Вы тут

Гіпнатычная санорнасць


На пачатку мінулага месяца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка жывапісу, графікі і скульптуры «Мой Мінск — маё натхненне», прымеркаваная да Дня горада (нагадаем, што яго ў сталіцы святкавалі 11 верасня). Непасрэдна ў дзень свята да выстаўкі была далучана яшчэ і міні-экспазіцыя «Мода. Музыка. Маладосць», што размясцілася ў сумежным памяшканні. Разам яны ўтвараюць як бы адзіную прастору, якая адкрыта для наведвання да 14 лістапада. Расказваем, чым адметная экспазіцыя.


Леанід Леўчанка «Мінск. Сакавік», 1982 г.

Мінск натхняе

Увазе наведвальнікаў выстаўкі з запамінальнай алітэрацыяй у назве «Мой Мінск — маё натхненне» прапанаваны жывапісныя, графічныя і скульптурныя фантазіі розных аўтараў, выяўленыя ў канкрэтных творах, прысвечаныя сталіцы і яе гісторыі. Храналагічныя рамкі экспазіцыі ахопліваюць прамежак часу ад сярэдзіны XX да пачатку XXI стагоддзя. Сюжэты ж твораў, наадварот, часава неабмежаваныя (напрыклад, асобныя аўтары нярэдка звяртаюцца да гістарычных пейзажаў).

Мастакі, аднак, сваёй творчасцю рассоўваюць не толькі часавыя межы, але і межы фігуратыўнасці. Так, асобная зала на выстаўцы цалкам адведзена пад абстракцыянісцкія творы. У іншых памяшканнях таксама маюцца карціны з нефігуратыўнымі выявамі ды ўмоўныя скульптурныя формы. Апроч іншых, прадстаўлены творы Васіля Зянько, Анатоля Кузняцова, Уладзіміра Слабодчыкава і Максіма Пятруля. Пералічаныя творцы працуюць пераважна на ніве беспрадметнасці (ці хаця б на суседняй з ёю). Тым не менш і ў чымсьці экспрэсіянісцкія скульптуры Слабодчыкава, і абстрактныя кампазіцыі Зянько аб’яднаны адной агульнай тэмай — Мінскам.

Як вы разумееце, горад перад наведвальнікамі паўстае не проста «ў розных настроях, розных порах года ды розных гістарычных перыядах», як заяўлена ў суправаджальным тэксце, але яшчэ і ў розных вымярэннях… Маецца на ўвазе не столькі фізічная велічыня, плоскасць (хаця карціна, напрыклад, ляжыць у адной плоскасці, тады як скульптура — у некалькіх), колькі асобны творчы метад, арыгінальнасць мыслення і светаўспрымання аўтара. Адзін мастак бачыць Мінск так, другі — зусім па-іншаму. Пры набліжэнні да палатна абодва яны абіраюць найлепшую форму для адлюстравання свайго бачання.

Гэткая розніца не ў апошнюю чаргу забяспечваецца і часам, у якім нараджаецца твор, былымі калектыўнымі ўстаноўкамі. Творцы розных гадоў мала таго, што ўспрымаюць горад па-рознаму, дык яны яшчэ і літаральна глядзяць на розны Мінск. Работы на выстаўцы гэта наглядна дэманструюць. Калі на выявах 1950—1960 гг. — пераважна старыя кварталы, прадмесці ды вузкія вулачкі, аблямаваныя драўлянай забудовай, то карціны наступнага дзесяцігоддзя паказваюць іншы горад: з бетоннымі гмахамі, вялікімі праспектамі, урбанізаваны і індустрыяльны. Прыгарадныя вёскі сталі ўскраіннымі мікрараёнамі, брук саступіў асфальту, а цёмнае неба азарылі неонавыя агні.

Заканамерна разам з натурай змянілася і эстэтыка яе адлюстравання. На месца рэалістычных палотнаў прыйшлі больш умоўныя, нерэалістычныя работы. Амаль фатаграфічная графіка змянілася яркім жывапісам з наўмысна скажонай перспектывай і невыразнымі лініямі, аўтары фіксуюць наваколле эскізна, эмацыянальна, пакідаючы замест канкрэтных вобразаў толькі сілуэты. Але час не стаіць на месцы, і паралельна яго бегу змяняюцца мастацтва і горад. Выявы новай эпохі прапануюць новае бачанне і, што цікава, рэтраспектыўнасць. Сучасныя аўтары часта звяртаюцца да гарадской гісторыі, спрабуючы перастварыць яе.

Як відаць, цэнтральнае месца на выстаўцы належыць жанру гарадскога пейзажа. Сярод аўтараў гэтага напрамку прадстаўлены заўсёдныя ў падобных экспазіцыях жанравікі (майстры мінскіх краявідаў Барыс Аракчэеў, Віктар Варламаў, Віктар Вярсоцкі, Абрам Кроль, Васіль Сумараў), так і невідавочныя аўтары (ад Уладзіміра Мудрогіна да Вячаслава Кубарава, ад Рыгора Сітніцы да Васіля Пешкуна). Цікава сачыць за тым, як увага аўтараў з гістарычнага цэнтра перанакіроўваецца на новыя ўскраінныя раёны, як ад ідэі гарманічнага суіснавання прыроды і горада паступова пераходзяць да ідэі архітэктурнага дамінавання над наваколлем, а потым зноўку, вяртаючыся ў мінулае, настальгічна сумуюць па зеляніне.

Уладзімір Жбанаў «Незнаёмка», 1997 г.

Неспадзяваная вандроўка

Да Дня горада арганізатары выстаўкі «Мой Мінск — маё натхненне» назапасілі некалькі цікавых мерапрыемстваў. Адным з такіх стаў забаўляльна-пазнавальны квэст у межах экспазіцыі. Тым, хто вырашыў наведаць выстаўку менавіта ў святочны дзень, прапаноўвалася за ўзнагароду выканаць шэраг заданняў. На ўваходзе наведвальнікам уручаліся анкеты з пытаннямі, прысвечанымі экспазіцыі. Уласна кажучы, сутнасць квэсту і заключалася ў тым, каб правільна адказаць на гэтыя пытанні. З дапамогай гульні арганізатары спадзяваліся зацікавіць наведвальнікаў, «прымусіць» быць уважлівымі.

Што сказаць, у іх гэта атрымалася! Не самая новая, аднак паспяховая і эфектыўная формула зноў спрацавала. Пытанні ў анкеце былі розныя, але, вядома, усе тычыліся экспазіцыі: ад загадак, у адказах на якія зашыфраваны тыя ці іншыя карціны, да пытанняў на веданне гарадской гісторыі і геаграфіі. За перамогу можна было атрымаць скідку на паход у іншы філіял Музея гісторыі горада Мінска. Пагодзімся, над узнагародай трэба яшчэ папрацаваць — маглі і што-небудзь цікавейшае прыдумаць…

І, хаця аўчынка яўна вырабу не варта, ты ўсё адно як звар’яцелы бегаеш туды-сюды ў пошуках абеліскаў Перамогі і вылічваеш, колькі ж на выстаўцы коней… Дужа займальная атрымалася вандроўка.

Падобны інтэрактыў, з аднаго боку, дазваляе паглыбіцца ў матэрыял, скараціць дыстанцыю паміж табой і прадметам мастацтва, уразумець сутнасць пэўных твораў. З іншага боку, падчас выканання заданняў чалавек больш засяроджаны на дэталях, чым на агульным, і тым не менш… Калі арганізатары пажадаюць-такі аднавіць квэсцік, то ў якасці прынады дадзім вам некалькі падказак: вуліца — Зыбіцкая, лішняе — Ратуша, антонім — «Агні майго горада». Заінтрыгаваны? То наведайце выстаўку і пашукайце адказы самастойна. Прыемным дадаткам для вас стане патэфон, зараджаны старымі пласцінкамі: фонам іграе музыка.

Рэчы мінчан 1950—1960-х гг.

Тры дзёрзкія «М»

На самай справе згаданы вышэй патэфон — экспанат іншай выстаўкі, якая дзёрзка ўрываецца на чужую тэрыторыю. Яе назва — «Мода. Музыка. Маладосць». Зноў алітэрацыя і зноў на санорны гук, нібыта музейшчыкі хочуць нас загіпнатызаваць… Шчыра кажучы, ніхто і не супраць: прыемная мілагучнасць санорных зычных так заспакойвае, так улагоджвае, што грэх скардзіцца. Тым больш зычлівая гасціннасць куратараў музея і іх уважлівы падыход да арганізацыі выставак добра з гэтым рэзаніруюць. Камерная экспазіцыя «Мода. Музыка. Маладосць» па якасці выйшла проста-такі «гіпнатычнай»!

У маленькім памяшканні, што прымыкае да выстаўкі «Мой Мінск — маё натхненне», сабраны ў вялікім мностве розныя рэчы, ахвяраваныя музею звычайнымі мінчанамі. Напрыклад, духі і старое адзенне (сукенкі, туфлі на абцасах, пальчаткі, шалі), тэхніка і мэбля, часопісы і пласцінкі ды многае іншае. У музей людзі прыносілі нават свае асабістыя калекцыі, на збіранне якіх, між іншым, аддадзены жыцці: калекцыю фотакартак з кіназоркамі, збор кніг і грампласцінак. Назва «Мода. Музыка. Маладосць» як прыгладжаны адпаведнік знакамітаму Sex, Drugs & Rock’n’Roll пастуліруе максімалізм.

Усё зроблена з такой пільнай увагай да дробязей, што гэта, праўда, замілоўвае. Уявіце, арганізатары нават адшукалі старыя мінскія шпалеры, каб абклеіць імі сцены на выстаўцы! Акрамя таго, побач з любым прадметам наведвальнікі знойдуць кароткае апісанне, абавязкова прапушчанае праз прызму чыёй-небудзь асабістай гісторыі. Калі ты глядзіш на звычайнае вясельнае ўбранне, а побач чытаеш «У гэтай сукенцы 26 красавіка 1967 года 19-гадовая Надзея Шмялёва брала шлюб з Уладзімірам Макейчыкам», ды і фотаздымак вісіць — гэта проста не можа не зачапіць…

А яшчэ на выстаўцы можна панюхаць старыя духі!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.