Вы тут

Таемная і невядомая дысцыпліна дэрматагліфіка. Что можна сказаць па руцэ?


Напэўна многія хоць бы аднойчы ў жыцці — хай нават з чыстай цікаўнасці — варажылі па руцэ. Усе, вядома ж, чулі пра дактыласкапію, якая дазваляе па адбітках пальцаў знайсці злачынцу. А вось што такое дэрматагліфіка? Нягледзячы на досыць працяглы час яе прымянення і выкарыстання, пэўна, пра гэта ведаюць нямногія.


Чым дэрматагліфіка адрозніваецца ад хірамантыі? Аб чым могуць расказаць спецыялісту папілярные ўзоры на руках? Ці можна па іх «вылічыць» прафесійныя схільнасці, стан здароўя, злачынныя схільнасці, поспехі і няўдачы ў асабістых адносінах? Пра ўсё гэта — наша размова з хірамантам Сяргеем САВОСЬКІНЫМ.

— Давайце адразу растлумачым: у чым адрозненне хірамантыі і дэрматагліфікі.

— Хірамантыя ацэньвае стан ліній, скуры, асаблівасці будовы кісці, памер, форму пазногцяў і мноства іншых аспектаў рукі. Дэрматагліфіка вывучае выключна папілярныя ўзоры на падушачках пальцаў і на далонях. Я сказаў бы, што лініі суб’ектыўныя, зменлівыя і паказваюць індывідуальную рэакцыю чалавека на навакольны свет. А ўзоры на падушачках пальцаў, якія фарміруюцца да нараджэння, нязменныя на працягу жыцця і пры гэтым унікальныя, адлюстроўваюць нашы аб’ектыўныя патрэбы і магчымасці.

— Чаму вы заняліся дэрматагліфікай? Чым яна вас прыцягвае?

— Для мяне вывучэнне біяметрычных дысцыплін — спосаб пазнання свету. Цікава працаваць на стыку розных навук. І, што самае важнае, гэта дапамагае весці значна больш усвядомленае жыццё.

— Якую інфармацыю пра чалавека можа даць спецыяліст вашага профілю?

— Можа падказаць, у чым індывідуальныя патрэбы, персанальнае прызначэнне. Парэкамендаваць, як выправіць недахопы, правільна выкарыстоўваць перавагі, дабіцца поспеху ў пэўнай справе, як сябе пазіцыянаваць. Напрыклад, будучаму настаўніку магу дапамагчы вызначыцца — яму лепш мець справу з цяжкімі або з адоранымі падлеткамі, каб раскрыць свой патэнцыял і дасягнуць педагагічных поспехаў. Студэнту журфака — зрабіць выбар: стаць крымінальным рэпарцёрам або пісаць аналітычныя матэрыялы. Кіраўніку — растлумачыць, які тып людзей дапаможа яму ў кар’ерным росце, а які будзе толькі перашкаджаць.

— Ці праўда, што папiлярныя ўзоры на нашых руках і ступнях унікальныя?

— Так, нават у двайнят, чый папілярны малюнак, на першы погляд, можа здавацца абсалютна ідэнтычным, ёсць адрозненні.

— Ці можна, вывучыўшы ўзоры на падушачках пальцаў, выявіць сваяцкія сувязі?

— Некаторыя дэрматагліфічныя асаблівасці могуць перадавацца ў спадчыну. Але часам няма нічога агульнага паміж узорамі, напрыклад, у родных брата і сястры.

— У кожнага чалавека прадстаўлены ўсе тры віды ўзораў: петлі, дугі, завіткі?

— Не. Часцей за ўсё спалучаюцца два віды ўзораў. Напрыклад, петлі і завіткі. Вялікая (сем і больш) колькасць петляў сустракаецца значна часцей, чым сем і больш дугавых узораў. У цэлым чалавецтва, падобна, спрашчаецца. Складаныя завіткі — гэта наша мінулае, сярэднія па складанасці петлі — сённяшні дзень, а простыя дугі, мяркуючы па ўсім, — будучыня. Эвалюцыя імкнецца да дугавога ўзору.

— Хто часцей за ўсё звяртаецца да вашых паслугаў? З якой мэтай?

— Прадстаўнікі сярэдняга бізнесу, прыватныя асобы, якія ўкладваюцца ў сябе, хочуць быць максімальна рэалізаванымі, ведаць, у чым іх моцныя бакі. Часам звяртаюцца кіраўнікі, зацікаўленыя ў тым, каб спаўна выкарыстаць патэнцыял супрацоўнікаў.

— Ці можна сказаць, што людзі з перавагай дуг, схільныя да адной дзейнасці, а ўладальнікі завіткоў і петляў — да іншай?

— Так. «Дугавым» людзям пастаянна патрэбныя новыя ўражанні, высокая фізічная актыўнасць. Уладальнікі завіткоў схільныя да інтравертнай, абстрактнай працы. Іх шмат сярод тых, хто мае справу з дакументамі, займаецца аналізам, заняты ў сферах, якія вымагаюць эрудыцыі і апускання ў працэс даследавання. Тым, у каго пераважаюць петлі, важная эмацыйная нагрузка, інакш у іх няма стымулу да працы.

— А калі рука пашкоджаная, пакалечаная, вы не берацеся рабіць нейкія заключэнні?

— Ключавыя высновы і ў гэтым выпадку звычайна можна зрабіць. Але калі няма паўнаты карціны, няма і дастатковай інфармацыі.

— Ці можна па руцэ «вылічыць» злачынныя схільнасці?

— Можна вызначыць прыналежнасць да групы рызыкі. Але само па сабе гэта яшчэ нічога не даказвае. Напрыклад, некаторыя віды асіметрыі папiлярных узораў могуць паказваць як на геніяльнасць, так і на дэвіянтнасць.

— А пра здароўе, асабістае жыццё можаце «прачытаць» па руцэ?

— Я не ўрач і ніякіх высноў аб стане здароўя рабіць не маю права. Хоць воляй-няволяй на некаторыя дэталі звяртаю ўвагу. Напрыклад, заўважыў, што жанчыны з анкалагічнымі дыягназамі маюць агульную асаблівасць у пабудове папiлярных узораў. 

Пытанняў з нагоды асабістага жыцця задаюць вельмі часта. Зразумела, што колькасць шлюбаў не прадказваю, але магу зарыентаваць, які тып адносін больш падыходзіць для шчаслівага асабістага жыцці і чаму. Для мяне любоўная тэма падобная механіцы, дзе ёсць выразныя законы і заўсёды можна высветліць прычыны збояў і непаладак.

— Ці ёсць у вас назіранні: мужчыны і жанчыны з якімі папiлярнымі ўзорамі ствараюць найбольш гарманічныя саюзы? Ці адрозніваюцца малюнкі на руках моцнай і слабой паловы?

— Пэўныя заканамернасці ёсць. «Дугі» з «дугамі» вельмі рэдка ўжываюцца. Тыя, у каго пераважаюць у папiлярных узорах завіткі, таксама не схільныя аб’ядноўвацца з сабе падобнымі. Петлі ўжываюцца і з дугамі, і з завіткамі, хоць ёсць свае нюансы. Дугавы ўзор часцей сустракаецца ў прадстаўніц слабага полу, а завіткі, наадварот, — у моцнай паловы. Успамінаю цікаўны выпадак. Неяк на прыём прыйшла шлюбная пара. Калі ўбачыў руку мужчыны, адразу падумаў: «Як жа такі нестандартны чалавек умудрыўся знайсці сабе пару!» У яго быў вельмі рэдкі, спецыфічны характар завіткоў. Але калі зірнуў на руку жанчыны, то быў уражаны яшчэ больш: яе ўзоры ідэальна спалучаліся з выглядам завіткоў мужа. Проста неверагодна, як яны здолелі адзін аднаго знайсці.

— Вялікая верагоднасць памылак у «чытанні» па руцэ?

— Заўсёды ёсць рызыка ўпусціць важны нюанс і зрабіць няправільны вывад. Але асноўная праблема — дакладна данесці вынікі аналізу, усё вельмі даступна растлумачыць. Мне здаецца, што фармулёўкі і рэкамендацыі максімальна ясныя, ніякай двухсэнсоўнасці быць не можа, а некаторыя кліенты ўмудраюцца вытлумачыць інфармацыю па-свойму.

— Вы часта здзіўляецеся, вывучаючы рукі людзей?

— Вельмі рэдка. Але бываюць сітуацыі, якія прымушаюць задумацца. Неяк давялося працаваць з групай дзяцей з асаблівасцямі развіцця слыху. Мне растлумачылі: большая частка з іх, вырастаючы, атрымлівае спецыяльнасці, якія патрабуюць выканання руцінных дзеянняў. Аднак на падушачках пальцаў амаль ва ўсіх выхаванцаў былі ўзоры, якія сустракаюцца ў прапаведнікаў, адвакатаў, грамадскіх дзеячаў, людзей мастацтва. Як гэта можна растлумачыць? Чаму людзям з гуманітарным патэнцыялам прырода адмовіла ў яго рэалізацыі? Гэта выпрабаванне або злы рок?


Вынаска:

Неяк на прыём прыйшла жанатая пара. Калі я ўбачыў руку мужчыны, адразу падумаў: «Як жа такі нестандартны чалавек умудрыўся знайсці сабе пару!» У яго быў вельмі рэдкі, спецыфічны характар завіткоў. Але калі зірнуў на руку жанчыны, то быў уражаны яшчэ больш: яе ўзоры ідэальна спалучаліся з выглядам завіткоў мужа. Проста неверагодна, як яны здолелі адзін аднаго знайсці!

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Загаловак у газеце: Ёсць шмат чаго на свеце, сябра Гарацыя...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.