Вы тут

Віктар Скорабагатаў: «Задача артыста — знайсці другі, трэці “сённяшні” план і выявіць для публікі праз сябе»


Што ляжыць на рабочым стале ў кабінеце масцітага музыканта? Ноты? Дырыжорская палачка? Ніколі не здагадаецеся! Геаграфічная карта свету. Пэўна, такія абсягі душы і кругагляду Віктара Скорабагатава, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, рэжысёра, прафесара кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, стваральніка «Беларускай капэлы» і геніяльнага, непераўзыдзенага спевака, чый лірычны барытон прагучаў у 800 творах.


Сёння наша ўвага, прызнанне і авацыі беларускаму карыфею музыкі, для каго яна — натхненне, паветра, муза, жыццё, лёс... Да таго ж гэтымі днямі спаўняецца 30 гадоў, як адбыўся першы канцэрт «Беларускай капэлы», дзе Віктар Скорабагатаў нязменны кіраўнік. Ну а зусім хутка сам маэстра адзначыць свой юбілей — 70 гадоў. Віктар Іванавіч уражвае шырынёй зацікаўленняў, пачуццём гумару, шчырасцю, адкрытасцю. І імкненнем да дакладнасці, у чым дапамагае карта на стале, якая стала спадарожніцай усёй нашай гутаркі. 

— Я нарадзіўся ў Мінску, а мае бацькі — зараз пакажу (глядзіць на сваю карту): тут Гомельшчына, а тут Браншчына — на стыку ёсць гарадок Сеўск, размешчаны на рацэ Сеў. А ў Мінску наша кватэра знаходзілася на вуліцы Стаханаўскай.

— Дарэчы, адна з цяперашніх знакамітасцяў там — новы, нядаўна пабудаваны храм у гонар святога Іаана Прадцечы...

— Ён пабудаваны ў канцы вуліцы. Раней на гэтым месцы быў піянерскі сквер. Мой дом — № 4, а праз дарогу быў раддом. Мама прыгатавала сняданак і пайшла мяне раджаць! (смяецца) Мы любілі гуляць у скверы, але лічылі за лепшае пабегчы ў лес — паміж трактаразаводскім пасёлкам і шарыкамі (шарыкападшыпнікавым заводам).

— І тады, гуляючы ў лесе, вы марылі пра музыку?..

— Не, канечне!

— А як прыйшлі да яе? Бацькі схілілі?

— Не, мае бацькі абодва па прафесіі педагогі, хаця ў таты тры вышэйшыя адукацыі, і ён мог выкладаць практычна любы прадмет. Ён — асоба неверагодная. Мы з маім самым блізкім сябрам Грышам, помню, у 10 класе здавалі экзамены. І замест таго, каб вучыць, канечне, гулялі ў футбол. А заўтра ж хімія! Божа, які кашмар! Я кажу: «Пайшлі да майго бацькі!» Прыходзім: «Тата, раскажы нам». Ён паспеў расказаць 15 білетаў. Грышка выцягнуў 14-ы, а я — 15-ы. Здалі лёгка і нязмушана. У таты можна было па любым прадмеце атрымаць цудоўныя веды. Я быў перакананы, што гэта натуральная ўласцівасць дарослага чалавека. Мы станем дарослымі і таксама будзем такімі разумнымі. Вядома, потым зразумеў, што гэта зусім не так. А памяць, слых, рытм — рэчы генетычныя. Слухаў па радыё песню, спадабалася — адразу запамінаў, выходзіў на вуліцу, спяваў. Гэта было для мяне натуральнай, звычайнай справай. Як хочацца ў футбол пагуляць — быў бы мячык.

— Як хочацца паспяваць — была б мелодыя!

— Зразумела, у нас былі ўрокі спеваў.

І наша настаўніца Яўгенія Барысаўна, помню, за тое, што я сябе дрэнна паводзіў на ўроку, выклікала: «Ану хадзі да дошкі. У пакаранне за свае паводзіны будзеш спяваць адзін». Я праспяваў. Яна ўразілася: «Так, вечарам рэпетыцыя ансамбля “Рамантыкі”». У час майго дзяцінства звычайнай справай былі бойкі (мне пашчасціла: я трапляў у іх разоў пяць, не больш). І на кожным педсавеце ўзнікала пытанне, што рабіць. Яўгенія Барысаўна сказала: «Я разбяруся з гэтымі хлопцамі. Яны стануць як міленькія, і ўсё з імі будзе ў парадку». Што яна зрабіла? Паклікала і гаворыць: «Давайце спяваць!» Пры гэтым зрабіла рэмарку:

«Ансамбль будзе толькі з хлопцаў, ні адной дзяўчынкі». Яны ўзрадаваліся, ім гэта спадабалася. І якое шчасце: амаль ва ўсіх аказаўся цудоўны музыкальны слых, неблагі голас. Ужо праз год гэты ансамбль стаў зоркай Мінска. І трапіць туды — ого-го! Для хлопцаў не прысутнічаць на рэпетыцыі было страшней, чым калі б выклікалі бацькоў у школу. Яўгенія Барысаўна выхоўвала: «За тое, што ты сёння біўся, на рэпетыцыі цябе не будзе» і г. д. Яны ўсе сталі як шаўковыя...

— Ужо тады вы задумаліся пра музыку ўсур’ёз?

— Здарылася адна выпадковасць. У ноч пасля ўручэння атэстатаў мы, выпускнікі, гулялі па горадзе. І вось дайшлі да плошчы Свабоды. На тым месцы, дзе каля Ратушы цяпер стаіць піраміда, быў фантанчык. Селі, адпачываем. Я гляджу: насупраць — кансерваторыя, а побач з ёй, на тым месцы, дзе цяпер гасцініца «Еўропа», — музычнае вучылішча. Штосьці пацягнула паглядзець расклад уступных экзаменаў. Падумаў: паспрабаваць? Ды, паколькі ў школу я пайшоў у 6 гадоў, калі скончыў, было толькі 16. А па медыцынскіх паказчыках на вакал прымаюць з 18 гадоў — пакуль не скончыцца мутацыя голасу (але тады я паняцця пра гэта не меў). І Яўгенія Барысаўна ўчыніла ў вучылішчы сур’ёзны скандал з-за таго, што ў мяне не бяруць дакументы. Сказала, што мутацыя даўно закончылася, усё ў парадку. Праверылі, звадзілі да ўрача: і сапраўды, мутацыя прайшла. Карацей, паступіў. Але мне надакучыла вучыцца яшчэ ў школе, а тут зноў: задаюць, пытаюць.

— І што, вы кінулі?

— У нейкім сэнсе так. З Калініграда прыехаў кіраўнік Ансамбля песні і пляскі Балтыйскага флоту па новых удзельнікаў. Яго прыяцель, наш завуч, паклікаў мяне, кіраўнік ансамбля праслухаў. «Табе калі служыць?» — пытаюцца. «У лістападзе мне будзе 18, а цяпер сакавік», — адказваю. «Нічога, паўгода пабудзеш “воспитоном”». Ён патэлефанаваў бацькам, сустрэўся з імі, дамовіўся. Па тым часе ў армію — гэта ж ого-го! Як пачэсна! Паўгода я быў «воспитоном», а потым два гады служыў тэрміновую службу. Мае аднакурснікі, з кім я паступіў, ужо закончылі вучылішча, а я — толькі першы курс. Але мы ўсё роўна разам паступілі ў кансерваторыю! Падчас экзаменаў быў анекдатычны выпадак. Разам з маім прыяцелем Валодзем, які потым працаваў у філармоніі, мы папярэдне займаліся перад сальфеджыа. Я ведаў, што ў яго будуць праблемы: са слыхам цяжкавата. І вось экзамен па сальфеджыа, яго прымае Дзмітрый Браніслававіч Смольскі. Найграў мелодыю, яе трэба запісаць. Я запісаў, незаўважна падсунуў шпору Валодзю і іду на выхад. Ззаду чую: «Гэй, сядзь, можа, усё ж такі напішаш». Той падумаў, што я сыходжу з горыччу, што не спраўлюся з экзаменам, — недаацаніў мяне.

Гэта на першым курсе вучылішча я думаў, як надакучыла вучыцца, увесь час шмат пытаюць і задаюць, таму з задавальненнем паехаў у Калінінград. Ды што чакала наперадзе! Наш хормайстар Зіновій Міронавіч Масарскі быў строгіх правіл: раз на тыдзень — абавязкова сальфеджыа, раз на тыдзень — абавязкова тэорыя музыкі, у кожнага дапаможнік і, можна сказаць, індывідуальныя заняткі.

— Такім чынам, былі кветачкі, а сталі ягадкі...

— Зіновій Масарскі адметны тым, што выхоўваў вельмі цікавымі практыкаваннямі слых, памяць. Ён сам з-пад Віцебска, з шаноўнай сям’і, сярод родных — нават акадэмікі, скончыў піцерскую кансерваторыю. Былі там тры сябры — Красоўскі, Масарскі і Бранявіцкі, якія стварылі ансамбль «Дружба». Бранявіцкі ажаніўся з П’ехай і застаўся ў Піцеры.

А Красоўскага і Масарскага размеракавалі ў Ансамбль песні і пляскі Балтыйскага флоту. Масарскі даваў фенаменальныя музычныя веды па выхаванні музычнага слыху, па выхаванні ўсяго, што датычыцца музыкі. Ну, напрыклад. Ён пытаецца: «Што такое канон?» Растлумачыў. “Во поле берёза стояла” ведаеш?» — «Ведаю». — «Давай канонам роўна праз такт». Потым такое заданне: «Першы голас спяваеш пра сябе, другі — уголас. Калі хаця б тры правядзенні зможаш, прыйдзеш скажаш». Я праз гадзіну прыйшоў. Тады ён гаворыць: «Памяняй месцамі». Я зноў праз гадзіну прыйшоў. Ён тады: «Абодва галасы пра сябе». Я прыйшоў праз дзень. Ён: «Колькі можаш?» — «Тры-чатыры правядзенні». — «Дадай яшчэ адзін голас».

Віктар Скорабагатаў (другі злева) з калегамі.

— І вы прыйшлі праз?..

— Праз тыдзень, не раней, а то і больш. Ён жа разумеў, што праверыць вучня тут немагчыма: толькі ты сам можаш зразумець, атрымліваецца ў цябе або не.

— Ну маглі ж схлусіць, напрыклад.

— Навошта? Я ўвесь час хадзіў і трэніраваўся. І ўрэшце здолеў тры галасы праводзіць. Ён тады: «Дадай чацвёрты». Я прыйшоў дзесьці праз паўгода. Спачатку адзін голас спяваеш, а тры — пра сябе, потым другі спяваеш, а 1, 3, 4 — пра сябе і г. д. А потым усе чатыры — пра сябе.

— Вышэйшая матэматыка?!

— Вось такое выхаванне па месцазнаходжанні кожнага голасу. А ў хоры? І тут Масарскі вучыў: «Побач з табой стаіць калега. Зрабі так (на рэпетыцыях, на канцэртах — няважна), каб у вас быў быццам адзін і той жа голас, аднолькавыя артыкуляцыя, гучнасць. А потым — з іншым суседам па хоры: зрабі так, каб утраіх вы былі адным цэлым.

І так з кожным барытонам. А ззаду вас стаяць басы. Зрабі так з кожным басам». Яшчэ, помню, дзяліўся назіраннямі: вось інструмент быццам настроены, а слухаеш скрыпку — здаецца вышэй альбо ніжэй. Чаму? Розныя лады! І розныя прыцяжкі. І не толькі ў гэтым справа. Ёсць яшчэ адчуванне таго, што трэба прыўзняцца або апусціцца. Са струннікамі ў вакалістаў — падобная сітуацыя. Патлумачыў таксама, што нота дубль-бемоль яўна просіцца вышэй, а дубль-дыез — наадварот.

— Парадокс, здавалася б...

— Так. Потым ужо, праз шмат гадоў, я пачаў думаць: а адкуль у яго гэтыя веды? Ён займаўся не толькі са мной — кожнага артыста хору выхаваў! І раптам мне ўспомнілася такая рэч. Піцерская імператарская капэла была створана неапалітанцамі: Пайзіэла, Чымароза, а яшчэ і барон з Аўстрыйскай дзяржавы чэх Эрнст Ванжура. Апошні да Пецярбурга, між іншым, працаваў у Шклове, а да Шклова — у Вене. Ды вернемся да неапалітанцаў. Менавіта яны ўнеслі веды ў Імператарскую харавую капэлу, якая і стала асновай для харавога дырыжыравання пецярбургскай кансерваторыі. А чаму менавіта неапалітанцы? Давайце паглядзім. Вось Палесціна (паказвае на карце на сваім стале). Як туды ішлі крыжовыя паходы? Ну не праз Іспанію ж! Самы блізкі шлях — альбо праз Грэцыю, альбо праз Італію. Такім чынам, войнаў у Італіі было многа. А там яшчэ і езуіты, і хваробы. І вельмі шмат бяздомных дзяцей. Іх збіралі пры манастырах, атрымліваліся своеасаблівыя дзіцячыя дамы. Як яны называліся? Кансерваторыя. Менавіта так з сярэдніх вякоў называліся дзіцячыя дамы ў Італіі. Дзяцей там не толькі кармілі, але і вучылі. У тым ліку музыцы. А ў музыцы самае простае, чаму можна навучыць, — спевы, бо не патрэбны інструмент. Слых, памяць, рытм можна развіць без інструмента. І веды пераходзілі з пакалення ў пакаленне. Асаблівая школа атрымалася менавіта ў неапалітанцаў. Неапалітанскія кампазітары зрабілі оперную рэвалюцыю, менавіта іх і сталі запрашаць у Пецярбург. Так гэтыя каштоўныя веды дайшлі і да майго настаўніка, а праз яго — да мяне. Дзякуючы гэтаму для таго, каб вывучыць оперу, мне спатрэбілася ўрокаў 7, максімум 8.

— За сваю музычную кар’еру вы выканалі неверагодную колькасць кампазіцый. А які персанаж для вас найбольш дарагі?

— Толькі 200 твораў праспяваў у абсалютна першым выкананні, а ўсяго ў рэпертуары каля 800, аб’ехаў 20 краін. У маім оперным рэпертуары 40 персанажаў. Лёг на душу герой Ніклаус з «Казак Гофмана» Жака Афенбаха (пастаноўка 1983 г.). У адной з рэцэнзій пісалі: «Калі б не такі Ніклаус, якім сыграў яго Скорабагатаў, то драматургічная пастаноўчая ідэя не спраўдзілася б».

Вельмі мне падабаліся Альмавіва ў «Жаніцьбе Фігаро», па-свойму Папагено ў «Чарадзейнай флейце» Моцарта. Вядома, Беларэцкі. Па сутнасці, гэта была мая ідэя — напісаць оперу на дадзены сюжэт. І я ўгаварыў Уладзіміра Солтана. Сам жа паставіў «Маэстра капэлы» Чымароза, «Фаўста» Радзівіла. Сярод маіх сцэнарных распрацовак — «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чужое багацце нікому не служыць» Голанда.

— А любімы твор ёсць?

— Артыст працуе — ён павінен любы твор, які выконвае, палюбіць. Калі ён выходзіць на сцэну, а яму твор не падабаецца, — хіба глядач гэта не ўбачыць і не пачуе? І ўбачыць, і пачуе. У артыста не бывае добры/дрэнны, падабаецца/не падабаецца — усё гэта прэрагатывы гледача: яму можа падабацца/не падабацца, гэта ён можа сказаць: добра/дрэнна.

У артыста ўсё добрае. Тое, што ён выконвае, гэта яго работа.

— Шматлікія творы былі напісаны спецыяльна пад вас...

— Для мяне пісаў Леў Абеліёвіч, Уладзімір Бабкоў, Сяргей Бельцюкоў, Галіна Гарэлава, Аркадзь Гураў, Эміль Наско, Яўгеній Паплаўскі, Дзмітрый Смольскі (напісаў для мяне 4 цыклы), Уладзімір Солтан, Валянціна Сярых, Эдзі Тырманд, Леанід Гуцін, іншыя кампазітары. Шкада, што Гуцін не стаў яшчэ і пісьменнікам. Мы з ім рабілі капуснікі. У яго пачуццё гумару і разуменне, што такое гумар, проста фантастычнае. Гэта быў бы наш Жванецкі. Мы калісьці на стары Новы год рабілі капуснікі і ў тэатры таксама, але толькі для супрацоўнікаў.

І трэба было паміж нумарамі невялікія рэпрызы ўстаўляць. Год 1981, у нас тады была першая рэканструкцыя тэатра. Усё фае перарабілі: яно ж было драўляным, стала каменным. А тады якраз пракладалі ў Мінску метро. І вось тэкст Лёні Гуціна: «Навіны дня. У той час як будаўнічыя арганізацыі горада, разварочваючыся ў патрэбным напрамку, перашкаджаюць рабоце гарадскога транспарту, у фае нашага тэатра завершаны аддзелачныя работы станцыі метро “Оперны тэатр”. У сувязі з чым адміністрацыя тэатра звяртаецца ў Мінгарвыканкам з прапановай аб перайменаванні нашага тэатра з тэатра “Ля Скал” у Метрапóлітэн-Опера». Маленькае тлумачэнне. Побач з тэатрам ёсць кафэ. У першыя гады яго існавання там на сценах былі намаляваны горы, таму сярод мінчукоў  кафэ называлі «Чорныя скалы», адсюль і «фальклорная» назва тэатра — тэатр «Ля Скал».

Яшчэ для мяне пісаў Сяргей Картэс. На вершы Максіма Танка ён стварыў вакальны цыкл «Закон захавання матэрыі». Адметны піцерскі кампазітар Ігар Маціеўскі. Сам родам з Харкава, скончыў львоўскую кансерваторыю, паступіў у Піцер у аспірантуру, закончыў, стаў фалькларыстам. Адна з беларускіх аспірантак падаравала яму зборнік «Вянок» Максіма Багдановіча. Дык Маціеўскі калі прачытаў (расказваў мне), узрушыўся ад таго, што ўспомніў: на гэтай мове размаўляла яго бабуля.

— На беларускай?

— Так. І ён вывучыў беларускую мову! І стаў збіраць беларускі фальклор, прычым дзе: на Смаленшчыне, на Беласточчыне. Любімым яго паэтам стаў Максім Багдановіч. Мне таксама больш за ўсіх падабаецца Багдановіч.

— У вас ідзе вялікі юбілей, гучная дата, 70 гадоў.

— Я звяртаў увагу неаднаразова, пачынаючы са службы ў ансамблі Балтыйскага флоту, што вельмі часта мой дзень нараджэння прыпадаў на выступленні. Пра якія гулянні магла ісці гаворка? Гэта катэгарычна немагчыма. Я настолькі да гэтага прызвычаіўся, што практычна ніколі не святкаваў. Дзень як дзень, нічога асаблівага.

— Віктар Іванавіч, немагчыма не заўважыць ваш талент слова, майстэрства прамоўніцкага выступлення. Адчуваецца, што літаратура вам не чужая. Як звязаны ў вашай творчасці музыка і слова?

— Калі пасябруеш з такімі асобамі, як Уладзімір Мархель, Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, то воляй-няволяй прыпадабняешся ім. Ёсць такі часопіс «Роднае слова». Шмат гадоў ім кіраваў Міхась Шавыркін (вельмі шкада, але яго ўжо няма з намі). Ён за мной паўгода хадзіў, упрошваў зрабіць публікацыі па анталогіі беларускай вакальнай музыкі. Ён чакаў ад мяне артыкулаў пра Полацкі сшытак, псалмы

Сімяона Полацкага, «Жальбы», «Куранты» і гэтак далей. Каб ён адчапіўся, кажу: «Міхась, я пагаджуся толькі ў адным выпадку — калі побач з артыкулам будуць ноты». Ён сказаў: «Добра». І гады тры кожны месяц я даваў яму артыкул з нотамі (іх рабіла Ганна Барысаўна Каржанеўская).

А наконт прамоўніцтва... У тэатры была такая прымаўка ў 1980-я гады.

«Ідзеш па горадзе, глядзіш афішы філармоніі: спявае Скорабагатаў, ідзеш побач з оперным тэатрам, глядзіш афішы: спявае Скорабагатаў, прыходзіш дадому, уключаеш тэлевізар: спявае Скорабагатаў, уключаеш радыё: спявае Скорабагатаў, уключаеш прас…» Цяпер гавораць па-іншаму: «Неасцярожна задаў пытанне Скорабагатаву — спыніўся хвілін на сорак».

— А як вы ставіцеся да чытання?

— У 1980-я ў адным з часопісаў выйшаў «Майстар і Маргарыта» Булгакава, а мой сябар Аркаша Гураў выпісваў яго і даў мне пачытаць. Мяне вельмі ўразіў гэты твор, і я гатовы быў чытаць яго бясконца!

— Стыль пісьма? Сюжэт?

— І тое, і другое.

— Думаеце, Булгакаў геній?

— Безумоўна. Калі я быў на стажыроўцы ў Ла-Скала, зайшоў у Рыме або ў Мілане (не памятаю дакладна) у магазін рускай кнігі і ўбачыў там «Майстра і Маргарыту» амерыканскага выдавецтва. Менавіта гэтаму выдавецтву ўдава Булгакава перадала ўсе тэксты. Там меўся вялікі ўступны артыкул пра тое, што Булгакаў не паспеў да канца дарэдагаваць твор, бо памёр. Апошняе, што ён адрэдагаваў, — пахаванне Берліёза.

Я тое выданне запар прачытаў разоў пяць. І калі чытаў апошні раз, прасачыў, што было яўна відаць: да пахавання Берліёза — ніякіх тэкставых праблем, а потым стаў заўважаць: а вось гэтую фразу можна было зрабіць крыху інакш — сапраўды, тэкст недарэдагаваны. Я, такім чынам, пачаў вельмі ўважліва вывучаць тэкставыя асаблівасці. І менавіта ў Булгакава ўбачыў другі, трэці, пяты план, аднойчы нават выкарыстаў яго выказванне. У галаву б не магло прыйсці чалавеку, які не цікавіцца такімі рэчамі, што азначае фраза «нядобрая кватэра». Хто засяляўся ў гэтую кватэру, праз некаторы час яго арыштоўвалі і кудысьці вывозілі. Але гэта маглі ўспрыняць правільна толькі людзі, якія ведаюць гісторыю, літаратуру... Хочаш не хочаш, шмат што трэба вывучаць, каб арыентавацца ў прасторы, у тым ліку і ў мастацкай.

Што цяпер, што 100 гадоў таму, што 200 у тых жа операх Моцарта што змянілася? Музыка тая ж, словы тыя ж.

Чаму яна папулярная і сёння і ствараецца ўражанне, быццам напісана цяпер? Правільна — знайсці другі, трэці «сённяшні» план і выявіць праз сябе для сваёй публікі — задача артыста. І тут важны інтанацыйны рад. Выявіць інтанацыйным радам сённяшнюю рэальнасць. Калісьці мой калега Грыша Паляшчук у якасці анекдота расказаў тое, што я абавязкова даводжу кожнаму свайму студэнту. Што такое інтанацыя? Інтанацыяй, не змяняючы ні слова, ні рытму, ні музыкі, можна змяніць сэнс на 180 градусаў (спявае прыклад з Глінкі на вершы Пушкіна «Я помню чудное мгновенье» пяшчотна: «В душе настало пробужденье», далей з абурэннем: «и тут опять явилась Т-ы-ы»). Вось так жа я ствараў сваіх герояў, якіх іграў.

Я не мяняў ні слоў, ні музыкі, ні мізансцэн — знаходзіў уласны шлях. Напрыклад, на што я звярнуў увагу ў «Чароўнай флейце» ў Папагено: Паміна з таго часу як апошні раз з ім пабачылася, ніводнага разу пра яго не ўспомніла. Таксама і Таміно. Ніхто не ўспомніў. Фінальная сцэна пачынаецца з абсалютнага мінуса, заканчваецца дуэтам Папагено і Папагены — абсалютны плюс. І я прыгадаў гэтую апошнюю сцэну ў фільме шведскага рэжысёра: яны сядзяць на дрэве, а падзеі адбываюцца зімой, і ўсё вакол пачынае расквечвацца.

І тут я ўспомніў, як аднойчы амаль памёр мой тата. У яго была клінічная смерць. І ён вельмі змяніўся ў паводзінах. Я пытаўся ў яго, чаму так здарылася. Ён адказваў: «Разумееш, у той момант, калі я ўжо не быў жывы, але яшчэ не быў мёртвы, перада мной як кіно прайшло ўсё жыццё: ад нараджэння да смерці». Цяпер ужо вядома, што гэта за эфект: мозг шукае магчымасці вярнуцца да жыцця.

І я раптам зразумеў, што адбылося ў той момант, калі Папагено вырашыў павесіцца і хлопчыкі спявалі: «Пастой! Пастой!» Дык вось я іграў Папагено, які павесіўся. У той момант, калі ён ужо не быў жывы, але яшчэ не быў мёртвы, перад ім прайшла яго мара, якая так і не спраўдзілася. Вось каго я іграў у «Чарадзейнай флейце». «Мне житья на свете нет, доброй ночи, лживый свет», — і накідвае вяроўку. Што адметна, на мой погляд, на гэты кавалак музыкі яўна абапіраўся, калі пісаў «Зімовую дарогу», Шуберт.

Бо менавіта з гэтых інтанацый і вырасла «Зімовая дарога», сапраўдная трагедыя.

— Віктар Іванавіч, ваша дзецішча «Беларуская капэла» хутка будзе адзначаць 30-годдзе з дня першага выступлення. З чым вы прыйшлі да яго?

— Мы ўзнавілі творы каля 200 кампазітараў. У іх ліку той жа Станіслаў Манюшка. Хто ж цяпер не ведае пра тое, што ён мінчанін? А хто ведае яго творчасць? На той момант, калі мы пачалі адраджаць яго музыку, мінчане, акрамя славутага прозвішча, нічога не ведалі. Каб узнавіць, трэба знайсці ноты, прыйсці да ўсведамлення таго, што гэта беларуская культура. Як ноты ўзнавілі, трэба прывесці іх у адпаведнасць з сучаснай нотаграфікай, выканаць (а на гэта ідзе шмат часу), далей — зафіксаваць. Як пра Скарыну ёсць цудоўны раман «Напісанае застаецца», так можна пра нашу дзейнасць сказаць: «запісанае застаецца». Такім чынам, абавязкова зафіксаваць у аўдыёварыянце, а пажадана — у відэа. Трэба выдаць гэтыя ноты, каб яны ўвайшлі ў працэс навучання, каб выхоўваліся новыя пакаленні беларускіх музыкантаў, якія б ведалі гісторыю сваёй культуры.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВАфота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?