Вы тут

Сучасны музей. Экспазіцыю Старога замка дапоўняць інфакіёскі, электронныя вітрыны і відэамэпінг


Шэсць залаў, размешчаных у першай чарзе Старога замка ў Гродне, неўзабаве будуць даступныя для наведвання. Гасцей чакае экспазіцыя з выкарыстаннем розных інтэрактываў. Якія менавіта тэхналогіі будуць захоўваць і трансляваць гісторыю Старога замка, карэспандэнту сеткавага выдання zviazda.by расказалі супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.


Усяго па перыметры першай чаргі будзе ўстаноўлена больш за дзясятак розных інфакіёскаў. Кожная з установак будзе захоўваць асобную частку звестак, якія ў цэлым прадставяць адзіны аповед пра гісторыю Гродзенскай крэпасці і яго ключавой постаці — каралю Стэфане Баторыі. Таму галоўная роля лічбавых тэхналогій — даць наведвальніку магчымасць атрымаць цэласную і максімальна поўную карціну аб Старым замку.

Для гэтага будуць выкарыстаны інфакіёскі двух тыпаў – адны ў выглядзе інтэрактыўных празрыстых панэляў, якія ўманціраваныя ў экспазіцыйныя вітрыны, а другія — стандартныя інфарматыўныя панэлі з разнастайнымі звесткамі аб эпасе, падзеях, людзях і занятках.

Другой часткай інтэрактыву стануць відэапраекцыі або відэамэпінг. Агучаныя сюжэты з гісторыі Гродна і Замкавай гары будуць дэманстравацца ў залах у нон-стоп рэжыме. Рухомыя малюнкі, якія транслююцца праектарамі, напоўняць залы не толькі колерам і святлом, але і гукам. Такім чынам, у наведвальнікаў складзецца ўражанне прысутнасці ў старадаўнім замку ў розныя эпохі яго існавання, а таксама жыцця горада ў перыяд Сярэднявечча і пры жыцці самога Стэфана Баторыя.

Мне ўдалося пабываць амаль ва ўсіх залах, у якіх будуць выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі, азнаёміцца з інтэрфэйсам і ацаніць навінкі. Міні-экскурсію правёў Андрэй ВАШКЕВІЧ, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

— Першая зала раскажа пра гісторыю Замкавай гары і будаўніцтва Гродзенскага замка па эпохах. Таму асноўная маса прадстаўленых там прадметаў — гэта будаўнічы матэрыял у выглядзе позняй цэглы, маёлікавай пліткі, плінфы, рознага кшталту кафляў, а таксама ўнікальных элементаў партала, якія захаваліся з часоў польскага караля, — растлумачыў суразмоўнік.

У гэтай зале ўстаноўлена некалькі інфакіёскаў, якія па перыядах раскажуць пра эпохі ўзвядзення Старога замка – старажытнарускім, эпосе гатычнага замка, затым замка Баторыя. Сэнс  у тым, каб чалавек, які цікавіцца, змог не проста паглядзець на экспанаты і здзівіцца, але і даведацца, што гэта не проста, да прыкладу, спаласаваная цэгла, але поле для гульні ў вядомую сярэднявечную забаву, якая называецца «Дзевяць пляшучых мужчын». Кожны экспанат можна будзе дэталёва разгледзець і даведацца пра яго падрабязней.

Верагодна, адной з самых цікавых будзе зала, прысвечаная Гродзенскаму дзяцінцу XII-XIII стагоддзя і барацьбе з крыжакамі. Менавіта тут усталяваныя экспазіцыйныя вітрыны ў выглядзе інтэрактыўных празрыстых панэляў, а таксама праектары, якія дэманструюць агучаныя сюжэты з гісторыі Гродна і Замкавай гары ў выглядзе сцэн бітваў і бытавых замалёвак.

Загадчык аддзела гісторыі краю Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Яўген МАХНАЧ растлумачыў, што кожная інфармацыйная вітрына прысвечана пэўнай тэматыцы, згодна з якой падабраныя экспанаты. Спецыяльна пад  яе распрацаваны інтэрфэйс праграмы, які прадстаўляе дадатковыя звесткі аб прадметах, выстаўленых за шклом. Гэта кароткая гістарычная даведка аб рамёствах, частках узбраення воінаў, прадметах побыту. Можна будзе даведацца, да прыкладу, аб ганчарстве, ткацтве і кавальстве. Уся інфармацыя на гэтых вітрынах можа быць перакладзеная на шэсць моў – беларускую, рускую, англійскую, польскую, літоўскую і кітайскую.

У другім памяшканні залы ўсталяваны інфакіёск, які змяшчае інфармацыю аб усіх унікальных артэфактах, знойдзеных за час раскопак пры рэканструкцыі замка групай музейных супрацоўнікаў пры кіраўніцтве Наталлі КАЗЮКЕВІЧ, загадчыцы аддзела археалогіі музея. Сюды ж увайшлі сенсацыйныя знаходкі, зробленыя шмат гадоў таму. Сярод іх шашкі, шахматныя фігуркі князя Вітаўта і фрагменты гульнёвай дошкі, падвескі, грыўны і пражскія грошы, а таксама пярсцёнак-пячатка і залаты пярсцёнак XIV стагоддзя.

Што важна, сучасныя тэхналогіі дазволяць не літаральна, але «дакрануцца», да выстаўленых на вітрынах прадметаў. Маецца на ўвазе, што любую са знаходак можна будзе дэталёва разгледзець праз інтэрактыўную панэль, пакруціць, наблізіць або аддаліць. Артэфакт паўстане ў лічбавым выглядзе як 3D-мадэль.

У гэтай жа зале наведвальнікаў чакае максімальнае пагружэнне ў эпоху. Дапоўняць памяшканне відэа-праекцыі, якія дэманструюць сюжэты жыцця ўнутры Гродзенскага дзяцінца.

А вось зала, прысвечаная каралю Стэфану Баторыю, некалькі адрозніваецца па задумцы. Тут, тлумачыць Андрэй Вашкевіч, абраны іншы падыход  у запаўняльнасці інфакіёскаў.

— Калі ў першых дзвюх залах гэта былі звесткі аб экспанатах, тлумачальныя запіскі, разгорнутыя даведкі, то ў зале, прысвечаным Вялікаму Княству Літоўскаму ў эпоху Лівонскай вайны, абранню Стэфана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай, было вырашана скласці дадатак да існуючай экспазіцыі расповедам пра тое, чаго ў ёй не хапае. Напрыклад, як Стэфан Баторый стаў каралём, у якіх бітвах удзельнічаў, як змяніў войска, якім быў палітыкам…

Каля падобных “нямых” экскурсаводаў можна затрымацца надоўга. Інфармацыі там шмат і прадстаўлена яна ў шырокім аб'ёме, пачынаючы з сухой хронікі і заканчваючы арыгінальнымі летапіснымі згадкамі. На пытанне аб тым, ці будуць інтэрактыўныя панэлі ўтрымліваць нейкія гульні або візуальныя квэсты, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый КІТУРКА адказвае, што задача ў лічбавага напаўнення тут зусім іншая.

— Глядзець тэлевізар або гуляць у камп’ютарныя гульні можна і дома. Вы напэўна не будзеце хадзіць дзеля гэтага ў музей, які з'яўляецца вялізным сховішчам інфармацыі. Толькі ў адрозненне ад бібліятэкі, да прыкладу, якая ўтрымлівае тэкставыя звесткі, у нас захоўвацца інфармацыя ў выглядзе рэчаў, а падобныя электронна-лічбавыя дапаўненні дапамагаюць па-іншаму прадставіць тэст, які тлумачыць сутнасць гэтых прадметаў.

Пра тое, якія яшчэ залы «ажывуць», пакуль супрацоўнікі музея замоўчваюць, каб захаваць інтрыгу перад першымі наведвальнікамі. Аднак вядома, што ў залах Старога замка будзе дэманстравацца старажытная гравюра горада Гродна, выкананая Адэльгаўзерам-Цюнтам. Якой менавіта яна будзе, неўзабаве кожны зможа даведацца сам.

Нагадаем, што цяпер у Старым замку завяршаюцца работы па першай чарзе, дзе адбылася поўная рэканструкцыя. Амаль завершана работа па музеефікацыі. У цэлым жа рэстаўрацыя рэзідэнцыі падзелена на тры этапы. Зараз вядзецца падрыхтоўка да рэстаўрацыі каралеўскага палаца Стэфана Баторыя.

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.