Вы тут

Падарожжа па дзівосным лесе


Займальныя гульні, рэальныя і метафарычныя, — тое, чым прыцягвае маленькага чытача Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Не абышлося без гэтага ўжо неабходнага для творчасці пісьменніцы складніка і ў новай кнізе. Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», дзе выйшла значная колькасць твораў гэтай аўтаркі, пабачыла свет казачная аповесць «Прыгоды лісачкі Красуні» (серыя «Казкі кніжнай феі»).


Праілюстравала адрасаваную дзецям малодшага школьнага ўзросту кнігу Вольга Шпакоўская. Відавочна, мастачка натхнялася найлепшымі прыкладамі, таму некаторыя персанажы, у тым ліку галоўная гераіня, знешне нагадваюць дыснееўскіх (хто глядзеў мультфільм «Ліс і сабака», зразумее, пра што гаворка).

Перад чытачом, як вынікае з анатацыі, абаяльная і вясёлая гераіня лісачка Красуня, якая вырашыла перасяліцца ў Дзівосны лес з мегаполіса. У яе гарадскім мінулым ёсць таямніца, якую Красуня не спяшаецца адкрываць. На новым месцы гераіня знаходзіць сяброў, і далей, згодна з традыцыямі апавядання, пачынаюцца нечаканыя прыгоды і незвычайныя здарэнні. Абяцае Кацярына Хадасевіч-Лісавая і сапраўдную дэтэктыўную гісторыю.

Дзесяць гісторый складаюць змест казачнай аповесці: «Лісачка-навасёлка»; «Лісачка нямодная»; «Лісачка — прынцэса фон баранеса і вядзьмак»; «Лісачка і небяспечнае здарэнне»; «Лісачка — апавядальніца жахліўчыкаў»; «Лісачка наймае дэтэктыва»; «Лісачка адкрывае таямніцу»; «Лісачка і самы шчаслівы дзень»; «Лісачка і чупакабра»; «Лісачка, вампір і кава для мядзведзя». Кожная раскрывае тую ці іншую падзею і дазваляе не заблытацца ў структуры даволі аб’ёмнага твора. Аўтар здолела стварыць добра арганізаваны свет, дэталямі падобны да рэальнага.

Ёсць у ім, напрыклад, збор на Вялікай паляне, лесавік, які кіруе своеасаблівай дзяржавай, дзе ўсе з самых вядомых відаў жывёл прадстаўлены звычайнай сям’ёй. Кожны герой вылучаецца найперш характарам, таму без спрэчак і неспадзяванак, натуральна, не абышлося. Увесь сюжэт нагадвае ўсё тую ж своеасаблівую гульню, дзе кожнаму адведзена свая роля — нібы ў спектаклі, які павінен захапіць гледача.

У адрозненне ад некаторых пісьменнікаў, Кацярына Хадасевіч-Лісавая не баіцца судакранання з сацыяльнымі сеткамі, спадзеючыся ў тым ліку і на неабходную рэкламу. У канцы кнігі аўтар прапануе ўважлівым чытачам паўдзельнічаць у цікавай гульні — «Квэсце па Дзівосным лесе». Гэта вандроўка па старонках выдання ў пошуках канкрэтных выяў — стракозак.

Згодна з умовамі, трэба зрабіць сэлфі з кнігай «Прыгоды лісачкі Красуні», размясціць фота з хэштэгам #лісачка на сваёй старонцы ў Інстаграм (яна павінна быць адкрытай), а ў каментарыі пад паблікацыяй згадаць аўтара @kaciaryna_khadasevich_lisavaya і напісаць колькасць знойдзеных стракозак. За правільныя адказы і прыгожыя сэлфі пераможцы атрымліваюць электронную паштоўку — «З Дзівоснага лесу».

А каб бацькі і іх дзеці канчаткова ўпэўніліся, ці патрэбна ім кніга пра лісачку Красуню, стваральнікі змясцілі на вокладку выдання спасылку на буктрэйлер.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?