Вы тут

ЁСЦЬ ЛЮДЗІ, ЯК СОНЦА


У гонар юбілею Ніны Ламановіч, народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, кавалера ордэна Францыска Скарыны – у Вялікім тэатры давалі «Аіду», адзін з наймагутнейшых харавых твораў Джузэпэ Вердзі. А перад операй «Кармэн» Жоржа Бізэ ў фае адкрылася выстава, якая ілюструе творчы шлях галоўнага хормайстра Вялікага тэатра. Яна служыць у ім ужо 45 гадоў.


З нагоды юбілею Ніну Ламановіч павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. У віншаванні гаворыцца: «Усё сваё жыццё вы прысвяцілі служэнню беларускаму музычнаму мастацтву. За гады вашага кіраўніцтва хор Вялікага тэатра Беларусі набыў славу высокапрафесійнага калектыву, якому падуладныя самыя віртуозныя выканальніцкія харавыя партыі”. Аляксандр Лукашэнка пажадаў Ніне Ламановіч, каб яе творчасць яшчэ доўгі час дарыла ўсім гледачам мастацкую асалоду ад гэтага элітарнага мастацтва.

Фактычна любы оперны спектакль Вялікага тэатра штодзень амаль гучыць і ў гонар Ніны Ламановіч. Бо ў кожным спявае яе хор! Але ж не толькі спявае. Вось як пра хор кажа юбілярка: «Цяпер хор настолькі вырас у прафесійных адносінах, стаў настолькі рухомы і гнуткі, што ў рэжысёра з’явілася магчымасць рабіць з ім на сцэне неверагодныя рэчы. Артысты хору і ўдзельнічаюць у бітвах, і танцуюць, і моляцца, і карагоды водзяць, і, як у фінале «Сівой легенды», падаюць ніц і ляжаць у поўнай цемры. Пры тым яны яшчэ і спяваюць! Я лічу, гэта вышэйшы пілатаж». І сапраўды: хор і галоўная дзейная асоба, і каментатар падзей, і фон для іх, інструмент для стварэння пэўных настрояў і многае-многае іншае.

Які спектакль у Вялікім ні вазьмі, у кожным хор – на вышыні. У кожнага спевака свой голас. Але ж тыя галасы трэба зладзіць так, каб яны загучалі суцэльна, стройна, і пры тым не страцілі сваю індывідуальнасць. Больш за тое, у Вялікім тэатры гэтыя спевакі – яшчэ і артысты, кожны з якіх, у чым не раз мы пераконваліся, іграе сваю прыкметную ролю. Варта толькі прыгледзецца.

Адна з апошніх прэм’ер, якая ўзрушыла нас найпрыгажэйшай музыкай Уладзіміра Солтана – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» ў пастаноўцы Ганны Маторнай. Калі пачыналіся рэпетыцыі, то стаяла пытанне: ці трэба прыцягваць у спектакль артыстаў балета. Пра тое перад закрыццём тэатральнага сезона, напярэдадні прэм’еры Ніна Ламановіч распавяла журналістам на прэс-канферэнцыі, што ладзілася прама на сцэне, у новых дэкарацыях. Вырашылі абысціся без артыстаў балета, бо з харэаграфіяй справіліся артысты хору:

– Дзякуй Богу, хор у нас, які рухаецца, малады. Гэта рэдкі хор, і мы павінны шанаваць яго такія здольнасці! Нагрузка ў артыстаў вялікая, але ім гэта падабаецца, яны імкнуцца ўсё выканаць, што прапануе балетмайстар. Вольга Костэль шмат сіл паклала, каб тое ўсё склалася. Яна ўмее працаваць з масоўкай, і вельмі шмат у чым масавыя сцэны – яе заслуга.

Узгадала Ніна Іосіфаўна таксама іншыя прыемныя моманты з мінулых дасягненняў хору:

– Калі мы прывезлі «Дзікае паляванне караля Стаха» ў Вялікі тэатр СССР (пастаноўка 1989 года. – Аўт.) знакамітая народная артыстка Савецкага Саюза Наталля Шпілер напісала вялікі ўхвальны артыкул пра нашы спектаклі, – расказвае Ніна Ламановіч. – І ў гэтым артыкуле, я лічу, быў велізарны камплімент хору! Шпілер напісала: «Толькі трошкі быў вялаваты балет!» А там не было балета! Божа мой, як я радавалася, што ўсё гэта зрабіў наш хор. Яшчэ адзін цікавы момант з гісторыі пра хор, які Ламановіч згадала  на прэс-канферэнцыі:

– Быў калісьці ў нас саліст Міхаіл Рысаў. Ён даўно ўжо працуе ў Італіі. Прыйшоў неяк да нас тэатр і глядзіць, як рухаецца хор у «Яўгеніі Анегіне». Паглядзеў і пытаецца: «Гэта што, балет і танчыць, і спявае?» А я яму адказваю: «Гэта хор і танчыць, і спявае!» А ён мне: «Такога быць не можа!»

Чым не вышейшы камплімент!

А вось як выказалася Ганна Маторная, рэжысёр-пастаноўшчыца “Дзікага палявання караля Стаха”:

– Я вельмі ўдзячная Ніне Іосіфаўне, якая на маё пытанне, ці зможам мы абысціся без балета і паставіць увесь спектакль на хор, сказала: «Вядома! Мы ўсё можам! » Я, уласна кажучы, і не сумнявалася. Гэта такі надзвычайны калектыў. Па прафесіяналізме хор Вялікага тэатра Беларусі на сённяшні дзень адзін з самых лепшых.

Сваю пахвалу ў адрас артыстаў хору Ніна Ламановіч выказвае стрымана, скупым словам “нядрэнна”. Ды ўсе ж ведаюць, што ў яе вуснах падобная адзнака – вышэйшая. Таксама вядома, што кіраўніца яна строгая, як гавораць, трымае хор “ в ежовых рукавицах”. Але пры тым адзначае, што гэта – яе сям’я. І не дзіва! Бо з 1976-га Ніна Іосіфаўна ў тэатры хормайстар, а з 1993-га – хормайстар галоўны. І тое, што мы чуем са сцэны Вялікага тэатра, бачым і суперажываем усяму, што там адбываецца, яскрава сведчыць: у яе тэатральнай сям’і пануе поўны парадак

Што такое праца хормайстра? Ці памятае Ніна Іосіфаўна першы свой дзень у тэатры? Праца з кім з дырыжораў выклікае ў яе захапленне па гэты час? Што азначае кіраваць вялізным харавым калектывам, “трымаць хор”? А ў ім, дарэчы, 70 творчых, таленавітых асоб! Ці шкадуе хоць на хвіліну, што не стала ўрачом, як школьніцай марыла, а прысвяціла жыццё тэатру? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні мы атрымалі на сустрэчы Ніны Ламановіч з гледачамі, журналістамі, якая праходзіла ў Камернай зале перад пачаткам спектакля “Кармэн”.

Дык вось, спадарыня Ніна не шкадуе ніколькі, што не стала ўрачом: «Геніяльныя партытуры і музыка, цудоўныя галасы, неверагоднае дзейства мяне дагэтуль прыводзяць у неапісальнае захапленне!». Такое захапленне яна адчувала ўжо тады, калі пачала вучыцца ў кансерваторыі – цяпер гэта Беларуская дзяржаўная Акадэмія музыкі – у класе дацэнта, народнага артыста Беларусі Аляксея Кагадзеева. З вялікай удзячнасцю казала пра яго:

- Калі я была на 3-м курсе, мой настаўнік Аляксей Кагадзееў прыцягнуў мяне да працы над операй «Лоэнгрын» Рыхарда Вагнера, і я ўжо выпускалася з уласным спектаклем «Дон Паскуале» Гаэтана Даніцэці. Як бачым, Аляксей Пятровіч не баяўся рызыкаваць, даваў працаваць самастойна. Як педагог ён ніколі не прымушаў студэнтаў вучыцца, прытрымліваўся прынцыпу: захоча чалавек – будзе і хадзіць, і займацца. Цікава, што калі я ступіла на сцежку выкладання, у мяне склалася дакладна такая ж сістэма. Калі чалавек хоча нечаму навучыцца, то ён абавязкова навучыцца. Я вельмі ганаруся, што была вучаніцай Аляксея Кагадзеева! Можна сказаць, ён «ўнук», а я «праўнучка» выбітнага рускага хормайстра Міхаіла Георгіевіча Клімава! Кагадзееў закончыў аспірантуру ў Ленінградзе ў хормайстра і педагога, прафесара, народнай артысткі Расіі Лізаветы Пятроўны Кудраўцавай, якая была вучаніцай Клімава. І калі Аляксей Пятровіч, зусім яшчэ малады, прыехаў у Мінск, яго адразу ж прызначылі галоўным хормайстрам у беларускім Вялікім: бо да яго не было тут кіраўніка хору з адмысловай хармейстарскай адукацыяй. І яго школа харавога дырыжыравання сапраўды выдатная. Аляксей Пятровіч быў чалавек адукаваны, вельмі шмат чытаў і нас любіў знаёміць з навінкамі літаратуры. У той час у тэатры павінны былі праходзіць палітзаняткі, вось у тыя гадзіны ён і дзяліўся сваімі думкамі аб прачытаным, знаёміў з прыгожымі і мудрымі цытатамі вялікіх людзей... Менавіта Кагадзееў вучыў таму, што трэба слухаць і бачыць самых розных музыкантаў. Таму што ў аднаго абавязкова знойдзецца тое зерне, якога няма ў іншага. Нездарма кажуць: музыкант вучыцца ўсё жыццё. Вось і я вучуся”.

Сустрэча з Нінай Ламановіч была прасякнута цёплынёй, душэўнасцю, і здавалася, ад яе зыходзіць святло. У дачыненнях з людзьмі яна вельмі добразычлівая, прыветная. Нездарма сябры, знаёмыя, калегі, хто з ёй бліжэй знаёмы, кажуць: Ламановіч як сонца.

Пытанні гледачоў, журналістаў так і сыпаліся ў той вечар. Даведаліся мы, чаму хор для любога дырыжора – “галаўны боль”. Спадарыня Ніна спаслалася на меркаванне вядомых творцаў: «Калі Мсціслаў Растраповіч толькі пачынаў вучыцца дырыжыраванню, перад адным спектаклем ён спытаў у знакамітага аўстрыйскага дырыжора Герберта фон Караяна:«За кім сачыць мне ў першую чаргу: салістамі, хорам, аркестрам?». «Трымай хор!” – адказаў аўстрыйскі геній. І я з ім згодная. Бо гэта маса спевакоў, якія раскіданыя па сцэне, але якія абавязаны дыхаць як адзіны арганізм. Таму хормайстар павінен так падрыхтаваць сваіх артыстаў, каб дырыжору было лёгка. Таму я заўсёды імкнуся зрабіць сваю працу па максімуме... ». Так і ёсць. Да таго ж калегі адзначаюць яе неверагодную працаздольнасць.

Як Ніне Іосіфаўне ўдаецца трымаць такую цудоўную форму? На гэтае пытанне яна адказала коратка: “Галоўнае ў жыцці – нікому не зайздросціць”. Безумоўна, знешняй прывабнасцю прырода яе надзяліла шчодра. І прыгожай гаворкай, і душэўнасцю, і выдатнай памяццю. Сярод яркіх успамінаў галоўнага хормайстра Вялікага тэатра ёсць адзін, якім яна падзялілася з намі на сустрэчы. Гэта меркаванне народнага артыста СССР, вялікага опернага спевака і рэжысёра Івана Казлоўскага. Пасля аднаго са спектакляў падчас гастроляў Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве яны сустрэліся за кулісамі. Казлоўскі ўзяў яе руку ў сваю і сказаў: такога гучання хору ён раней не чуў...

Трэба было бачыць, як пра тое Ніна Іосіфаўна казала. Яе перапаўняла гордасць за свой хор, за гэты магутны “калектыўны голас” у оперы. Без якога апрыёры няма опернага мастацтва.

Валянціна Ждановіч

Фота прадастаўлена Вялікім тэатрам Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».