Вы тут

Каб мову мець і звацца чалавекам


З нагоды Дня беларускага пісьменства і ў латышскім Даўгаўпілсе працавала літаратурная гасцёўня.


Жанна Раманоўская дэманструе рэдкі альбом з бібліятэкі Беларускага дома

Ёсць важныя даты, святы ў беларускім календары, якія ўплываюць на жыццё нашае ў замежжы. З іх улікам праходзяць і творчыя імпрэзы ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК). Прыкладам, 3 верасня 2021 года зладзілі мы літаратурную гасцёўню, прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства. І якраз такім чынам стартаваў новы творчы сезон у ЦБК.

“З глыбокай старажытнасці – спрадвеку,/ каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз,/ каб мову мець, каб звацца Чалавекам,/ цягнуўся да асветы беларус”. Гэтыя паэтычныя радкі паэта-палешука Міколы Федзюковіча прачытала на пачатку сустрэчы, прысвечанай святу Слова і Кнігі, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Нагадала ўдзельнікам імпрэзы гісторыю ўзнікнення свята, як яно жыве-развіваецца, якія гарады станавіліся ў розныя гады яго сталіцамі, а таксама пра даўнюю прысутнасць беларускай мовы на лінгвістычнай карце Еўропы. Ёй, ураджэнцы Полаччыны, прыемна было адзначыць, што ў 1994-м традыцыя адзначаць Дзень духоўнасці, літаратуры й культуры закладзена была менавіта ў старажытным Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадруку. Полацк ужо тройчы станавіўся сталіцай Свята.

У імпрэзе паўдзельнічаў Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць. “Беларуская мова ёсць адна з найважнейшых крыніц высокай духоўнасці нашага народа, невычэрпны, найбагацейшы матэрыял для даследавання й вывучэння”, – адзначыў Ілья Віктаравіч ды выказаў надзею, што наша родная мова будзе развівацца й зберагацца ў тым ліку і этнічнымі беларусамі з замежжа. І сапраўды: мы, беларусы ў Даўгаўпілсе, працуем у сілавым полі беларускай культуры, робім свой унёсак у яе пашырэнне. Нашы сябры з беларускай суполкі “Уздым” пішуць мастацкія творы на роднай мове. Асабліва плённа працуе сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька – ён і прачытаў некалькі вершаў на роднай мове, якую лічыць першаасновай нацыі. Паэт з гонарам казаў, што ўжо двойчы быў на святах у сталіцах Дня беларускага пісьменства – у Шклове ды Шчучыне, падзяліўся сваімі ўражаннямі. Ён лічыць, што пабываць хоць раз на такім свяце варта кожнаму беларусу. Далей свае вершы пра родную зямлю, яе прыгажосць і сілу чытала Лілія Воранава.

Супрацоўнікі ЦБК – мы з Ірынай Апэйнанэ – зрабілі невялікую відэапрэзентацыю пра Капыль, што стаў сёлета сталіцай свята. Напрыканцы імпрэзы прайшла віктарына “Сталіцы духоўнага шляху”, а Жанна Раманоўская знаёміла гасцей з падоранымі кнігамі, якія папоўнілі бібліятэку Беларускага дома за апошні год. Сярод іх і бібліяграфічная рэдкасць – альбом “Беларускі народны арнамент” (1953), гэта падарунак дачкі беларускі, якая вышывала па кніжных узорах сваё рукадзельнае адзенне. Ёсць цяпер у нашым кнігазборы новае выданне Вячкі Целеша “Ваўкавыскія паштоўкі 1910–1939. Каталог” (2021, Рыга), кніга Максіма Каралёва і Андрэя Герберга “Латышская аперацыя ў БССР” (2021, Рыга) ды іншыя.

Удзельнікі літаратурнай гасцёўні захоплена гаварылі пра родную мову, беларускае пісьменства, згадвалі жывыя слоўцы з мясцін, дзе нарадзіліся-жылі ды падтрымалі ініцыятыву Жанны Раманоўскай: штогод на пачатку верасня адзначаць Дзень беларускага пісьменства. У часе яго мяркуем прэзентаваць і кнігі даўгаўпілскіх беларускіх аўтараў, выдадзеныя за год. І тым самым будзем спрыяць зберажэнню роднай мовы, нацыянальнай ідэнтычнасці, пераемнасці духоўных традыцый.

Марыя Памецька,метадыстка Цэнтра беларускай культуры,г. Даўгаўпілс

Фота: Ірына Апейнанэ

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Каб мову мець і звацца чалавекам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.