Вы тут

Што зараз адбываецца ў кінамастацтве Беларусі


Нягледзячы на тое, што ў эпоху каранавіруса публікі ў кінатэатрах паменшала, кіно працягвае жыць і здзіўляць нас, у тым ліку і беларускае. Што адбываецца ў кінамастацтве Беларусі і ўсяго свету, чытайце ў новай рубрыцы «Звязды», якую пачынае на нашых старонках вядучы рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяна Команава.


Фота: pixabay.com

Восеньскае кінанадвор'е, як і сінаптычнае, любіць падкінуць неспадзяванак. І пакуль айчынны «Лістапад» яшчэ не набыў якіх-кольвек новых абрысаў, культурная суполка разважае, чым ён будзе адрознівацца пасля змены свайго галоўнага арганізатара. Безумоўна, акцэнты форуму зменяцца заўважным чынам. Але ці паўплываюць як-небудзь гэтыя змены на вытворчасць айчынных фільмаў? Ці чакаць нам, што Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прад'явіць публіцы новае беларускае кіно? Ці, мажліва, нашы кінематаграфісты натхняцца кінематографам сусветным і пачнуць падыходзіць да беларускага кінапрацэсу па-іншаму?

Размовы, навошта патрэбны буйныя фестывалі, узнікаюць з зайздроснай перыядычнасцю. Часцей за ўсё з падачы тых, хто лічыць, быццам на культуры і мастацтве можна эканоміць — дзеля гэтага варта выдаваць толькі такі культурны прадукт, які будзе прыносіць загадзя прагназаваны прыбытак. І кожны раз на абарону ўстаюць тыя, хто за фестывальнай «раскошай» бачыць важную працу. Да таго ж у ХХІ стагоддзі фестывалі фактычна падмянілі сабой класічную кінакрытыку, якая перамясцілася ў сферу прасоўвання канкрэтных фільмаў. Творчыя форумы даюць магчымасць не толькі прафесіяналам, але і самім гледачам выступіць у ролі калектыўнага эксперта.

Кожны можа назваць «тры кіты» кінафестывальнай прасторы: Каны, Венецыя і Берлін. Буйныя міжнародныя фестывалі, што праходзяць у гэтых гарадах, сфакусіраваныя на тым, што фарміруюць пэўныя трэнды: Берлінале — у кірунку сацыяльных і палітычных выказванняў, Венецыянскі аддае перавагу так званаму высокаму артхаусу, Каны абіраюць эталоны кіно, умоўна альтэрнатыўнага галівудскаму... Кожны з гэтых форумаў, разам з Манрэалем, Лакарна, Сан-Себасцьянам, Масквой, Карлавымі Варамі, Шанхаем і шэрагам іншых кінагарадоў, фарміруюць так званы найвышэйшы эшалон экранных твораў, на які сучасная кінаіндустрыя мусіць раўняцца. І ў пэўны момант можа скласціся ўражанне, што варта толькі здолець трапіць у праграму такога буйнога кінафоруму — і далейшы творчы поспех табе забяспечаны аўтаматычна.

Але рэальнасць выглядае іначай, заклікаючы звярнуць большую ўвагу на прынцыпова іншы тып форумаў накшталт Пекінскага кінафестывалю, які адзінаццаты раз праходзіў у кітайскай сталіцы і гэтым разам адбываўся з 17 да 30 верасня. Адметнасць гэтага кінафоруму: хоць 300 карцін і ўвайшлі ў сёлетнія паказы, нельга гаварыць, што ўвага больш засяроджаная на замежных стужках. Арганізатары лічаць аднолькава важным як сабраць панараму найбольш цікавага сусветнага кіно, так і найлепшым чынам прадставіць разнажанравую палітру айчынных кітайскіх стужак. І гэта аніякім чынам не ўспрымаецца як хітрае «лабіраванне» ўласнага кінапрадукту — міжнароднай кінаграмадскасці адкрыта даводзіцца, што тут, у Пекіне, яны могуць самі скласці ўласнае ўражанне, што цікавага з'явілася апошнім часам на экранах Паднябеснай.

Думаецца, што для таго, каб сучаснае беларускае кіно атрымала для свайго развіцця добры прафесійны... ці то імпульс, ці то выспятак, не трэба пад выглядам уласнай сціпласці баяцца станавіцца ў адзін шэраг з замежнымі стужкамі. Сёння, наадварот, найбольш важна выцягваць на святло ўсю стракатасць айчыннага кінапрадукту, які ў пэўных праявах можа быць сырым, наіўным ці, наадварот, залішне заштампаваным. Але ён мусіць выходзіць на суд гледачоў, бо толькі так можа займець які-кольвек шанц на тое, каб развівацца.

Дык чаго ж варта чакаць ад «Лістапада», да пачатку якога засталося менш за два месяцы? На мой погляд, у самай меншай ступені істотна, хто непасрэдна і якія ўзнагароды атрымае. Бо пакуль што ніводзін, нават самы «залаты», дыплом айчыннага кінафоруму не аказвае ўплыву на будучыя вытворчыя бюджэты беларускіх фільмаў. А вось узнікненне «свежага» кола прафесіяналаў, якое створыць прастору для абмеркавання айчыннага кіно, — істотна. І няма сумневу, што размоў, чаго не хапае беларускаму кіно сёння, падчас «Лістапада» будзе дастаткова. Толькі хацелася б, каб з гэткай жа інтэнсіўнасцю і імпэтам айчынныя кінадзеячы абмяркоўвалі, што ў сучасным айчынным кіно вартае, каб быць заўважаным. І пры якіх умовах гэтыя кіназярняты могуць прынесці годны ўраджай. Без гэтага любы фестываль застанецца ўсяго толькі кінапраглядам для пэўнага кола. Пры тым, што сёння «Лістапад» мае ўсе шанцы стаць мастацкім нівелірам для новага беларускага кіно.

Таццяна КОМАНАВА

Загаловак у газеце: У кадры — фестывалі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.