Вы тут

Савіных: Ёсць спробы перакласці адказнасць на Беларусь


Перад тым, як вынесці на абмеркаванне ў Авальнай зале ніжняй палаты парламента праект закона аб рэадмісіі, дэпутаты вывучылі сітуацыю на месцы — пабывалі ў міжнародным пункце пропуску «Брузгі».


Праект Закона «Аб прыпыненні дзеяння Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія прыбываюць без дазволу» падрыхтаваны ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні, прынятыя Еўрапейскім саюзам і яго дзяржавамі-членамі ў адносінах Рэспублікі Беларусь, паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Савіных. Дакументам прадугледжваецца вызваленне беларускага боку ад абавязацельстваў выконваць названае пагадненне падчас перыяду яго прыпынення.

— Мы аналізуем усе дэталі, узважваем усе абставіны, — адзначыў старшыня парламенцкай камісіі.

Ён падкрэсліў, што ў Парламенцкай асамблеі савета Еўропы прынята рэзалюцыя, якая з'яўляецца чарговай спробай перакласці адказнасць за арганізацыю міграцыйнага крызісу на нашу дзяржаву.

— Мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах кампаніяй дэзынфармацыі супраць Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым некаторыя структуры Еўрапейскага саюза робяць іншыя заключэнні. Праўда, не публічна, а ў рабочым парадку. Еўрапейскі суд па правах чалавека наогул выдаў прадпісанне захоўваць асноўныя стандарты ў адносінах мігрантаў, якіх затрымліваюць на польскай і літоўскай граніцах. Але гэтыя пазіцыі не публічныя, і мы сутыкаемся з вялікай масіраванай кампаніяй, якая працуе па прынцыпе «перакласці адказнасць з хворай галавы на здаровую». Але туман дэзынфармацыі рана ці хутка разыдзецца, і мы ўсе даведаемся праўду, — лічыць Андрэй Савіных.

На яго думку, у гэтай сітуацыі беларускім парламентарыям трэба дзейнічаць спакойна, строга ў прававым рэчышчы. Выязное пасяджэнне Камісіі па міжнародных справах якраз і было прысвечана дэталёваму разбору ўсіх пытанняў, звязаных з сітуацыяй на граніцы, з прававым рэжымам стану мігрантаў і з тымі міжнароднымі пагадненнямі, якія былі падпісаныя Рэспублікай Беларусь з ЕС раней.

— Мы сутыкнуліся з адной непрыемнай сітуацыяй. Пагадненне, якое было падпісана з ЕС і датычыцца рэадмісіі мігрантаў як з тэрыторыі Беларусі, так і з тэрыторыі ЕС, цяпер Еўрапейскім саюзам не выконваецца. Пры гэтым без якіх-небудзь тлумачэнняў. Міністэрства замежных спраў на працягу доўгага часу прапануе правесці кансультацыі па гэтых пытаннях. У адказ — цішыня, — пракаментаваў сітуацыю старшыня Пастаяннай камісіі.

Па словах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, беларусы гатовы сесці за стол перагавораў у любы момант.

— На жаль, пакуль мы чуем толькі абвінавачванні ў адрас Беларусі, сутыкаемся з двайнымі і трайнымі стандартамі, чуем падман і бачым, што людзі працягваюць пакутаваць, хварэць і галадаць. І адбываецца гэта на тэрыторыі тых краін, якія больш за іншых крычаць аб дэмакратыі і суверэнітэце, — абураецца дэпутат.

На мэтазгоднасць часовага прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС указаў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун. У ліку прычын — спыненне ЕС выканання абавязацельстваў аб рэадмісіі, а таксама спыненне праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраваных на барацьбу з незаконнай міграцыяй. Фактычна прыпыненне Пагаднення беларускім бокам з'яўляецца мерай у адказ.

— Некаторыя гавораць аб тым, што Беларусь нібыта не змагаецца з нелегальнай міграцыяй. Але гэта не так. Мы толькі за дзевяць месяцаў гэтага года выявілі больш за адну тысячу парушэнняў міграцыйнага заканадаўства. Трыццаць пяць замежнікаў былі дэпартаваныя з тэрыторыі Беларусі за кошт бюджэтных сродкаў, — паведаміў Аляксей Бягун.

Між тым дэпартацыя — справа дарагая. Адпраўка аднаго нелегала абыходзіцца бюджэту каля адной тысячы долараў. За жнівень і верасень назіраецца рост зваротаў грамадзян трэціх краін з хадайніцтвам аб атрыманні статусу бежанца ці дадатковай абароне. На цяперашні момант у краіне дзейнічаюць два цэнтры для бежанцаў у Віцебску і Гомелі. Па словах кіраўніка дэпартамента, Беларусь у адрозненне ад Еўрапейскага саюза дапускае ўсіх замежнікаў да працэдуры набыцця статусу бежанца.

— Пагадненне аб рэадмісіі прадугледжвае працэдуры прыёму і перадачы нелегальных мігрантаў, калі нелегальны мігрант выяўлены на тэрыторыі адной краіны, а падлягае, адпаведна з устаноўленай працэдурай, перадачы другому боку. І гэта будзе распаўсюджвацца на тых асоб, якім адмоўлена ў атрыманні статусу бежанца або ў дадатковай абароне, — патлумачыў Аляксей Бягун. — Калі пагадненне будзе прыпынена, то абавязацельстваў па прыёме гэтых асоб у нас не будзе.

Спыненне пагаднення — мера часовая, і тэрмін яе будзе залежаць ад нармалізацыі адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам.

У ходзе выязнога пасяджэння дэпутаты азнаёміліся з практычным вопытам работы дзяржаўных органаў па прадухіленні злачынстваў, звязаных з парушэннем дзяржаўнай граніцы, азнаёміліся з інфраструктурай транспартнага лагістычнага цэнтра і арганізацыяй электроннай чаргі, функцыянаваннем пункта пропуска «Брузгі» на беларуска-польскай граніцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.