Вы тут

Мастачка Федзюніна: Перажыванні ці буду я заўтра запатрабавана будуць заўсёды


«Калі цалуюцца берагі», «Летнія цені», «Мятныя пачуцці», «Трохкутны заход». Калі глядзіш на працы з баціку мастака-дызайнера Зінаіды Фядзюнінай, мімаволі падпадаеш пад іх зачараванне, адчуваеш хвалявальныя пахі, чуеш цудоўную музыку — яны быццам зацягваюць цябе ў чароўны і таямнічы свет мрояў, сноў, няўлоўнай прыгажосці.


Зіна з дзяцінства любіла маляваць. Аднак пасля школы, паслухаўшы бацькоў, насуперак уласным жаданням паступіла не ў Акадэмію мастацтваў, а ў БДЭУ. Атрымаўшы дыплом эканаміста, каля года прапрацавала бухгалтарам і цяпер успамінае пра гэты час з уздрыганнем.

— У мяне была добрая зарплата, гарантаваны сацпакет, стабільнасць, — расказвае суразмоўніца. — Але я хадзіла на службу як на катаргу, ужо раніцай марыла пра тое, каб працоўны дзень хутчэй скончыўся і я апынулася дома побач з фарбамі і палотнамі. У выходныя наведвала выставы і галерэі, знаёмілася з арт-Мінскам. Пасля года адных пакут звольнілася і паступіла ў БДУКМ. І ўсё імгненна змянілася! На лекцыі спяшалася як на свята, вучылася з велізарным задавальненнем, шмат якімі выкладнікамі захаплялася.

Яшчэ падчас навучання Зінаіда Фядзюніна захапілася бацікам, пачала браць удзел у конкурсах і выставах. За 15 гадоў рэгулярнай практыкі і пошуку стала вядомым мастаком-дызайнерам, зрабіла сабе імя. Сёння яна валодае гарачым, халодным, вузельчыкавым бацікам, мармураваннем. Вынайшла мастачка і ўласную аўтарскую тэхніку, пры якой спачатку на шоўк наносіцца вільготная фарба, а потым вадой ствараецца малюнак. Дамагаючыся патрэбнага выніку, Зінаіда, як правіла, змешвае розныя тэхнікі і прыёмы.

— Бацік патрабуе эскізаў, — падкрэслівае Зінаіда Фядзюніна. — У выпадку праблем з малюнкам выправіць памылку на шоўку не атрымаецца, давядзецца браць новую тканіну і наносіць яго наноў. Гэта тэхніка дапускае індывідуальны падыход, а не серыйную вытворчасць. І мне гэта падабаецца. А яшчэ ў роспісе па шоўку ёсць утоены патэнцыял, здольнасць здзіўляць новымі магчымасцямі. Напрыклад, калі на вільготную афарбаваную паверхню насыпаецца соль, атрымліваецца эфект воднай рабі. Бывае падчас працы з тканінай і фарбамі памылкі і выпадковасці прыводзяць да зусім нечаканых адкрыццяў.

Мастачка спрабавала ўжываць бацік для стварэння самых розных рэчаў. Прадстаўляла сваю калекцыю адзення на Belarus Fashion Week. Распісвала шалікі і хусткі. У яе было некалькі персанальных выстаў пано.

Сёння Зінаіда бярэцца за адзенне толькі на заказ. А галоўным чынам займаецца дэкараваннем жылых памяшканне і офісаў. Яе студыя дызайну Znow.project вырабляе шторы, падвясныя столі, пано на сцены, драпіруе мяккую мэблю. У працы скарыстае, вядома, не толькі бацік, але і іншыя матэрыялы і тэхнікі.

— Каб удала аформіць памяшканне, стварыць патрэбную атмасферу, патрэбна спачатку выслухаць заказчыкаў, зразумець, чаго яны хочуць, потым прапанаваць сваё бачанне і, калі кансэнсус дасягнуты, то брацца за справу, — дзеліцца Зінаіда Фядзюніна. — Перыяд абмеркавання і падрыхтоўкі часта займае больш часу, чым само выкананне заказу.

Паводле слоў суразмоўніцы, сёння ў беларусаў вялізны «попыт» на класіку і скандынаўскі мінімалізм. Што да сюжэтаў на баціку, які выкарыстоўваецца дызайнерам для дэкарыравання жытла, то тут усё вельмі індывідуальна: нехта ў спальні хоча птушак, нехта краявід, нехта абстракцыю, а нехта касмічную тэму.

Са сталымі кліентамі, вядома, мець справу прасцей. Дызайнер ведае ўжо іх перавагі, густы. Некаторыя так застаюцца задаволены вынікамі працы Зінаіды Фядзюнінай, што рэкамендуюць яе сваякам, знаёмым, калегам. Разам з жылымі памяшканнямі даводзілася ёй дэкарыраваць і офісы, і кафэ.

— Перажыванні наконт таго, ці буду я заўтра запатрабавана, напэўна, што, будзе заўсёды, — прызнаецца Зінаіда. — Вечнае са мной застанецца і крытычнасць у адносінах да ўласнай працы. Але затое дызайн, творчасць дораць мне радасць, я адчуваю, што займаюся сваёй справай. Нават калі гляджу фільмы, успрымаю перадусім інтэр’еры, афармленне, касцюмы. У падарожжах насычваюся ўражаннямі і адлюстроўваю іх на тканіне.

Зінаіда Фядзюніна з ліку тых жанчын, якім не характэрна стаяць на месцы, дзень пры дні займацца руцінай. Яна ўвесь час нечаму вучыцца. Цяпер вывучае маркетынг, цікавіцца ароматэрапіяй, стварэннем парфумерыі, травамі. У што гэта ў выніку выльецца, пакуль невядома. Але гэта ёй падабаецца, і яна не адмаўляе сабе ў задавальненні спазнаваць.

Зінаідзе Фядзюнінай вельмі хочацца, каб прыгажосці — унутры чалавека і знадворку — было як мага больш.

Некалі паміж бухгалтэрыяй і бацікам яна выбрала бацік. І, нягледзячы на ўсе скажонасці зыбкага і ненадзейнага шляху вольнага мастака, аніразу не пашкадавала пра гэта. Таму што калі ідзеш сваёй дарогай, ідзеш услед за сваёй зоркай, з’яўляюцца сілы, натхненне, нараджаюцца праекты і ідэі. І ў жыцці адкрываюцца новыя прывабныя гарызонты.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва З. ФЯДЗЮНІНАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».