Вы тут

У Мінску прайшлі два дні VІ Фестывалю дакументальнага кіно «Еўразія. DOC»


Актуальныя тэмы, аўтарскі падыход і спроба сказаць пра важнае за чатыры хвіліны — такімі запомняцца два дні VІ Фестывалю дакументальнага кіно «Еўразія. DOC» у беларускай сталіцы. Праводзіўся ён традыцыйна на два гарады: пачаўся 27 верасня ў Смаленску, а завяршыўся ўжо ў Мінску.


Перад стартам кінапаказаў арганізатары і прадстаўнікі журы сустрэліся з журналістамі, дзе падзяліліся ўражаннямі, адзначалі тэндэнцыі кінафоруму, распавядалі пра новаўвядзенні. У прыватнасці, старшыня журы фестывалю «Еўразія.DOC» Віталь Траццякоў адзначыў, што сярод недахопаў можна вылучыць зацягнутасць некаторых работ, нюансы, якія звязаны з тэматыкай карцін: «З году ў год мы глядзім фільмы пра пустэльнікаў. Але чым яны прыкметныя, незразумела. Хочацца ад такога чалавека пачуць нейкае адкрыццё. Ён жа на зоркі глядзіць, з Богам размаўляе. Аднак нічога такога не чую. Тады навошта вы мяне, гледача, прывялі да гэтага героя?» Ёсць, на думку мэтра, і здабыткі: правільна раскрываецца ваенная тэматыка, «калі і Нюрнбергскі працэс, і пачатак вайны, і іншыя падзеі паказаны без пафасу, а праз драму».

Нагадаем, у гэтым годзе арганізатары атрымалі амаль 200 фільмаў-заявак з 21 краіны на ўдзел у кінафестывалі. Але ў канчатковую праграму, якую аўдыторыі дэманстравалі на працягу пяці дзён, увайшло толькі 30 фільмаў з 10 краін, сярод якіх Беларусь, Расія, Арменія, Узбекістан, Латвія, Азербайджан і іншыя.

«А потым мы плакаць перасталі...»

Ці то пандэмія адбіваецца, ці то не самы зручны час сеансаў і тое, што фільмы паказваюць у дзвюх кіназалах паралельна, але нешматлікасць аўдыторыі, якую гэтымі днямі даводзілася назіраць на паказах у кінатэатры «Беларусь», здзіўляла. Бо змест кінастужак сапраўды варты ўвагі. Напрыклад, у першы дзень я паглядзела тры работы, і кожная з іх па-свойму кранула і падштурхнула да роздумаў...

Дакументальны фільм «Фабзайцы» рэжысёра Марыі Смялковай (Расія) — прапанова згадаць пра той час, калі ў 1940-м з Мінска ў Ленінград паехалі вучыцца ў школы і вучылішчы рамёстваў ФЗА (фабрычна-завадской адукацыі) каля 24 000 падлеткаў з розных куткоў Беларусі. Кожны з іх марыў пра тое, што вернецца дадому запатрабаваным кваліфікаваным спецыялістам — будаўніком, фрэзероўшчыкам, чыгуначнікам і г. д. Але ўжо ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны вораг захапіў іх радзіму, а пасля і Ленінград знаходзіўся ў блакадным коле. Многія з падлеткаў прыпісвалі сабе год-другі, каб пайсці на фронт. Феадосій Смалячкоў, напрыклад, ураджэнец Магілёўскай вобласці, вучыўся на каменшчыка, а на фронце стаў снайперам. За кароткі час ён знішчыў 125 фашыстаў і навучыў больш за дзясятак чырвонаармейцаў снайперскаму майстэрству. А загінуў хлопец на Пулкаўскіх вышынях. І пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Такіх дзяцей, якія праявілі гераізм, тысячы. «Я быў старастам, часам дзяжурыў ноччу ў інтэрнаце і чуў, як хтосьці плача. Падсядзеш на ложак і супакоіш, каб толькі заснуў. Гэта было ў пачатку вайны. А потым мы плакаць перасталі», — гучаць радкі з пісьмаў юных беларусаў, на долю якіх выпалі выпрабаванні, невядомасць адносна будучыні. Калі глядзіш у вочы дзяцей на экране, то пражываеш боль усіх, хто апынуўся на вайне. Палова дзяцей, якіх на Кіраўскім заводзе, «Арсенале» і іншых прадпрыемствах называлі «зайчанятамі», блакаду не перажыла і назад не вярнулася. І ў 1986 годзе на Піскароўскіх могілках з'явіўся невялікі абеліск у памяць пра іх... Кінастужка па выніках конкурсу была адзначана Спецыяльным прызам прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Мінску.

Людзі і лёсы

А вось Гран-пры (узнагарода сёлета ўручалася ўпершыню) VІ фестывалю дакументальных фільмаў «Еўразія.DOC» прысудзілі кінастужцы «Рэанімацыя» (2019) расійскіх рэжысёраў Станіслава Ставінава і Андрэя Цімошчанкі (Расія). Карціна распавядае пра дзіцячага ўрача хуткай дапамогі, які вось ужо 10 гадоў ратуе людзей ад смерці. Яго змены часта доўжацца па некалькі дзён. Ён той, хто суправаджае цяжка параненых пацыентаў, якіх перавозяць у бальніцы на санітарных авіялайнерах, што заўсёды з'яўляецца рызыкоўным... Аднойчы яго свет разбурыўся, і мужчына заўважыў, што ўсё часцей глядзіць на крук у столі на здымнай кватэры. Потым ён пакрыў сваё цела татуіроўкамі... Але гэты чалавек быў першы, хто адрэагаваў на дзве трагедыі, за якімі ўважліва назіралі па ўсім свеце... І працягваў ратаваць іншых... Фільма няма ў адкрытым доступе, аднак зацікаўлены глядач можа знайсці яго на платформах, дзе прагляд магчымы па падпісцы.

У ліку пераможцаў сёлетняга фестывалю аказаліся яшчэ тры расійскія фільмы: «Калі растае снег» Аляксея Галаўкова, «Паратунак у Космасе» Рамана Навалокіна, «Ржэў. 500 дзён у агні» Рамана Гангана, а таксама кінастужка беларускага рэжысёра Аляксандра Ігначкова «Баявы разлік 41-га».

Увогуле, калі гаварыць аб праграме кінафоруму сёлета, то яна атрымалася вельмі разнастайная па тэмах і сюжэтах. Юбілейныя і памятныя даты, пандэмія каранавіруса, Вялікая Айчынная вайна і памяць пра яе, што жыве ў пакаленнях, людзі і іх учынкі рознага маштабу — усё гэта знайшло ўвасабленне ў прадстаўленых гледачу кінаработах. Так, фільм «Латвія. Прывід акупацыі» рэжысёра з Рыгі Андрэя Якаўлева — спроба распавесці гледачу пра канцэпцыю трох акупацый Латвіі Савецкім Саюзам, якая мае месца ў сучаснай палітыцы балтыйскай дзяржавы. Кінастужка змястоўная, але арыентаваная, як адзначыў і сам рэжысёр, на падрыхтаваную аўдыторыю. Яна дае магчымасць кожнаму ўбачыць і пачуць аўтарскую пазіцыю пераасэнсавання гістарычных падзей, а пасля ўжо самім рабіць высновы альбо шукаць факты і будаваць уласную карціну. А вось кінастужка «90-я. Траўма» (Расія) аўтара Арцёма Вараб'я — сапраўдны зрэз таго перыяду, дзе лёсы людзей і іх уменне не страціць сябе даюць добры эмацыянальны пасыл нам, сучасным гледачам, адносна таго, чаго вартая свабода, надзея на заўтрашні дзень, а таксама ўменне быць адданымі сваёй зямлі і не дазволіць ніякім пераменам заглушыць голас сумлення і чалавечнасці. Пасля паказу ў адрас аўтараў кінаработы гучалі папрокі ў «заштампаванасці», але гэта можна ім дараваць. Галоўнае, што ад убачанага на экране глядач часам хоць і жахаецца, але не страчвае надзеі на змены да лепшага. Нешта ў душы адгукаецца, нават калі ты не з таго пакалення.

Вачыма маладых

— Для мяне вялікая радасць быць тут, бо за час пандэміі гэта першы фестываль, на якім я прысутнічаю фізічна. Раней на некалькіх фестывалях я была ў розных якасцях, але... не выходзячы з дому. Прыемна адзначыць, што з кожным годам кінафорум набірае абароты і пашырае свае межы. Тут адкрываюцца новыя імёны, уладальнікі якіх потым уваходзяць у кіно ўжо як мэтры, — адзначыла член журы з Казахстана Асія Байгожына. — Кропкі ўзаемадзеяння і судакранання ёсць на гэтым фестывалі. Пасля прагляду фільмаў прыходзіць усведамленне, чым жывуць людзі. З'явілася тэндэнцыя здымаць патрыятычныя і асветніцкія фільмы. І, што для мяне асабіста важна, дакументальнае кіно паказвае вобразы часу. Але не хапіла карцін, якія б выклікалі палеміку, дэманстравалі яркую пазіцыю іх аўтараў.

Паказаць сябе чарговы раз змаглі і маладыя дакументалісты. У рамках конкурсу «Еўразія.DOC. 4 хвіліны» фіналістамі сталі шэсць работ рэжысёраў з Беларусі, Расіі і Арменіі. А тройку пераможцаў склалі фільмы «Дзверы» аўтараў Крысціны Даўгалапцевай і Кацярыны Шахаўцовай (Расія), «Час вяртацца дадому» Вольгі Жукавай (Беларусь) і «Нябачны белы халат» Эвеліны Барсегян (Арменія). Трэба сказаць, што кожная з заяўленых работ была моцнай, бо ў чатырох хвілінах маладыя рэжысёры-дакументалісты закраналі тэмы валанцёрства, захавання памяці Вялікай Айчыннай вайны, спроб адраджаць малую радзіму і здзяйсняць свае мары... Як робяць гэта героі фільма «Час вяртацца дадому» — беларусы, што пераязджаюць у вёску, будуюць стайню і становяцца больш блізкімі да прыроды і зямлі, адчуваючы сябе па-сапраўднаму шчаслівымі... Пасля прагляду застаешся нават крыху расчараваным, што паказалі так мала, а думкі своечасовыя і цікавыя. І таму хочацца верыць і спадзявацца, што ў наступным годзе працяг абавязкова будзе!

Алена ДРАПКО

Фота з сайта eurasіafіlm.ru

Загаловак у газеце: Быць Чалавекам — місія на ўсе часы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».