Вы тут

Клопат і дапамога. Пажылым грамадзянам — асаблівая ўвага


За апошнія 10 гадоў доля пажылых людзей у Беларусі вырасла, і сёння колькасць такіх грамадзян складае больш за 1,5 млн, паведаміла падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня пажылых людзей, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна ФЁДАРАВА.


Фота: pixabay.com

Рост колькасці пажылых грамадзян сёння — сусветная тэндэнцыя, падкрэсліла спікер. Старэнне насельніцтва — заканамерны незваротны працэс, і звязаны ён з развіццём тэхналогій і ростам эканамічнага дабрабыту.

Па словах Таццяны Фёдаравай, у Беларусі на дзяржаўным узроўні папулярызуецца ідэя актыўнага даўгалецця. «З мэтай усебаковага ўліку пытанняў старэння і для прыняцця рашэнняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці нашага грамадства ў снежні 2020 года ўрадам была зацверджана Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце 2030», — паведаміла прадстаўнік Мінпрацы. Мэта стратэгіі — найбольш поўнае раскрыццё патэнцыялу пажылых людзей, а таксама ўстойлівае павышэнне якасці іх жыцця.

У Беларусі шырока развіта сетка ўстаноў сацыяльнай падтрымкі: 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, 83 стацыянарныя ўстановы, 155 аддзяленняў дзённага знаходжання пажылых. Дапамога «сярэбранаму пакаленню» шматузроўневая: ад сядзелкі і наведвання сацработнікам да навучання сваякоў догляду чалавека з дэменцыяй ці інваліда.

«Аддзяленні дзённага знаходжання вельмі папулярныя ў пажылых людзей, наведвае іх амаль 13 тысяч чалавек. Цэнтры займаюцца і вольным часам пажылых: гэта розныя гурткі, клубы па інтарэсах, дзе можна засвоіць навыкі, недаступныя раней, калі людзі былі занятыя працоўнай дзейнасцю, выхоўвалі дзяцей. А сёння гэта творчасць, фізкультура, здаровы лад жыцця, вывучэнне замежных моў і г. д.», — паведаміла Таццяна Фёдарава.

Асаблівую ўвагу ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання ўдзяляюць лічбавай адукаванасці пажылых людзей. Для іх вельмі важная ўключанасць у гэтыя працэсы: карыстанне мабільным тэлефонам, інтэрнэтам і г. д. Лічбы пацвярджаюць, што пэўныя станоўчыя зрухі ёсць. Напрыклад, сотавай сувяззю карыстаюцца 98 % пажылых жанчын і 94 % пажылых мужчын, персанальным камп'ютарам — 36 % мужчын і 31,5 % жанчын.

Вялікую ролю ў павышэнні камп'ютарнай адукаванасці пажылых людзей адыгрываюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, дзе працуюць камп'ютарныя клубы і вучаць карыстацца мабільнымі тэлефонамі і інтэрнэтам. Прыцягваюцца валанцёры, у тым ліку студэнты. ЮНФПА (Фонд ААН у галіне народанасельніцтва) і адзін з аператараў мабільнай сувязі распрацавалі дапаможнік для пажылых людзей, дзе даступнай, простай мовай напісана, як карыстацца ў мабільных тэлефонах інтэрнэтам, як шукаць неабходную інфармацыю. Больш за тое, цяпер у анлайн-рэжыме праводзіцца падрыхтоўка работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў для таго, каб яны маглі навучаць гэтым навыкам пажылых людзей. Такая праца дае свой плён.

«Калі ў 2016-м толькі 18 % пажылых мужчын карысталіся інтэрнэтам, то ў 2020-м — ужо больш за 46 %, сярод пажылых жанчын таксама станоўчая дынаміка — з 16 % у 2016 годзе да 50 % у 2020-м», — адзначыла Таццяна Фёдарава.

Асаблівая ўвага — здароўю пажылых людзей. Прадстаўнік міністэрства расказала, што ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй санаторыі разгарнулі асобную праграму санаторна-курортнага лячэння для пазачарговага аздараўлення тых, хто перанёс пнеўманію, асацыіраваную з COVІD-19. Каб атрымаць пуцёўку, трэба звярнуцца ў прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва не раней, чым праз месяц пасля выздараўлення. Такім правам з ліпеня мінулага года скарысталіся ўжо амаль дзве тысячы пажылых людзей і інвалідаў.

Каб зберагчыся ад цяжкіх наступстваў каранавіруса, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны герыятр Міністэрства аховы здароўя Людміла ЖЫЛЕВІЧ падчас прэс-канферэнцыі заклікала пажылых людзей прышчапіцца супраць COVІD-19.

«Вакцынацыя дае магчымасць жыць. Таму мы просім нашых пажылых грамадзян вакцынавацца своечасова, каб яны маглі адчуваць усе фарбы жыцця», — сказала Людміла Жылевіч.

Яна звярнула ўвагу на тое, што Міністэрства аховы здароўя робіць усё магчымае, каб зберагчы здароўе пажылых людзей. Так, для своечасовага аказання медыцынскай дапамогі людзям шаноўнага ўзросту, якія жывуць у сельскай мясцовасці, ужо створаны спецыяльныя мабільныя брыгады, а таксама павялічана колькасць машын хуткай дапамогі. Практыкуюцца кансультаванне па тэлефоне і з дапамогай інтэрнэту. Тэлемедыцынскія тэхналогіі падключаны ў 262 арганізацыях аховы здароўя — яны дазваляюць урачу агульнай практыкі з рэгіёна хутка атрымаць параду спецыяліста любога ўзроўню.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».