Вы тут

А на грыбы могуць скінуць цану ў... тры разы!


У мінулую суботу ў сталіцы паўночнага рэгіёна краіны не было сезоннага кірмашу харчовай прадукцыі. У гэты дзень тут праводзілася выстаўка-кірмаш ад устаноў адукацыі Віцебскай вобласці «Восеньскі карагод». Старажылы пра такую акалічнасць ведаюць. Дыслакацыя — каля Лядовага палаца спорту. Тут можна купіць вырабы навучэнцаў і студэнтаў па вельмі прывабных цэнах. І галодным таксама не застанешся, бо рэалізоўваюць тое, што ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю вырошчваюць на сваіх агародах, у садах, ёсць і іншая прапановы. Таму можна і па ежу.


Традыцыйны восеньскі кірмаш у Віцебску цяпер ладзіцца амаль кожную суботу насупраць будынка ратушы — сімвала абласнога цэнтра (на вуліцы Леніна). Некалькі гадоў таму яго праводзілі і ў раёне канцэртнай залы «Віцебск», дзе арганізоўваюць папулярныя мерапрыемствы падчас «Славянскага базару ў Віцебску». Цяпер паралельна з «ратушным кірмашом» аналагічныя арганізоўваюць у аддаленых ад цэнтра раёнах. Напрыклад, на Пралетарскай плошчы.

Аднак закупіцца і зразумець, што па чым, можна і на пастаянным месцы продажу сезонных прадуктаў — «Смаленскім рынку». Знаходзіцца ён недалёка ад плошчы Леніна, батанічнага саду, Віцебскай абласной філармоніі, ТРК «Віцебск».

Дарэчы, пра энергетыку наведвання гэтага месца. На кірмашы мы любім хадзіць з-за элементу непрадказальнасці. Што там прапануюць і па якой цане? Заўсёды ёсць надзея, што будзе танней, чым на паліцах у крамах. Дарэчы, уласнае назіранне: на стацыянарным базары прадукты можна набыць трохі танней, чым на часовым сезонным кірмашы. Сам люблю хадзіць на рынкі бліжэй да закрыцця — у надзеі на дадатковыя зніжкі.

Яшчэ рынак — магчымасць выпадковай прыемнай сустрэчы, нагода пасядзець у кавярні напрыканцы дня, нагаварыць кампліменты прывабнай гандлярцы... Але гэта тэма для іншай публікацыі.

Наконт таго, што ў канцы рыначнага дня пакупнік можа атрымаць бонусы — праўда. Наўрад ці раней пачуеце фразу тыпу: «Калі дакладна зараз возьмеце, бо, бачыце, я збіраюся сыходзіць, танней будзе на...»

Ужо не ведаю, чым спадабаўся даме, якая прадавала апенькі, але прапаноўвала купіць невялікае вядро спачатку за 5 рублёў, праз прыкладна хвіліну — ужо за 3. Пры гэтым сцвярджала, што раніцай бралі па 10 і дзякавалі.

Выбар грыбоў быў багаты. Я купіў лісічкі ў гандляркі сістэмы спажывецкай кааперацыі па добрай цане: каля 12 рублёў за кіло.

Калі на вулічных кірмашах цэны прыкладна аднолькавыя, то на стацыянарных за некалькі соцень метраў яны могуць адрознівацца ўдвая. У прыватнасці, заўсёды купляю зеляніну ў ларку, які належыць фермерскай гаспадарцы. Там пятрушка каштуе 60—70 капеек, у перакупшчыкаў, якія недалёка, — рубель. Розніца цэн на бульбу працэнтаў на дваццаць і больш. У мінулую суботу яе на віцебскім базары прадавалі па 80 капеек — 1,20 рубля (гэта тыя з цэн, што кінуліся ў вочы). Агуркі ў сярэднім каштавалі 3,5 рубля. Прадавалі і за 3,3 рубля, і трохі больш — 3,7 рубля. Перац — 2—2,5 рубля за кіло.

Яблыкі можна было купіць за 1,5 рубля кіслае, салодкае — за 2—2,9 рубля. Грушу прапаноўвалі за 5,8—5,9 рубля за кілаграм (але можна было знайсці і па 4 рублі!). Вінаград куплялі па 4 рублі за кіло, персікі — 4,7 рубля. За кіло ківі ў сярэднім прасілі 6,5 рубля, гранат часцей за ўсё прадавалі за 7 рублёў, мандарын — за 6,5 рубля, нектарын — за 4,5—7 рублёў (чаму такая вялікая разбежка — пытанне адкрытае). Фундук прапаноўвалі за 12,5 рубля за кіло, грэцкія арэхі — 9,5 рубля. Лімон — за 6,5 рубля.

Мёду — не вельмі багаты выбар лакацый, і ў сярэднім 0,5 літра каштаваў 10 рублёў.

Кавун можна было купіць за 1 рубель, дыню — 2 рублі за кіло. Для параўнання: каля дома, дзе карпункт «Звязды», дыню прадавалі за 2,7 рубля. А, па меркаванні жыльцоў, цана павінна быць меншая, чым на рынку. Тым больш што ў маім выпадку да базару пешшу хвілін пяць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».