Вы тут

Расстройствы аўтыстычнага спектра: што гэта такое?


Дзяцей з аўтызмам у апошнія дзесяцігоддзі стала больш. З чым гэта дакладна звязана, вучоныя пакуль не высветлілі. Але ўрачы падкрэсліваюць, што аўтызм і ўсе яго разнавіднасці, якія адносяцца да расстройстваў аўтыстычнага спектра, — не прыгавор. Так, такім дзецям цяжка наладзіць кантакт з навакольнымі. У іх ёсць свае інтарэсы, але гэта закрыты для навакольных свет, куды яны нікога не пускаюць. Аднак пры належнай карэкцыі дзеці абсалютна нармальна ўпісваюцца ў звыклае для нас жыццё — атрымліваюць адукацыю, асвойваюць прафесію, заводзяць сям'ю. Пра тое, як выхаваць асаблівае дзіця, мы паразмаўлялі з псіхолагам Мінскага клінічнага цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі Аленай САРОКІНАЙ.


— Алена Сяргееўна, што такое аўтызм?

— Аўтызм — первазіўнае расстройства, інакш кажучы, яно ахоплівае ўсе сферы псіхічнага развіцця чалавека. І характарызуецца трыма групамі парушэнняў паводле МКБ-10 (класіфікацыі хвароб, якая выкарыстоўваецца ў краінах СНД). Гэта расстройства камунікацыі, расстройства ўзаемадзеяння і наяўнасць стэрэатыпных інтарэсаў і рухаў, якія паўтараюцца. Аўтызм — не захворванне, гэта расстройства або стан, які суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця. І няма лекаў, якія зрабілі б яго здаровым. Таксама, на жаль, няма ніякага аналізу, які можа пацвердзіць ці абвергнуць наяўнасць у чалавека расстройстваў у спектры аўтызму ці дыягназ «дзіцячы аўтызм».

— Самі бацькі могуць заўважыць дадзенае расстройства? Як яно праяўляецца ў малога?

— Існуе набор «чырвоных флажкоў» аўтызму. Гэта паводзінскія праявы, якія бацькі могуць заўважыць і звярнуцца да спецыяліста. Іх можа быць вялікая колькасць, і яны адрозніваюцца, бо людзі з аўтызмам не падобныя адзін да аднаго. Але асноўныя сімптомы — адсутнасць зрокавага кантакту і рэагавання на звернутую да малога размову бацькоў, аж да таго, што на пэўным узроставым этапе дзіця можа не пазнаваць сваіх блізкіх. Таксама гэта стэрэатыпныя інтарэсы, якія паўтараюцца. Як правіла, дзіця цікавіцца толькі пэўнымі прадметамі ці групай прадметаў. Прычым у кожнага яны розныя: маленькія лялькі, бытавыя прыборы, брашуры. З боку такія інтарэсы заўсёды будуць выглядаць дзіўна. Калі гэта пэўныя маленькія лялькі, то малое будзе выстаўляць іх радкамі, не даючы даросламу ўмяшацца ва ўласную гульню. Такое дзіця пастаянна захопленае адным відам дзейнасці, скажам, раскручваннем колцаў у машынцы.

Таксама гэта спецыфічныя паводзіны ва ўласнай гульні, напрыклад, калі дзіця гуляе толькі лежачы, а калі вы імкняцеся пасадзіць яго на канапу ці перавесці ў іншы пакой, яно заўсёды будзе вяртацца ў пэўную позу і паўтараць пэўныя дзеянні. З боку гэта заўсёды выглядае дзіўна. Хутчэй за ўсё, бацькі ніколі раней не бачылі такіх паводзін у іншых дзяцей. Такія малыя вылучаюцца і на гульнявой пляцоўцы. Яны не імкнуцца ўстанавіць кантакт, не імітуюць дзеянні іншых дзяцей, не ўцягваюцца ў гульню з імі. Адсутнасць імітацыі — таксама «чырвоны флажок» аўтызму. Калі маці траціць шмат часу на тое, каб чаму-небудзь навучыць дзіця, а яно гэтаму ніяк не навучаецца, то гэта таксама знак.

Спецыфічнымі інтарэсамі могуць быць літары. Такія дзеці вельмі хутка пачынаюць чытаць, пры тым што могуць не размаўляць. Бацькам гэта здаецца такім класным навыкам, што астатнія праблемы застаюцца за кадрам. І толькі калі час падыходзіць да школы, яны разумеюць, што дзіця не можа камунікаваць належным чынам, нягледзячы на свае таленты. Такія дзеці не дапускаць дарослага ва ўласную дзейнасць. Малое можа чытаць кнігу, але калі мама яе забірае, яно бурна рэагуе: пачынае плакаць, уцякаць, закрывацца. Калі пакінуць яго з гэтай кнігай, то працягне чытаць. Важна, каб бацькі своечасова заўважылі гэту асаблівасць і звярталіся да спецыяліста. Няхай лепш у тры гады скажуць, што ўсё нармальна і ніякіх асаблівасцяў з камунікацыяй у дзіцяці няма, чым цягнуць да школьнага ўзросту.

Адзін з галоўных маркёраў — маўленне. Часта такія дзеці не размаўляюць. Адбываецца гэта не таму, што яны не могуць. У іх парушана матывацыя да камунікацыі, і яны не могуць узаемадзейнічаць на належным узроўні.

— У якім узросце ставіцца дыягназ?

— Раней лічылася, што дыягназ можна паставіць толькі пасля трох гадоў, цяпер дыягностыка, у тым ліку і ў нашай краіне, пайшла на шмат крокаў наперад, можна казаць пра наяўнасць сімптомаў у спектры аўтызму ці рызыкі развіцця гэтага стану пачынаючы прыкладна з 1,5 года.

— Куды звяртацца бацькам, калі яны заўважылі такія праявы?

— Калі яны звярнулі ўвагу на змену ў паводзінах дзіцяці да трох гадоў, то варта звяртацца ў цэнтр ранняга ўмяшання. Гэта робіцца як праз неўролага ў дзіцячай паліклініцы, так і самастойна, калі нешта хвалюе. У Мінску сем цэнтраў ранняга ўмяшання, можна ўдакладніць, ці ёсць такі цэнтр на базе вашай паліклінікі або звяртацца ў іншую.

Пры дасягненні трохгадовага ўзросту, калі сімптомы захоўваюцца, у Мінску трэба звярнуцца ў сталічны клінічны цэнтр дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Трэба сказаць, што тут існуе пэўны стэрэатып. Калі дзіця не размаўляе, многія навакольныя кажуць: пачакайце, у тры гады яно загаворыць. Бацькі чакаюць, і калі ў тры гады цуд не адбываецца, звяртаюцца да нас. Дзіця абследуюць, і пасля трохгадовага ўзросту выстаўляюць дыягназ.

Большасць такіх дзяцей мае патрэбу ў пастаяннай карэкцыйнай рабоце. Цяпер у Беларусі на базе дзіцячых садкоў існуюць розныя групы — лагапедычныя, тыя, што працуюць па праграме з цяжкасцямі ў навучанні, інтэграваныя. У залежнасці ад ступені выражанасці сімптомаў і асаблівасцяў выбіраюцца неабходны від і форма навучання. Для гэтага дзіця абследуе ўрач-псіхіятр, псіхолагі, псіхатэрапеўты. Акрамя таго, прымаецца рашэнне аб неабходнасці цьютара ў кожным канкрэтным выпадку. Здараецца, што неабходнае індывідуальнае суправаджэнне, часам дастаткова групавога цьютара, ёсць выпадкі, калі дзіцяці не патрэбны персанальны суправаджальнік і яно здольнае спраўляцца самастойна.

— Чым дапамагаюць у цэнтрах ранняга ўмяшання?

— Аўтызм — гэта не прыгавор, такія людзі могуць функцыянаваць самастойна. Атрымліваць адукацыю, прафесію, ствараць сям'ю. І ў большасці выпадкаў усё можа быць вельмі пазітыўна, калі займацца карэкцыяй. І чым раней яна пачатая, тым большая імавернасць максімальна скарэкціраваць паводзінскія асаблівасці. Гэта не значыць, што калі пачаць у шэсць гадоў, карэкцыя будзе горшая ці дзіця не даб'ецца поспехаў. Аднак калі пачаць яе ў тры гады, то да шасці гэтыя поспехі ўжо будуць.

— У чым заключаецца карэкцыя?

— У кожным асобным выпадку спецыяліст падбірае свой метад, які будзе максімальна эфектыўны. Паколькі аўтызм — гэта расстройства функцыянавання, то малое не набірае навыкі, характэрныя да свайго ўзросту, якія ў іншых дзяцей развіваюцца аўтаматычна. Асноўнае, на што скардзяцца бацькі, — дзеці не размаўляюць. Адпаведна, спецыяліст працуе з маўленнем, вучыць дзіця ўзаемадзейнічаць з дарослым сацыяльна прымальным спосабам. Карэкцыя накіравана на тое, каб навучыць чалавека паўнацэнна камунікаваць з навакольным светам. У нейкіх сітуацыях гэта можа выглядаць нетыпова.

— Кажуць, што апошнім часам дзяцей з аўтызмам стала больш...

— Гэта сапраўды так. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожнае 90-е дзіця нараджаецца з расстройствам аўтыстычнага спектра, у тым ліку кожны 54-ы хлопчык. Гэта не значыць, што кожнаму з іх будзе выстаўлены дыягназ «дзіцячы аўтызм», але сімптомы ў спектры аўтызму будуць.

Ёсць некалькі здагадак, з чым можа быць звязана такая тэндэнцыя, але яны не маюць доказнай базы. Адной з прычын можна лічыць экалагічную абстаноўку і пагаршэнне ўмоў навакольнага асяроддзя. Але гэта толькі здагадкі, ніякай даказанай інфармацыі няма.

— Чаму ўзнікае аўтызм?

— Гэта прыроджаны стан, выкліканы пэўнымі паломкамі генаў. І ёсць некалькі тэорый, чаму так адбываецца, але ні адна з іх пакуль не з'яўляецца да канца даказанай, хоць даследаванні вядуцца шмат гадоў.

— І гэта не звязана са з'яўленнем вялікай колькасці гаджэтаў у нашым жыцці?

— Ні з імі, ні з характаралагічнымі асаблівасцямі мамы — гэта было абвергнута яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Гэтак жа як і папулярная тэорыя пра тое, што пасляродавая дэпрэсія мамы выклікае расстройства аўтыстычнага спектра ў дзіцяці. Усё гэта не адпавядае рэчаіснасці. Бацькі тут невінаватыя. Таксама як існуе пэўны стэрэатып, што вакцыны выклікаюць аўтызм. СААЗ правёў вялікія даследаванні на гэту тэму, і не знайшоў ніякіх пацвярджэнняў. Сапраўды, можна ўбачыць, што пасля ўвядзення вакцын паводзіны дзіцяці мяняюцца, але гэта звязана з тым, што яно нарадзілася з асаблівасцямі спектра аўтызму, і пэўны ўплыў на арганізм зрабіў гэтыя асаблівасці відавочнымі. Але яны б усё роўна абавязкова праявіліся.

Няпраўда і тое, што чалавек з аўтызмам абавязкова мае інтэлектуальную недастатковасць. Пры аўтызме яна праяўляецца з той жа частатой, што і пры іншых парушэннях, і не з'яўляецца асноўнай часткай гэтага парушэння. Яе можа і не быць.

— Якую прафесію могуць у будучым выбіраць такія дзеці?

— Дастаткова шмат людзей у Беларусі з асаблівасцямі аўтыстычнага спектра, якія атрымалі адукацыю і працуюць. Ёсць некаторы стэрэатып, што з людзей з аўтызмам вырастаюць праграмісты. Яшчэ яны становяцца ўрачамі, настаўнікамі, кіроўцамі — кім заўгодна.

— Аўтызм можа выяўляцца ў падлеткавым узросце?

— Такое здараецца, калі асаблівасці спектра аўтызму выражаны нязначна, і ў дзіцячым і малодшым школьным узросце бацькі знаходзяць тлумачэнні нейкім дзівацтвам свайго малога. Але большасць бацькоў усё ж звяртаецца раней — прыкладна ва ўзросце трэцяга класа.

— Нараджэнне такога дзіцяці ў сям'і азначае, што жыццё бацькоў будзе складанае?

— Жыццё бацькоў будзе крыху складанейшае. Для паспяховай карэкцыі добра, калі яны мяняюць свой спосаб жыцця. Ён не становіцца горшы ці лепшы, ён робіцца іншым. Лічыцца, што самая эфектыўная карэкцыя — паводзінскі падыход. Ёсць метад, які носіць назву «ўжытковы аналіз паводзін». На сёння ён лічыцца самым эфектыўным. Для чалавека з расстройствам аўтыстычнага спектра важна, каб жыццё было прадказальнае. Адпаведна, бацькі павінны стварыць такія ўмовы: рэжым дня, складанне візуальнага раскладу, дзе апісаны ўсе падзеі на найбліжэйшыя дзень і тыдзень. Папулярным з'яўляецца падыход, які называецца «кіруючы кантроль». Ён складаецца з сямі крокаў, якія бацькі павінны паступова ўкараняць, каб палепшыць камунікацыю дзіцяці з імі, бо такім чынам паляпшаецца камунікацыя і з іншымі дарослымі і дзецьмі.

Калі мы кажам пра аўтызм, то размова ідзе пра доўгачасовую карэкцыю. Гэта можа быць як некалькі гадоў, так і некалькі дзесяцігоддзяў. Чалавек можа загаварыць у 1,5 года, у тры, а можа ў дзевяць ці ў 15, і нават у дарослым узросце. У любой сітуацыі трэба прыкладаць максімум намаганняў для атрымання выніку, і ён абавязкова будзе.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У сваім свеце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.