Вы тут

Ваколіцы ўніверсама «Рыга» і плошчы Бангалор — Беларускі Манмартр… Чаму б і не?


Мінск назапасіў багата гісторый, аброс легендамі, звязаў са сваімі дворыкамі лёсы вядомых людзей, схаваў у розных куточках разнастайныя сюрпрызы. І сёння сталічныя экскурсаводы спрабуюць выцягнуць усё гэта на паверхню і паказаць вандроўнікам нашу сталіцу з новага боку. Нават тыя мясціны, якія яшчэ сотню гадоў таму былі ўскраінай горада, сёння ўжо могуць стаць цікавымі пунктамі прыцягнення для турыстаў, як, напрыклад, ваколіцы ўніверсама «Рыга» і плошчы Бангалор.


Сюды не прыязджаюць экскурсійныя аўтобусы, наогул гэты раён застаецца па-за ўвагай гасцей і жыхароў сталіцы, і нават месцічы могуць не ведаць усіх яго сакрэтаў. Але гэты куточак Мінска, які журналісты ахрысцілі «беларускім Манмартрам», варты таго, каб па ім пагуляць гадзінку-другую з гісторыкам, музейшчыкам і экскурсаводам Паўлам Каралёвым.

Балотна-лясное мінулае

Калі прайсціся па вуліцы Някрасава, можна трапіць да мясцін, дзе раней знаходзілася балотная станцыя і вучоныя вялі даследаванні. Тут было Камароўскае балота, якое стала адным з самых першых асушаных у Расійскай імперыі ў навуковых мэтах. Даследчыкі назіралі за тым, што можна рабіць з адваяванай у багны зямлёй, якія культуры вырошчваць.

Непадалёк — на Камароўскім выгане — у 1911 годзе прайшлі першыя ў Мінску паказальныя палёты, на якіх выступаў авіятар Сяргей Утачкін. Насамрэч спроба зрабіць авіяшоу была і на год раней, але тады яна аказалася няўдалай, аэраплан неспрактыкаванага пілота панёсся на людзей. Менавіта таму ў 1911 годзе да небяспечнага месца збору людзей выехаў аўтамабіль хуткай дапамогі. І гэта быў першы выезд карэты медыкаў. Дарэчы, у Мінску санітарная машына пачала курсіраваць раней, чым у Маскве, Пецярбурзе, Кіеве і Дрэздэне.

На Бангалор раней вяла вуліца Багдана Хмяльніцкага, якая была адной з самых шырокіх у пасляваенныя часы, побач з ёй размяшчаўся прыватны сектар. Вуліца Сурганава (дакладней, той яе кавалак, які пачынаецца ад Якуба Коласа і вядзе да знакамітага ўніверсама) стваралася ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. «Рыгу» ж пабудавалі ў 1980-м да Алімпіяды, бо ў Мінску праходзілі асобныя спаборніцтвы.

Сёння цяжка ўявіць, што гэты забудаваны «панэлькамі» куток яшчэ ў пасляваенныя гады быў ускраінай Мінска, а крыху больш за сотню гадоў таму наогул уся яго зямля была пад Камароўскім лесам, у які (па апісаннях Сяргея Пясецкага, вядомага аўтара «Запісак кантрабандыста») удзень нават «фраеры» не любілі заходзіць, а прадстаўнікі ахоўных органаў зазіралі толькі ўзброенымі групамі. Ад таго вялічэзнага лесу на сёння засталіся толькі кавалкі, ды і тыя набылі цывілізаваны гарадскі выгляд — парк Чалюскінцаў і Севастопальскі сквер.

«Раскінуты на гарах і кручах Мінск амаль з усіх трактаў ці ўездаў выяўляе цудоўны від, але асабліва адкрыты і маляўнічы від ад уезда Барысаўскага, пачынаючы ад Камароўкі. Перад вамі разгортваецца панарама некалькіх гор, узгоркаў і крутых абрываў, усланых штучнымі і натуральнымі газонамі, вялікімі садамі, аранжарэямі, цудоўнымі кветнікамі», — апісваў тыя мясціны знакаміты вандроўнік, этнограф Павел Шпілеўскі. Пры гэтым ён адзначаў, што ваколіцы славяцца густым хваёвым лесам, швейцарскімі дамкамі і маслабойнямі.

Не дзіва, што такі куток у пачатку мінулага стагоддзя аблюбавалі дачнікі. Гэта былі часы сапраўднага дачнага буму, якому паспрыялі медыкі, што для лячэння сухотаў прапісвалі свежае паветра. Спачатку самымі дачнымі былі такія мясціны, як Ждановічы, Ратамка, Заслаўе, але калі ўласнікі дамкоў моцна накруцілі цэны, з'явіліся і новыя прапановы — у Курасоўшчыне, Серабранцы і на Камароўцы. 120 гадоў таму нават існаваў кодэкс дачніка. Правілы паводзін былі прапісаны асобнай кніжачкай. У той час на лецішчах не стаялі ў «трэніках» над градамі з рыдлёўкамі. Прыгожа адзетыя дамы і зашпіленыя на ўсе гузікі кавалеры сядзелі ў альтанках ці нетаропка шпацыравалі. Кодэкс прадпісваў заўсёды слухацца гаспадыню. У той час лічылася непрыстойным рабіць сюрпрызы для гаспадароў дач. Нават калі гаспадары самі прапанавалі ў іх пагасціць, з першага іх закліку на дачу не ехалі. Прыстойныя людзі чакалі другога-трэцяга запрашэння. Менавіта на адной з камароўскіх дач Якуб Колас сустрэўся з выдаўцом «Нашай нівы» Уласавым, які запрасіў пісьменніка ў газету.

Самая кароткая вуліца

Па другі бок Паўночнай вуліцы (цяпер Якуба Коласа) пачынаўся Пушкінскі пасёлак, ад якога сёння захавалася ўсяго пяць старых дамоў. Гэта ўскраіна даваеннага Мінска ў гады Вялікай Айчыннай вайны зазнала страшэнную трагедыю — тут у лагеры ваеннапалонных страшнай смерцю ад голаду, холаду, хвароб і цяжкай працы гінулі тысячы людзей. Сёння пра тыя жахлівыя падзеі нагадвае помнік на перакрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Калініна. Захавалася і некалькі нямецкіх дотаў, якія фашысты хацелі выкарыстаць у 1944 годзе, калі Савецкая Армія пойдзе вызваляць Мінск.

З дзясятак гадоў таму было і яшчэ адно памятнае месца — за магазінам «Музыка», дзе раней размяшчалася арганізацыя, якая выплачвала кампенсацыі тым, хто быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Там стаяў стары вагончык — у такіх вывозілі ахвяр. І хоць вагончыка не засталося, тут яшчэ можна ўбачыць сцяну, на якой намаляваны краявід аднаго з нямецкіх гарадоў, у які таксама траплялі нявольнікі і дзе ёсць некалькі савецкіх пахаванняў.

Камароўка ў гады вайны праславілася сваім супраціўленнем. Нямецкія газеты пісалі, што там ішлі аблавы на падпольшчыкаў. На адным з сучасных дамоў па вуліцы Усходняй вісіць шыльда, якая паведамляе, што на гэтым месцы ў гады вайны знаходзілася канспіратыўная кватэра падпольшчыкаў — бацькі і сына Амельянюкоў, якія загінулі вясной 1942 года. Уладзімір Амельянюк быў рэдактарам падпольнай газеты «Звязда».

Не засталося назваў, якія за ваенным часам насілі тутэйшыя вуліцы. Адна з іх была названа ў гонар Фабіяна Шантыра, мужа Зоські Верас — аднаго з першых рэвалюцыянераў, які быў расстраляны ў 1920-х гадах. Яшчэ адна з вуліц ушаноўвала імя лінгвіста Язэпа Лёсіка. А таксама былі вуліцы, прысвечаныя Алесю Гаруну і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

Затое захавалася самая кароткая вуліца Мінска — Бібліятэчная, на ёй размясціўся ўсяго адзін будынак, і гэта не бібліятэка.

Прыстанак творцаў

Гэты раён стаў сапраўдным мастацкім цэнтрам. Тут знаходзяцца дамы і майстэрні мастакоў, непадалёк — Акадэмія мастацтваў, шмат цікавых мерапрыемстваў праводзіць Цэнтр сучасных мастацтваў. Адну з вуліц (Някрасава) у канцы мінулага стагоддзя мастакі празвалі «дарогай жыцця». Справа ў тым, што тут знаходзіўся мастацкі камбінат, куды за савецкім часам творцы неслі свае работы. Менавіта камбінат арганізоўваў выстаўкі, «раскручваў» і прадаваў карціны. А мастакі ўжо ішлі сюды па свае ганарары. Часам яны адпачывалі ў парку, які знаходзіцца побач з універсамам «Рыга». Між іншым, гэта месца часам жартам звалі скверам Эміля Зайцава — мастака, які мог цэлы дзень праспаць тут на лавачцы.

Па вуліцы Сурганава, 42 і 44 размясціліся дамы, пабудаваныя у 1970-х гадах, куды засяляліся мастакі і вучоныя. Калі адзначалася 60-годдзе рэвалюцыі (пры Машэраве), гэта быў шыкоўны падарунак творцам. Да гэтага часу майстэрні, размешчаныя ў «доме мастакоў», лічацца аднымі з найлепшых у сталіцы — тут вялікія вокны і высокія, пад чатыры метры, столі, і нават лесвічныя праёмы рабіліся так, каб можна было перамяшчаць вялікія карціны. Не дзіва, што ў пачатку 2000-х да гэтай плошчы з'явіліся свае інтарэсы ў прадпрымальных асоб. Нават былі планы, як перабудаваць такія памяшканні пад офісы ці крутыя кватэры, дзе дзякуючы перагародцы можна дадаць другі паверх.

Шыльды падкажуць імёны асоб, што тут жылі. Так, вы можаце ўбачыць дошку ў гонар Анатоля Анікейчыка, які з'яўляецца аўтарам помніка Янку Купалу ў сталічным парку. Побач — шыльды Аляксандру Кішчанку і Паўлу Масленікаву. У гэтым раёне былі майстэрні Леаніда Шчамялёва, Уладзіміра Тоўсціка, Андрэя Заспіцкага...

А цяпер згадаем, што непадалёку знаходзіцца дом-сядзіба Савіцкага, майстэрня Бембеля і Саюз мастакоў. Адразу прыходзіць думка, што, калі б тут паставіць некалькі помнікаў беларускім мастакам альбо інсталяцый, звязаных з іх творчасцю, мог бы атрымацца раён, па якім можна вадзіць турыстаў і распавядаць пра культуру нашай краіны. Тым больш, што мясціны звязаныя і з музыкай. Так, на вуліцы Багдана Хмяльніцкага рэстаран «Сузор'е» ў 1970-х гадах быў паказальнай пляцоўкай, якая сведчыла, што ў БССР ёсць свой рок. Першы на тэрыторыі былога Савецкага Саюза біг-біт фестываль прайшоў у Мінску, у будынку Радыётэхнічнага інстытута, у 1968 годзе. Моладзь, каб трапіць на яго, штурмавала вучэбны корпус — прабіралася праз дах, вокны, прыбіральні.

І як не ўспомніць пра Уладзіміра Мулявіна і знакамітых «Песняроў» — варта толькі прайсці на вуліцу Бяды, дзе жыў музыкант...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.