Вы тут

У промнях і цені вялікага таленту Аляксандры Клімавай


Актрыса тэатра і кіно Аляксандра Клімава ўвайшла ў плеяду творцаў, якія складаюць залаты фонд беларускай культуры і мастацтва. Яна паспела папрацаваць у тэатрах Магнітагорска, Масквы, Адэсы, Харкава і Кіева, аднак не будзе памылкай сказаць: увесь свой талент Аляксандра Іванаўна аддала беларускай сцэне — Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага. Учора, 1 кастрычніка, — роўна 100 гадоў з дня нараджэння заслужанай артысткі БССР, народнай артысткі СССР і БССР.


Аляксандра Клімава.

Першыя крокі да поспеху

Аляксандра Клімава нарадзілася ў вёсцы Затабольск Кастанайскай вобласці Казахстана ў шматдзетнай сям’і. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Магнітагорску, дзе скончыла сярэднюю і музычную школы, а ў 1941 годзе пачала працаваць на металургічным заводзе. Першыя крокі ў акцёрскім мастацтве зрабіла на сцэне Магнітагорскага народнага тэатра. У час Вялікай Айчыннай вайны выступала ў ваенных шпіталях. У 1942 годзе Аляксандру Клімаву запрасілі ў Магнітагорскі драматычны тэатр імя Аляксандра Пушкіна. Ужо на гэтай сцэне да яе прыйшоў першы поспех. Тут яна сыграла Алену Мядзведзеву («Слава» В. Гусева), Кацю («Варвары» М. Горкага), Аню («Вішнёвы сад» А. Чэхава) і іншых гераінь.

У 1945 годзе Аляксандра Клімава паступіла ў Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Міхаіла Шчэпкіна ў Маскве, стала вучаніцай славутай актрысы Веры Пашэннай. Падчас вучобы прымала ўдзел у спектаклях Малога тэатра, а ў 1949 годзе атрымала запрашэнне ў Адэскі рускі драматычны тэатр імя Андрэя Іванова. У 1951–1954 гг. працавала ў Кіеўскім рускім драматычным тэатры імя Лесі Украінкі, дзе стварыла натхнёныя вобразы маладых класічных гераінь: Машы («Жывы труп» Л. Талстога), Ніны («Маскарад» М. Лермантава) і іншых. У 1954–1956 гг. Аляксандра Клімава іграла ў Харкаўскім рускім драматычным тэатры імя Аляксандра Пушкіна. У 1956 годзе актрыса атрымала запрашэнне ў Мінск, у Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР імя Максіма Горкага, на ролю Камісара ў «Аптымістычнай трагедыі» Усевалада Вішнеўскага. Як адзначаюць у тэатры, з гэтага моманту і да канца жыцця творчы лёс Аляксандры Клімавай звязаны з эпохай развіцця тэатральнага мастацтва Беларусі.

У ролі Камісара («Аптымістычная трагедыя», 1957 г.).

Прынцыповасць і дабрыня

Мужам Аляксандры Клімавай быў акцёр Андрэй Душачкін-Карсакоўскі. Ён прыехаў у Мінск (як раней і ў іншыя гарады) толькі з-за жонкі, якой прапаноўвалі тут галоўныя ролі і перспектывы ў прафесіі. Як артыст ён, напэўна, дасягнуў бы значна больш, калі б застаўся ў родным Кіеве, дзе працаваў у тэатры імя Лесі Украінкі. У свой час Андрэй Валянцінавіч і вярнуўся на радзіму, праўда, ненадоўга: у Мінску ўжо рос сын Андрэй, якому быў патрэбен бацька. На вяртанні настаяла Аляксандра Клімава.

Няхай Андрэй Душачкін-Карсакоўскі сыграў шмат роляў, у тым ліку ў тэатры Горкага, у прафесіі ён адбыўся больш як педагог: шмат гадоў быў выкладчыкам у тэатральна-мастацкім інстытуце. З кар’ерай акцёра не атрымалася — творца знаходзіўся ў цяні таленту жонкі і свядома адышоў на другі план. Магчыма, і ў штодзённым жыцці гэтым творчым асобам было нялёгка. Аляксандра Іванаўна ніколі не належала быту.

Іх сын Андрэй Душачкін мала ўзяў ад напорыстага характару маці. Як заўважаюць сябры і калегі, далікатнасць, мяккасць, дыпламатычнасць — усё гэта ад бацькі. Сам акцёр адзначае, што ад мамы атрымаў у спадчыну прынцыповасць, ад таты — дабрыню.

Рэплікі падчас відовішча

Нарадзіцца ў вельмі вядомай сям’і — складаная доля. Гаворка тут найперш пра з’яву, пра якую ў сына Клімавай і Душачкіна пытаюцца ледзь не кожны раз на інтэрв’ю: што трэба для таго, каб выйсці з ценю таленавітых бацькоў, як знайсці ўласны шлях, як зрабіць сабе імя ў мастацтве... Часта заслужаны артыст Беларусі Андрэй Душачкін адказвае: «Мне пашанцавала». Аднак за гэтым стаіць вельмі многае, у тым ліку асаблівасці выхавання.

На фарміраванне асобы можа паўплываць любая дэталь, і пастаяннае знаходжанне маленькага Андрэя ў тэатры, дзе яму, між іншым, было вельмі цікава, зрабіла сваю справу. Спроба аддаць дзіця ў садок не ўдалася — ён катэгарычна адмовіўся туды хадзіць. Бацькі былі вымушаны браць з сабой на працу (а гэта не толькі знаходжанне на рэпетыцыях і спектаклях, але і гастролі па Савецкім Саюзе), з чым звязана шмат непаўторных гісторыі. Адна з найбольш запамінальных здарылася падчас пастаноўкі. Вось як гэта ўспамінае Андрэй Андрэевіч у кнізе «Па той бок люстэрка»: «На спектаклі „Антоній і Клеапатра“, дзе бацька іграў Цэзара, а мама, адпаведна, Клеапатру, я сядзеў у ложы на каленях у кагосьці з нашых сяброў. Потым у антракце узяў з таты абяцанне, што ў другім дзеянні ён надзене шлем з пяром, якія насілі высакародныя рымляне той эпохі (з гэтым шлемам я часта гуляў за кулісамі, і ён мне вельмі падабаўся). Па ходзе дзеяння тату-Цэзару гэты шлем быў зусім не патрэбен, але, каб я адчапіўся, ён паабяцаў... І калі я ўбачыў, што на галаве ў таты нічога няма, зароў на ўвесь тэатр, што гэта зусім не Цэзар, а мой тата, што ён абяцаў надзець шлем і не надзеў! Гледачы былі ў захапленні, акцёры — таксама, тату давялося павярнуцца да залы спінай, каб ніхто не бачыў, як ён рагоча. А я плакаў...» 

Успамінаў і такое: «На спектаклі „Марыя Сцюарт“ у самы трагічны момант, калі маму-Марыю вялі караць смерцю, усю ў чырвоным — уражальнае відовішча! — я пацягнуўся, пазяхнуў і на ўсю глядзельную залу вымавіў: „Зараз маме адсякуць галаву, і мы пойдзем дадому“».

У ролі Антаніны Раманавай («Ноч анёла», 1987 г.).

Цягнуць сваю лямку

Адносіны з бацькамі Андрэй Душачкін называе сяброўствам. Але маці і бацька былі вельмі розныя людзі, у тым ліку па тэмпераменце. Іх аб’ядноўвалі мастацтва і сын. Як успамінае акцёр, Аляксандра Клімава служыла тэатру з поўнай аддачай, самазабыўна. У дзень спектакля, калі яна настройвалася на ролю, у доме ўсё замірала. Часта Андрэй ДушачкінКарсакоўскі браў сына, і яны гадзінамі гулялі, каб не замінаць падрыхтоўцы актрысы. Усе праблемы і свае прафесійныя перажыванні яна несла ў сям’ю, абрушваючы на родных.

Сын акцёраў вельмі добра вучыўся ў інстытуце. На яго паступіла пяць заявак з розных месцаў. Кіраўнік курса Валерый Раеўскі запрашаў да сябе ў Купалаўскі... Аднак Андрэй Душачкін выбраў Рускі тэатр. «Сам я меў намер ісці ў штат „Беларусьфільма“: надзвычай падабаўся свет кіно... Але на сямейнай нарадзе мама сказала: „Не дуры. Не перапыняй традыцыю, ідзі на Валадарскага, 5“. Я паслухаўся і не шкадую. Заўсёды адчуваў сябе зусім самастойным творчым чалавекам і не мучыўся тым, хто і як мяне ўспрымае і што пра мяне скажа». Дарэчы, акцёр свядома працуе пад прозвішчам Душачкін, як Душачкін-Клімаў публікуе мастацкія творы.

Калі ігра сына ў спектаклі падабалася Аляксандры Іванаўне (так сын называў яе ў працоўны час), яна магла сказаць пра гэта, але наогул была захоплена сваёй творчасцю. За гады вучобы Андрэя Душачкіна яна прыйшла толькі аднойчы: паглядзець на яго ў дыпломным спектаклі.

Наколькі тэатральнае жыццё Аляксандры Клімавай было звязана з асабістым, наколькі спусташальная можа быць творчая энергія, кажуць некаторыя запісы артысткі, надрукаваныя ў кнізе «Па той бок люстэрка». Напрыклад: «Мне споўнілася 55 гадоў. Я адчуваю свой узрост і фізічна, і маральна. Я нарадзілася на стыку бурных, неспасціжных эпох, якія толькі-толькі пачынаюць праясняцца. Аднак, як бы там ні было, трэба любіць сваю радзіму, край, дзе ты нарадзіўся. Яго беды павінны стаць тваімі, радасці — таксама! Дык вось, мне 55 гадоў. Фінал працоўнага жыцця. Час падводзіць вынікі, але я не ведаю, з чаго пачаць. Сёння мне трэба будзе скончыць працу ў тэатры і выйсці на заслужаны адпачынак. Стаж — 34 гады, хопіць. Нездарма сацыёлагі і біёлагі разлічылі так, што жанчына ў 55 гадоў павінна сысці на пенсію. Правільна, больш з яе выцягнуць няма чаго. Самы цікавы перыяд творчасці скончаны. А я ўсё цягну і цягну сваю лямку, ніяк не магу спыніцца, сіл не хапае: ні маральных, ні матэрыяльных».

У ролі Нілы Сніжко («Барабаншчык», 1959 г).

Пра такіх кажуць: «чалавек-эпоха»

За палову стагоддзя творчай працы ў тэатры імя Горкага Аляксандра Клімава сыграла больш за 80 галоўных роляў класічнага і сучаснага рэпертуару. Дарэчы, сыну найбольш падабалася яе акцёрская работа ў «Ледзі Макбет», «Рэтра», «Мілагучнай птушцы юнацтва». «Мама была з тых людзей, пра якіх кажуць „чалавек-эпоха“, якія нараджаюцца, можа, раз у сто гадоў. Шмат такіх людзей не бывае, — расказваў Андрэй Душачкін у 2005 годзе, калі не стала Аляксандры Клімавай. — Дзяўчынка з простай сялянскай шматдзетнай сям’і з сібірскай вёскі прыехала вучыцца ў Маскву, паступіла і ўсяго, чаго хацела, у жыцці дамаглася. Перайграла столькі каралеў сусветнага рэпертуару! Я лічу, у мамы вельмі шчаслівы лёс. Яна прыгожа жыла і прыгожа памерла».

Аляксандра Клімава займела славу вядучай актрысы гераічнага плана і заваявала шырокае прызнанне тэатральнай грамадскасці і гледачоў. Артыстка — кумір некалькіх пакаленняў, да яе творчай спадчыны звяртаюцца і будуць звяртацца. Усцешна, што ў публікі сёння ёсць магчымасць сачыць за працягам творчай дынастыі: на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага можна ўбачыць не толькі Андрэя Душачкіна, але і яго сына Аляксандра.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта НАДТ імя М. Горкага

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».