Вы тут

Мода на сям'ю зусім прайшла?


На працягу стагоддзяў сям'я ў нашай культуры лічылася той крэпасцю, дзе можна было схавацца ад усіх бед і няшчасцяў. Нягледзячы на перажытыя ўзрушэнні і трансфармацыі, сям'я выстаяла ў XX стагоддзі. Ці захаваецца яна ў XXІ? Чым тлумачыцца вялікая колькасць разводаў і адзінокіх людзей, якія не жадаюць уступаць у шлюб? Што спараджае канфлікт бацькоў і дзяцей і як яго пераадолець? Пра гэта наша размова з прафесарам кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, доктарам гістарычных навук, дацэнтам Ірынай КАЛАЧОВАЙ.


Не поле перайсці

— Усе даследаванні, якія праводзіліся да нядаўняга часу, паказвалі: у сістэме каштоўнасцяў беларусаў сям'я па-ранейшаму займае лідзіруючыя пазіцыі. І пры гэтым больш за палову шлюбаў распадаецца. Як вы пракаментуеце такую сітуацыю?

— Сям'я — правераная часам каштоўнасць. Таму моладзь і сёння ад яе не адмаўляецца. Але, на жаль, стварэнне сям'і часта звязваюць у першую чаргу з задавальненнем, камфортам, забываючы пра абмежаванні, абавязкі, клопат пра блізкіх, пра тое, што жыццё ў сям'і — гэта і навука, і мастацтва. Новае пакаленне беларусаў вельмі інтэлектуальнае і адукаванае. Але пры гэтым у многіх юнакоў і дзяўчат не сфарміраваны сацыяльныя навыкі. Ім не хапае адказнасці, арганізаванасці, дысцыпліны. Статыстыка паказвае: муж і жонка разводзяцца, як правіла, на пачатковым этапе станаўлення сям'і. Можа, яны папросту аказваюцца не гатовыя да сямейных будняў і складанасцяў, не ўмеюць саступаць адзін аднаму, трываць, не імкнуцца зразумець партнёра? Чаму сёння так распаўсюджана праблема нявыплаты аліментаў пасля разводаў? На мой погляд, многія мужчыны лічаць: развітаўшыся з жонкай, яны ўжо не абавязаны клапаціцца пра дзіця.

У патрыярхальнай сям'і з пакалення ў пакаленне перадавалася перакананне: бацькоўства — раз і назаўсёды дадзеная місія. Бацькі падтрымлівалі дзяцей да той пары, пакуль тыя самі не бралі шлюб. Гэта вельмі змацоўвала адносіны паміж жонкай і мужам: нават калі здараліся сваркі і непаразуменні, яны не ляпалі дзвярыма.

— Чым, на ваш погляд, тлумачыцца позняя сацыялізацыя сучаснай моладзі?

— Сацыяльныя навыкі фарміруюцца ў працэсе дзейнасці. У патрыярхальнай сям'і дзеці з ранніх гадоў далучаліся да працы, вучыліся ўзаемадзейнічаць у калектыве. Вядома, свет змяніўся, узровень жыцця прыкметна ўзрос.

З аднаго боку, сучасных бацькоў можна пахваліць за тое, што яны жадаюць даць сынам і дачкам самае лепшае. Але дзе тая мяжа паміж любоўю і патрабавальнасцю? Пакаленне, якое вырасла ў цяплічных умовах, хоча атрымліваць ад жыцця ўсё па найвышэйшым разрадзе, не прыкладваючы вялікіх намаганняў. Гэтаму спрыяе і магутная прапаганда спажывецтва. А ёсць яшчэ новае інфармацыйнае асяроддзе. У паглыбленых у віртуальную рэальнасць маладых людзей часта не фарміруюцца нармальныя камунікатыўныя навыкі. Хлопцы да 30 гадоў затрымліваюцца ў бацькоўскім гняздзе, становяцца недаступнымі для зносін і знаёмства з дзяўчатамі. Размаўляючы са студэнткамі, бачу, што многія з іх не задумваюцца аб стварэнні сям'і, аб тым, з кім і як яны будуць жыць, гадаваць дзяцей. Празмерная эмацыянальнасць, інфантыльнасць робіць гэта пакаленне вельмі ўразлівым.

— Але пазнейшыя шлюбы і больш сталае мацярынства — агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Моладзь хоча спачатку адбыцца прафесійна, забяспечыць фінансавы дабрабыт, а ўжо потым ствараць сям'ю. Сталае бацькоўства, як правіла, больш адказнае.

— Больш пазнейшае ўступленне ў шлюб і нараджэнне першынцаў у сучасным свеце ў нейкай меры можна патлумачыць. Але важна гарманічнае фарміраванне асобы, баланс паміж дзелавымі і сацыяльнымі кампетэнцыямі. Рэпрадуктыўны ўзрост (асабліва ў жанчын) абмежаваны прыродай. Здароўе з гадамі не паляпшаецца. Сёння прыкметна больш адзінокіх 30-40-гадовых мужчын і жанчын, якія хочуць стварыць сям'ю, але ў іх не атрымліваецца. А некаторыя ўжо і не імкнуцца. Гэта сур'ёзная праблема.

Разрыў пакаленняў

— Распаўсюджана меркаванне, што сямейныя каштоўнасці павінны «прышчапляцца» перш за ўсё бацькамі. Але сям'я на працягу XX—XXІ стагоддзяў перажыла шматлікія крызісы. І часта муж і жонка не ведаюць, на якіх каштоўнасцях выхоўваць дзяцей, да чаго іх у жыцці рыхтаваць.

— Вельмі драматычным этапам для інстытута патрыярхальнай сям'і стаў масавы адток сельскай моладзі ў гарады ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя. Многія з іх так і не вярнуліся на малую радзіму і сталі нешматдзетнымі гараджанамі. Вёска вымірае. Змена грамадскага ўкладу ў канцы XX стагоддзя, новыя ўмовы, у якіх мы апынуліся пасля распаду СССР, — усё гэта прывяло да разрыву каштоўнасных установак пакаленняў бацькоў і дзяцей. Сучасная сям'я досыць безабаронная перад знешнім уздзеяннем. Ёй даводзіцца часам проста выжываць, і ў кожным шлюбным саюзе спрабуюць фарміраваць сваю сістэму каштоўнасцяў і традыцыі. На жаль, у нас так і не склалася стройная сістэма выхавання адказнага бацькоўства. Многае дэкларавалася, шэраг правільных крокаў прадпрымалася, але яны не насілі сістэмнага характару і не даводзіліся да канца. Усяго адзін прыклад. З 1996 года ў школах працуюць сацыяльныя педагогі. Лічыцца, што яны павінны ўдзяляць увагу перш за ўсё сем'ям у сацыяльна небяспечным становішчы. Але ў школе вучацца яшчэ і дзеці з нармальных, добрых сем'яў, і ім таксама часта патрэбна дапамога. Паслядоўнай, правільнай, нефармальнай работы з вучнямі і іх бацькамі не хапае. Пераканана: псіхалагічную падтрымку трэба ўзмацніць, адаптаваць да новых умоў і патрабаванняў часу. Менавіта ў школах трэба рыхтаваць юнакоў і дзяўчат да шлюбу.

— Як вы лічыце, у беларускай сям'і цяпер дамінуюць патрыярхальныя рысы, пануе матрыярхат або пераважаюць партнёрскія адносіны?

— На мой погляд, ад патрыярхальнай сям'і мы рухаемся да новай мадэлі. Пакуль незразумела, якой будзе яе канструкцыя. Відавочна, што ранняе аддзяленне маладой пары ад бацькоўскай сям'і — здаровая тэндэнцыя. На жаль, не ўсе, заключыўшы шлюб, могуць набыць уласную кватэру і пачынаць ствараць свой мікрасвет, свае традыцыі.

Што датычыцца размеркавання абавязкаў, то для партнёрскіх адносін у беларускіх сем'ях перадумоў, на мой погляд, пакуль недастаткова. Клопат пра дзяцей, бытавыя абавязкі, як правіла, кладуцца на плечы жанчын. Многія з нашых суайчынніц пры гэтым зарабляюць не менш за мужчын, імкнуцца будаваць кар'еру. Усё гэта не лепшым чынам адбіваецца на шлюбных адносінах. Для такіх краін, як Беларусь, лепш, калі лідарам (у тым ліку фінансавым) застаецца мужчына.

Роля моцнай палавіны ў выхаванні нашчадкаў павінна расці, узмацняцца. Псіхолагі сцвярджаюць: калі бацька адразу пасля нараджэння ўключаецца ў клопат пра дзіця, то яно лепш развіваецца, больш сацыялізаванае. Маці адказвае за фарміраванне эмацыянальных прыхільнасцяў, за жыццё ў сям'і, а бацька — за эмацыянальную незалежнасць, за жыццё ў грамадстве. Сучасным бацькам складана вырашаць шматлікія задачы. Таму ў найбліжэйшай перспектыве тэндэнцыя да нешматдзетнасці ў Беларусі, упэўнена, захаваецца.

— Ірына Іванаўна, над чым яшчэ варта папрацаваць беларусам, каб умацаваць унутрысямейныя адносіны?

— Па вялікім рахунку, сэнс жыцця ў сям'і — у радасці, у тым, каб родным людзям было цяплей, цікавей. Чаму гэтая радасць так цяжка многім з нас даецца? Чаму мы пастаянна ў стане барацьбы, напружання, вельмі высокага ўзроўню стрэсу? Асабліва гэта заўважна сёння, калі відавочны камунікацыйны разрыў паміж пакаленнямі, калі асноўныя носьбіты ведаў — не бацькі, а дзеці, якія вучаць іх карыстацца гаджэтамі, мабільнымі дадаткамі і гэтак далей. Як будаваць адносіны ў такіх умовах?

Псіхолагі кажуць: бацькам трэба заслужыць павагу дзяцей, лічыцца з іх пазіцыяй, а нашчадкам — выпрацоўваць зразумелую бацькам лінію паводзін, тлумачыць ім свае прыярытэты. Упэўнена: бар'ер паміж пакаленнямі можна пераадолець. Узбагачаючыся ведамі, вопытам, энергіяй, атрымліваючы радасць ад зносін адзін з адным, бацькі і дзеці будуць лепш разумець і больш шанаваць членаў сям'і. Нічога лепш за яе для выхавання спадчыннікаў чалавецтва дагэтуль не прапанавала.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.