Вы тут

Лёсам звязаны з Навагрудчынай


Тургелі, паселішча, якое знаходзіцца ў сучасным Шальчынінкскім раёне Віленскага павета, у Літве, — радзіма мастака Эдуарда Баніфація ПАЎЛОВІЧА. Нарадзіўся ён 7 чэрвеня 1825 года. Але ж лёсам сваім творца прыналежны не толькі Літве, але і Польшчы і Беларусі. Мастак-партрэтыст, пейзажыст, грамадскі дзеяч, мемуарыст, удзельнік паўстання 1863 — 1864 гадоў. 


А дзяцінства Эдуарда Паўловіча прайшло на Навагрудчыне. Вучыўся ж прадстаўнік шляхецкага роду герба Ясенчык ў Жыровічах, на Слонімшчыне, і ў Слуцку. Першыя ўрокі малявання будучы мастак атрымаў у Вільні ў час прыватных урокаў Канута Русецкага і Аляксандра Рыпінскага. Нагадаем, што Аляксандр Рыпінскі (1811 — 1900) польскі і беларускі паэт, фалькларыст, этнограф, графік, кнігавыдавец. Нарадзіўся ў вёсцы Кукавячына (сучасны Віцебскі раён), на Віцебшчыне. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў. Дарэчы, служыў у расійскім войску, а калі паслалі на падаўленне паўстання ў складзе арміі Дзібіча, уцёк і далучыўся да ісургентаў. Пазнаёміўся з легендарнай Эміліяй Плятэр. Пасля паўстання з’ехаў у Францыю. Атрымаўшы амністыю і дазвол вярнуцца ў Расійскую імперыю, прыехаў у роднае Кукавячына, дзе пазнаёміўся з Арцёмам Вярыгам-Дарэўскім. Вядома, што падрыхтаваў хрэстаматыю беларускай літаратуры. Выдаваў свае кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі. Канешне ж, уплывы такіх асоб, як Рыпінскі і Русецкі істотна паўплывалі на фарміраванне творчай асобы мастака, на яго грамадзянскую свядомасць. 

... Наступнай прыступкай для Эдуарда Паўловіча сталася Імператарская акадэмія мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, якую малады чалавек закончыў у 1853 годзе. Пасля некалькі гадоў Э. Паўловіч правёў паездках па краінах Заходняй Еўропы. Наведваў мастацкія галерэі, музеі, адкрываў для сябе дасягненні, здабыткі вялікіх мастакоў з розных стагоддзяў. 

З 1859 года Эдуард Паўловіч выкладаў у Навагрудскай гімназіі. У 1860 годзе заснаваў у горадзе нядзельную школу, самадзейны тэатр. Адсюль, з Навагрудка, пісаў у розныя перыядычныя выданні. 

Прымаў мастак актыўны ўдзел і ў паўстанні 1863-1864 гадоў. Быў арыштаваны і высланы ўглыб Расійскайй імперыі. У 1867 годзе вярнуўся ў Навагрудак. Затым выехаў у Аўстра-Венгрыю. З 1879 года пасяліўся ў Львове. Займаўся падрыхтоўкай і выданнем каталогаў фондаў музея Любамірскіх. Напісаў некалькі кніг успамінаў. Найбольшую вядомасць набылі «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1883) і «Успаміны: Навагрудак, вязніца, выгнанне» (Львоў, 1887). І ў львоўскі перыяд жыцця (а памёр мастак, мемуарыст 10 лютага 1909 года ва ўзросце 83 гады) Паўловіч займаўся публіцыстыкай, пісаў для «Газеты Львоўскай» (выходзіла на польскай мове) і польскамоўнага «Кур’ера Віленскага». Чаму б не перакласці і выдаць гэтыя мемуарныя творы па-беларуску?..

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».