Вы тут

Ці гатовы гродзенскія спажыўцы цеплавой энергіі да выпрабавання холадам


Сёлета гарачая вада ў батарэі цэнтральнага ацяплення была пададзена амаль на месяц раней, чым летась. Увогуле, такога ранняга падключэння не памятаюць самі энергетыкі. Прыгадваюць 2013 год, але тады цяпло стала паступаць у апошні дзень верасня. Звычайна ацяпляльны сезон пачынаецца ў кастрычніку. Але сёлета мясцовыя ўлады скарацілі тэрміны падпісання пашпартоў гатоўнасці з-за ранніх халадоў. Між тым дзе-нідзе можна назіраць, як вядзецца перакладка цепласетак. Міжволі напрошваецца пытанне: ці не ўзнікне ў сувязі з гэтым перабояў з цяплом? Наколькі верагодна прайсці ацяпляльны сезон без аварыйных сітуацый? Разабрацца ў гэтым «Звяздзе» дапамог самы буйны пастаўшчык цяпла Гродзенскага рэгіёна.


У Гродне некалькі, што называецца, пастаўшчыкоў цяпла. Самым буйным лічыцца філіял «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга». На яго балансе — каля 600 кіламетраў трубаправоду. Цэлы падземны горад. Эксплуатацыя сама па сабе складаная, а тут яшчэ накладваюцца даволі значныя перапады вышыні, якія дасягаюць 50—60 метраў. Каб гэта ўявіць, дастаткова паглядзець на 15—20-павярховы дом. Дарэчы, такі складаны падземны рэльеф датычыць менавіта Гродна. Зразумела, што трымаць у парадку такую гаспадарку няпроста.

— Сапраўды, у горадзе можна бачыць траншэі, дзе мяняюць трубаправоды. Гэту работу мы вядзём не толькі ў летні сезон, але і да моцных халадоў. Цеплазабеспячэнне ў такім выпадку не будзе спыняцца, сучасныя тэхналогіі дазваляюць гэта рабіць без адключэння цяпла. Зімой кладзецца часовы трубаправод, што дазваляе працаваць нават у асенне-зімовы час, — запэўніў дырэктар Гродзенскіх цепласетак Генадзь Купраш.

Між тым многія памятаюць, што раней пры аварыі трубаправода даводзілася некалькі дзён знаходзіцца без цяпла, гэта ў лепшым выпадку. Як правіла, праблемы стваралі старыя трубы, якія эксплуатаваліся і 50, і 60 гадоў. Таму на прадпрыемстве першымі ў краіне пачалі замену іх на сучасныя — перадізаляваныя. Іх перавага ў тым, што яны значна скарачаюць цепластраты і павышаюць надзейнасць у эксплуатацыі, бо ізаляцыя не прапускае вільгаць, якая псуе трубы.

Па словах дырэктара, дынаміка работы даволі высокая, апошнім часам за год мяняецца па 20 кіламетраў трубаправода. Больш за палову падземных цепласетак ужо замянілі. І гэты працэнт павялічваецца. Усё робіцца дзеля таго, каб павысіць надзейнасць цепласетак, а значыць, забяспечыць бесперабойную падачу цяпла спажыўцам.

У найбліжэйшыя тыдзень-два ўсе трубы, якія знаходзяцца на тэрыторыі прадпрыемства, будуць пушчаны ў ход. На будучы год плануецца замяніць 25 кіламетраў старога трубаправода. Гэта вялікі аб'ём, кажа дырэктар філіяла. Дарэчы, выпуск сучасных труб наладзілі шэраг заводаў Беларусі, таму дэфіцыту ў пастаўках няма. А вось спецыялістаў, якія выконваюць гэту работу, не хапае.

— Ёсць ліміт па падрадчыках. У асноўным пракладку вядуць гродзенскія спецыялісты. У нас вельмі сур'ёзныя патрабаванні па якасці, мы не дапусцім нядбайнасці, — падкрэслівае дырэктар.

Замена старых труб мае яшчэ адзін значны бонус для спажыўцоў, бо скарачае тэрмін прафілактыкі і рамонту ў міжацяпляльны перыяд. Адпаведна скарачаецца і тэрмін адключэння гарачай вады ў кватэрах. Напрыклад, цяпер у Гродне гэты перыяд доўжыцца не 14 дзён, як было раней, а толькі 10. А ў будучыні плануецца наогул адмовіцца ад адключэння гарачага водазабеспячэння ў летні перыяд.

Як паведаміў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер філіяла Барыс Мітрычэнка, мадэрнізацыя сістэмы дазволіла ўключыць цяпло літаральна за 2-3 дні. Надзейнасць цеплазабеспячэння павысілася з устаноўкай электракатла на ТЭЦ, першага ў краіне. У аўтаматычны рэжым пераводзяцца помпавыя станцыі, якія забяспечваюць раўнамерную падачу вады. Гэта патрэбна для таго, каб цяпло і электраэнергія бесперабойна даходзілі да спажыўца, паколькі канчатковы спажывец знаходзіцца за 15 кіламетраў ад цеплавузла, а цеплавая хваля ідзе больш чым пяць гадзін.

— Імкнёмся да таго, каб знізіць уплыў дыспетчара на цеплавыя працэсы, яны будуць весціся ў аўтаматычным рэжыме, — дадаў начальнік дыспетчарскай службы філіяла Аляксандр Лявонаў.

Мадэрнізацыя дыспетчарскага пункта ўпраўлення дазваляе ў рэальным часе сачыць за ўсімі параметрамі аб'ектаў. Напрыклад, выхад вады павінен быць не ніжэйшы за 50 градусаў, гэта сацыяльны стандарт. Дзякуючы электроннай сістэме «Цеплаграф», якая распрацавана і ўстаноўлена сумесна з расійскімі партнёрамі, на працягу хвіліны можна знайсці кожны дом у горадзе і атрымаць поўную інфармацыю аб нагрузцы, тэрмінах пракладкі цепласетак, на чыім балансе знаходзіцца. Найбольш значная праграма датычыць сістэмы лакалізацыі аварый. Калі дыспетчару паступае такі сігнал, сістэма яму падказвае, які найбліжэйшы кабель трэба закрыць, а таксама інфармуе аб тым, якіх спажыўцоў трэба адключыць. Гэта значна скарачае тэрмін лакалізацыі аварыі.

Цяпер даследуюцца ўсе магістральныя трубаправоды, каб пазбегнуць аварый падчас ацяпляльнага перыяду. Дакладнае месца вызначае аварыйна-дыягнастычная служба, якая створана на прадпрыемстве 10 гадоў таму. Работа вядзецца прыборамі для відэанагляду і цеплаправізарамі. На трубаправодах, дзе, магчыма, ёсць праблема, устанаўліваюцца два датчыкі. Іх сігналы прымае вылічальны прыбор, які на аснове гукаў паказвае максімальную даўжыню пашкоджання. Дакладнасць вельмі высокая — да аднаго сантыметра. Такім чынам, можна бачыць, што адбываецца пад зямлёй.

Асноўны пік работ прыпадае на асенне-зімовы перыяд, бо ў гэты час асабліва высокія нагрузкі на цепласеткі. Таксама выкарыстоўваецца дрон з цеплавізуальнай камерай. Для аптымальнага кантролю за станам трубаправода ўстанаўліваюцца спецыяльныя датчыкі, якія распрацаваны на прадпрыемстве. Ёсць і праграма па іх устаноўцы. Яны дазваляюць кантраляваць цепласеткі праз сістэму GSM. У наступным годзе ўсе трубаправоды прадпрыемства будуць абсталяваны такімі датчыкамі. Заўважана, што пашкоджанняў, дзякуючы рэканструкцыі, з кожным годам становіцца менш. Адпаведна, менш і прафілактычных рамонтаў.

Яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона РУП «Гроднаэнерга» распрацаваны варыянты рэжымаў энергазабеспячэння спажыўцоў на асенне-зімовы перыяд. Ёсць графікі абмежаванняў падачы электра- і цеплаэнэргіі пры ўзнікненні аварыйных сітуацый. Адрамантавана паравая турбіна і генератар. Энергетыкі праклалі каля 30 кіламетраў цеплавых сетак — 94 % ад гадавога задання.

Значны аб'ём па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду выканалі арганізацыі ЖКГ. Зроблены прафілактычны рамонт 443 кацельных і 255 цеплавых пунктаў. Праведзены гідраўлічныя іспыты звыш дзвюх тысяч кіламетраў цеплавых сетак, на 90 % завершана замена цепласетак. На базе камунальнай гаспадаркі створаны 72 аварыйныя брыгады з адпаведнай тэхнікай і матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі для ліквідацыі надзвычайных сітуацый у ацяпляльны перыяд. Ёсць неабходная колькасць перасовачных крыніц энергіі.

У тэму:

Як паведамілі ў аддзеле энергетыкі, транспарту і сувязі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама, уключэнне ацяплення сёлетняга сезона прайшло без аварыйных сітуацый. У рэгіёне выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы па рамонце абсталявання, перакладцы цепласетак, створаны неабходны запас паліва. Сюды ўваходзяць мазут, драўлянае паліва і торфабрыкет. Заяўкі спажыўцоў па цвёрдым паліве поўнасцю выкананы. Праведзены работы па расчыстцы прасек і ліквідацыі небяспечных дрэў, якія пойдуць у якасці паліва спажыўцам. Стабільную работу энергасістэмы забяспечвае РУП «Гроднаэнерга» і арганізацыі ЖКГ.

Як паказвае вопыт апошніх гадоў, ацяпляльны сезон значна павялічваецца — ён пачынаецца раней, а завяршаецца пазней за традыцыйна ўстаноўленыя тэрміны. Таму на будучы год мяркуецца перагледзець тэрміны здачы пашпартоў гатоўнасці, каб «сюрпрызы» надвор'я не засталі камунальныя службы і жыхароў рэгіёна непадрыхтаванымі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ацяпляльны сезон стартаваў. Што далей?

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.