Вы тут

Пісьменніца Алёна Беланожка: Культура — мая любоў назаўсёды


Алёна Беланожка — пісьменніца, сцэнарыст і рэжысёр. Наша сучасніца, аўтарка іранічных дэтэктываў. Захапляецца міфалогіяй і астрафізікай, а гераіню сваю пісала з жанчын, якія працуюць у сферы культуры. У 2020 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла яе новая кніга — «Зорка Ракхігархі».


— Чытачы ведаюць вас найперш як стваральніцу рамана «Чамадан з кракадзілавай скуры». А нядаўна ўбачыў свет працяг — «Зорка Ракхігархі». Не так многа ў нас «лёгкага чытва» па-беларуску, пазбаўленага «ружовай» сентыментальнасці жаночых раманаў. Як вы прыйшлі да думкі працаваць у жанры іранічнага дэтэктыва? 

— Шчыра кажучы, калі я пачынала «Чамадан...», жанр гэтага твора яшчэ не быў вызначаны. Я люблю працаваць у жанрах рамантычнай фантастыкі, антыўтопіі, фэнтэзі і мару выдаць паўнавартасны зборнік фантастыкі, бо матэрыялу для яго сабралася дастаткова. Але мяне «павяла» за сабой гераіня, і разам з тым стала зразумела, што і ў жанры іранічнага дэтэктыва я адчуваю сябе вельмі камфортна: мне не цяжка, і весела пішацца. Але працяг прыгод Аліны — «Зорка Ракхігархі» — ужо набыў звыклыя для мяне фантастычныя рысы, бо як можна жыць на свеце без тайны і містыкі?

— Дырэктар прадзюсарскага цэнтра Аліна — актыўная, самастойная, але даволі эксцэнтрычная асоба. Сама абірае сабе жаніха, у дзелавым стылі прапануе яму шлюб, пазычае грошы на бізнес-праект у крымінальнага аўтарытэта, і гэта толькі «кветачкі». Чаму вы вырашылі стварыць менавіта такі вобраз «моцнай кабеты»?

— Мая гераіня — творчая асоба, збіральны вобраз жанчын, якія працуюць у сферы культуры. (Менавіта культуры, а не мастацтва, гэта важна.) Калі ты не працуеш гадамі над адным і тым жа матэрыялам, а пастаянна робіш праекты: фестывалі, канцэрты самадзейных і прафесіянальных калектываў, юбілеі, вечары памяці, прафесійныя, дзяржаўныя, народныя святы, кожны раз новая тэма, новыя людзі рознага ўзроўню, новае заканадаўства, тваё жыццё нагадвае калейдаскоп, які ўвесь час круціцца і ў ім немагчыма знайсці кропку апоры. Такая кропка знаходзіцца толькі ўнутры самога чалавека, не звонку, разумееце? 

— Такі насычаны лад жыцця, канешне, складана вытрымаць... 

— І даволі хутка ўзнікае адчуванне, што свет круціцца вакол цябе і што табе дазволена крыху больш, чым іншым, таму што «творчыя асобы ўсе такія неардынарныя, гэта іх стыль, што з іх узяць». Не, ты не губляеш галаву, проста для дасягнення мэт можна выкарыстоўваць самыя нестандартныя метады, бо ўсё спішацца на творчую непасрэднасць, экстравагантнасць і мастацкую задуму. Тонкі разлік (усміхаецца). Дадайце да гэтага вельмі высокія навыкі камунікацыі з рознымі групамі насельніцтва, у тым ліку з такімі ж неардынарнымі асобамі, якія працуюць у сферы культуры і мастацтва. І не забудзьце пра гнуткую нервовую сістэму, бо без яе ў прафесіі застацца немагчыма. На выхадзе мы маем чалавека, які нічога не баіцца, дасведчаны ў мностве сфер жыцця і можа арганізаваць вялікую колькасць людзей на што заўгодна, чалавека, які, пачуўшы слова «не», будзе рабіць новыя спробы, пакуль не пачуе «так», бо калі з праекта выпадзе адно важнае звяно, праект можа разваліцца на аскепкі. Чалавека, што можа эфектыўна працаваць у любы сезон, любы час, у абставінах, якія хутка змяняюцца. 

— Раман «Зорка Ракхігархі» прываблівае не толькі дынамічным сюжэтам і гумарам, але і экзатычным усходнім каларытам. Вы паглыбляецеся ў індыйскую міфалогію, змушаеце дзейнічаць у кнізе жыхароў гэтай краіны. Не кажучы пра саму «зорку Ракхігархі» — дыямент, што з’яўляецца адначасова часткай старажытнай індыйскай зброі, аб чым прыдумваецца адпаведная легенда. Адкуль такое захапленне ўсходняй міфалогіяй?

— З дзяцінства. Дома былі ведычныя кнігі, кнігі па міфалогіі — не толькі ўсходняй, а і скандынаўскай, кітайскай, японскай, мая і ацтэкаў, грэчаскай само сабой. І зараз я намагаюся ў вольны час слухаць лекцыі па старажытнай гісторыі, міфалогіі розных краін, шукаць адрозненні і падабенства паміж імі. Гэта вельмі захапляльна! Аднак індыйская культура і міфалогія — жывая, і гэта абсалютна незвычайная з’ява. Хто сёння верыць у Зеўса? У Амона Ра? А, напрыклад, у Шыву, у Вішну? Мільёны, мільёны! Старажытныя культы дайшлі да нас практычна без змяненняў. Мноства людзей у Індыі сёння жыве па тых правілах, маральна-этычных нормах, па якіх жылі іх пра-пра-пра... продкі. Гэта містычная сувязь часоў. Калі дзе і шукаць парталы ў іншыя часы і вымярэнні, дык гэта ў Індыі.

— Індыйская міфалогія пераплятаецца ў рамане з беларускай гісторыяй — героі знаходзяць карону князя Вітаўта. Ці маеце намер у наступных творах больш увагі ўдзяліць беларускай даўніне?

— Удзялю, вядома, але не гісторыі — я не люблю працаваць з архівамі і дакументамі. А вось культура — гэта мая плынь, мая адукацыя і мая любоў назаўсёды. Я планую цыкл фэнтэзійных і фантастычных апавяданняў і дзіцячую аповесць на аснове беларускай міфалогіі і старажытных абрадаў. Аднак шукаць у маіх творах гістарычную дакладнасць не трэба.

— Пісьменнік часта стварае вобраз, які нясе пэўны адбітак аўтарскага «я». Вы працуеце ў абласной філармоніі Магілёва мастацкім кіраўніком і таксама, як і Аліна, шмат чаго паспяваеце: пісаць раманы і апавяданні, быць рэжысёрам музычных пастановак, складаць сцэнарыі свят і абрадаў... Якім чынам дапамагае вам у літаратурнай творчасці (ці, наадварот, перашкаджае) прафесійная самарэалізацыя?

— Перашкаджае маёй літаратурнай творчасці толькі адсутнасць вольнага часу. У астатнім я дзякую лёсу, што ў свой час вырашыла падаць дакументы ў вучылішча, а пасля ў Інстытут культуры, і што пайшла ў гэтую няпростую, але вясёлую прафесію, і што ў мяне быў досвед выкладчыка ў каледжы мастацтваў. Дзякую кожнаму чалавеку, з якім мне давялося працаваць і вучыцца... Увогуле, нябёсам наша будучыня вядома лепш за нас, і нічога выпадковага ў жыцці не бывае.

— У вашых раманах адчуваецца рука сцэнарыста: дакладна выбудаваны сюжэт, адсутнасць лірычных адступленняў. І калі на пачатку на сцяне вісіць умоўнае ружжо — яно абавязкова стрэліць... Падзяліцеся, ці шмат у вашай працы над прозай імправізацыі або ўсё ідзе па загадзя прадуманым плане? 

— У мяне ўсё збалансавана: ёсць месца і імправізацыі, калі героі «вядуць» аўтара, але ёсць і пэўныя формулы, макеты, калі можна так сказаць, з якімі я звяраюся падчас творчага працэсу. І схемы малюю на паперках, і апісанні герояў, і шмат чаго яшчэ. Галоўнае — як і пры стварэнні рэжысёрскай канцэпцыі свята вызначыць тэму, ідэю і звышзадачу. Тэма — гэта тое, аб чым я хачу гаварыць, праблема, якая мяне турбуе. Ідэя — тое, што я хачу сказаць. А звышзадача — тое, чаго я хачу «дабіцца ад чытача (гледача, слухача), як я хачу яго змяніць, як я хачу змяніць свет і выправіць недасканаласці ў ім». Вельмі важна яшчэ, каму адрасаваны твор. Усё, што не працуе на гэтыя чатыры пункты, якімі бліскучымі ні былі б знаходкі, ляціць у сметніцу. Усё, што не працуе на сюжэт, таксама. Усё, што стамляе мяне, вынішчаецца ў першую чаргу (гэта ж калі сам аўтар стаміўся пісаць, то чытач дакладна прагартае!).

— Вы пішаце і вершы, і песні... Адкуль чэрпаеце натхненне?

— Адусюль! Натхніць можа што заўгодна. Але, вядома, у першую чаргу — людзі, іх адносіны, пачуцці, адчуванні. Натхняе беларуская нацыянальная спадчына. Натхняюць навуковыя адкрыцці. Апошнія даследаванні ў тэорыі эвалюцыі, у астрафізіцы, у палеанталогіі — гэта ж сапраўды цуд! Я з нецярпеннем чакаю, калі ж нашы фізікі знойдуць шлях да зорак. Чакаю новы скачок тэхналогій. Якія далягляды перад чалавецтвам адкрыюцца, калі яно сябе не знішчыць! У які неверагодны час мы жывём!

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі: «Чалавеку патрэбная мара... каб яе святло можна было ўбачыць праз самыя чорныя хмары». Ці ёсць такая мара ў вас?

— Я ўсё яшчэ мару пра «Оскар» за лепшы кінасцэнарый. Згодная на пальмавую галінку. А яшчэ я мару пра ўласны дом, каб побач лес і рэчка, і сад з яблынямі і вішнямі, і лісы мышкуюць і ніколі не хварэюць на шаленства, а ў рэчцы вялікія карасі! Ведаеце, якія смачныя карасі ў смятане, калі іх гатаваць у печы? І каб дарога між полем і лесам, па якой іду, ніколі не заканчвалася, а вакол — раса на траве. І чмялі гудуць над чаборам. І цішыня. Гэта мой уласны рай. Работнікі культуры адпачываюць так: выключаюць тэлефон, закрываюць парцьеры і ляжаць у цішыні. Галоўнае — не турбаваць. Адпачне і само выпаўзе з норкі... «Як ты адзначыла Новы год?» — «Ооо, вельмі добра: я ўсю ноч спала, не трэба было выходзіць на працу!» «Як ты адзначыла дзень нараджэння?» — «Ооо, выдатна! Я купіла сабе пірожанку і ўключыла лекцыю па астрафізіцы». Дынамічная праца патрабуе перыядаў абсалютнага спакою, іначай можна сябе загнаць. А яшчэ я вельмі стамілася ад гуду аўтамабіляў. Мне здаецца, пастаянны фонавы шум нас забівае. 

— Ці чакаць чытачам працягу неверагодных прыгод Аліны і яе каманды? 

— Гэта цалкам залежыць ад таго, ці хутка разыдзецца тыраж «Зоркі». Калі кніга не прадаецца, то, напэўна, не трэба мучыць працягам ні выдаўцоў, ні чытачоў. Прыдумаю іншых герояў, не горшых! 

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва А. Беланожкі

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».