Вы тут

Як музей Янкі Купалы частаваў жыхароў Турцыі боханам і караваем


У Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы жыццё вельмі актыўнае. Напрыканцы верасня музей здзейсніў падарожжа ажно ў Турцыю. Прымеркавана гэта да штогадовага міжнароднага праекта «Янка Купала ў дыялогу культур». Але і гэта не ўсё. Ужо ў 2022 годзе будзе адзначацца юбілейная дата — 140-годдзе з дня нараджэння паэта. «Звязда» сустрэлася з супрацоўніцамі музея Марыяй Бартковай і Анжалікай Верамеенкай, каб даведацца аб Стамбульскіх вакацыях і планах наконт святкавання круглай даты.


— Якім чынам абіраецца краіна, у якой адбываецца свята?

— «Янка Купала ў дыялогу культур» — гэта праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які ладзіцца з 2012 года ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У яго аснове — выстаўка рукапісаў, фотаздымкаў, дакументаў, асабістых рэчаў Янкі Купалы, які як паэт і грамадскі дзеяч быў народным дыпламатам, адкрываў Беларусь для сваіх замежных сучаснікаў. Пачынаўся праект у тых краінах, якія наведваў сам Янка Купала: Арменія, Грузія, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Славакія, Украіна, Фінляндыя, Чэхія. Дзякуючы падтрымцы прадстаўнікоў дыпламатычных місій у розных краінах, геаграфія праекта пашырылася на Аргенціну, Венгрыю, Францыю, адкуль паходзіла цешча Янкі Купалы, на Кітай, дзе першая выстаўка нашага музея адбылася ў далёкім 1957 годзе, на Ізраіль, дзе ініцыятыва выхадцаў з Беларусі была падтрымана і плошча ў горадзе Ашдод атрымала імя паэта. У кожнай краіне прадстаўляем жыццё і творчасць Янкі Купалы ў розных ракурсах і фарматах, але неад'емнай часткай заўсёды з'яўляецца акцыя «Чытаем Купалу разам» — усе ўдзельнікі праекта могуць пачуць, прачытаць творы паэта як у арыгінале, так і ў перакладзе на сваю родную мову. Сёлета атрымалі запрашэнне наведаць Турцыю ў час, калі беларусы святкуюць Багач.

— Раскажыце, калі ласка, аб тых мерапрыемствах, што адбыліся сёлета ў Стамбуле.

— Камандзіроўка была сапраўды цудоўная! У першы дзень мы наведалі Музей пісьменніка Архана Памука (Музей цнатлівасці), а таксама музей Адама Міцкевіча. З іх кіраўнікамі паразмаўлялі аб перспектывах міжмузейнага супрацоўніцтва і дамовіліся аб сумесных выстаўках. Напрыклад, вялася гаворка, каб некаторыя з фотаработ Архана Памука былі прадстаўлены ў Мінску.

На другі дзень у Беларускім парку сяброўства пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Стамбуле адбылося адкрыццё выстаўкі «Янка Купала ў дыялогу культур». Безумоўна, чыталі Купалу разам: вершы паэта прагучалі на беларускай, рускай, турэцкай і азербайджанскай мовах. А на развітанне мы зладзілі Багач — традыцыйнае восеньскае свята ўраджаю. Вельмі ўразілі ўдзельнікаў імпрэзы тым, што прывезлі з Беларусі жытнёвы сноп-гаспадар і вянок з гронкамі каліны для жняі-царыцы — найбольш увішнай дзяўчыны, якая больш за ўсіх нажала збожжа. Усе прысутныя атрымалі падарунак з пажаданнем дабрабыту, багацця і шчасця — мяшэчак зерня новага ўраджаю з Вязынкі, радзімы Янкі Купалы.

— Чым асабліва запомнілася свята?

— Напэўна, тым, што, знаходзячыся так далёка ад Беларусі, мы навучылі прысутных называць часткі хлеба па-беларуску: прывезлі жытняга хлеба і распавялі, што кавалак з краю — акрайчык, з сярэдзіны — луста, а звонку бохана — скарынка. Гэта спадабалася не толькі мясцовым, але і нашым беларусам, якія шмат гадоў жывуць у Стамбуле. А яшчэ ўсе з задавальненнем частаваліся беларускім караваем з традыцыйным упрыгажэннем і нават праспявалі разам любімую песню Янкі Купалы «Кура-шчабятура» — яе тэкст беларускай лацінкай даволі лёгка засвойваецца прадстаўнікамі розных культур.

— Якія асаблівасці праекта «Янка Купала ў дыялогу культур» для жыхароў Беларусі?

— Экспазіцыя ў Мінску інтэрактыўная, ужо ў фае наведвальнікі могуць самастойна альбо ў дыялогу з экскурсаводам атрымаць інфармацыю пра музей і яго чатыры філіялы праз інфакіёск. Там ёсць адмысловы кантэнт, рубрыка, дзе кожны можа націснуць на сцяжок сваёй краіны і прачытаць вершы Янкі Купалы ў перакладзе на родную мову.

— Напэўна, запланаваны і мерапрыемствы, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння Песняра?

— Наступны год мы выкарыстаем для таго, каб больш актыўна паказаць скарбы нашых фондаў: найперш рукапісы Купалы, артэфакты з яго жыцця, што непасрэдна пераносяць нас у далёкі час. Таксама ў 2022 годзе споўніцца 100 гадоў зборніку «Спадчына». Гэта чацвёрты зборнік у творчай скарбонцы паэта, да юбілею якога рыхтуецца аднайменная выстаўка. Музей гатовы супрацоўнічаць з выдавецтвамі, каб зрабіць беларусам падарунак — факсімільнае выданне «Спадчыны», якое, магчыма, узбагаціцца рукапісам знакамітага верша і здымкам аўтара. Таксама спадзяёмся ажыццявіць другое выданне каталога фотаздымкаў Янкі Купалы «Ты гэтых вачэй не забудзь», які раней распаўсюджваўся толькі як сувенірная прадукцыя.

Тое, над чым мы працуем зараз і што плануем прадставіць грамадскасці, — новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Грай, мая жалейка» ў філіяле Яхімоўшчына, прысвечаная першаму зборніку паэта, якая прадставіць новыя звесткі пра жыццё Янкі Купалы, адшуканыя ў архівах Беларусі, у нашчадкаў тых, з кім ён сябраваў.

На юбілейны год мы плануем стварэнне навукова-асветніцкага рэсурсу «Янка Купала», які дасць доступ усім карыстальнікам інтэрнэту да першакрыніц — алічбаваных калекцый рукапісаў паэта. Збор аўтографаў Купалы, які захоўваецца ў нас, — самы вялікі ў свеце.

Сачыце за нашымі навінамі  ў сацыяльных сетках і далучайцеся да творчасці Янкі Купалы!

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Чытаем Купалу разам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».