіне ўключае некалькі дзясяткаў тыпаў работ. Гэта і продаж жывёл, раслін, кветак, расады, насення; а таксама харчовай прадукцыі ўласнага прыгатавання (хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, гатовая кулінарыя); развядзенне кацянят і шчанюкоў з наступнай рэалізацыяй; фота — і відэаздымка; музычная, танцавальная, акцёрская дзейнасць і іншае.

Зменяцца стаўкі падатку за здачу кватэр у арэнду

Гэтым праектам з наступнага года запланавана нязначна павысіць стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб, якія здаюць жыллё ў арэнду (прыкладна на 2 рублі за пакой). Напрыклад, у Мінску цяпер за кожны пакой, які здаецца (незалежна ад эканамічнай зоны) трэба будзе заплаціць у наступным годзе 36,8 рублёў за кожны месяц. У абласных цэнтрах за кожны пакой — 34,5 рублёў падатку ў месяц. У такіх гарадах як Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк і Салігорск стаўка падатку за адзін пакой — 22,6 рублёў. У іншых гарадах абласнога, раённага падпарадкавання і пасёлках гарадскога тыпу стаўка падатку за здачу ў арэнду кожнага пакоя жылой кватэры ў 2022 годзе — 16,6 рублёў у месяц.

Падрастуць у наступным годзе зямельны падатак і падатак на нерухомасць. Збор з уладальнікаў аграсядзібаў у 2022 годзе падымуць да 31 рубля ў месяц (за сядзібу), а з 2024 года — адменяць.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».