Вы тут

Як з карысцю правесці вольны час у вёсцы?


Як з карысцю правесці вольны час у вёсцы? На прыкладах з жыцця вяскоўцаў Гомельскага раёна гэтае пытанне прааналізавалі дэпутаты. Установы культуры сельскіх населеных пунктаў раёна наведалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях, справах моладзі, спорце і турызме Гомельскага раённага Савета дэпутатаў.


Удзельнікі фальклорнага свята «Арэхавы Спас» Старабеліцкага клуба-бібліятэкі Гомельскага раёна.

Адзін з асноўных крытэрыяў у ацэнцы работы сельскіх дамоў культуры — сумесныя праекты з моладдзю і для моладзі. У Гомельскім раёне пражывае каля 13 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Адзначаную катэгорыю насельніцтва вельмі важна далучыць да змястоўнай, карыснай арганізацыі свайго вольнага часу. У гэтым упэўнены работнікі раённага цэнтра культры і яго філіялаў, спецыялісты раённага гісторыка-краязнаўчага музея, сельскія бібліятэкары і педагогі дзіцячых школ мастацтваў (іх у раёне сем). Дарэчы, у клубных установах раёна змястоўны вольны час для моладзі арганізуюць 115 розных па профілі фарміраванняў, у якіх займаюцца больш за 1300 дзяцей і падлеткаў.

Удзельнікі выязнога пасяджэння для знаёмства з установамі культуры раёна абралі Цярэшкавіцкі, Грабаўскі, Маркавіцкі і Чарацянскі сельскія Саветы. Увага — на формы работы з маладымі людзьмі і падлеткам, паслугі для карыснага баўлення вольнага часу, праекты патрыятычнага выхавання і папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Сельскі Дом культуры — месца калектыўнага свята, творчасці і адпачынку. Гэта тое, да чаго імкнуцца спецыялісты ўстаноў культуры ў сваёй рабоце на месцах, адзначыла старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька:

— Дзейнасць устаноў культуры накіравана на максімальны ахоп моладзі змястоўным вольным часам. Як бачым, цяпер у кагосьці гэта атрымліваецца, а камусьці яшчэ трэба пастарацца, каб запусціць новыя праекты, якія прыцягнуць больш значную аўдыторыю. Задача культработнікаў — прапанаваць моладзі сучасны фармат для творчага самавыяўлення, — упэўнена кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.

Установы культуры на вёсцы могуць адыгрываць лідзіруючую ролю ў развіцці пазнавальнай і мастацкай дзейнасці школьнікаў і моладзі, прывіваць любоў да родных мясцін, да сельскай працы, традыцый у вясковым побыце і культуры. Сваімі заўвагамі і прапановамі, як зрабіць рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў сферы культуры больш эфектыўнай, дэпутаты падзяліліся падчас круглага стала.

— Рэсурсы для арганізацыі новых форм вольнага часу на сяле ёсць. Практыка паказвае, што маладыя людзі актыўна падтрымліваюць цікавыя ініцыятывы. Прыклад таму — папулярныя і любімыя конкурсы «Уладар сяла» і «Найлепшая маладая сям'я Гомельшчыны», — падзяліўся сваім бачаннем дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Завалей. — Шмат робіцца, і ў той жа час ёсць яшчэ значны патэнцыял! Сельскія дамы культуры павінны быць цэнтрам прыцягнення для моладзі, а для гэтага неабходна крочыць у нагу з часам, — адзначыў парламентарый. У яго выбарчай акрузе — у тым ліку значная частка населеных пунктаў Гомельскага раёна. Пра тое, як жывуць і працуюць, але і цэняць добры актыўны адпачынак жыхары раёна, дэтутат ведае па сваёй рабоце.

— Несумненна, моладзь імкнецца заявіць пра сябе, у тым ліку праз творчасць. І ёй павінна быць дадзена такая магчымасць, а больш расказаць пра тое, якія паслугі аказваюць дамы культуры, дапамогуць сацсеткі і розныя месенджары, — лічыць парламентарый.

Удзельнікі круглага стала адзначылі, што варыянтаў для культурнага адпачынку і духоўнага развіцця ў маладых вяскоўцаў нямала і яны досыць разнапланавыя, аднак на практыцы моладзь далёка не ўсюды актыўна наведвае сельскія дамы культуры.

Старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Завалей (у цэнтры) падчас наведвання Чарацянскага Дома культуры.

Напрыклад, у Цярэшкавіцкім Доме культуры прадстаўлены розныя аб'яднанні па інтарэсах — у тым ліку для аматараў цыркавога мастацтва, для ахвотных вывучаць замежныя мовы. Але займаюцца ў іх у асноўным дзеці школьнага ўзросту. Прадстаўнікоў працоўнай моладзі ў гэтым Доме культуры ўбачыш нячаста. Іншы прыклад — Дом культуры ў Грабаўцы, які ў цяперашні час не мае асобнага будынка, але ўстанова папулярная як сярод школьнікаў, так і сярод юнакоў і дзяўчат, якія працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Грабаўскі Дом культуры ў супрацоўніцтве з сельскай бібліятэкай, дзіцячым садам — сярэдняй школай арганізоўвае квэсты, фестывалі, стылізаваныя святы. Кожнае мерапрыемства праходзіць з размахам і мае станоўчыя водгукі, адзначаюць у раёне.

Калі аналізаваць у цэлым работу з моладдзю, то нельга не заўважыць, як актыўна маладое пакаленне вяскоўцаў адгукаецца і прапаноўвае дапамогу ў падтрымцы ветэранаў і састарэлых, далучаецца да суботнікаў, добраўпарадкавання тэрыторый воінскіх пахаванняў і брацкіх магіл, бярэ актыўны ўдзел у акцыях да святочных дат і дзяржаўных свят.

— Стала традыцыйным правядзенне штогадовых сустрэч маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікамі розных службаў, банкаўскімі работнікамі, дзе юнакі і дзяўчаты могуць напрамую задаць хвалюючыя пытанні, ацаніць раён, у які яны прыбылі, даведацца пра яго гісторыю, геаграфію, далучыцца да экскурсій, якія арганізоўваюцца ў рамках сустрэч, паўдзельнічаць у канцэртных праграмах, — звярнула ўвагу старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. Кіраўнік дэпутацкага корпуса таксама зазначыла, што ў раёне надаюць вялікае значэнне рабоце з адоранай і таленавітай моладдзю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Цэнтра культуры Гомельскага раёна

Загаловак у газеце: Дом для святаў, творчасці і адпачынку не павінен прастойваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?