Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з дэлегацыяй Саюза жанчын Расіі


— Я рада вітаць вас у Савеце Рэспублікі і рада знаёмству, — прывітала яна ўдзельніц сустрэчы і расказала, што з Саюзам жанчын Расіі пазнаёмілася падчас Еўразійскага жаночага форуму ў Санкт-Пецярбургу, які праходзіў пад старшынствам Валянціны Мацвіенка. — Зараз мы зноў рыхтуемся да гэтай важнай падзеі. Я рада таму, што такія добрыя адносіны складаюцца паміж нашымі арганізацыямі.


Спікер верхняй палаты беларускага парламента звярнула ўвагу на значнасць супрацоўніцтва жаночых арганізацый дзвюх краін: 

— Жанчыны могуць многае. Я заўсёды кажу: мы можам усё. Нам трэба толькі аб’яднаць свае намаганні для таго, каб сумесна вырашаць тыя глабальныя задачы, якія стаяць сёння перад нашымі краінамі, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна з жалем канстатавала, што сённяшні дзень для Беларусі пачаўся з сумнай падзеі: развітаннем з супрацоўнікам КДБ, маладым афіцэрам, патрыётам сваёй краіны, які загінуў пры выкананні службовага абавязку: 

— Так склалася, што ён загінуў, абараняючы сваю краіну. У 2020 годзе мы сутыкнуліся з сур’ёзнай бядой: шмат у чым для нас гэта было нечакана, — расказала Наталля Качанава і прыгадала той адносна нядаўні перыяд. — Я часам прачыналася і думала: няўжо я ў Беларусі? І сёння гэтыя сілы, якія ўздзейнічаюць на нашу краіну, робяць усё, каб дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры Беларусі, каб зламаць, разарваць нашу краіну. У гэтым няма ніякага сумневу. І гэты малады хлопец загінуў, выконваючы свой абавязак па абароне Радзімы і нашага народа. Адбылася трагедыя.

Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла: краіна выстаяла ў той складаны перыяд, зробіць гэта і зараз. Таксама яна падзякавала расійскаму боку за падтрымку:

— Вы заўсёды былі побач з намі. Гэтая падтрымка была патрэбна тады, як патрэбна і цяпер, калі ідзе падпісанне дарожных карт, калі ідзе сумесны рух у рамках інтэграцыйных працэсаў паміж нашымі краінамі, — акцэнтавала яна на важнасці гэтых працэсаў.

У сваю чаргу дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі, сакратар Прэзідыума Цэнтральнага савета партыі «Справядлівая Расія — патрыёты — за праўду» па пытаннях культурнай палітыкі Алена Драпека падзякавала Саюзам жанчын дзвюх краін за арганізаваную сустрэчу. 

— У нас была магчымасць пагутарыць не толькі з бізнесам, дзелавымі коламі, журналістамі, але і паміж сабой. Мы дамовіліся аб супрацоўніцтве па некалькіх тэмах, — паведаміла яна і расказала, што ў Дзяржаўнай думе курыруе дзве працоўныя групы: адна разглядае пытанне аб незаконным вывазе культурных каштоўнасцяў, сфера дзейнасці другой — пошукавыя атрады. 

— Разам з Беларуссю мы знаходзімся ўнутры ЕАЭС, дзе сёння не ўрэгуляваныя пытанні ўнутранага перамяшчэння культурных каштоўнасцяў і адзіных рэестраў выкрадзеных культурных каштоўнасцяў, забароненых да вывазу, — адзначыла парламентарый.

Паводле яе слоў, гэтыя рэестры патрэбныя для мытных і памежных органаў абедзвюх краін пры перамяшчэнні каштоўнасцяў у трэція краіны.

Што датычыцца другога напрамку для ўзаемадзеяння — дзейнасці пошукавых атрадаў — у Расійскай Федэрацыі сутыкнуліся з праблемай, калі археалагічныя помнікі і зямля знаходзяцца ў асобным абароце, а астанкі вайскоўцаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай, Першай сусветнай войнаў, не знаходзяцца ў гэтым спісе. 

— Прыватныя ўласнікі часам перашкаджаюць правядзенню пошукавых работ на сваёй тэрыторыі, — патлумачыла яна і прапанавала вырашыць гэтыя пытанні на заканадаўчым узроўні. — Мы будзем працаваць сумесна і, магчыма, выйдзем на пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю, а магчыма, і ўнутры ЕАЭС па гэтых пытаннях.

Трэба сказаць, што ў складзе расійскай дэлегацыі была рэктар Санкт-Пецярбургскага сацыяльна-эканамічнага інстытута, старшыня Санкт-Пецярбургскага рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Саюз жанчын Расіі» — «Жаночы альянс» Алена Калініна. Яна расказала, што задача арганізацыі — развіццё сяброўскіх і міжнародных адносін паміж кампаніямі і людзьмі. 

— Летась мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве з Саюзам жанчын Беларусі. Мы вызначылі цэлы шэраг мерапрыемстваў для таго, каб насыціць дагавор рэальным зместам і каб наша дзейнасць была карыснай, — падкрэсліла яна. — Каб вызначыць шляхі і тактыку развіцця, неабходныя асабістыя сустрэчы. Якой бы ні была дасканалай сучасная камунікацыйная тэхніка, асабістая сустрэча — гэта вельмі важна. Мы вядзем канструктыўную размову, гаворым аб будучыні, гаворым аб тым, якія фактары стварыць альбо ліквідаваць для таго, каб супрацоўніцтва жанчын Расіі і Беларусі было эфектыўным.

Яна расказала аб праекце «Жанчыны Расіі і Беларусі: місія стварэння»:

— Мне здаецца, што ў процівагу ўсім партэсным дзеянням, скажэнню гісторыі і спробам разбурыць добрае стаўленне і павагу адно да аднаго, мы хочам прадставіць наша жаданне супрацоўнічаць. І мы абмяркоўваем канкрэтныя меры: выставы, канферэнцыі, умовы для супрацоўніцтва кампаній, і таму ў складзе нашай дэлегацыі кіраўнікі бізнесу і бізнес-асацыяцый, — патлумачыла Алена Калініна.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».