Вы тут

Больш за сорак гадоў выпісвае «Звязду» былая настаўніца з вёскі Тэўлі


На такіх адданых і, галоўнае, актыўных чытачах газета трымаецца. Клаўдзія Іванаўна Літвінчук з вёскі Тэўлі выпісвае «Звязду» больш за сорак гадоў. І не проста чытае, робіць выразкі, адкладвае асабліва цікавыя матэрыялы, часам тэлефануе, прапаноўвае, падказвае. За апошнія два дзесяцігоддзі аўтар гэтых радкоў пісала некалькі матэрыялаў па падказцы чытачкі.


Калі жыццё віруе

Разам з Клаўдзіяй Іванаўнай мы некалі змагаліся супраць закрыцця гандлёвага пункта на чыгуначнай станцыі, імкнуліся дапамагчы прыватнаму прадпрымальніку набыць памяшканне даўно закрытага магазіна, расказвалі пра вялікую настаўніцкую дынастыю. Пра такіх, як яна, кажуць: чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, не можа прайсці міма любой несправядлівасці і абавязкова заўважае ўсё добрае, прыгожае. А яшчэ ўсім дапамагае: як людзям, так і братам нашым меншым. У яе на падворку жыве шэсць катоў, былыя бадзяжныя выглядаюць гладкімі, дагледжанымі. А стане карміць курэй — дзікія галубы прылятаюць, за імі — чарада вераб'ёў, усім падсыпае зярнят гаспадыня. «Учора каты раздзерлі вужа, што запоўз на падворак, — расказвае, — дык я плакала, так шкадавала». Яна любіць, калі вакол жыццё віруе, калі шмат рознай жыўнасці.

У яе гады мала хто трымае ўласную гаспадарку, але ж яна заўсёды была актыўнай і рухавай. Пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута ў 1968 годзе стала працаваць настаўніцай. А потым куды толькі жыццё не закідвала! Адзін час нават была тэхнікам-геолагам у геалагічнай партыі. А ў канцы 1970-х, калі школу, дзе працавала, закрылі, давялося некалькі гадоў пабыць паштальёнам. Тады, як той казаў, і падсела на разнастайную перыёдыку. У той час выпісвала 28 розных выданняў.

Найлепшая гадзіна

Такая ў яе пазіцыя: каб людзям рэкамендаваць, трэба ж самой ведаць. Былі сярод падпіскі навукова-папулярныя, дзіцячыя, жаночыя часопісы, самыя розныя газеты. З многімі з тых выданняў Клаўдзія Іванаўна сябравала яшчэ доўгія гады, на гарышчы і зараз ляжаць падшыўкі асобных часопісаў. Цяпер з таго вялікага яе асабістага каталога засталіся «Звязда» і раёнка, якія лічыць найлепшымі сябрамі. А вось прывычка рабіць падарункі ў выглядзе падпіскі засталася назаўсёды. Меншым унукам яна да гэтага дня выпісвае выданні пазнавальнага характару, старэйшаму — яго прафесійную газету, а для дачкі і нявесткі найчасцей афармляе падпіску на часопісы па гаспадарцы.

— «Звязда» прыходзіць кожны дзень. Гадзіна з асалодай чытання на роднай мове для мяне — найлепшы час сутак, — расказвае былая настаўніца. — Чытаю амаль усё. І пачынаю з анекдотаў на апошняй старонцы. Яны ў вас такія дасціпныя, сапраўды смешныя. Люблю аўтарскія калонкі, вядома, «Народ на провадзе», з задавальненнем прачытваю матэрыялы пра гістарычныя падзеі і гістарычных асоб. З цікавасцю чытаю пра розныя населеныя пункты краіны, пра вёскі. Вось вы пісалі не так даўно пра маё роднае Павіцце, што там 1300 чалавек насельніцтва і ў школе займаюцца 130 вучняў. А калі я ў школу хадзіла, у ёй вучылася 600 дзяцей, а ў вёсцы пражывала 5 тысяч чалавек.

— Асабліва люблю аповеды журналістаў з розных вандровак, — працягвае Клаўдзія Іванаўна. — Я ў свой час паездзіла па былой вялікай краіне. Некалі наша група ў інстытуцкім сацспаборніцтве заняла першае месца сярод трох тысяч студэнтаў, і нас узнагародзілі паездкай у Ленінград, дзе мы былі сем дзён. Тады я ўлюбілася ў гэты горад. Потым ужо не раз вазіла дзяцей на экскурсію.

Аб'ехаць Саюз аўтобусам

— А пасля чацвёртага курса ў нас была такая практыка, якая сучасным студэнтам, мабыць, і не снілася. За месяц вандроўкі на аўтобусе будучыя географы паглядзелі ледзь не ўвесь Савецкі Саюз. Інстытут плаціў за аўтобус аўтабазе ў дзень 90 рублёў — па тым часе даволі вялікія грошы. Мы ўзялі з сабой палаткі, усе прылады для жыцця ў палявых умовах і рушылі ў дарогу. Пачалі агляд з Масквы. Некалькі дзён правялі ў сталіцы, далей — Барадзінскае поле, і праз Разань, Курск, другія гарады ўзялі курс на Каўказ. Па дарозе не міналі славутасцяў, напрыклад, у Яснай Паляне наведалі магілу Талстога. А ў Пяцігорску глядзелі лермантаўскія мясціны, і на гару Машук уздымаліся, потым былі ў Арджанікідзэ, у Грозным. Пабывалі на той практыцы і ў Тбілісі, памятаю, як падымаліся ўгару, каб трапіць на магілу Грыбаедава. Па ваенна-грузінскай дарозе праехалі, узялі курс на Ерэван. Міма замка царыцы Тамары праязджалі, а калі да Ерэвана засталося менш за сотню кіламетраў, паляцеў задні мост у аўтобуса. Нашы кіроўцы выглядалі вельмі разгубленымі. Выклікаць з Брэста другі аўтобус было нерэальна. Пазванілі ў Ерэванскую аўтабазу, адтуль прыслалі аўтобус і машыну тэхнічнай дапамогі. А механік, што прыехаў, як высветлілася, служыў у Брэсце. Гэта ўжо быў амаль зямляк. Адным словам, наш аўтобус адрамантавалі, за гэта нічога нават не ўзялі. А дырэктар аўтабазы, здзівіўшыся, што ўсю паездку мы жывём у палатках, уступіў нам для начоўкі свой аграмадны кабінет. Назаўтра для нас правялі грунтоўную экскурсію па Ерэване, пабачылі і возера Севан.

За месяц той практыкі мы наведалі мноства самых розных прадпрыемстваў Савецкага Саюза, нават цяпер памятаю, як уразіў завод па вытворчасці камбайнаў у Растове-на-Доне. Праехалі па ўзбярэжжы Чорнага мора з прыпынкамі на адпачынак і купанне. Вядома, большасць з нас упершыню бачылі мора. Для будучых настаўнікаў геаграфіі гэта была надзвычай пазнавальная паездка. Назад вярталіся праз Херсон, Харкаў, Кіеў. Пасля другога курса былі на практыцы ў Карпатах і Закарпацці. З гадамі зразумела, што вучоба была самым цікавым этапам жыцця. Да гэтай пары захоўваю пасведчанні турыста СССР і інструктара па турызме.

Як пытанне падвозу дзяцей вырашыла

Згадвала былая настаўніца, як з дзецьмі аб'ездзіла ўсю Беларусь, экскурсіі для школьнікаў лічыла часткай вучэбнай работы. Паводле яе пераканання, чалавек павінен ведаць сваю краіну, па магчымасці бываць і недзе далей. Які прадмет ні выкладала, старалася дзяцей заразіць цікавасцю да вандровак, імкненнем пазнаваць новае. А выкладаць за гады работы ў сельскіх школах давялося ўсе прадметы, акрамя матэматыкі і замежнай мовы.

Клаўдзія Літвінчук заўсёды была актывісткай, больш за 20 гадоў узначальвала прафкамы розных школ. А калі працавала ў Рынках, вырашыла пытанне падвозу дзяцей. Тады пра школьныя аўтобусы ніхто не чуў. Добра, калі рэйсавы быў вучням па дарозе. А ў Рынкі, дзе вучыліся 240 хлопчыкаў і дзяўчынак, аўтобус хадзіў па выхадных, яшчэ ў сераду і пятніцу. Такім чынам, у панядзелак, аўторак і чацвер многім вучням належала пераадольваць дарогу ў пяць кіламетраў у адзін бок. «Сама я хадзіла праз балота, — згадвае Клаўдзія Іванаўна, — так атрымлівалася тры кіламетры. А бацькі не рызыкавалі пускаць дзяцей па дрыгве». Так і хадзілі вучні раніцай пяць кіламетраў і пасля абеду столькі ж. Было гэта недзе ў сярэдзіне дзевяностых. Настаўніца Літвінчук як старшыня прафкама па тэлефоне звярнулася да дырэктара Кобрынскай аўтабазы. Ёй ветліва адказалі, што няма такой магчымасці. Тады яна напісала ў райгазету, прыйшоў такі ж адказ, толькі пісьмовы. Але яна здавацца не збіралася, напісала ліст тагачаснаму старшыні аблвыканкама Уладзіміру Заламаю. Пісьмо ўзялася адвезці ў Брэст маці аднаго з вучняў (у губернатара быў прыём грамадзян).

— Справа была ў пятніцу, — успамінае Клаўдзія Іванаўна. — А ў панядзелак нам пазванілі з той жа аўтабазы, каб удакладніць маршрут, найбольш зручны для дзяцей. Аўтобус, дарэчы, у вёску ходзіць і цяпер, і ўсім жыхарам навакольных сёлаў зручна.

Так што многія аднавяскоўцы да гэтай пары раяцца з ёю, калі хочуць напісаць зварот у органы ўлады альбо пайсці на прыём. Чым можа, дапамагае, і не толькі парадай. Напрыклад, недалёка жыве 95-гадовая Галіна Ісакаўна, што некалі працавала старшынёй сельсавета. Жанчына страціла мужа, адзінага сына, сваякі жывуць далёка. Клаўдзія Іванаўна забягае да яе амаль кожны дзень. Бывае, дапаможа есці зварыць сталай жанчыне, у хаце прыбраць, а галоўнае, пагаварыць, падтрымаць.

Вечарам пазваніла, расказала, што кнігу — падарунак ад «Звязды» і дыплом наш насіла паказаць Галіне Ісакаўне: «Дамовіліся, што заўтра вазьму акуляры і пачытаю ёй: маю старэйшую сяброўку надта зрок падводзіць». А першай са звяздоўскімі ўзнагародамі павіншавала нашу чытачку старшыня Тэвельскага сельскага Савета, яе вучаніца, Іна Кузняцова.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Найлепшым падарункам заўсёды лічыла падпіску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?