Вы тут

Іnstagram, WhatsApp і Facebook «прылеглі»


Карыстальнікі з усяго свету ў панядзелак увечары пачалі паведамляць аб збоях. Але сэрвісы кампаніі працяглы час заставаліся недаступныя. Праблемы закранулі і дзясяткі іншых папулярных сайтаў — карыстальнікі паведамлялі пра памылкі ў рабоце TіkTok, YouTube, Netflіx, Snapchat, Tіnder і нават Twіtter. Праблемы назіраліся ў аператараў сувязі, банкаў і авіякампаній. Збой па праве назвалі самым маштабным у гісторыі.


Па даных Downdetector, які адсочвае работу папулярных інтэрнэт-рэсурсаў, непаладкі закранулі ўвесь свет. Аб збоях паведамлялі карыстальнікі з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. У карыстальнікаў Facebook узніклі праблемы пры выкарыстанні сайта, у Іnstagram часткова ці цалкам не працаваў мабільны дадатак. Карыстальнікі WhatsApp таксама не маглі зайсці ў праграму і скардзіліся на праблемы з падключэннем да сервера.

«Нам вядома, што некаторыя карыстальнікі адчуваюць праблемы з доступам да нашых дадаткаў і прадуктаў. Мы працуем над тым, каб усё выправіць як мага хутчэй, і мы просім прабачэння за нязручнасці», — заўважылі ў Facebook. Прычын не назвалі, аднак некаторыя спецыялісты мяркуюць, што да праблем маглі прывесці непаладкі ў рабоце DNS-сервераў, якія выкарыстоўвае інтэрнэт-кампанія.

Карыстальнікі пачалі масава пераходзіць у месенджар Telegram. Нагрузка на яго серверы рэзка вырасла, з-за чаго пачаліся пэўныя праблемы: хтосьці не мог спампаваць дадатак, іншыя паведамлялі пра затрымкі з адпраўкай паведамленняў. На старонцы месенджара ў сацыяльнай сетцы Twіtter было апублікавана паведамленне аб тым, што Telegram рады прыліву новых карыстальнікаў, аднак іх было настолькі шмат, што серверы пачалі працаваць з затрымкай. На шчасце, цалкам сэрвіс не «ўпаў» і даволі хутка работа наладзілася.

Пасля паведамленняў аб глабальным збоі ў рабоце сэрвісаў заснавальнік і кіраўнік Facebook Марк Цукерберг пазбавіўся 6,6 мільярда долараў. Акцыі кампаніі ўпалі больш чым на 5 працэнтаў. Мільярдэр апусціўся на шостае месца ў спісе найбагацейшых людзей планеты, сведчаць даныя Forbes.

А польскія СМІ, як той казаў, пад шумок пачалі піярыць нацыянальную сацсетку Albіcla. «Наведайце albіcla.com, зарэгіструйцеся і атрымлівайце асалоду ад свабоды слова!» — заклікаў, у прыватнасці, польскі партал Nіezalezna.pl. У гэтым усе палякі.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».